Колькасьць расейцаў, якія шкадуюць пра распад Савецкага Саюзу, дасягнула максымуму за апошняе дзесяцігодзьдзе. Паводле апытаньня «Левада-Цэнтру», апублікаванага «Ведомостями», пра распад Саюзу шкадуюць 66% расейцаў.
На працягу апошніх 10 гадоў гэты паказьнік не ўздымаўся вышэй 61%. Абсалютны рэкорд належыць 2000 году — тады пра распад СССР шкадавалі 75%.
60% апытаных у 2018 годзе лічаць, што распаду можна было пазьбегнуць. Гэта максымальны паказьнік за 13 гадоў.
Большасьць тых, хто настальгуе па СССР, — людзі ад 55 гадоў.
Асноўныя прычыны тугі па СССР:
- разбурэньне адзінай эканамічнай сыстэмы (52%),
- страта пачуцьця прыналежнасьці да вялікай дзяржавы (36%),
- рост узаемнага недаверу і злоснасьці (31%).
Нагодай для для росту настальгіі, лічыць сацыёляг «Левада-Цэнтру» Карына Піпія, стала расейская пэнсійная рэформа:
«Насельніцтва сваю настальгію па СССР заўсёды тлумачыць пераважна ірацыянальнымі ўяўленьнямі аб моцнай эканоміцы і дабрабыце тых часоў, забываючы пра дэфіцыт і карткі, тым больш на фоне росту занепакоенасьці праблемамі дабрабыту ў сучаснасьці».
«Узмацненьне шкадаваньняў пра распад, рамантызацыя ўсяго савецкага, асабліва ў моладзевым асяродзьдзі, дзе гісторыю ведаюць дрэнна, можа прывесьці да пераацэнкі або рэабілітацыі раней кансэнсусных ці непрымальных ў постсавецкай Расеі тэмаў — апраўданьне сталінскі рэпрэсіяў, перапісваньне гісторыі, поўнае абясцэньваньне дэмакратычных пераўтварэньняў 1990-х і т. д.», — дадала яна.