Акадэмія навук Беларусі разглядае магчымасьць выкарыстаньня для майнінгу крыптавалют электраэнэргіі, якая будзе выпрацоўвацца на АЭС у Астраўцы.
Пра гэта гаворыцца ў адказе Акадэміі навук менчуку Аляксандру Хролу.
Ідэя Аляксандра палягала ў тым, каб у рэгіёнах ствараць умовы для майнэраў. Сыстэма для майнінгу крыптавалют спажывае шмат электрычнасьці. Калі даць умовы лепшыя, чым у Кітаі і ЗША, у Беларусь майнэры прывязуць тэхналёгію і будуць тут плаціць падаткі, перакананы Аляксандар. Таксама гэта створыць новыя працоўныя месцы, якія неабходныя ў рэгіёнах. Такім чынам павялічыцца сярэдні заробак у рэгіёнах і ў Беларусі ў цэлым. Беларускія спэцыялісты могуць садзейнічаць у абслугоўваньні сыстэм ахалоджваньня для майнэраў, лічыць Аляксандар.
«Я прапаноўваў гэта таму, што яны ня ведалі, дзе выкарыстоўваць электраэнэргію ад АЭС — палякі нібыта пад пытаньнем, Літва і Латвія адмовіліся, у Расеі і Ўкраіне сваіх электрастанцый хапае», — кажа Аляксандар.
У адказе Аб’яднанага інстытуту інфарматыкі НАН Беларусі гаворыцца, што ведамства вывучае пытаньні магчымага выкарыстаньня электраэнэргіі АЭС для майнінгу, бо гэтая тэхналёгія патрабуе значных выдаткаў электрычнасьці і вылічальных магутнасьцяў.
Майнінг — гэта працэс рэгулярнай праверкі блёкаў транзакцый сыстэмы блокчэйну. Той, хто мае найбольш вылічальных магутнасьцяў, можа хутчэй за астатніх спраўдіць шыфр блёку і забраць сваё ўзнагароджаньне крыптавалютай.
Дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» легалізаваў працэс майнінгу, гэтая дзейнасьць ня лічыцца прадпрымальніцкай. Паводле дакумэнту фізычныя асобы маюць права займацца майнінгам, захоўваць токены (манэты), а таксама набываць і прадаваць іх.