Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эстрадная зорка і міністарка прызналіся, што яны — ахвяры гвалту». Як ва Ўкраіне працуе закон аб хатнім гвалце


Сьпявачка Таісія Павалій.
Сьпявачка Таісія Павалій.

Як дзейнічаюць ахоўныя ордэры, якія суд выпісвае для гвалтаўнікоў? Чаму важна, каб вядомыя жанчыны не пабаяліся распавесьці, што яны сталі ахвярамі гвалту ў сям’і? Чаму дзеці, якія бачаць гвалт у сямʼі, прызнаюцца пацярпелымі?

Марта Чумала.
Марта Чумала.

Пра тое, як працуе ва Ўкраіне закон аб папярэджаньні хатняга гвалту, расказвае намесьніца старшыні ўкраінскага цэнтру «Жаночыя пэрспэктывы» Марта Чумала са Львову, якая каля 20 гадоў займаецца праблемай хатняга гвалту.

«Гэтая праблема ў трэндзе»

— Наколькі сурʼёзная праблема хатняга гвалту ва Ўкраіне?

— Статыстыка хатняга гвалту ва Ўкраіне адпавядае агульнасусьветнай, а гэта значыць, што кожная трэцяя жанчына хоць раз у жыцьці цярпіць ад хатняга гвалту. Пра гэта з году ў год сьведчаць афіцыйныя статыстычныя дасьледаваньні і розныя ацэнкі.

— Наколькі ўкраінскія ўлады, праваахоўныя органы ўсьведамляюць сурʼёзнасьць гэтай праблемы?

— Па-рознаму. Калі параўнаць сытуацыю 20 гадоў таму і цяпер, то ёсьць вялікая розьніца, але калі параўноўваць са Швэцыяй, то нам ёсьць куды рухацца. Гэтая праблема ў трэндзе, пра яе часта гавораць у СМІ. Некалькі гадоў таму ў нас быў вялікі флэшмоб #янебоясьсказаць, жанчыны пісалі пра свой досьвед перанесенага гвалту.

Мы бачым, што часта сыстэма не працуе на такім узроўні, як павінна працуюць. Адбываецца падрыхтоўка, навучаньне паліцыянтаў. Ужо некалькі гадоў прасоўваецца ініцыятыва «Паліна» — паліцыя супраць насільля.

Спэцыяльна навучаныя паліцыянты выяжджаюць на выклікі пра гвалт у сямʼі. Ёсьць мабільныя брыгады, у якіх ёсьць і псыхолягі, і сацыяльныя работнікі, якія працуюць з жанчынамі і дзецьмі. Сыстэма лепш працуе, але вельмі часта паліцыянты ня вераць жанчыне, спрабуюць абвінаваціць жанчыну ў тым, што яна сама вінаватая ў тым, што гвалт адбыўся. Часам паліцыянты хочуць прымірыць бакі, хаця гэта незаконна. Нам ёсьць куды рухацца.

«Калі дзіця бачыць, як бацька зьдзекуецца з маці, яно лічыцца пацярпелым ад хатняга гвалту»

— У Беларусі рабіліся спробы прыняць закон аб хатнім гвалце, пачынаючы з канца 1990-х гадоў, але спэцыялізаванага закону няма дагэтуль. Напачатку 2000-х гадоў ва Ўкраіне быў прыняты закон аб папярэджаньні гвалту ў сямʼі. У яго ўносіліся пэўныя зьмены, і ў 2017 годзе быў падпісаны закон ужо аб хатнім гвалце. Якім быў шлях Украіны да гэтага?

— У 2002 годзе ва Ўкраіне ўпершыню быў прыняты першы закон аб папярэджаньні гвалту ў сямʼі. На той момант гэта быў адзін з найбольш прагрэсіўных законаў ва Ўсходняй Эўропе ў постсавецкіх краінах. Там былі пазытыўныя моманты — давалася вызначэньне гвалту ў сямʼі, яго відаў, тлумачылася, што павінна рабіць паліцыя (тады яшчэ міліцыя), якія дзеяньні Ўкраіна бярэ на сябе, каб абараніць правы пацярпелых. Гэта быў вынік вялікай працы ўкраінскіх жаночых арганізацый, якія ўжо тады працавалі ў гэтай тэме.

Гэта быў дастаткова добры закон на той час. З нашага пункту гледжаньня, у ім былі некаторыя палажэньні, якія парушалі правы жанчын, і ў выніку шэрагу ініцыятываў былі ўнесеныя зьмены ў закон. У 2007 годзе было адмененае палажэньне пра віктымныя паводзіны, бо паводле міжнародных нормаў гэта парушэньне правоў чалавека.

