Эўразьвяз і Беларусь па-рознаму разумеюць сутнасьць эканамічных рэформаў. Пра гэта заявіла кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын на Кастрычніцкім эканамічным форуме, піша БелаПАН.
Паводле Віктарын, у апошнія гады варта казаць ня столькі пра рэфармаваньне, колькі пра мадэрнізацыю беларускай эканомікі. Дыпляматка падкрэсьліла важнасьць падтрымкі беларускімі ўладамі:
- прыватызацыі;
- павышэньня прадукцыйнасьці працы;
- эфэктыўнасьці і канкурэнтаздольнасьці эканомікі.
«У мяне склалася ўражаньне, што мы дасягаем істотнага прагрэсу. Мы часта сустракаемся на розных паседжаньнях з прадстаўнікамі беларускіх органаў улады і выкарыстоўваем адны і тыя ж словы. Але пры гэтым укладваем у іх рознае разуменьне. Па асобных пытаньнях, калі мы кажам „рэформы“, здараецца так, што ў Эўрапейскага Зьвязу крыху іншае разуменьне гэтага азначэньня, чым у беларускіх уладаў. Таму неабходна пастаянна падкрэсьліваць і нагадваць, што неабходна свабодная прастора, у якой мы ўсе можам зьбірацца, абменьвацца думкамі і спрабаваць зразумець адзін аднаго», — сказала Віктарын.
Віктарын адзначыла, што асноўныя эканамічныя паказьнікі Беларусі іх цешаць. Але Эўразьвяз дагэтуль лічыць рэфармаваньне дзяржаўнага сэктару адным з галоўных пытаньняў парадку дня.