Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На форум патрыятычных клюбаў у Магілёў прыедуць вэтэраны КГБ-ФСБ з Расеі. Навошта?


Беларускія і расейскія сьцягі ў Магілёве, архіўнае фота
Беларускія і расейскія сьцягі ў Магілёве, архіўнае фота

Магілёве з 19 па 21 верасьня пройдзе сустрэча прадстаўнікоў спартова-патрыятычных клюбаў з Магілёўскай вобласьці Беларусі і Смаленскай вобласьці Расеі. Мерапрыемства будзе праводзіцца ўпершыню, але ўжо атрымала ў арганізатараў гучную назву «Міжрэгіянальны форум».

Праваабаронцы Магілёва кажуць, што сустрэчу ладзяць мясцовыя прарасейскія актывісты, якім дапамагае Магілёўскі аблвыканкам, і асноўная яе мэта — прасоўваньне ў Беларусі «каштоўнасьцяў „русского мира“».

Форум пройдзе на базе Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту. Карэспандэнт Свабоды паразмаўляў з выкладчыкам гэтай вучэльні Віталём Арцёмчыкам, які ўзначальвае грамадзкае аб’яднаньне «Наследие».

«Мы за парытэт культураў»

«Што значыць „русский мир“? Калі мы гаворым па-расейску, гэта ня значыць, што мы супроць сувэрэнітэту Беларусі. Ва Ўкраіне таксама шмат хто размаўляе па-расейску, але можа прытрымлівацца антырасейскіх поглядаў. А ў нас пазыцыя такая: мы, вядома, падтрымліваем шчыльную інтэграцыю з Расеяй, але не на шкоду адзін аднаму. Мы за парытэт культураў», — запэўніў Віталь Арцёмчык.


Ён кажа, што ў форуме прымуць удзел актывісты арганізацыі «Вымпел», якая аб’ядноўвае вэтэранаў КГБ СССР і ФСБ Расеі. Колькі будзе ад іх удзельнікаў, Арцёмчык ня ведае.

«Дакладна ведаю, што да нас прыедзе кіраўнік смаленскай арганізацыі Расейскага саюзу моладзі, яшчэ некалькі прадстаўнікоў расейскіх спартова-патрыятычных клюбаў. Усяго 5–6 чалавек. Зь імі прыедуць 10 падлеткаў, якія будуць паступаць у вайсковыя вучэльні. Яны разам з нашымі кадэтамі правядуць спаборніцтва зьмяшаных камандаў. А на другі дзень мерапрыемства ўсе паедуць на Буйніцкае поле пад Магілёвам, ускладуць кветкі да помніка абаронцам гораду, наведаюць музэй Сіманава. Гэта наша агульная памяць», — кажа Віталь Арцёмчык.

Бюджэт мерапрыемства Віталь Арцёмчык не назваў, але запэўніў, што транспартныя выдаткі расейскі бок узяў на сябе. Праблемаў з харчаваньнем гасьцей таксама ня будзе.

Што кажуць у Магілёўскім аблвыканкаме?

Партнэрам арганізатараў сустрэчы стаў Магілёўскі аблвыканкам. Гэта пацьвердзіла намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і па справах моладзі Тацяна Меншыкава.

«У нас наладжваюцца адносіны са Смаленскай вобласьцю, а Беларуска-расейскі ўнівэрсытэт і аб’яднаньне „Наследие“ выступілі з ініцыятывай такога форуму. Мы ім садзейнічаем. Пакажам, як працуюць нашы патрыятычныя клюбы, расейцы раскажуць пра сваю працу. А ў кадэцкай вучэльні пройдуць спаборніцтвы. Але мы вырашылі не рабіць гэтак, каб беларуская каманда змагалася з расейскай. Гэта будуць дзьве зьмяшаныя каманды», — сказала Тацяна Меншыкава.


Паводле чыноўніцы, дзейнасьць спартова-патрыятычных клюбаў, якія супрацоўнічаюць з расейскімі калегамі, праходзіць у межах дзяржаўнай праграмы падтрымкі патрыятычнай моладзі.

«Перафарбаваліся»

Колішні студэнт БРУ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў ведае кіраўніка «Наследия» Віталя Арцёмчыка з канца 1990-х гадоў, калі гэтая арганізацыя называлася «Спадчына» і справы ў ёй вяліся па-беларуску.

«Відаць, ня стала фінансаваньня, і яны пераарыентаваліся на Расею. Але не выключаю, што як скончыцца гэтае фінансаваньне, дык яшчэ пераарыентуюцца», — мяркуе Ігар Барысаў.

Апазыцыйны палітык падзяляе думку, што празь некаторыя вайскова-патрыятычныя клюбы, арганізаваныя былымі сілавікамі, у Беларусі сапраўды ідзе прасоўваньне ідэяў «русского мира» і рускага манархізму.

«Справа глыбейшая, чым можа падацца. Узьнікла шмат гэтак званых вайскова-патрыятычных клюбаў, як, прыкладам, клюб „Перасьвет“. Ведаю добра пра яго, бо мой сябар туды хадзіў. І ён распавядаў, што там былыя амапаўцы, былыя вайскоўцы, якія кінуліся ў веру, у манархізм. У іх асноўны пасыл — пра трыадзінства рускага народу, і гэтак яны выхоўваюць дзяцей. А наколькі такі іх уплыў моцны, дык скажу, што ён ёсьць. Той мой сябар пасьля гэтага пачаў выдаваць гэтыя ідэі за ўласныя, спрабаваў іх пашырыць. Але я не выключаю, што як толькі скончыцца крыніца фінансаваньня, дык гэта распадзецца, бо трымаецца ў асноўным на расейскіх грашах», — мяркуе Ігар Барысаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG