Тры апазыцыйныя палітычныя партыі — Абʼяднаная грамадзянская, Партыя БНФ і Сацыял-дэмакратычная (Грамада) — падалі некалькі скаргаў у суды на неўключэньне сваіх вылучэнцаў у склад участковых выбарчых камісій на выбарах у мясцовыя саветы. Суды, якія скончыліся 10 студзеня, пакінулі ўсе звароты партыйцаў без задавальненьня.
Так, спроба «грамадоўцаў» судзіцца з адміністрацыяй Першамайскага раёну Менску скончылася тым, што суд не знайшоў парушэньняў у дзеяньнях адміністрацыі. Намесьнік партыйнага старшыні Аляксей Сігаеў кажа, што ён і не спадзяваўся на станоўчае рашэньне.
«Мы пайшлі на гэта толькі дзеля таго, каб такія факты засталіся ў гісторыі беларускіх выбараў», — кажа спадар Сігаеў.
Партыя БНФ спрабавала дамагчыся справядлівасьці ў судах Бярозы, Слуцку, Менску. Вынік гэткі самы — суды прызналі, што мясцовыя чыноўнікі закону не парушалі.
Старшыня партыі Рыгор Кастусёў таксама кажа, што гэта зроблена, каб «запісаць у гісторыю такія моманты».
З 14 кандыдатаў, прапанаваных намесьнікам старшыні АГП Мікалаем Казловым у акрузе, дзе ён балятуецца, ва ўчастковыя камісіі не ўключылі ніводнага. Але і тут суды не знайшлі парушэньняў у дзеяньнях адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску.
Старшыня партыі Анатоль Лябедзька кажа, што яны ідуць у суд з адной мэтай: паказаць, што «ў Беларусі і праз судовы мэханізм нельга знайсьці ні справядлівасьці, ні закону».
З апазыцыйных партый раней найчасьцей з уладамі судзіліся актывісты «Справядлівага сьвету». Аднак сёлета левыя не падалі ніводнай скаргі. Сакратар ЦК партыі Валер Ухналёў тлумачыць гэта бессэнсоўнасьцю намаганьняў.
«Такога прэцэдэнту, каб скаргу апазыцыі суд задаволіў, не было і пры гэтай уладзе ня будзе. Таму яшчэ на пачатку выбарчай кампаніі мы дамовіліся не марнаваць сілы», — кажа Валер Ухналёў.
Юрыст: бязь зьменаў у Выбарчы кодэкс чакаць няма чаго
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», экспэрт кампаніі «Праваабаронцы — за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч, які шмат гадоў адсочвае выбарчыя кампаніі ў Беларусі, кажа Свабодзе, што ня памятае такога прэцэдэнту, каб суд задаволіў хоць адну скаргу апазыцыі на фармаваньне ўчастковых камісій.
«Улады ўсё прадумалі. Працэдура аспрэчваньня праз суды вынікаў фармаваньня выбарчых камісій бессэнсоўная зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Па сутнасьці, няма прадмету спрэчкі. Бо фармальна ўлады збольшага выконваюць патрабаваньні: кворум ёсьць, дзелавыя і асабістыя якасьці прэтэндэнтаў часам абмяркоўваюцца. Але пасьля чыноўнікі кажуць: у гэтага прэтэндэнта няма досьведу працы ў камісіях, а гэты досьвед — частка ягоных дзелавых якасьцяў, таму яго і не ўключылі. І што тады абскарджваць у судзе?» — кажа Стэфановіч.
Экспэрт лічыць: каб такога не паўтаралася, трэба ўнесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс.
«Трэба прапісаць гарантыі субʼектам, якія ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе, на тое, каб яны абавязкова мелі сваіх прадстаўнікоў у камісіях. Напрыклад, вылучаецца ў акрузе кандыдат ад партыі БНФ. Значыць, ягоныя прадстаўнікі павінны быць у камісіях. І толькі калі застаюцца незапоўненыя квоты, тады ў камісіі ўключаюць прадстаўнікоў грамадзян або працоўных калектываў», — кажа Валянцін Стэфановіч.
Ён заўважае, што бязь зьменаў і на наступных выбарах сытуацыя будзе такая самая.
«Сёлета ад апазыцыйных партый у камісіі ўключылі толькі 11% іх вылучэнцаў. А калі мы глядзім на праўладныя партыі, на пяцёрку грамадзкіх арганізацый, якія традыцыйна ў нас фармуюць выбарчыя камісіі, то там „прахадзімасьць“ 96–98%. З гэтым жа трэба нешта рабіць!» — кажа экспэрт.
На прыкладзе суду ў Бярозе: рашэньне адмоўнае і канчатковае
Пра тое, як суды ставяцца да скаргаў апазыцыянэраў, Свабода расказвае на прыкладзе Бярозы.
На Берасьцейшчыне ў суд зьвярнулася мясцовая жыхарка Тамара Шчапёткіна. Нягледзячы на тое, што яна сабрала неабходную колькасьць подпісаў выбарнікаў, чыноўнікі палічылі, што жанчына ня мае досьведу. Таму ў выбарчую камісію Шчапёткіну не ўключылі.
«Падчас размовы чыноўнікі не забыліся згадаць, што мяне прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за несанкцыянаваную акцыю. Так, такі выпадак сапраўды быў. Але ажно ў 2001 годзе», — удакладняе актывістка.
Шчапёткіна хацела праз суд абскардзіць гэтае рашэньне, але і гэтым разам суд стаў не на яе бок.
«Суд адмовіў у маім хадайніцтве. Я даводзіла, што неўключэньне ў склад камісіі — гэта дыскрымінацыя маіх грамадзянскіх правоў. Але як аб сьценку гарохам. Рашэньне суду канчатковае, абскарджваць яго я права ня маю», — кажа спадарыня Шчапёткіна.
І ўсё ж адзін сьветлы момант у гэтым працэсе быў, дадае праваабаронца: «Падчас паседжаньня судзьдзя і чыноўнікі гаварылі на роднай мове».