Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь мае з Эўразьвязам лепшыя дачыненьні, чым з Расеяй, — палітоляг


Дзяніс — каардынатар праграмы «Зьнешняя палітыка Беларусі» экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг»
Дзяніс — каардынатар праграмы «Зьнешняя палітыка Беларусі» экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг»

Індэкс дачыненьняў Беларусі з найбольш значнымі зьнешнімі партнэрамі агучыў увечары 18 ліпеня галоўны рэдактар «Менскага баромэтру», палітоляг Дзяніс Мельянцоў.

Паводле ягоных дадзеных, у траўні-чэрвені ў Беларусі найлепш складаліся дачыненьні з Эўразьвязам — 35 пунктаў. Далей сытуацыя выглядае так: Кітай — 31, Расея — 25, Украіна — 8, ЗША — 1 пункт.

Рэйтынг адносін з Эўразьвязам падвысілі візыты ў Брусэль міністра замежных спраў Беларусі і наведваньне Менску прэзыдэнтамі Аўстрыі і Нямеччыны. Нізкі амэрыканскі індэкс абумоўлены працягам санкцый ЗША і шэрагам дакладаў Дзярждэпартамэнту, у якіх крытыкуюцца асобныя дзеяньні афіцыйнага Менску.

Спадар Мельянцоў удзельнічаў у дыскусіі, якую правяла экспэртная ініцыятыва «Менскі дыялёг».

Да дэбатаў прыцягнулі былога міністра замежных спраў Беларусі Івана Антановіча ды былога намесьніка міністра, а цяпер старшыню міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валера Варанецкага.

Іван Антановіч (у цэнтры), архіўнае фота
Іван Антановіч (у цэнтры), архіўнае фота

Экс-міністар гаварыў пра пэрспэктывы зьнешняй палітыкі Беларусі.

«Галоўным напрамкам беларускай зьнешняй палітыкі павінна стаць міратворчасьць. Дзеля гэтага Беларусі неабходна павялічыць свой уплыў у розных міжнародных арганізацыях. І яшчэ — нашу міратворчасьць можна ажыцьцяўляць толькі ў саюзе зь некаторымі падобнымі да нас дзяржавамі Ўсходняй Эўропы», — лічыць Іван Антановіч.

Валер Варанецкі, архіўнае фота
Валер Варанецкі, архіўнае фота

Старшыня міжнароднай камісіі прагназуе, што сустрэча Трампа і Пуціна прывядзе да супрацоўніцтва ЗША і Расеі.

«І гэта дае надзеі на тое, што Беларусь стане полем для новых падыходаў і пошукаў. Вашынгтон і Масква будуць шукаць рашэньні і па Ўкраіне, і па Беларусі праз узаемныя саступкі, а не праз канфрантацыю. Магчыма, моцным гэтага сьвету Беларусь і не патрэбная як міратворца. Але ў нас няма ніякіх канфліктаў са сваімі суседзямі. І таму мы можам прапанаваць моцным гэтага сьвету ролю злучальнага элемэнту, то бок новы фармат узаемадзеяньня», — перакананы Валер Варанецкі.

Што такое «Менскі баромэтар»?

«Менскі баромэтар» — вынік супрацоўніцтва шэрагу спэцыялістаў у галіне бясьпекі і міжнародных дачыненьняў. Пачынаючы са студзеня 2018 году яны на рэгулярнай аснове аналізуюць пяць асноўных кірункаў зьнешняй палітыкі Беларусі (Расея, Эўразьвяз, ЗША, Кітай і Ўкраіна), а таксама сытуацыю ў сфэры бясьпекі Беларусі і вакол яе межаў. Маніторынг дае якасную і колькасную ацэнку сытуацыі ў гэтых галінах. Сёньня быў прадстаўлены трэці па ліку маніторынг.

Беларусь — Расея: закрыць мяжу або адкрыць вайсковую базу?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG