Месцам экскурсіі стаў прыёмнік-разьмеркавальнік для непаўналетніх УУС Менаблвыканкаму, які месьціцца на завулку Акрэсьціна, паведамляе інфармацыйны партал Валожынскага раёну valozhin.by.
«Падчас экскурсіі школьнікам патлумачылі асновы і парадак утрыманьня ў прыёмніку. Школьнікі змаглі пагутарыць зь дзецьмі, якія на гэты момант знаходзяцца ва ўстанове», — піша раённая газэта.
У 2024 годзе такую ж экскурсію зладзілі для дзевяціклясьнікаў Сольскай сярэдняй школы Смаргонскага раёну.
Сюды трапляюць непаўналетнія, затрыманыя за дробныя правапарушэньні: расьпіцьцё сьпіртных напояў, крадзеж, хуліганства, знаходжаньне на вуліцы пасьля 23:00 без суправаджэньня дарослых. У прыёмніку-разьмеркавальніку яны знаходзяцца ня больш за месяц, тут чакаюць суду і адпраўкі ў спэцыяльныя ПТВ на перавыхаваньне.
- Акрэсьціна — неафіцыйная назва комплексу месцаў зьняволеньня ў Менску, разьмешчанага на 1-м завулку Акрэсьціна.
- Комплекс складаецца з прыёмніка-разьмеркавальніка для непаўналетніх (дом № 38), ізалятара часовага ўтрыманьня (ІЧУ, № 36А) і Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП, № 36) ГУУС Менгарвыканкаму.
- У ізалятар на Акрэсьціна ў тым ліку прывозілі затрыманых удзельнікаў палітычных пратэстаў у Менску.
- З 2020 году Акрэсьціна стала сымбалем катаваньняў мірных грамадзян, нязгодных з фальсыфікацыямі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. У першыя дні пратэстаў сілавікі жорстка затрымлівалі пратэстоўцаў. Акрэсьціна стала адным з галоўных месцаў, куды звозілі затрыманых у Менску.
- Пасьля вызваленьня затрыманыя казалі пра зьдзекі і катаваньні, жорсткае абыходжаньне з затрыманымі ў ЦІП на Акрэсьціна: у камэры, разьлічаныя на чацьвярых, зьмяшчалі па 20-30 чалавек; затрыманым доўгі час не давалі ваду і ежу, іх беспадстаўна і жорстка білі, не аказвалі неабходнай мэдычнай дапамогі, падлогу камэраў залівалі хлёркай і перакрывалі падачу кіслароду ў клеткі і інш.
- Аніводнае крымінальнай справы па факце катаваньняў на Акрэсьціна заведзена не было, нягледзячы на шматлікія сьведчаньні пацярпелых.
- Шэраг краўнікоў і супрацоўнікаў комплексу трапілі пад санкцыі Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Канады, Швайцарыі, Украіны і іншых краін Эўропы.
Форум