Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без закону аб хатнім гвалце: «Шмат жанчын у Расеі сядзяць за забойства свайго тырана»


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Расеі некалькі гадоў таму былі дэкрыміналізаваныя пабоі ў сям’і. Цяпер за хатні гвалт прадугледжаная пераважна адміністрацыйная адказнасьць, і за пабоі гвалтаўнік плаціць штраф каля 75 даляраў, якія бярэ звычайна зь сямейнага бюджэту.

Пра маштабы хатняга гвалту ў Расеі і спробы прыняць адэкватны закон супраць сямейнага гвалту расказвае сузаснавальніца арганізацыі «Проект W: сеть взаимопомощи женщин» Алена Папова.

— Наколькі сурʼёзная праблема хатняга гвалту ў Расеі? Ці ўсьведамляе яе грамадзтва і ўлада?

Алена Папова
Алена Папова

— Два гады таму ў Расеі быў дэкрыміналізаваны хатні гвалт. Быў прыняты закон аб дэкрыміналізацыі пабояў у сямʼі. Паводле яго пабоі (сінякі, ранкі, кровападцёкі) у сямейнікаў з крымінальных злачынстваў перавялі ў разрад адміністрацыйных правапарушэньняў.

Была вялікая кампанія супраць дэкрыміналізацыі — мы стаялі ля Дзяржаўнай Думы, хадзілі за дэпутатамі, пісалі пэтыцыі, зьбіралі подпісы, адпраўлялі лісты, звароты да дэпутатаў, апублікавалі вялікі ліст спікеру Савету Фэдэрацыі Валянціне Мацьвіенцы і ўсім жанчынам з Савету Фэдэрацыі з заклікам не галасаваць за дэкрыміналізацыю хатняга гвалту. Так здарылася, што ў Савеце Фэдэрацыі супраць жанчын-сэнатарак, якія выступалі за дэкрыміналізцыю хатняга гвалту, змагаўся сэнатар Антон Белякоў ад Ўладзімірскай вобласьці, які выступаў за абарону жанчын-ахвяр хатняга гвалту. Для нас было дзіўна, што ўсе жанчыны настойвалі, што гэты артыкул трэба дэкрыміналізаваць.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Які вынік? Па дадзеных судовага дэпартамэнту Вярхоўнага суду, у Расеі больш за 60 тысяч чалавек былі прыцягнутыя да адказнасьці за пабоі, і зь іх больш за 80% атрымалі проста штраф 5 тысяч рублёў (каля 73 даляраў). Напрыклад, няправільная паркоўка ў Маскве караецца штрафам 2 тысячы рублёў (каля 30 даляраў). Гэтыя штрафы плацяцца зь сямейнага бюджэту. У Расеі, як і ў Беларусі, сямейны бюджэт пераважна агульны, і таму гвалтаўнік бярэ грошы з заробку, які сама жанчыны прынесла ў дом, і аплачвае яе ж грашыма штраф за тое, што ён яе зьбіў. Так гэта адбываецца ў Расеі.

Паводле дадзеных Расстату, у Расеі 16 мільёнаў ахвяраў гвалту. Гэта вялізарная лічба з улікам таго, што да суду даходзіць з 16 мільёнаў вось гэтыя 60 тысяч. І пры гэтым у нас дагэтуль існуюць стыгмы «магла сама справакаваць», «сама вінаватая», якія ствараюць сытуацыю, калі ахвяру ня трэба абараняць. У нас няма ахоўных ордэраў. Калі гвалтаўнік нападае, ад яго немагчыма ізалявацца.

Тыповая сытуацыя з хатнім гвалтам у Расеі выглядае так. Жанчына пасярод ночы зь дзіцём бяз грошай выбягае з дому, стаіць пасярод вуліцы. Часта без тэлефону, таму што звычайна гвалтаўнік забірае тэлефон. Яна ня ведае, што рабіць. Калі ёсьць тэлефон, жанчыны звычайна тэлефануе маці ці сяброўцы. Маці кажа: «Што што робіш? Ён жа твой муж. Як жа дзеці? Падумай пра дзяцей. Чаму ты няславіш сямʼю?» Звычайна ратуе сяброўка ці крызісны цэнтар, якіх у нас катастрафічна мала. Калі на выклік дадому прыяжджаюць паліцыянты, то яны звычайна кажуць, што гэта — сямейныя справы, самі разьбірайцеся. Увесь час паўтараюць закальцаванае, як скорагаворку: «Я яго цяпер я пасаджу, а раніцай прыйдзеце заяву забіраць і мяне яшчэ абвінаваціце, будзеце казаць, навошта мужыка майго забралі».

З прычыны такой рэакцыі жанчыны вельмі часта не выклікаюць паліцыю, а калі выклікаюць, то сутыкаюцца з тым, што паліцыя ў нас ня мае ніякіх паўнамоцтваў спыніць гвалт, каб акрамя тлумачальнай размовы. Цяпер паліцыя можа яго забраць на 15 сутак, але яна гэта ня робіць, найчасьцей дае штраф 5 тысяч рублёў і ён спакойна вяртаецца назад і дабівае ахвяру.

«Дабівае» — гэта не фігура мовы, а напрыклад, выпадак Рыты Грачовай, якую муж Дзьмітрый вывез у лес і адсек у ёй кісьці абедзьвюх рук і ўваткнуў ёй сякеру ў бядро. Рыта засталася жывой. У іх двое дзяцей. Цяпер у яе на адной руцэ пратэз, другая кісьць была знойдзеная акрываўленая ў лесе, ён яе на часткі пасек. Другі гучны выпадак — Алены Вербы. Яе муж, сілавік, нанёс ёй больш за 40 нажавых удараў, накрыў яе ручніком, пайшоў на працу і малога сына Мікіту пакінуў у кватэры зь целам маці. Сын ня мог дзьве гадзіны да бацькі датэлефанавацца і сказаць, што мама не ўстае і зь ёй нешта ня так.

Да гэтага і Рыта, і Алена зьвярталіся ў паліцыю з заявамі аб пагрозах жыцьцю і здароўю. У Расеі застаўся адзіны артыкул у Крымінальным кодэксе, па якім можна прыцягнуць да адказнасьці за тое, што гвалтаўнік яшчэ не забіў і не нанёс шкоду здароўю. У ім ёсьць градацыі шкоды здароўю — лёгкія, сярэдняй цяжкасьці і цяжкія. І калі гэтай шкоды ён яшчэ не нанёс, але пры гэтым ёсьць пабоі, сінякі, ранкі, кровападцёкі, то гэта ня лічыцца шкодай здароўю, гэта азначыць, руку не зламаў, нос не зламаў... Артыкул абсалютна не працуе. Жанчыны заяўлялі ў паліцыю і ніякія захады не былі прынятыя, каб іх абараніць. І ўсё закончылася дзьвюма адсечанымі рукамі і адным трупам.

— Як расказвала ў інтэрвію Свабодзе намесьніца старшыні ўкраінскага цэнтру «Жаночыя пэрспэктывы» Марта Чумала са Львову, якая каля 20 гадоў займаецца праблемай хатняга гвалту, ва Ўкраіне гэтая тэма ў трэндзе, там ёсьць закон аб папярэджаньні хатняга гвалту, ён удасканальваецца ўвесь час. Я так разумею, што ў Расе ёсьць грамадзкія арганізацыі, якія пасьлядоўна гэтай тэмай займаюцца. Але калі казаць пра ўсё грамадзтва, то якое стаўленьне да гэтай праблемы пераважае?

Алена Мізуліна
Алена Мізуліна

— За апошнія чатыры гады стаўленьне істотна зьмянілася. Раней мы з калегамі літаральна «біліся ў кроў», даказваючы, што ў нас у краіне ёсьць хатні гвалт. Насупраць нас сядзела сэнатарка Алена Мізуліна і дэпутатка Вольга Баталіна, якія нам даказвалі, што вялікай праблемы з гэтай тэмы рабіць ня трэба, што маштабы яе не такія вялікія і гэтак далей. Алена Мізуліна нам вельмі часта гаварыла, што гэта тэма навязаная Захадам, заходнімі агентамі, а калі мы апісвалі маштабы, яна адказвала, што гэта розныя міты распаўсюджвацца пра хатні гвалт.

Цяпер не такая сытуацыя. Нядаўна я была на абсалютна прадзяржаўным «круглым стале», на якім ужо і прадстаўнікі сілавых ведамстваў пагадзіліся з тым, што гэта вялізарная праблема, што трэба прымаць сурʼёзныя захады. Гэты «круглы стол» быў арганізаваны Аксанай Пушкінай, дэпутаткай ад «Адзінай Расеі». Уласна ўся «Адзіная Расея» галасавала за дэкрыміналізацыю пабояў. А на гэтым «круглым стале» не прыйшлося нікога моцна пераконваць. Яны ўжо разумелі, што трэба тэрмінова нешта прадпрымаць.

Таму ў нас ёсьць надзея, што ў гэту асеньнюю сэсію дэпутатка Аксана Пушкіна можа ўнесьці законапраект «Аб прафіляктыцы сямейна-бытавога гвалту». Мы, група экспэртаў, змагаемся за тое, каб там дакладна былі прапісаныя ўсе віды гвалту, каб было вызначэньне хатняга гвалту, каб былі ўведзеныя ахоўныя ордэры. За ахоўныя ордэры мы таксама сурова «бʼемся» з Канстытуцыйным і Вярхоўным судом, якія нам раней казалі, што ня можна абмяжоўваць свабоду перамяшчэньня грамадзянаў, бо гэтая свабода зьяўляецца канстытуцыйнай, і таму мы ня можам абмежаваць канстытуцыйныя правы людзей проста на падставе ахоўнага ордэру.

Крысьціна Хачатур'ян у судзе ў Маскве
Крысьціна Хачатур'ян у судзе ў Маскве

У расейскім грамадзтве зьмянілася стаўленьне, і гэта бачна па справе сёстраў Хачатурʼян. Гэта вельмі складаная, гучная справа. Тры сястры забілі бацьку. Высьветлілася, што бацька — гвалтаўнік, хатні тыран. Было шмат сьведкаў, ведалі суседзі, родныя, аднаклясьнікі, і сыстэма ўвогуле не працавала на іх абарону. І тое, што ім такім страшным чынам прыйшлося абараняць саміх сябе, было справакавана тым, што сыстэма іх не абараняла. І нават па дыскусіі пра справу сёстраў Хачатурʼян бачна, што грамадзтва ўжо не ўспрымае спакойна і абыякава выпадкі хатняга гвалту, як гэта было некалькі гадоў таму.

— У Беларусі спробы ініцыяваць і прыняць закон аб папярэджаньні хатняга гвалту робяцца ўжо каля 20 гадоў.... Дзе знаходзіцца Расеі на шляху да прыняцьця такога закону?

— Гэты законапраект даўно распрацаваны. Яшчэ ў папярэднім складзе Дзяржаўнай Думы ён уносіўся, быў адкладзены ў архіў і толькі таму, што мы ўсе ў яго «учапіліся» ўсімі клюшнямі і зубамі, законапраект дасталі, дапрацавалі з улікам зьменаў у выглядзе дэкрыміналізацыі хатняга гвалту, і цяпер імкнёмся ўнесьці яго. Я лічу, што мы не палове дарогі, мы адну траціну прабеглі, паколькі, калі яго ўнясуць, самае страшнае будзе, што мы страцім над ім кантроль, паколькі мы не зьяўляемся субʼектамі заканадаўчай ініцыятывы.

Што мы будзем рабіць, калі дэпутаты пачнуць прыбіраць з законапраекту ахоўныя ордэры ці ўрэзаць вызначэньні хатняга гвалту ці прыбіраць адтуль самае важнае, што было. І гэта яшчэ адна дадаткова барацьба. Плюс, калі яго прымуць, трэба будзе кантраляваць, як працуе сыстэма, дзе яна не будзе працаваць. У многіх краінах сьвету законы аб хатнім гвалце найбольш мабільныя, яны хутка мяняюцца, у іх увесь час уносяцца нейкія зьмены менавіта таму, што паўсюль па-рознаму працуе сыстэма. Для нас важна цяпер сыстэма прафіляктыкі, каб на раньняй стадыі выяўляць хатні гвалт, каб не заканчвалася справа трупамі.

Цяпер у нас так атрымліваецца, што аграмадная колькасьць жанчын па ўсёй Расеі сядзіць менавіта таму, што атрымалі крымінальныя тэрміны за забойства свайго тырана. І ніяк у судзе немагчыма даказаць, што сыстэма магла абараніць гэтую жанчыну, паколькі цяпер у прынцыпе не існуе захадаў прафіляктыкі хатняга гвалту.

— Ва Ўкраіне вядомыя жанчыны публічна прызнавалі ў тым, што яны — ахвяры хатняга гвалту. Вы кажаце, што расейскае грамадзтва мяняецца. Ці ў Расеі вядомыя, аўтарытэтныя жанчыны агучваюць гэтую праблему, абапіраючыся на свой нэгатыўны досьвед?

— Не. Гэта вялікая для нас праблема і пытаньне, чаму яны гэтага ня робяць. Мы да іх публічна зьвярталіся, да некаторых зьвярталіся асабіста. У нас ёсьць вядомыя сьпявачкі Валерыя і Наргіс, якія гавораць пра гэта, але гэта адзінкі. Не зразумею, і не магу патлумачыць іх аргумэнты, што гэтая тэма — нэгатыўная, і што аўдыторыя палічыць гэтую тэму нэгатыўнай і іх адвернецца. Многія жанчыны нам гэты аргумэнт прыводзяць.

Наколькі сьмелая Рыта Грачова, якая з дзьвюма адсечанымі рукамі прыходзіць у студыю цэнтральнага тэлебачаньня і гаворыць на ўсю краіну, што яна хоча падтрымаць закон супраць хатняга гвалту, падтрымаць усіх ахвяраў.

Галю Катораву нядаўна ў Находцы «выцягнулі» з-за кратаў. Яна забіла свайго тырана-гвалтаўніка, яе пасадзілі, і толькі дзякуючы намаганьняў адваката і грамадзкасьці яе прызналі невінаватай. Ня тое, што перакваліфікавалі артыкул, але прызналі невінаватай. І яна, і многія жанчыны, якія не зьяўляюцца знакамітымі зоркамі зь вялікім рэсурсам, знаходзяць у сабе сілы падтрымаць словамі і справамі іншых, такіх жа ахвяраў, якія перажылі гвалт. А чамусьці нашы зоркі — не. Гэта не зьмянілася пакуль. І нават надзець на сябе футболку «Я супраць хатняга гвалту» нашы зоркі ня змогуць, нейкія адзінкі толькі, але ў асноўным яны лічаць, што гэтая тэма ўспрымаецца нэгатыўна.

— Як шмат грамадзкіх арганізацый у Расеі займаецца праблемай хатняга гвалту?

— Ня вельмі шмат. Я хутчэй хацела расказаць пра нашу грамадзкую ініцыятыву, агульную для ўсіх арганізацый, якія займаюцца абаронай ад хатняга гвалту. Domesticviolence.ru — гэта вялікая грамадзкая кампанія ў падтрымку закону аб хатнім гвалце. У Расеі ёсьць цудоўная арганізацыя «Сёстры» — адзіная на ўсю краіну арганізацыя па абароне ахвяраў сэксуальнага гвалту, якая вельмі вялікую працу праводзіць, каб ахвяры сэксуальнага гвалту не баяліся гаварыць пра гэта. У нас ёсьць праект, які распрацаваў аплікацыі SOS, калі ахвяра гвалту, націснуўшы адну кнопку, можа апавясьціць родных і блізкіх, што яна ў небясьпецы. «Насилию.нет» — вялікі інфармацыйны партал, які робяць валянтэры, каб усе разумелі, наколькі маштабная праблема ў Расеі і як яна вырашаецца.

Пэрформанс супраць хатняга гвалту. Санкт-Пецярбург, Расея, 13 чэрвеня 2016 году
Пэрформанс супраць хатняга гвалту. Санкт-Пецярбург, Расея, 13 чэрвеня 2016 году

У нас ёсьць цэнтар «Анна», у якога ёсьць усерасейскі тэлефон даверу, на які можа пазваніць любая жанчына і паведаміць, што яна — ахвяра хатняга гвалту і запытацца, што ёй рабіць у такой сытуацыі. Гэты цэнтар стварыла Марына Пісклакова-Паркер, дзякуючы якой у канцы 1990 сталі ўвогуле казаць пра тое, што ёсьць хатні гвалт, што гэта ненармальна.

Гэтая гісторыя, як у Шолахава ў «Ціхім Доне», калі Сьцяпан вяртаецца да Аксіньні, а Аксіньня выдыхае і кажа: «Бі, Сьцяпан», і далей на некалькіх старонках апісаньне таго, як Сьцяпан бʼе Аксіньню, гэта ненармальна, гэта не зьяўляецца той культурай, якую бы мы хацелі. Добра, што ўсе абʼядналіся і вельмі кансалідаваным клінам выступаем за тое, каб закон аб папярэджаньні хатняга гвалту быў прыняты.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG