Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларуска-польскай мяжы зьявілася аўтаматычная сыстэма памежнага кантролю. Як гэта працуе


Аўтаматычны комплекс памежнага кантролю ў пункце пропуску «Брэст». Фота дзяржаўнага агенцтва БелТА
Аўтаматычны комплекс памежнага кантролю ў пункце пропуску «Брэст». Фота дзяржаўнага агенцтва БелТА

У пункце пропуску «Брэст» на выезьдзе зь Беларусі ў Польшчу тэстуюць аўтаматычны комплекс памежнага кантролю, які дазволіць беларусам зь біямэтрычнымі пашпартамі праходзіць працэдуру без удзелу памежніка, паведамляе выданьне BG.media.

Аўтаматычны комплекс памежнага кантролю працуе ў пункце пропуску «Берасьце» каля тыдня. Беларусы, якія выяжджаюць з краіны, могуць скарыстацца двума тэрміналамі. Для гэтага трэба быць грамадзянінам Беларусі, старэйшым за 18 гадоў, і мець біямэтрычны пашпарт.

Паводле прадстаўніка Берасьцейскай памежнай групы Сяргея Дзьмітрыева, раней гэты комплекс праходзіў апрабацыю ў аэрапорце Менск і «станоўча сябе зарэкамэндаваў».

Неабходнасьць выкарыстаньня тэхнічнай навінкі ён тлумачыць найперш тым, што «Берасьце» зьяўляецца адзіным дзейным аўтадарожным пунктам пропуску на ўсёй беларуска-польскай мяжы, а аўтаматычны комплекс памежнага кантролю, паводле Дзьмітрыева, «дазваляе скараціць час чаканьня і праходжаньня памежнага кантролю».

Гэта беларуская распрацоўка, кажуць памежнікі. Аўтаматычны комплекс зьбірае і апрацоўвае біямэтрычныя дадзеныя грамадзян, а таксама вызначае «наяўнасьць законных падставаў» для перасячэньня мяжы.

«Грамадзяне паказваюць свае біямэтрычныя дакумэнты, рэгіструюцца, пакідаюць біямэтрычныя дадзеныя, потым ідуць на пэўны канал афармленьня, выдзелены для праходжаньня ў аўтаматычным рэжыме. Зьверыўшы дадзеныя, праходзяць для пасадкі ў свой транспарт», — расказвае працэдуру начальнік аддзяленьня памежнага кантролю «Варшаўскі мост» Дзьмітры Брыштэль.

Пры гэтым пры перасячэньні мяжы можна выбраць і больш звыклы варыянт, з удзелам памежнікаў. Мяркуючы па тлумачэньнях памежнікаў, аўтаматычны кантроль цяпер працуе толькі на выезд зь Беларусі ў Польшчу.

Таксама дзяржаўныя журналісты пагутарылі зь берасьцейцамі, якія засталіся задаволеныя аўтаматычным памежным кантролем:

У прымежных чатах пра аўтаматычную сыстэму кантролю ў пункце пропуску «Берасьце» для тых, у каго ёсьць біямэтрычныя пашпарты, упершыню напісалі ў суботу 1 сакавіка. Беларусы зазначаюць, што з новай сыстэмай кантроль сапраўды можна прайсьці хутчэй. Толькі яна ламалася некалькі разоў.

Таксама ўдзельнікі чатаў адзначаюць, што беларусы зь біямэтрычнымі пашпартамі, якія едуць на аўтобусе, потым усё роўна чакаюць астатніх са звычайнымі пашпартамі, таму хутчэй прайсьці мяжу не атрымліваецца.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG