Міністарка культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Ганна Ўрублеўская заявіла, што месцы пахаваньня расстраляных у Беларусі ў 1940 годзе польскіх ваеннапалонных дагэтуль невядомыя.
«Дагэтуль застаецца невядомым месца пахаваньня прыблізна 3870 ахвяр з так званага беларускага катынскага сьпісу. Мы верым, што надыдзе дзень, калі ўсе ахвяры гэтага злачынства будуць знойдзеныя і годна пахаваныя», — працытавала Ганну Ўрублеўскую агенцтва «Укрінформ».
Дэлегацыя Польшчы на чале зь міністаркай 5 сакавіка ўзяла ўдзел у цырымоніі ўшанаваньня расстраляных польскіх жаўнераў у дзяржаўным гісторыка-мэмарыяльным запаведніку «Быкаўнянскія магілы», што пад Кіевам.
«Толькі ў 2000 годзе парэшткі загінулых упершыню змаглі годна пахаваць на польскіх вайсковых могілках у Катыні, Медным, Харкаве. Чацьвёртыя могілкі ахвяр Катынскага злачынства стварылі ў Быкаўні ў 2012 годзе», — нагадала польская міністарка.
5 сакавіка 1940 году Палітбюро ЦК ВКП(б) ухваліла рашэньне аб расстрэле ваеннапалонных польскіх афіцэраў, якія знаходзіліся ў савецкіх турмах. Вядома, што ў БССР тады расстралялі ня менш за 3870 палякаў.
Польшча неаднаразова зьвярталася да беларускіх уладаў з просьбай знайсьці сьпісы гэтых ахвяр, але пазытыўнага адказу зь беларускага боку не было: і да Лукашэнкі, і пасьля яго прыходу да ўлады ў Менску адкавазалі, што такіх дакумэнтаў у архівах няма.
З 2001 да 2012 году ў Быкаўні пад Кіевам працавала супольная ўкраінска-польская археалягічная экспэдыцыя, якая выявіла пахаваньні ня менш як 5 тысяч расстраляных палякаў. У 2012 годзе ўкраінскі мэмарыял ахвярам сталінізму дапоўнілі польскаю часткаю, якая ператварыла яго ў Міжнародны мэмарыял ахвяраў таталітарызму 1937-1941 гадоў.
Форум