Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бульба падаражэла ўтрая, бананы патаньнелі. Як за апошні год зьмяніліся цэны на прадукты


Бульба, ілюстрацыйнае фота
Бульба, ілюстрацыйнае фота

На нарадзе аб цэнах Аляксандар Лукашэнка патрабаваў, каб айчынная гародніна была па кішэні беларусам. Глядзім, што даражэе найбольш і як гэта суадносіцца з ростам прыбыткаў.

28 лютага Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб цэнаўтварэньні. Ён запатрабаваў, каб айчынная гародніна была даступнай для людзей узімку і моцна не даражэла.

Лукашэнка сказаў, што не патрабуе кантраляваць цэны на «прывазную экзотыку».

«Мая справа – забясьпечыць насельніцтва той гароднінай і садавіной, якую мы здольныя і вырабляем у Беларусі. Людзям павінна быць па кішэні самае простае: капуста, цыбуля, бульба, морква, яблыкі», – сказаў ён.

Глядзім, як даражэе айчынная гародніна і садавіна ў параўнаньні з «прывазной экзотыкай».

Аляксандар Лукашэнка зьбірае бульбу на сваім гародзе ў Драздах, жнівень 2015 году
Аляксандар Лукашэнка зьбірае бульбу на сваім гародзе ў Драздах, жнівень 2015 году

Беларускія памідоры +19%, прывазны вінаград – 24%

Летась у лютым, згодна зь Белстатам, кіляграм бульбы каштаваў 90 капеек. Цяпер у краме “Е-дастаўка” знаходзім толькі за 2,89 рубля. Падаражэла ў 3,2 раза за год.

Прывазныя бананы год таму каштавалі 5,84 рубля. Цяпер у “Е-дастаўцы” бананы можна знайсьці нават на 50 капеек таньнейшыя.

Беларускія памідоры ў той жа краме за год падаражэлі на 19%. Каштавалі 10 рублёў 47 капеек, цяпер – 12,99 руб. А турэцкія памідоры каштуюць таньней – 9 рублёў 54 капейкі.

Беларуская цыбуля за год падаражэла на 2,1%, цяпер каштуе 1 рубель 84 капейкі. Беларускага часнаку ў сэрвісе “Е-дастаўка” зусім няма. Ёсьць кітайскі за 16 рублёў 57 капеек за кіляграм. Год таму часнок быў таньнейшы на 1 рубель 80 капеек, ці на 11,8%.

Морква цяпер у сярэднім каштуе 1 рубель 80 капеек, год таму яна была на 40 капеек таньнейшай (гэта 22%).

Беларуская капуста за год патаньнела на 10 капеек (мінус 7%), беларускія яблыкі – таксама на 10 капеек (мінус 3%).

Прывазныя апэльсіны за год патаньнелі на 7,8%. Цяпер гэтую садавіну з Эгіпту можна купіць за 5 рублёў 49 капеек. Прывазны вінаград за год таксама стаў таньнейшым: летась ён каштаваў у сярэднім 13 рублёў 19 капеек, цяпер вінаград з Узбэкістану можна знайсьці за 9 рублёў 99 капеек, што менш на 24%.

Сярэдні заробак за год (студзень мінулага году да студзеня гэтага) вырас на 17,9%. Гэта значыць, заробак расьце хутчэй, чым цэны на цыбулю, капусту, яблыкі ці часнок. Аднак памідоры, морква і асабліва бульба даражэе больш, чым расьце заробак.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Дзяржава шукае, дзе можна затармазіць рост цэнаў»

Улады гавораць пра цэны на айчынную гародніну, каб утрымаць інфляцыю там, дзе гэта магчыма, у межах прагнозных 5%. Пра гэта кажа старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

«Падаражаньне гародніны – абсалютна нармальная зьява, тым больш узімку. Затраты на вытворчасьць растуць, і гародніну ў парніку вырошчваць даражэй, чым на адкрытым паветры. Экзатычная садавіна можа проста цяпер трапляць пад сэзон. У Беларусі сельская гаспадарка – гэта буйныя дзяржаўныя арганізацыі. Прыватныя кампаніі былі б зацікаўленыя ў павышэньні эфэктыўнасьці», – зазначае суразмоўца.

Выключэньне сёлета – гэта бульба, яе падаражаньне стала наступствам рэгуляцыі цэнаў дзяржавай. У гэтым годзе быў ня вельмі добры ўраджай бульбы, а дзяржава стрымлівала на яе цэны, таму гэтую гародніну для вытворцаў стала выгадна прадаваць за мяжу. А калі экспарт забаранілі, стала наагул нявыгадна яе прадаваць па заніжаных цэнах, кажа экспэртка.

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

У дзяржаўных арганізацыях сельскай гаспадаркі нанятыя кіраўнікі могуць быць ня вельмі зацікаўленыя ў эфэктыўнасьці, дадае Лузгіна. Для эканомікі лепш, калі працуе канкурэнцыя ў межах розных формаў уласнасьці.

«У Беларусі засталіся ў прыярытэце буйныя гаспадаркі, на падтрымку якіх трацяць вялікія рэсурсы. Аднак у дзяржавы ўзьнікаюць пытаньні да таго, як працуюць гэтыя гаспадаркі. Зараз урад хвалююць цэны. З аднаго боку – утрымаць інфляцыю, з другога – каб арганізацыі не збанкрутавалі. Дзяржава шукае нейкія нішы, дзе цэны можна прытармазіць», – гаворыць эканамістка.

Анастасія Лузгіна дадае, што калі да арганізацый сельскай гаспадаркі давядуць нейкі адмысловы ўзровень магчымых адпускных цэнаў, то гэта пагоршыць фінансавы стан такіх арганізацый.

У Беларусі доля стратных арганізацый без уліку дзяржпадтрымкі ў сельскай гаспадарцы – 60,3%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG