Амэрыканскае сацыялягічнае агенцтва Pew правяло ў 2015-2016 гадах маштабнае дасьледаваньне рэлігійнасьці насельніцтва 18 краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Яно было апублікаванае летась, Свабода паведамляла пра яго асноўныя вынікі. Яны выглядаюць асабліва актуальнымі ў рэчышчы вострага крызісу праваслаўя ў рэгіёне. Адной з праяваў гэтага крызісу стала рашэньне Сыноду РПЦ, які прайшоў у Менску 15 кастрычніка і на якім было прынятае рашэньне аб «поўным спыненьні эўхарыстычных зносінаў» Маскоўскага патрыярхату з Канстантынопальскім.
Найперш — пра ўласна рэлігійную структуру насельніцтва рэгіёну, у прыватнасьці, пра долі жыхароў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія адносяць сябе да праваслаўя.
З апытаньня вынікае, што Беларусь — сярод краінаў, у якіх доля праваслаўных пераважная. Пры гэтым менавіта ў Беларусі сярод усіх краінаў зь перавагай праваслаўных — найбольшая доля другой хрысьціянскай канфэсіі, каталікоў.
Дакладнай дзяржаўнай статыстыкі колькасьці вернікаў той або іншай канфэсіі ў Беларусі не вядзецца, але лічбы апытаньня Pew блізкія да лічбаў нацыянальных апытаньняў, якія праводзіліся ў Беларусі раней.
Зьвяртае на сябе ўвагу таксама той чыньнік, што, паводле Pew, доля праваслаўных у Беларусі, як і ў Расеі, далёка ня самая высокая ў сьвеце.
Паводле апытаньня Pew, інтэнсіўнасьць рэлігійнага жыцьця ў праваслаўных і каталікоў даволі значна адрозьніваецца, каталікі значна часьцей ходзяць у царкву. Гэта тычыцца як параўнаньня краінаў зь пераважна праваслаўным і пераважна каталіцкім насельніцтвам, гэтак і параўнаньня адпаведных рэлігійных грамадаў унутры краінаў рэгіёну.
Насуперак звыклым ацэнкам, паводле Pew, беларускія праваслаўныя ходзяць у царкву адносна часта, прынамсі, часьцей, чым, скажам, армяне, расейцы, сэрбы і баўгары. Але беларускія каталікі ходзяць у касьцёл значна часьцей, чым іх праваслаўныя суайчыньнікі ў сваю царкву.
Нарэшце, у апытаньні Pew задавалася пытаньне пра тое, каго рэспандэнты лічаць галоўным, найвышэйшым аўтарытэтам у праваслаўі — пытаньне надзвычай актуальнае ў сьвятле ўчорашняга рашэньня Сыноду РПЦ, які спыніў адносіны з Канстантынопальскім патрыярхатам з прычыны яго рашэньня па Ўкраіне.
Як бачна з графіку вышэй, большасьць праваслаўных у краінах, якія маюць аўтакефальныя праваслаўныя цэрквы, як правіла, прызнаюць найвышэйшым для сябе духоўным аўтарытэтам кіраўніка памеснай царквы. Хоць з гэтага ёсьць і выключэньні. Гэта Эстонія, дзе моцныя пазыцыі РПЦ, гэта Армэнія, і гэта Грэцыя. Грэцыя — адзіная краіна, дзе ёсьць аўтакефальная царква, але большасьць праваслаўных ставіць на першае месца аўтарытэт менавіта Канстантынопальскага патрыярха.
Ва ўсіх краінах, дзе кананічнай аўтакефальнай царквы няма, навідавоку перавага ацэнак на карысьць Маскоўскага патрыярхату, у Беларусі ў тым ліку.
Украіна — пэўнае выключэньне, украінцы падобныя на жыхароў краінаў, якія ўжо маюць аўтакефальныя цэрквы. Афіцыйны тытул першагерарха УПЦ КП (не падпарадкаванага Маскве) — Найсьвяцейшы патрыярх Кіеўскі і Ўсяе Русі-Ўкраіны, афіцыйны тытул кіраўніка УПЦ МП, якая ўваходзіць у склад РПЦ — Мітрапаліт Кіеўскі і Ўсяе Ўкраіны.
Паводле тлумачэньня Pew, аднаго з гэтых двух рэлігійных дзеячоў выбралі 46% апытаных украінцаў. Пры гэтым Маскоўскаму патрыярху аддалі перавагу толькі 17%. Аднак Канстантынопальскаму патрыярху — яшчэ менш.