Агульны сход беларускіх алімпійцаў у Пхёнчхане абраў удзельніка дэлегацыі, які панясе дзяржаўны сьцяг на адкрыцьці зімовай Алімпіяды 9 лютага, паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
Ім стала фрыстайлістка і чэмпіёнка Алімпіяды ў Сочы 2014 году 38-гадовая Ала Цупер, якая пераехала ў Беларусь з Украіны ў 2000 годзе.
Па словах кіраўніка місіі беларускай каманды на Алімпіядзе-2018 Аляксандра Баравулі, кандыдатура Цупер самая адпаведная — «сьцяганосцам павінен быць дасьведчаны, знакаміты і пазнавальны атлет».
«10 лютага пачнуцца спаборніцтвы па біятлёне, лыжных гонках, шорт-трэку і канькабежным спорце. Мы зыходзілі з таго, каб не парушаць графік падрыхтоўкі спартоўцаў», — сказаў кіраўнік беларускай місіі ў Пхёнчхане.
Адкрыцьцё зімовых Алімпійскіх гульняў пройдзе ў Пхёнчхане 9 лютага.
На адкрыцьці папярэдняй Зімовай Алімпіяды-2014 у Сочы дзяржаўны сьцяг Беларусі нёс алімпійскі чэмпіён, фрыстайліст Аляксей Грышын, на Алімпіядзе-2010 у Ванкувэры — хакеіст Алег Антоненка.
Далідовіч: «Каб не мінулагодняя сытуацыя, быў бы сьцяганосцам адназначна»
Напрыканцы 2017 году чытачы спартовай газэты «Прессбол» абсалютнай бальшынёй прагаласавалі за тое, каб сьцяганосцам беларускай дэлегацыі на цырымоніі адкрыцьця зімовых Алімпійскіх гульняў-2018 стаў самы дасьведчаны беларускі алімпіец лыжнік Сяргей Далідовіч.
Для 44-гадовага спартоўца гэта будуць сёмыя Алімпійскія гульні — больш на рахунку толькі ў японскага скакуна з трампліну Нарыякі Касаі.
Лыжня Далідовіча. Сёмая Алімпіяда насуперак функцыянэрам ад спорту
Яшчэ летась ягоны ўдзел у Алімпіядзе быў пад пытаньнем, калі Мінспорту пакінула Далідовіча за бортам нацыянальнай каманды ды пазбавіла фінансаваньня. Спартовец сабраў неабходную суму для аўтаномных трэніровак праз краўдфандынг, пасьля чаго чыноўнікі вярнулі яго ў склад нацыянальнай каманды.
«Тут пэўная дылема: спачатку не хацелі браць, у абыход туды трапіў, а цяпер яшчэ і сьцяг дай. Мабыць, такая лёгіка, — казаў у інтэрвію Свабодзе перад ад’ездам у Пхёнчхан Далідовіч. — Каб не мінулагодняя сытуацыя, быў бы сьцяганосцам адназначна. Домрачава ў любым выпадку не панясе — № 1, яе трэба берагчы. Ёсьць вышэйшыя рангам, але самі не беларусы — гледзячы збоку, не зусім правільна ставіць на такую ролю. Хоць ня ведаю, можа, я і ня маю рацыі — усё ж чалавек мяняе грамадзянства, прыносіць узнагароды...»