Украіна была адной зь першых дзяржаваў, якая брала ўдзел у напісаньні Стамбульскай канвэнцыі аб папярэджаньні і барацьбе з гвалтам у дачыненьні да жанчын і хатняга гвалту. Некалькі гадоў вялася вельмі актыўная праца ў краіне па ратыфікацыі Стамбульскай канвэнцыі. Тады быў напісаны новы варыянт закону аб хатнім гвалце. Гэта быў закон не пра гвалт у сямʼі, як было раней. Гэты закон адрозьніваецца ад мінулага тым, што ён гарманізаваны пад Стамбульскую канвэнцыю. Сьпіс асобаў, якіх можна прыцягнуць да адказнасьці па гэтым законе, быў істотна пашыраны. У першым законе вялікай праблемай было тое, што калі вы ў разводзе, то закон нельга прымяніць, бо гэта ўжо не сямʼя. Цяпер гэта зьменена.

Паводле закону могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці былыя сужэнцы, дзядзькі, цёткі, жаніх зь нявестай, бацькі, унукі, дзядулі, бабулі. Гэта вялікі плюс з нашага пункту гледжаньня. Таксама ў законе дзеці-сьведкі прызнаюцца пацярпелымі. Калі дзіця ніхто ня бʼе, але яно бачыць, як бацька зьдзекуецца з маці, паводле закону гэтае дзіця лічыцца пацярпелым ад хатняга гвалту. Гэта псыхалягічная траўма, і сыстэма дапамогі для такіх пацярпелых распаўсюджваецца і на такое дзіця.

Што такое абарончыя ордэры

Таксама вялікі прагрэс, на які мы вельмі моцна спадзяемся, гэта так званыя два абарончыя ордэры. Першы — гэта тэрміновае прадпісаньне, якое робяць паліцыянты пасьля таго, як яны прыехалі на выклік. Яны ацэньваюць рызыку і выпісваюць тэрміновы ордэр да 10 дзён, каб гвалтаўнік пакінуў памяшканьне і ня меў права набліжацца і кантактаваць з пацярпелымі, зьяўляцца на месцы працы, у дзіцячых садках, школах, дзе знаходзяцца дзеці. І гэта не залежыць ад таго, чыя кватэра. Гэта можа быць цалкам ягонае жытло.

Паліцыянт вывучае ўважліва гісторыю гвалту, адбываецца гэта ўпершыню ці паўторна, і калі ён ацэньвае сытуацыю як небясьпечную, то ён выпісвае такі ордэр. Дакладней будзе выпісваць. Бо цяпер мы яшчэ ў працэсе, яшчэ распрацоўваецца інструкцыя, як ацаніць рызыку паўтарэньня хатняга гвалту. Ужо ёсьць інструкцыя і блянк тэрміновага прадпісаньня, але яшчэ няма інструкцыі па ацэнцы рызыкаў, бяз якой паліцыянт ня можа яго выпісаць. Усё павінна запрацаваць у наступным годзе.

Але ёсьць другі ўзровень, які ўжо працуе. Гэта ахоўнае прадпісаньне, якое дае суд. Лёгіка ў тым, што калі на 10 дзён гвалтаўніка дыстанцыруюць, жанчына можа зьвярнуцца ў суд, і суд павінен у вельмі кароткія тэрміны, да 2 сутак, разгледзіць гэты пазоў, у спрошчанай працэдуры заслухаць і вынесьці рашэньне пра тое, што ахоўны ордэр можа быць выпісаны да 6 месяцаў. Прапісваецца, на што гвалтаўнік ня мае права — якія месцы наведваць, што рабіць, і калі ён парушае прадпісаньне, то пачынаецца крымінальная адказнасьць.

Ва Ўкраіне ўжо ёсьць судовая практыка па прымяненьні і ёсьць рашэньні судоў, якая выпісалі ахоўныя ордэры. З 1 студзеня ва Ўкраіне ўступаюць у дзеяньне зьмены ў Крымінальны кодэкс у справе імплемэнтацыі Стамбульскай канвэнцыі ва ўкраінскае заканадаўства. У Крымінальны кодэкс Украіны ўнесеная дадатковая зьмена, паводле яе хатні гвалт — гэта крымінальнае злачынства. Калі ён адбываецца больш за два разы, і гэта адбываецца сыстэмна, то пачынаецца крымінальная адказнасьць. Мы будзем глядзець, як гэта будзе працаваць.

«Гвалт не адбываецца ў вакуўме. Заўсёды ёсьць суседзі, блізкія людзі, настаўнікі ў школе, супрацоўнікі»

— Ці можна ўжо казаць пра пэўныя вынікі дзеяньня закону аб папярэджаньні хатняга гвалту?

— Нашая мэта — мяняць псыхалёгію не жанчыны, а псыхалёгію грамадзтва і гвалтаўніка. Гэтая парадыгма падвышанай увагі да жанчыны, што яна робіць, як яна абараняецца, якія робіць крокі, з нашага пункту гледжаньня, гэта няслушная парадыгма. Мы павінны гаварыць пра тое, што мы робім для таго, каб гвалт ня быў магчымы.

Гвалт не адбываецца ў вакуўме. Ён адбываецца ў коле сацыяльных сувязяў, заўсёды ёсьць суседзі, блізкія людзі, настаўнікі ў школе, супрацоўнікі. Калі казаць пра статыстыку... Калі быў прыняты першы закон аб гвалце ў сямʼі, то статыстыка па гвалту спачатку рэзка павялічылася, але гэта не азначае, што гвалту стала болей. Гэта азначае, што мы пачалі фіксаваць выпадкі гвалту.

Паліцыя пачала больш уважліва рэагаваць на выклікі, а не казаць, што гэта прыватная справа і разьбірайцеся самі з тым, што ў вас у сямʼі адбываецца, што дзяржава не павінна ўмешвацца ў справы сямʼі. Гэта функцыя дзяржавы — рэагаваць і забясьпечваць правы чалавека, незалежна ад таго, ці парушаныя гэтыя правы на вуліцы, калі адзін чалавек зьдзекуецца зь іншага, ці парушаныя гэтыя правы за зачыненымі дзьвярыма ў сямʼі.

Рада цэркваў сарвала ратыфікацыю міжнароднага дакумэнту пра хатні гвалт, але падтрымала нацыянальнае заканадаўства

— У Беларусі супраць закону выказваюцца прарэлігійныя, так званыя прасямейныя сілы, а таксама людзі, якія не давяраюць міліцыі. Якія засьцярогі да рэалізацыі закону былі ва Ўкраіне?

— Калі прымаўся першы закон, не было вялікага супрацьстаяньня. Закон прымалі з майго пункту гледжаньня, дастаткова лёгка. А Стамбульскую канвэнцыю не ратыфікавала Вярхоўная Рада, таму што ўключылася самая вялікая праціўніца ратыфікацыі, Усеўкраінская рада цэркваў і рэлігійных арганізацый. Ва Ўкраіне ёсьць такая структура, у якую ўваходзяць асноўныя цэрквы, у яе ёсьць рэкамэндацыйнай функцыя ў Вярхоўнай Радзе. Рада выступіла асноўным праціўнікам і сарвала ратыфікацыю Стамбульскай канвэнцыі. Асноўны аргумэнт палягаў у тым, што Стамбульская канвэнцыя — гэта першы міжнародны дакумэнт, які дае вызначэньне гендэра, і яны вельмі баяцца, што ратыфікацыя Стамбульскай канвэнцыі ўвядзе ва ўкраінскі дыскурс ЛГБТ-семʼі, аднаполыя шлюбы, і дзяржава павінна будзе ў гэтым выпадку забясьпечваць правы чалавека, калі ў такіх партнэрствах будзе гвалт.

Разам з тым яны казалі, што выступаюць супраць ратыфікацыі Стамбульскай канвэнцыі, але выступаюць за тое, каб нацыянальнае заканадаўства дзейнічала. Такая іронія, міжнародны дакумэнт сарвалі, але падтрымалі нацыянальнае заканадаўства, і ўсе гэтыя зьмены ў закон аб хатнім гвалце Вярхоўная Рада вельмі хутка прыняла. Яшчэ супраць выступалі праварадыкальныя сілы, якія стаяць на пазыцыі патрыярхальнай сямʼі, традыцыйных каштоўнасьцяў, якія лічаць, што месца жанчыны — у сямʼі ля ачагу і ў царкве, яна — супраць таго, каб сыстэма забесьпячэньня правоў жанчын працавала так, як мы хочам.

«Вельмі важна знаходзіць і падтрымліваць жанчын, якія гатовыя расказаць пра свой досьвед хатняга гвалту»

— Як вы лічыце, які ўкраінскі досьвед у справе змаганьня з хатнім гвалтам варта бы пераняць Беларусі?

— Вельмі важна паказваць, агучваць канкрэтныя выпадкі, якія адбываюцца за зачыненымі дзьвярыма, знаходзіць і падтрымліваць тых жанчын, якія гатовыя расказаць пра свой досьвед хатняга гвалту, знаходзіць уплывовых жанчын, якія маюць важкія пазыцыі ў грамадзтве. У нас калі першыя законы зьявіліся, то вельмі ўплывовыя жанчыны пачалі гаварыць пра гэта. Гэта была эстрадная зорка Таісія Павалій. Гэта была міністарка аховы здароўя Вольга Багамолец, якая расказала пра свой досьвед, пра тое, як яе муж зьдзекаваўся зь яе і яе дзяцей.

Калі мы паказваем, што гэта адбываецца ўсюды за рознымі дзьвярыма, то гэта становіцца, праблемай ня толькі маргінальных жанчын, як прынята казаць. У нас быў такі час, калі казалі пра тое, што гэта адбываецца толькі ў семʼях алькаголікаў, у маргіналізаваных семʼях. Гвалт адбываецца ва ўсіх семʼях, незалежна ад даходу, адукацыі і сацыяльнага статусу. І важна на асобных гісторыях жанчын выбудоўваць такія кампаніі, калі гэтыя жанчыны пачынаюць самі гаварыць уголас, калі яны атрымліваюць мікрафон. І нашая функцыя, функцыя грамадзкіх арганізацый, узмацніць іх, даць ім веды, унутраныя рэсурсы, упэўненасьць, што яны робяць гэта ня толькі для сябе, але і для іншых жанчын таксама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG