Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары як сродак дасягненьня душэўнага камфорту


Сэнс выбараў, паводле Ярмошынай, — гэта забесьпячэньне псыхалягічнага камфорту выбарчых камісій. Легітымнасьць выбарчага працэсу — на другім пляне.

Пра тое, што ў краіне праходзіць выбарчая кампанія, ведаюць толькі моцна ангажаваныя ў палітыку людзі. Паводле старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, толькі пры абраньні дэпутатаў Менскага гарадзкога і Магілёўскага абласнога саветаў у кожнай выбарчай акрузе будзе альтэрнатыва. У іншых абласьцях пры выбары абласных саветаў шмат безальтэрнатыўных акругаў. У Гарадзенскай вобласьці такіх больш за палову. А ў саветах ніжэйшага роўню, казала Лідзія Ярмошына, у гэтым сэнсе справы яшчэ горшыя.

Усё менш кандыдатаў вылучае апазыцыя. Напрыклад, паводле падлікаў нашага журналіста Ўладзімера Глода, партыя «Справядлівы сьвет» сёлета вылучыла 72 кандыдаты, у той час як на мінулых мясцовых выбарах у 2014 годзе — 119. Адпаведна, АГП — 78 і 110, Партыя БНФ — 15 і 35 чалавек.

Улады так доўга змагаліся з выбарамі, што нарэшце дасягнулі мэты. Мясцовыя выбары не цікавыя ні ўладзе, ні апазыцыі, ні грамадзтву. Але ўлады загадзя падрыхтаваліся да такога фіналу, яшчэ раней унёсшы зьмены ў выбарчае заканадаўства.

Ня ўсе, мусіць, ведаюць, што з 2013 году дзейнічае норма, паводле якой мясцовыя выбары праходзяць па мажарытарнай сыстэме адноснай большасьці. Гэта значыць, толькі ў адзін тур — другі тур не прадугледжаны. Прычым парогу яўкі няма. Колькі б выбарцаў ні прыйшло на выбарчыя ўчасткі — лічыцца, што выбары адбыліся.

Ажыцьцявілася мара палітычнага кіраўніцтва: выбары можна праводзіць і бяз выбаршчыкаў

Цяпер ня трэба нацягваць яўку, гнаць людзей на датэрміновае галасаваньне, хадзіць па кватэрах са скрынямі. Ажыцьцявілася мара палітычнага кіраўніцтва: выбары можна праводзіць і бяз выбаршчыкаў, дакладней — зь іх мінімальнай колькасьцю.

То бок калі з 1000 выбаршчыкаў у акрузе на ўчасткі прыйдзе 10 чалавек, зь іх 3 прагаласуе за кандыдата А, а астатнія кандыдаты атрымаюць па 2 галасы, то пераможцам будзе абвешчаны А. Ад выбарчых камісій ня трэба вялікіх намаганьняў, каб атрымаць патрэбны вынік, іх работа моцна спрашчаецца.

Па звыклым сцэнары прайшло фармаваньне выбарчых камісій. Толькі адзінкі апазыцыянэраў трапілі ў іх. Прычым Лідзія Ярмошына вылучыла наконт гэтага дзіўную аргумэнтацыю. Здавалася б, беларускія выбары ўжо нічым ня могуць зьдзівіць. Аднак не. У інтэрвію часопісу Адміністрацыі прэзыдэнта «Беларуская думка» старшыня Цэнтравыбаркаму патлумачыла згаданую праблему так:

«Што тычыцца неўключэньня ў склады камісій прадстаўнікоў апазыцыі... Пры фармаваньні выбарчых камісій ацэньваецца ў першую чаргу здольнасьць прэтэндэнта працаваць у калектыве. Бо выбарчая камісія — калектыў, дзе выпінаньне сваёй палітычнай пазыцыі шкодзіць агульнай справе. Думаю, менавіта гэтая акалічнасьць улічвалася пры ўключэньні прадстаўнікоў апазыцыйных структур у выбарчыя камісіі».

Як мне падаецца, тут усё пастаўлена з ног на галаву. Дзеля чаго праводзяцца выбары? Ва ўсіх краінах сьвету — дзеля таго, каб забясьпечыць легітымнасьць уладаў. Самі выбаркамы — гэта сродак дасягненьня гэтай мэты. Прысутнасьць апазыцыі ў выбарчых камісіях — дадатковы фактар легітымізацыі.

А ў Беларусі ўсё наадварот. Сэнс выбараў, паводле Ярмошынай, — гэта забесьпячэньне псыхалягічнага камфорту выбарчых камісій. Легітымнасьць выбарчага працэсу — на другім пляне. Сродак ператвараецца ў самамэту. Дзеля таго, каб выбарчым камісіям было камфортна, ахвяруюць легітымнасьцю і саміх выбараў, і створаных у выніку іх органаў улады — мясцовых саветаў.

Калі кіравацца такой лёгікай, то можна ісьці далей. Трэба правесьці выбары дзеля таго, каб забясьпечыць душэўны камфорт самой Лідзіі Міхайлаўны. Што для гэтага трэба рабіць? Каб апазыцыя сядзела ў бульбе і не высоўвалася? Ці каб не крытыкавала старшыню Цэнтравыбаркаму? У любым выпадку гэта новае слова ў беларускіх выбарчых тэхналёгіях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG