Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы пабраліся аднаполым шлюбам у Партугаліі і зрабілі бізнэс для такіх, як яны


Беларусы Сьцяпан і Аляксандар (імёны зьмененыя на іхную просьбу) разам ужо каля 10 гадоў. Спачатку яны сумесна наймалі жытло, будавалі пляны на будучыню і змагаліся з гамафобіяй навокал. Але год таму вырашылі пераехаць у Партугалію. Там пабраліся шлюбам і адкрылі першую ў краіне агенцыю, якая дапамагае заключаць аднаполыя шлюбы нерэзыдэнтам Эўрапейскага Зьвязу. Свабода пагаварыла з Аляксандрам пра міграцыю, жыцьцё ў Партугаліі і бізнэс.

«Мы стаміліся ад гамафобнага прэсінгу»

Сьцяпан і Аляксандар пазнаёміліся гадоў 10 таму праз інтэрнэт, цяпер ім каля 30 гадоў. Спачатку яны сустракаліся, а потым вырашылі супольна наняць кватэру. Спакойнае стабільнае жыцьцё, праца ў банку, шмат вандровак за мяжу.

«Жаданьне пераехаць ёсьць у шматлікіх аднаполых пар, — прызнаецца Аляксандар. — Табе падаецца, што ты пераедзеш, і ўсё наладзіцца. Для нас штуршком стала страта працы праз крызіс. Калі губляць ужо не было чаго, мы вырашылі пераехаць. Яшчэ жывучы ў Беларусі, шмат вандравалі і да пераезду некалькі разоў наведвалі Партугалію. У нас было толькі вельмі прыкладнае, аддаленае ўяўленьне пра тое, чым там будзем займацца».

Але эканамічныя прычыны былі ўсё ж такі другасныя. Галоўнай падставай для эміграцыі Сьцяпан і Аляксандар называюць стомленасьць ад гамафобнага прэсінгу.

«У Беларусі мы сутыкаліся са зьбіцьцём на глебе гамафобіі з боку так званых гопнікаў. Гэта было накшталт „паглядзеў ня так, выглядаеш ня так“, — кажа Аляксандар. — Гамафобія праяўляецца ў тым, што даносіцца з экранаў тэлебачаньня, асабліва з расейскіх каналаў. У камэнтарах сяброў-калегаў, знаёмых, якія ня ведаюць пра цябе».

Пэрфоманс актораў «Свабоднага тэатру» ў падтрымку ЛГБТ-людзей ля помніка гарадавому ў Менску каля Міністэрства ўнутрах спраў, 28 чэрвеня 2018
Пэрфоманс актораў «Свабоднага тэатру» ў падтрымку ЛГБТ-людзей ля помніка гарадавому ў Менску каля Міністэрства ўнутрах спраў, 28 чэрвеня 2018

Як пераехаць у Партугалію

Перад пераездам у Сьцяпана з Аляксандрам не было ані працы, ані жытла. Усяго некалькі знаёмых. Разьлічваць мусілі выключна на сябе. Але ў Партугаліі вялікая ўкраінская дыяспара, існуе шмат суполак у сацыяльных сетках, дзе можна задаць пытаньні, знайсьці кантакты, атрымаць параду. Усё гэта спрыяе хутчэйшай акліматызацыі.

Да таго ж у Партугаліі вельмі проста легалізавацца, кажа суразмоўца. Так, Сьцяпан і Аляксандар прыехалі па звычайнай турыстычнай візе.

«У Партугаліі па-ранейшаму адно з найбольш лібэральных міграцыйных заканадаўстваў у ЭЗ. Эканоміка расьце, а працоўных рук больш не становіцца, таму мясцовыя ўлады актыўна прывабліваюць мігрантаў. Але іх тут ня так шмат, як у іншых краінах Эўразьвязу, — кажа Аляксандар.

У Партугалію можна прыехаць па турыстычнай візе, атрымаць працоўны кантракт і далей пры пэўных умовах на ягонай аснове легалізавацца. Калі вы вучыцеся ў гэтай краіне, то пасьля вучобы дадуць цэлы год на тое, каб знайсьці працу. Маючы толькі турыстычную візу, можна адкрыць і свой бізнэс.

Атлянтычнае ўзьбярэжжа ў Партугаліі
Атлянтычнае ўзьбярэжжа ў Партугаліі

«Гамафобія ў Партугаліі — рэч ганебная»

Партугалія стала шостай краінай у Эўропе і восьмай у сьвеце, якая легалізавала аднаполыя шлюбы. Гэта адбылося ў 2010 годзе. Раней тут было вельмі архаічнае сямейнае заканадаўства: нават разводу можна было чакаць тры гады. Забараняліся і аборты. Гэткія законы — спадчына каталіцкай царквы, тлумачыць суразмоўца.

Напрыканцы 2000-х да ўлады ў Партугаліі прыйшоў сацыялістычны ўрад. Адным з пунктаў ягонай праграмы была рэформа сямейнага заканадаўства. Тады спрасьцілі працэдуру разводу, легалізавалі спачатку аднаполыя шлюбныя саюзы, а пасьля ўзаконілі і самі шлюбы.

Аднаполыя шлюбы легалізаваныя ў шмат якіх краінах Эўропы, але Партугалію беларускія маладзёны абралі ня толькі з гэтай прычыны.

«Тут грамадзтва досыць цікавае, яно звышталерантнае. У іх самае галоўнае — сонца, мора, пляж, віно. Яны ўмеюць і любяць атрымліваць асалоду ад жыцьця, — кажа Аляксандар. — Гэта не лянота, як шмат хто ўяўляе ў дачыненьні да паўднёвых нацый. Гэта іншае ўспрыняцца сьвету. Праца важная, але важней тое, што адбываецца ў хаце, у сям’і. Тут ніхто нікуды не сьпяшаецца. Да ўсіх меншасьцяў (сэксуальных, мігрантаў) партугальцы ставяцца вельмі ляяльна. Гэта нацыянальная рыса характару».

Ён зьвяртае ўвагу: нельга сказаць, што там цалкам няма гамафобіі.

«Яна ёсьць. Але гэта рэч ганебная, праява несучаснасьці, некультурнасьці. Гэта не вітаецца. У Партугаліі ёсьць рэлігійныя людзі, якія лічаць, што геі — гэта нядобра, грэх. Аднак ня можа быць гаворкі, каб такія думкі трансьляваліся з боку дзяржаўных структур», — кажа Аляксандар.

У 2017 годзе ў Партугаліі былі заключаныя 550 аднаполых шлюбаў, як сярод грамадзянаў краіны, так і замежнікаў. Гэта на 30% больш, чым у 2016 годзе. Статыстыка кажа, што мужчыны ўступаюць у аднаполы шлюб часьцей, чым жанчыны.

Гей-парад у Лісабоне
Гей-парад у Лісабоне

Што трэба, каб зарэгістраваць аднаполы шлюб

Краін, дзе ёсьць аднаполыя шлюбы або дзе грамадзянскія партнэрствы легалізаваныя, у Эўропе становіцца ўсё болей. Але практычна паўсюль існуе абмежаваньне на шлюбы для нерэзыдэнтаў, асабліва з краін, дзе аднаполых шлюбаў няма.

Грамадзяне любых краін могуць пабрацца шлюбам толькі ў Партугаліі, Даніі, Нарвэгіі і Ісьляндыі. У Нарвэгіі гэта досыць бюракратычная працэдура і мае шмат перашкод. Ісьляндыя далёка, таму самым папулярным кірункам для аднаполых пар стала Данія. Пра Партугалію пакуль што трохі меней ведаюць, кажа суразмоўца.

Паводле ягоных слоў, для заключэньня шлюбу ў Партугаліі патрэбныя два дакумэнты: пасьведчаньне аб народзінах з апастылем і чэснае слова ад натарыюса, што вы ня маеце перашкодаў для шлюбу, таксама з апастылем. Перакласьці і заверыць дакумэнты лепей у Партугаліі, бо аформленыя ў Беларусі часьцей за ўсё не прымаюцца. Дакумэнты павінны быць перакладзеныя на партугальскую мову. З 1 чэрвеня 2018 году стала магчымым падаваць дакумэнты па-ангельску, па-гішпанску і па-француску, але толькі ў тым выпадку, калі ў ЗАГСе ёсьць супрацоўнікі, якія гавораць на гэтых мовах.

«У Партугаліі вам не павінны даць адказ на працягу пэўнага тэрміну. Заява на шлюб можа разглядацца ў залежнасьці ад загружанасьці ЗАГСу. У Лісабоне гэта мінімум месяц, у невялікіх гарадах можна зрабіць хутчэй. Але там вялікая рызыка, што прычэпяцца да фармулёвак ці дакумэнтаў», — дзеліцца досьведам Аляксандар.

Як выглядаюць шлюбы ў гей-пар

Адразу пасьля пераезду ў Партугалію беларусы адкрылі агенцыю, якая дапамагае нерэзыдэнтам Эўрапейскага Зьвязу брацца аднаполымі шлюбамі. Агенцыя Сьцяпана і Аляксандара — адзіная ў Партугаліі, што спэцыялізуецца менавіта на аднаполых парах. Яны ня проста дапамагаюць афіцыйна заключыць шлюб, але і арганізуюць паўнафарматныя шлюбныя цырымоніі.

На вясельлі, арганізаваным беларусамі
На вясельлі, арганізаваным беларусамі

«Звычайна на вясельле прыяжджае літаральна некалькі чалавек. Усё ж такі дорага і доўга дабірацца. Могуць нават удваіх прыехаць. Але мы робім сапраўды прыгожыя цырымоніі: мы шлюбная агенцыя, якая стварае сьвята, а ня проста дапамагае аформіць паперы».

Кошты ў іхнай агенцыі нічым не адрозьніваюцца ад звычайных шлюбных агенцый Партугаліі. Аляксандар кажа: «На жыцьцё хапае». За год працы было некалькіх дзясяткаў кліентаў. Большасьць — грамадзяне Расеі.​

Арганізацыя шлюбаў для гей-пар мала адрозьніваецца ад гетэрасэксуальных вясельляў, запэўнівае Аляксандар. Толькі крыху складаней, бо адмысловая шлюбная культура яшчэ не сфармавалася.

«Вельмі рэдка можна пабачыць клясычныя шлюбныя сукенкі на жанчынах, нейкія вэнзэлі. Але ўсе імкнуцца апрануцца па-сьвяточнаму: яркія шкарпэткі, незвычайныя мятлікі, кактэйльныя сукенкі, — кажа Аляксандар. — Натуральна, што няма аніякіх конкурсаў, дзе госьці зьбіраюць грошы на хлопчыка ці дзяўчынку. Дый людзям звычайна гэта ня трэба.

Часьцей прыяжджаюць самыя блізкія, якія адзін аднаго адчуваюць, прымаюць. І яны збольшага проста вельмі прыемна бавяць разам час у сувязі з прыемнай падзеяй. Мы з мужам таксама проста расьпісаліся ў ЗАГСе, у нас не было буйнага сьвяткаваньня. Для нас гэта быў больш юрыдычны крок, зьвязаны з эканамічнымі і міграцыйнымі пытаньнямі».

Чаму аднаполыя пары бяруць шлюб

Найбольш распаўсюджаная цяпер альтэрнатыва аднаполаму шлюбу — інстытут грамадзянскага партнэрства ці ўзаконенае сумеснае жыцьцё. На думку Аляксандра, гэта сурагатная замена шлюбу.

«Людзей, якія заключаюць шлюб, у апошнюю чаргу хвалюе тое, што гэта „негетэранарматыўны патрыярхальны канструкт“. Пакуль гэтыя пытаньні — справа пэўных актывістаў, якія гэтым займаюцца і ў гэта заглыбленыя. Магчыма, мы некалі цалкам адмовімся ад інстытуту шлюбу. Але гэта будзе ня хутка».

Па словах Аляксандра, шлюб перанёс іх стасункі са Сьцяпанам на новы ўзровень.

«Гэта ня проста калі вы наймаеце разам кватэру, дзеліце агульную гаспадарку. Гэта сям’я. Заключыць шлюб таксама патрабуе грошай, часу, нэрваў. Разьвесьціся — таксама няпроста. Калі людзі праходзяць такі няпросты шлях, натуральна, што яны шмат укладаюць, — кажа ён. — Пасьля шлюбу зьяўляецца сур’ёзнае асэнсаваньне таго, што вас зьвязваюць ня толькі звычка, цёплыя пачуцьці, мэты на будучыню. Гэта яшчэ і адказнасьць перад законам. Асабліва гэта адчуваецца, калі ў краіне законы працуюць».

Сьцяпан і Аляксандар плянуюць жыць у Партугаліі і надалей, яны адчуваюць сябе тут нібы дома. І не выключаюць, што хутка ў іх могуць зьявіцца дзеці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG