Невядомы шырокай аўдыторыі сайт «Телескоп» распачаў супраць незалежнай беларускамоўнай газэты «Новы час» інфармацыйную кампанію, у рамках якой заклікае ўлады прааналізаваць матэрыялы выданьня «на прадмет апраўданьня і прапаганды міжнароднага тэрарызму, распальваньня міжнацыянальнай варожасьці і нянавісьці».
Рэсурс апэлюе да сэрыі публікацый «Новага часу» пра чачэнскіх лідэраў, якія былі ў апазыцыі да Крамля — Джахара Дудаева, Зэлімхана Яндарбіева, Аслана Масхадава ды іншых.
Што вядома пра сайт «Телескоп»?
«Телескоп» (teleskop-by.org) быў створаны ў 2016 годзе. Паводле сэрвісу Similarweb, у другім паўгодзьдзі 2018 году «Телескоп» меў у сярэднім каля 25 тысяч наведваньняў штомесяц (для параўнаньня, сайт «Новага часу» мае каля 70 тысяч).
Раней «Телескоп» публікаваў матэрыялы, накіраваныя супраць:
- рэдакцыі «Нашай нівы»;
- блогу 1863x.com і яго заснавальніка Эдуарда Пальчыса;
- прадстаўніка Беларускай праваслаўнай царквы Сяргея Лепіна;
- vk-пабліка «Это Минск, детка» і яго ўласьніка Яўгена Малахоўскага.
Блогер Эдуард Пальчыс, які расьсьледаваў дзейнасьць сайту, сьцьвярджаў, што за праектам стаяць прарасейскі публіцыст Кірыл Авярʼянаў-Мінскі і Вячаслаў Дзіянаў, а ўласьнік праекту — Крэмль.
Галоўны рэдактар «Телескопа» Леў Крыштаповіч сьцьвярджае, што сайт нікім не фінансуецца, гэта «грамадзкае прадпрыемства». «Нідзе не фігуруе ніякіх расейскіх грошай. Няма і ня можа быць», — сказаў ён Свабодзе.
Паводле яго, аўдыторыю сайту «Телескоп» складаюць тыя, хто цікавіцца палітычнымі працэсамі на постсавецкай прасторы, праблемамі гісторыі і культуры Беларусі і «нашай вялікай Айчыны».
«Колькі людзей наведвае сайт, гэта другарадныя рэчы. Пытаньне ў тым, каб гэта была публіка, якая хоча цікавіцца праблемай», — сказаў Крыштаповіч.
Хто такі Леў Крыштаповіч
- Доктар філязофскіх навук, прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў.
- Аўтар кніг «Беларусь как русская святыня», «Беларусь и Россия: историософское и цивилизационное единство».
- У 2008–2014 гадах быў намесьнікам дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.
- У 2013 годзе атрымаў ад Уладзіміра Пуціна дзяржаўную ўзнагароду РФ — ордэн Дружбы.
- Паводле ўкраінскай базы «Миротворец», ён «сьвядома» парушыў мяжу Ўкраіны, каб паўдзельнічаць у прэзэнтацыі кнігі пра «беларусаў, якія дапамаглі Пуціну акупаваць Крым».
Крыштаповіч: «Наша сапраўдная незалежнасьць можа быць толькі разам з Расеяй»
— Чаму ваш сайт апошнім часам ці ня штодня атакуе ў публікацыях менавіта «Новы час»? Ці гэта сплянаваная кампанія? — спыталі мы ў галоўнага рэдактара «Телескопа».
— Чаму сплянаваная? Любое выданьне, якое можа займацца падобнымі рэчамі, будзе ў фокусе нашай увагі. Няўжо не зразумела, што нас не задавальняе ў гэтым выданьні? Падобныя рэчы недапушчальныя ў краіне, якая выступае супраць усялякіх экстрэмісцкіх публікацый, а тым больш такіх, якія ўслаўляюць тэрарыстаў.
Нічога ня трэба плянаваць, гэта спакойнае вывучэньне адпаведных інфармрэсурсаў. Гэта робіцца ўсюды і кім заўгодна. Адзін момант прыцягвае ўвагу: чаму ў нас могуць выходзіць падобныя выданьні? Пагатоў заснавальнікам зьяўляецца Таварыства беларускай мовы. Пад выглядам нацыянальнага адраджэньня фактычна ідзе прапаганда адраджэньня тэрарызму. Ці няма тут такой паралелі?
— Вы яшчэ і да ўладаў зьвяртаецеся, каб яны прынялі меры.
— Гэта законнае права любога рэсурсу — зьвярнуць увагу органаў улады, калі яны самі ня бачаць падобных зьяваў.
— Ідэі заходнерусізму, якім вы сымпатызуеце, — гэта «русский мир» сёньня?
— Натуральна. Праблема заходнерусізму зусім ясная ў нашай айчыннай гісторыі, і тут я наагул ня бачу нейкіх падстаў, каб яна выклікала нэгатыўнае стаўленьне. Заходняя Русь — гэта заходняя частка агульнарускай цывілізацыі. Беларусь — гэта складовая частка агульнарускай цывілізацыі. Таму ўсе дыскусіі, што мы нібыта паміж Усходам і Захадам, з гледзішча гістарычнай ісьціны абсалютна не адпавядаюць сапраўднасьці. Мы ніякі ня мост паміж Усходам і Захадам, а менавіта заходняя частка агульнарускай цывілізацыі. А тое, што ёсьць агульнаруская цывілізацыя, — гэта агульны гістарычны факт, абсалютная ісьціна.
— Што для вас «русский мир?»
— Гэта адзінства людзей, этнасаў, нацый, якія прызнаюць агульнарускую цывілізацыю і якія прызнаюць расейскую мову адной мовай, незалежна ад іх рэлігійнага, нацыянальнага, расавага паходжаньня.
— Ці пагражае «русский мир» незалежнасьці Беларусі?
— Гэта чыста палітыка-каньюнктурны падыход. Усе тыя адмыслоўцы і экспэрты, якія кажуць пра нейкую пагрозу нашай незалежнасьці, разумеюць пад гэтым зусім іншае. Не незалежнасьць нашай рэспублікі, а незалежнасьць ад Расеі. А ў гэтым і ёсьць галоўная пагроза нашай сапраўднай незалежнасьці.
— А што ў вашым разуменьні ўяўляе сабой незалежнасьць Беларусі? У чым унікальнасьць беларускай нацыі?
— Гэта разуменьне таго, што наша сапраўдная незалежнасьць можа быць толькі разам з Расеяй у рамках адзінай агульнарускай цывілізацыі і адзінай саюзнай дзяржавы.
Унікальнасьць нашай нацыі абсалютна ясная. Яна па сваёй прыродзе зьяўляецца агульнарускай. Калі мы будзем адмаўляць агульнарускую прыроду нашай нацыі, беларусаў, то, адпаведна, мы будзем адмаўляць сваю беларускую ідэнтычнасьць. Адмаўляць у цэлым сваю самасьвядомасьць, а гэта ёсьць наша гісторыя, мы будзем адмаўляць сваю гісторыю. Уласна кажучы, барацьба ідзе за нашу гісторыю ў гэтым пытаньні.
Анісім: «Трэба быць гатовымі даваць адпор такім нападкам»
Ці ня ў кожным артыкуле «Телескопа» з крытыкай «Новага часу» фігуруе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і кіраўніца Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім. Да 2014 году яна кіравала менскай гарадзкой арганізацыяй ТБМ, якая і была заснавальнікам газэты «Новы час».
«З 2014 году прамога дачыненьня да газэты я ня маю, — сказала Свабодзе Алена Анісім. — Калі прадстаўнікі „Телескопа“ маюць нейкія прэтэнзіі да газэты і лічаць, што іх абразілі, яны маюць права зьвярнуцца па тлумачэньні да галоўнага рэдактара „Новага часу“ Аксаны Колб. Калі іх не задаволіць яе адказ, яны маюць права зьвярнуцца ў суд і даказаць, што іх сапраўды ў нечым абразілі. Гэта такая дэмакратычная форма ўзаемаадносін».
Паводле яе, гэта ня першыя і не апошнія «нападкі» на «Новы час» і Таварыства беларускай мовы.
«Я разумею, што пры кожным палітычным моманце гэтыя наезды будуць як на мяне, так і на розныя беларускамоўныя выданьні. Бо гэта выступаюць людзі, якія нэгатыўна ставяцца да беларускай мовы. Фактычна гэта людзі, якія пазыцыянуюць сябе як ворагі незалежнай Беларусі», — лічыць Анісім.
Яна дадае, што тым, хто дбае пра незалежнасьць Беларусі і яе будучыню, «трэба быць гатовымі даваць адпор такім недружалюбным нападкам».
Старшыня ТБМ таксама абвінаваціла сайт «Телескоп» у хлусьні, бо ў публікацыях сьцьвярджаецца, што да яе зьвярталіся па камэнтар ці тлумачэньні. «Насамрэч нічога гэтага не было», — кажа Анісім.