Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Расея: закрыць мяжу або адкрыць вайсковую базу?


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Зь Менску ідуць супярэчлівыя сыгналы з нагоды пэрспэктываў стасункаў з Масквой. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка выставіў прэтэнзіі Расеі з нагоды фармату памежнага кантролю паміж краінамі, піша «​Голас Амэрыкі».

Паводле Лукашэнкі, расейцы самі не разумеюць, чаго яны хочуць. У выніку ён заявіў, што Менск гатовы на любыя захады ў адказ аж да закрыцьця мяжы.

А раней міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей дапусьціў нават імавернасьць будаўніцтва расейскай вайсковай базы на тэрыторыі краіны ў адказ на адпаведныя пляны Варшавы. У ходзе візыту ў Брусэль Макей сказаў журналістам, што Менск хоча зьнізіць напружанасьць у рэгіёне і падтрымліваць добрыя стасункі як з Захадам, так і з Масквой.

Адказваючы на пытаньне, ці можа прапанова Польшчы аб разьмяшчэньні амэрыканскай базы прымусіць Беларусь перагледзець сваё рашэньне наконт расейскай вайсковай прысутнасьці, дыплямат заўважыў: «Я думаю, будзе нейкая рэакцыя на гэты намер — разьмясьціць новую вайсковую авіябазу».

«На гэты момант мы не плянуем разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі новыя замежныя вайсковыя базы, — працягнуў міністар. — Але, гледзячы ў будучыню, трэба ўлічваць крокі, якія будуць рабіць нашы суседзі».

Выданьне «Беларускі партызан» з гэтай нагоды выйшла з матэрыялам пад загалоўкам: «Каго шантажуем?» Прыводзіцца меркаваньне палітоляга Паўла Вусава, які сьцьвярджаў, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка разглядае вайсковую прысутнасьць Расеі на тэрыторыі Беларусі як пагрозу нацыянальнай бясьпецы і перашкоду «міратворчай» гульні з Захадам. Пры гэтым палітоляг лічыць, што Лукашэнка можа зьмяніць свой пункт гледжаньня, калі ў рэжыму ўзьнікнуць сур’ёзныя фінансавыя праблемы.

Нагадаем, міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак у мінулы панядзелак заявіў, што правёў перамовы з кіраўніцтвам ЗША наконт сталага разьмяшчэньня ў яго краіне амэрыканскіх вайскоўцаў.

Марыюш Блашчак (зьлева) і амэрыканскі пасол у Варшаве Пол Джоўнс
Марыюш Блашчак (зьлева) і амэрыканскі пасол у Варшаве Пол Джоўнс

Пры гэтым, паводле СМІ, Варшава гатовая выдзеліць на ўладкаваньне і ўтрыманьне базы 2 млрд даляраў.

Дырэктар расейскага Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Андрэй Окара ў інтэрвію рускай службе «Голасу Амэрыкі» адзначыў здольнасьць беларускіх палітыкаў «гуляць у словы» і знаходзіць фармулёўкі, якія не абавязваюць іх станавіцца на чый-небудзь бок і тым самым захоўваць свой «адносны сувэрэнітэт».

«Міністар замежных спраў Макей мог казаць усё што заўгодна, але ў чым яго, а таксама Лукашэнку і ўсю беларускую палітычную клясу, ніяк нельга западозрыць, дык гэта ў тым, што яны хочуць удзельнічаць у „халоднай вайне“ паміж Расеяй і Захадам на баку Масквы, — растлумачыў ён. — Таму і фраза, сказаная дыпляматам, хітра пабудаваная. На першым месцы там стаіць тэза, што Беларусь не зьбіраецца ствараць вайсковую расейскую базу ў сябе. Але пасьля ідзе, што Менск усё ж не выключае гэтага».

Як бачыцца палітолягу, першая частка фразы перадае стаўленьне беларускай эліты і Лукашэнка да праблемы: «І ўжо ў жаданьні быць пярэднім краем Эўразійскага зьвязу на заходнім напрамку іх сапраўды нельга западозрыць, нават пры вельмі вялікім жаданьні».

Разам з тым Андрэй Окара ўпэўнены, што шэраг эўрапейскіх дзяржаў, уключаючы Польшчу, на самай справе сурʼёзна заклапочаныя сваёй бясьпекай. Як яму ўяўляецца, гэтае пытаньне стала яшчэ больш актуальным пасьля расейска-грузінскай вайны 2008 году і асабліва пасьля анэксіі Расеяй Крыму і канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, які не спыняецца з 2014 году.

«Вядома, эўрапейскія краіны стаяць перад складаным выбарам паміж каштоўнасьцямі і інтарэсамі — паміж палітыкай і эканомікай. Але, нягледзячы на ўсе намаганьні расейскай дыпляматыі і хітрыкі прапаганды ўбіць клін паміж Эўропай і Амэрыкай і нягледзячы на некаторыя „антыэўрапейская“ крокі Трампа, любові да Расеі больш ня робіцца, а страху перад ёй дастаткова. Устойлівы трэнд такі: Расею баяцца, яна таксычная краіна, частка восі зла, яе па-ранейшаму разглядаюць як рэальную пагрозу» — рэзюмаваў дырэктар Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў.

У сваю чаргу, загадчык аддзелу эўрапейскай бясьпекі расейскага Інстытуту Эўропы Дзьмітры Данілаў у камэнтары Расейскай службе «Голасу Амэрыкі» выказаў думку, што з улікам палітычнага кантэксту разьмяшчэньне расейскай вайсковай базы ў Беларусі можа быць магчымым захадам Расеі ў адказ на дзеяньні Варшавы.

«Стрымліваньне заўсёды бывае ўзаемным, — дадаў ён. — Хоць у сэнсе ўвасабленьня самой ідэі ёсьць адрозьненьні. Магчымасьць разьмяшчэньня амэрыканскай вайсковай базы разглядаецца ў рамках двухбаковых дзяржаўных дачыненьняў паміж Польшчай і ЗША, без удзелу NATO. А што тычыцца патэнцыйнай расейскай базы ў Беларусі, то тут гаворка ня толькі пра двухбаковыя стасункі, але і пра ўзаемадзеяньне ў рамках АДКБ, гэта значыць гаворка пра саюзьніцкія дачыненьні».

Паводле ацэнкі Дзьмітрыя Данілава, асьцярогі краін Эўропы маюць пад сабой абгрунтаваньне ў рамках сучаснай палітыкі, якая зводзіцца «да купіраваньня патэнцыйнай ваеннай пагрозы з боку Расеі»: «У гэтым сэнсе нічога звышнатуральнага ў ініцыятыве Польшчы няма, усё цалкам лягічна. З другога боку, зразумела, што трэба глядзець, наколькі гэта абгрунтавана з пункту гледжаньня ацэнкі рэальных пагрозаў для нацыянальнай бясьпекі тых ці іншых дзяржаваў Балтыйскага рэгіёну і Польшчы».

Як лічыць экспэрт, больш лягічна было б казаць не пра расейскую ваенную пагрозу, а пра існыя рызыкі: «Тады трэба ацэньваць неабходнасьць правядзеньня тых ці іншых мерапрыемстваў па купіраваньні гэтых рызык. У гэтым выпадку вайсковыя акцыі ва ўзмацненьні сыстэмы стрымліваньня Расеі наўрад ці можна лічыць адэкватнай рэакцыяй».

На погляд Дзьмітрыя Данілава, наяўныя рызыкі можна было паспрабаваць нэўтралізаваць за кошт умацаваньня двухбаковага дыялёгу Расея — NATO і забесьпячэньня больш высокага ўзроўню транспарэнтнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG