13–14 верасьня ў Калінкавіцкім раёне пройдзе традыцыйны фэст народнага гумару «Аўцюкі». Паводле ж «Беларускага славянскага камітэту», у гэты ж час у Аўцюках пройдзе і «Мерапрыемства традыцыйнай культуры славян „Рарог“».
Адзін з арганізатараў фэсту гумару — Калінкавіцкі райвыканкам. Там кажуць, што ня ведаюць пра правядзеньне «фэсту славянскай культуры».
Грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі славянскі камітэт» узначальвае Сяргей Касьцян, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, прыхільнік «русского мира» і адзінства славян. У 2014 годзе ўлады адмовіліся рэгістраваць «Беларускі славянскі камітэт» як партыю.
Абяцалі «валхвоў і старцаў», «скамарохаў» і карагоды
Удзельнікам «Рарога» арганізатары абяцалі трохразовае харчаваньне, транспарт ад Калінкавічаў, гульні, карагоды, конкурсы, «валхвоў і старцаў», «скамарохаў».
Кіраўнік менскай арганізацыі «Беларускага славянскага камітэту» Алег Вярэніч патлумачыў у камэнтары Свабодзе, што «гэта мерапрыемства ў межах фэстывалю гумару».
Але ў афіцыйнай праграме фэстывалю гумару няма згадак пра мерапрыемства «славянскай культуры».
«Справа ў тым, што наша мерапрыемства будзе на аграсядзібе ў Аўцюках, а асноўнае, беларускага гумару, — у Калінкавічах. Але мы ў кантакце з арганізатарамі фэсту народнага гумару. Так склалася, што ў нас бракавала часу, каб зрабіць свой асобны фэст. Арганізатарам фэсту гумару наша ідэя аб’яднаць высілкі спадабалася. І нам не давялося дабівацца дазволу на асобнае мерапрыемства. 22 жніўня намі быў атрыманы дазвол на мерапрыемства», — сказаў Алег Вярэніч.
«З гэтага можа вырасьці беларуская нацыянальная ідэя»
Паводле Алега Вярэніча, асноўная мэта мерапрыемства — «данесьці да людзей сакральныя веды нашых продкаў, каб у іх зьявіўся гонар за тое, што мы нашчадкі вялікага народу — славян».
«Мы лічым, што з гэтага можа вырасьці беларуская нацыянальная ідэя, над якой ідзе праца ў нашай дзяржаве, і мы можам паспрыяць гэтай справе», — падкрэсьліў рэгіянальны кіраўнік.
«Няма такога фэсту — „Рарог“, ёсьць толькі „Аўцюкі“»
Начальнік аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і справаў моладзі Калінкавіцкага райвыканкаму Іна Сафронава сказала ў камэнтары, што «няма такога фэсту — „Рарог“».
«Мы праводзім толькі фэст народнага гумару „Аўцюкі“. Каб праходзіў нейкі паралельны фэст ці два фэсты — такога ня можа быць, гэта неэтычна. У нас афіцыйнае мерапрыемства, рэспубліканскі фэст, мы маем нарматыўную базу. Калі арганізатары іншага мерапрыемства так катэгарычна кажуць пра свой фэст — хай пакажуць нарматыўныя дакумэнты», — сказала Іна Сафронава.
Пасьля гэтай размовы з карэспандэнтам зьвязаўся Алег Вярэніч, які сказаў, што «мерапрыемства адмяняецца».
«У нас там непаразуменьне пэўнае ўзьнікла, зьвязанае з нагрузкай. Усё адмяняецца, прабачце», — дадаў ён.
Фэст гумару ў Аўцюках праводзіцца з 1995 году з ініцыятывы пісьменьніка Ўладзімера Ліпскага. Строгай пэрыядычнасьці ня мае. Апошні, восьмы фэст праводзіўся ў 2016 годзе.
Фэст праходзіць у вёсках Вялікія і Малыя Аўцюкі і раённым цэнтры Калінкавічы. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Гомельскі аблвыканкам і Калінкавіцкі райвыканкам. На фэсьце спаборнічаюць гумарысты з усёй краіны, а таксама замежныя госьці.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН