Аляксандр Лукашэнка чарговым разам абурыўся тым, што беларусы зьяжджаюць за мяжу, працуюць там, плацяць падаткі там, а ў Беларусь прыяжджаюць нібыта дзеля бясплатнай мэдыцыны. Лукашэнка заявіў, што ў сувязі з гэтым будуць уведзены адпаведныя зьмены.
Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях Аліса Рыжычэнка ў інтэрвію Свабодзе падкрэсьліла, што ў Беларусі насамрэч няма бясплатнай мэдыцыны.
— Лукашэнка заўсёды заяўляе, што Беларусь — сацыяльная дзяржава, але ў рэальнасьці менавіта ў Беларусі сацыяльная дзяржава не працуе. Беларусы павінны разумець, што ўся мэдыцына ўтрымліваецца за кошт іхніх грошай, таму што яны плацяць падаткі, якія паступаюць у дзяржаўны бюджэт, і менавіта з гэтых падаткаў аплачваюцца мэдыцынскія паслугі, заробкі лекараў, мэдабсталяваньне, утрыманьне клінік і паліклінік. Калі Лукашэнка заяўляе пра тое, што тыя беларусы, якія не працуюць унутры краіны, будуць плаціць за мэдыцыну, дык яны і так, у прынцыпе, плацяць за мэдыцыну. На сёньняшні дзень, калі ўзяць любы рэгіён Беларусі, любы населены пункт да 100 000 чалавек, там вельмі складана атрымаць нават звычайныя мэдыцынскія паслугі, такія як схадзіць да хірурга або зрабіць плянавую апэрацыю. Гэта проста немагчыма зрабіць, таму што ў рэгіёнах няма спэцыялістаў. І людзі вымушаныя плаціць за мэдыцыну. Нават тыя, хто жыве ў краіне, нават тыя, хто працуе ў краіне. Таму заява Лукашэнкі не мае ніякага эканамічнага абгрунтаваньня.
Колькі людзей прыяжджае з-за мяжы ў Беларусь дзеля таго, каб бясплатна атрымаць мэдыцынскае абслугоўваньне? Так, многія прыяжджаюць, каб атрымаць платнае мэдыцынскае абслугоўваньне, таму што гэта значна таньней, чым у Эўрапейскім Зьвязе. Але ніхто не прыяжджае па бясплатную мэдыцыну. Асабліва калі ён заяўляе пра тое, што, маўляў, хай зубы сабе вырываюць бясплатна. Дык зубы бясплатна можна вырваць у любой эўрапейскай краіне. Гэта нідзе не зьяўляецца платнай паслугай, а ў Беларусі стаматалягічныя паслугі як былі платнымі, так і застаюцца.
Паводле палітоляга Аляксандра Фрыдмана, намер Аляксандра Лукашэнкі пазбавіць тых, хто ня ў Беларусі, канстытуцыйнага права на так званую бясплатную мэдыцыну, адлюстроўвае тыповае, абсалютна савецкае стаўленьне Лукашэнкі да тых людзей, якія якія пакінулі краіну, знаходзяцца знаходзяцца за мяжой.
— Тыя, хто знаходзяцца за мяжой і застаюцца грамадзянамі Беларусі, павінны карыстацца ўсімі тымі правамі, якімі карыстаюцца грамадзяне Беларусі, дзе б яны не жылі. Гэта абсалютна лягічна, як інакш дзяржава можа ставіцца да сваіх грамадзянаў. Ці можна, напрыклад, сябе ўявіць, што прэзыдэнт Турэччыны выступіць з такімі заявамі? Я ўзяў прыклад Турэччыны, бо значная колькасьць грамадзянаў Турэччыны працуе за мяжой, жыве стала за мяжой. І сказаць, што калі яны прыедуць у Турэччыну, мы іх пазбавім пэўных правоў толькі таму, што што яны жывуць за мяжой? Вось гэта савецкае ад Лукашэнкі. Зьехаў, значыцца ня маеш ніякага дачыненьня да краіны.
Дарэчы дзяржаўная прапаганда вельмі прасоўвае гэты наратыў пра тых людзей, якія знаходзяцца за мяжой, што яны больш ніякага дачыненьня да Беларусі ня маюць і адпаведна ня маюць права карыстацца там сацыяльнымі паслугамі і іншымі. І гэта прынцыповая пазыцыя дзяржавы. Я б тут у якасьці прыклада прывёў бы грамадзянаў Беларусі, якія стала жывуць за мяжой, і не атрымліваюць беларускую пэнсію, нягледзячы на тое, што яны ўсё сваё жыцьцё працавалі ў Беларусі. То бок дзяржава не выконвае ў гэтым канкрэтным выпадку свае сацыяльныя абавязкі і кажа: «Ну якая ў вас пэнсія? Вы жывяце за мяжой, ну хай пра вас іншыя краіны і будуць клапаціцца». Лукашэнка робіць такія заявы ў сваім папулісцкім стылі.
Гэта спроба схаваць праблемы ў беларускай мэдыцыне. Заўсёды можна знайсьці такую адгаворку і сказаць, што гэта працуе ня так добра, таму што вось ёсьць там нейкія паразыты, якія з-за мяжы прыяжджаюць і карыстаюцца гэтымі паслугамі. Калі б у Лукашэнкі была канкрэтная інфармацыя пра тое, якая колькасьць людзей, якая сапраўды прыяжджае і карыстаецца «бясплатнымі» мэдычнымі паслугамі. І калі б гэта была б сурʼёзная колькасьць, тады можна было б весьці нейкую дыскусію на гэты конт. Мне падаецца, што сурʼёзнай колькасьці там няма, і мы мелі справу з тыповай і папулісцкай заявай.
Форум