З 1995 па 2007 гады Беларусь была другой па тэмпах росту краінай у рэгіёне. Потым тэмпы росту рэзка запаволіліся. За апошнія 10 гадоў Беларусь выйшла зь лідэраў і стала краінай, якая расьце найбольш марудна.
З 2010 па 2017 год эканоміка Беларусі прырастае ўсяго на 1,5% (зьніжэньне з 7,5% да 1,5%). Сыстэма становіцца ўсе больш неэфэктыўнай — такую ацэнку эканоміцы даў Жак Міньян, кіраўнік місіі МВФ у Беларусі, на Кастрычніцкім эканамічным форуме.
На пачатку свайго выступу кіраўнік місіі МВФ адзначыў некалькі станоўчых момантаў:
- зьніжэньне інфляцыі,
- узмацненьне фіскальнай палітыкі,
- вяртаньне даверу да Нацыянальнага банку.
Але калі цяпер усё адносна нядрэнна, гэта не азначае, што так будзе заўсёды, адзначыў Жак Міньян.
«Крыць дах трэба, калі надвор’е добрае — такі наш асноўны тэзіс. Але захоўваецца зьнешняя ўразьлівасьць. Экспарт моцна канцэнтраваны. Тры найважнейшыя партнэры адцягваюць на сябе 60% зьнешняга рынку.
Адзін з гэтых рынкаў, Расея, увогуле складае 40% экспарту. Беларусь істотна залежыць і ад субсыдыяванага імпарту энэрганосьбітаў з Расеі. Мы мяркуем, што ў 2018 годзе ўсе гэтыя субсыдыі складуць 10% ВУП — гэта вельмі шмат», — сказаў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі.
У Беларусі высокі ўзровень далярызацыі. Дзяржаўны доўг ня вельмі высокі, але ён істотна вырас. Прычым 90% пазыкаў — у замежнай валюце. А валютную пазыку складаней рэфінансаваць. 6% ВУП будзе накіроўвацца на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу — гэта шмат, адзначыў Жак Міньян.
«Галоўная задача дзяржаўнай палітыкі — павышэньне ўзроўню жыцьця. Па сярэдніх даходах Беларусь не адпавядае нават тэмпам росту даходаў у Расеі (якія істотна зьнізіліся), а пра Эўразьвяз няма чаго і казаць», — сказаў кіраўнік місіі МВФ.
Што рабіць? Жак Міньян прапануе
- захоўваць жорсткія прынцыпы манэтарнай і фіскальнай палітыкі,
- павышаць прадукцыйнасьці працы за кошт стымуляваньня прыватнага сэктару,
- паскорыць рэфармаваньне дзяржаўных прадпрыемстваў,
- стымуляваць дывэрсыфікацыю гандлю.
З 5 па 15 лістапада ў Менску працуе аглядная місія МВФ, мэта якой — падрыхтаваць штогадовы бягучы агляд эканамічнай сытуацыі, працягнуць кансультацыі з урадам Беларусі. Беларусь прасіла ў МВФ крэдыт у 3 мільярды даляраў, аднак летам 2017 году перамовы былі прыпыненыя — бакі разыходзяцца што да тэмпаў правядзеньня рэформаў у эканоміцы.