«У крызісе з закрыцьцём мяжы болей выйграў Лукашэнка»
— Урад Літвы сёньня прыняў рашэньне адкрыць памежныя пераходы. Чаго ў выніку дамаглася Вільня, а чаго — Лукашэнка?
— Ну, калі казаць менавіта пра ўлады абедзьвюх краін, то болей, ва ўсякім разе ў публічнай плашчыні, выйграў Лукашэнка. Я трошкі спрашчаю, але мы ведаем, што з аднаго боку Лукашэнка нібыта і пайшоў на нейкія крокі, дакладней, мы здагадваемся, што ён, напэўна, даў загад сілавікам, каб яны прыціснулі тых кантрабандыстаў, і заадно ўжо і гэтых мігрантаў, якія рвуцца ў Эўразьвяз. Так што гэта дала падставу літоўцам сказаць, што, маўляў, сытуацыя зьмянілася ў лепшы бок. Але, відавочна, што яны мусілі пайсьці на датэрміновае скасаваньне ранейшага рашэньня, згодна зь якім мяжа мела быць закрытая да канца месяца.
І відавочна, што літоўцы «міргнулі» першымі. Яны выходзяць з сытуацыі, стараючыся захаваць твар, маўляў, балёнаў стала меней. Ну дык і адзін балён можа перашкодзіць працы аэрапорту.
Я думаю, што літоўскія ўлады кепска падрыхтаваліся да гэтага радыкальнага кроку. Па-першае, яны не ўлічылі, што 1300 іх фураў і 3000 прычэпаў знаходзяцца на беларускай тэрыторыі. І было б наіўна спадзявацца, што дыктатарская ўлада так проста гэтую здабычу выпусьціць. Гэта ж такі зручны мэтад ціску. І таму, абвясьціўшы фактычна ўльтыматум, празь некалькі дзён літоўскія ўлады пачалі прасіць дыктатара, каб ён выпусьціў тыя машыны і тым самым яны, зразумела, аслабілі сваю пазыцыю.
Другі момант палягае ў тым, што паралельна Польшча абвясьціла пра адкрыцьцё двух памежных пераходаў. І, як потым высьветлілася, гэта рабілася ў межах закуліснай угоды зь Менскам. Польшча сымбалічна прадэманстравала салідарнасьць зь Літвой, на два тыдні адклала гэта рашэньне, але Менск ужо трыюмфаваў. Ён разумеў, што тым самым яшчэ болей аслабляюцца пазыцыі Літвы.
Ну і, акрамя ўсяго іншага, унутры краіны там бунтавалі перавозьнікі, іх асацыяцыя, якая там мае моц. Гэта ж не беларускія прафсаюзы ці нейкія прафэсійныя асацыяцыі, якія маўчаць у анучку.
І нарэшце, для мяне было гэта адкрыцьцём, але адзін з літоўскіх палітыкаў заявіў, што, аказваецца, краіны Цэнтральнай Азіі націснулі, і галоўнае — Кітай націснуў. Я меркаваў, што пераважна кітайскі транзыт ідзе чыгункай празь Берасьце і далей на Эўразьвяз праз польскую тэрыторыю. Высьвятляецца, ёсьць і аўтамабільны кітайскі транзыт празь Літву. Ну, а кітайцы — гульцы ўплывовыя. Літва ў свой час зь імі сапсавала адносіны праз Тайвань і цяпер думае, як бы выправіць гэтую сытуацыю. Таму сварыцца з Кітаем ім абсалютна не выпадае. Вось я пералічыў толькі некалькі чыньнікаў. Таму, на мой погляд, гэтае рашэньне Літвы апрыёры выглядала імпульсіўным і непрадуманым. Дыктатуру такой кавалерыйскай атакай ня возьмеш.
— Я размаўляў зь літоўскімі перавозьнікамі. Ім улады казалі, што рабіць бізнэс з дыктатарскай Беларусьсю — гэта была іх рызыка, якую яны мусілі закладаць у выдаткі. Перавозьнікам такія парады вельмі не спадабаліся.
— Мяне яшчэ трошкі зьдзівіла заява міністра ўнутраных спраў Літвы Кандратовіча, які параіў перавозьнікам ладзіць страйкі кіроўцаў сваіх фураў у Беларусі. Гэта значыць абсалютна ня ведаць, што такое дыктатура, не прадбачыць, што будзе з тымі кіроўцамі, калі яны паспрабуюць учыніць сапраўды нейкі бунт у дыктатарскай краіне.
Я думаю, што ўлады Літвы дарэмна з такой пыхай паставіліся да свайго бізнэсу, да сваіх выбарцаў у рэшце рэшт. Не выключаю, што на наступных выбарах гэта ім адгукнецца.
Лукашэнка выйграе апрыёры ў падобных канфліктах менавіта таму, што ён ня мусіць у такой ступені азірацца на грамадзкую думку. Пасьля 2020 году ўжо немагчыма сабе ўявіць, што нейкія незадаволеныя ці кіроўцы, ці прадстаўнікі любой прафэсіі выйдуць на пратэсты. Таму ў гэтым пляне ён болей упэўнена адчувае сябе.
Што выйграла Польшча?
— У верасьні Польшча таксама перакрывала сваю мяжу зь Беларусьсю. У лістападзе — Літва. Хто зь іх дамогся большага?
— Тут парадаксальная сытуацыя. Спачатку здавалася, што Польшча таксама прайграла той раўнд. Але, як высьветлілася, з Варшавай у гэты час ішлі закулісныя перамовы. Была дасягнутая дамоўленасьць, што Польшча адкрывае гэтыя два пераходы, выдае ў Беларусь некалькіх беларускіх шпіёнаў ці дывэрсантаў, а Лукашэнка нарэшце выпускае Анджэя Пачобута і манаха Гжэгаша Гавэла, якога нібыта за шпіянаж затрымалі.
Прыканцы кастрычніка прэмʼер Туск быў у вельмі цяжкой сытуацыі. Яму трэба было з аднаго боку і нейкую салідарнасьць зь Вільняй прадэманстраваць, а з іншага боку — не хацелася гэтую ўгоду зрываць. У выніку адкрыліся новыя пераходы. Я спадзяюся, Лукашэнка, бо ён публічна агучыў умовы, выканае сваю частку гэтай угоды, і выйдуць на волю і Пачобут, і Гавэл, і, магчыма, Кацярына Андрэева, супрацоўніца «Белсату».
Трэба сказаць, што звычайныя людзі па абодва бакі мяжы, і палякі, і беларусы, не хаваюць сваёй радасьці. Гэта выйгрыш для насельніцтва, для грамадзян абедзьвюх краін, гэта імаверны выхад на волю палітзьняволеных, гэта разблякаваньне канфлікту ў пэўнай ступені, зьмякчэньне напружанасьці паміж Варшавай і Менскам. Гэта выйгрыш абодвух бакоў.
Трамп спыніў чарговую вайну?
— Як вы мяркуеце, ці адыгралі нейкую ролю ў разьвязаньні гэтага канфлікту Злучаныя Штаты? Іх палітыка шмат у чым адрозьніваецца ад палітыкі Літвы адносна Беларусі.
— Яны відавочна мелі ўплыў на гэты сюжэт. З аднаго боку, Лукашэнка заявіў, што, відаць, амэрыканцы таксама стаяць за гэтымі крокамі Літвы. Я, маўляў, буду, скардзіцца ў «вашынгтонскі абкам». І гэтаксама скардзіліся ў «вашынгтонскі абкам» літоўскія дзяржаўныя дзеячы.
Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс вёў у Вашынгтоне перамовы зь дзяржсакратаром Маркам Рубіё. А раней з Джонам Коўлам сустрэўся літоўскі амбасадар. Ну і відавочна, яны апэлявалі да Вашынгтону, каб той націснуў на Лукашэнку, паўшчуваў яго. Але я не выключаю, што ў гэтай сытуацыі каманда Трампа магла паўшчуваць абодва бакі. Так, мы ведаем, што Коўл зьвярнуўся да Лукашэнкі, сказаў, што гэтыя здарэньні з балёнамі павінны спыніцца.
Але зь іншага боку, я цалкам дапускаю, што закулісна Вашынгтон параіў трошку зьменшыць імпэт і Вільні.
Дарэчы, літоўскія дзеячы з аднаго боку кажуць, што Лукашэнка — марыянэтка Крамля. Той самы прэзыдэнт Гітанас Наўседа казаў, што Беларусь — гэта ўжо расейская губэрня. Ну дык тады паўстае пытаньне: чаму ж вы не зь лялькаводам, а з марыянэткай ведзяце перамовы? І нават з падручнымі гэтай «марыянэткі» ўчора сустракаліся намесьнікі кіраўнікоў памежных службаў Літвы і Беларусі.
А чаму ж не перакрылі калінінградзкі транзыт, калі гэта гібрыдная вайна Пуціна? Але ж літоўцы гэтага не зрабілі. Яны ўсё ж такі, нягледзячы на сваю рыторыку, адчуваюць, што ў Лукашэнкі ёсьць пэўная субʼектнасьць. І, дарэчы, ён гэта паказаў, бо на нуль сышлі атакі нелегальных мігрантаў і на літоўскую, і на польскую межы. І прылётаў балёнаў стала значна меней.
І калі Трамп робіць свае нейкія пасланьні і запонкі дорыць Лукашэнку — гэта ж не марыянэтцы гаворыцца і дорыцца. Значыць, бачыць, напэўна, нейкую ролю Беларусі ў архітэктуры бясьпекі ў рэгіёне.
Што Лукашэнка вельмі залежны ад Масквы, гэта безумоўна, і я гэтага ніяк не адмаўляю. Тое, што ў Беларусі дыктатарскі рэжым, таксама не адмаўляю, але я супраць спрашчэньня і залішняга схематызму, бо гэты сон розуму спараджае пачвараў. І ўжо гібрыдныя атакі бачацца там, дзе, на мой погляд, іх блізка няма. Вэрсія, што гэта Масква запускала гэтыя балёны, выглядае ня вельмі абгрунтаванай.
Гэта ўсё ў Лукашэнкі пад рукой, і таму ён хутка ўсё гэта спыніў. Таму бачыць ва ўсім экзыстэнцыйныя пагрозы нацыянальнай бясьпецы ня варта, бо гэта перакідваецца і на іншыя сфэры, бʼе па мабільнасьці беларусаў, бʼе па адносінах да іх у Літве.
Я разумею гэтую лёгіку сэкʼюрызацыі. Сапраўды, ні рэжым Пуціна, ні рэжым Лукашэнкі ня ёсьць белымі і пухнатымі. Але лёгіка сэкʼюрызацыі не павінна перамагаць здаровы глузд.
Форум