Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянская журналістыка: «Тэатральны рэцыдывіст»


Затрыманьне Сяргея Квачонка, Менск, Дзень Волі 2017. Фота: Аляксандар Васюковіч/TUT.BY
Затрыманьне Сяргея Квачонка, Менск, Дзень Волі 2017. Фота: Аляксандар Васюковіч/TUT.BY

Марыя Бяльковіч

• НОВЫ СУПОЛЬНЫ ПРАЕКТ БЕЛАРУСКАГА СВАБОДНАГА ТЭАТРУ І РАДЫЁ СВАБОДА

У суботу ў мяне зьнік сябар. Калега, хлопец, стрыечны брат... Брат. Лепей назавіце яго братам — так вам дакладна дадуць інфармацыю пра чалавека, які пасьля 14:46 перастаў выходзіць на сувязь.

Тэлефанаваньні па ўсіх раённых аддзяленьнях міліцыі (РАУС), у цэнтар ізаляцыі прапаварушальнікаў (ЦІП) на менскім завулку Акрэсьціна і ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ) ў Жодзіне нічога не далі, а вось у Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў дапамаглі. Яны ператэлефанавалі а 6:45 раніцы, каб паведаміць, што сябар на Акрэсьціна, а пасьля ператэлефаноўваюць яшчэ раз а 10:25, каб удакладніць, ці знайшла я яго там. «Напэўна, іх хутка закрыюць», — кажа мая сяброўка пра гэтае бюро. Пры цяперашняй уладзе ў Беларусі прынята скасоўваць усё, што робіць жыцьцё грамадзянаў прасьцейшым.

25 сакавіка ў Менску прайшла мірная акцыя пратэсту супраць цяперашняй эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў краіне, прымеркаваная да Дня Волі, 99-ых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Прайшла нэрвовым шэсьцем сьвядомых грамадзянаў, грамадзянак, і іншых старых і дзяцей, якія ўцякалі ад байцоў спэцпадразьдзяленьняў. Паводле інфармацыі на 28 сакавіка падчас акцыі былі затрыманыя больш за 700 чалавек і больш за 140 чалавек былі асуджаныя на штрафы і кароткатэрміновыя зьняволеньні — да 25 сутак арышту.

Мы на вуліцы, стаім сьпінай да сьцяны дома на галоўным праспэкце беларускай сталіцы. Толькі што зь міліцэйскага гучнагаварыльніка прагучаў заклік разыходзіцца. То бок, сваім стаяньнем мы парушаем закон, а значыць вымушаем рабіць супраць нас сілавыя захады. Разысьціся можна хіба што калі толькі ўзьляцець угару на журналісцкім дроне: па абодва бакі праспэкт перакрыты спэцыяльнымі міліцэйскімі падразьдзяленьнямі АМАПу, узброенага дубінкамі і шчытамі, уздоўж вуліцы стаяць аўтазакі. Таму нам застаецца толькі назіраць, узяўшы адно аднаго за рукі. Пад’яжджае яшчэ некалькі аўтазакаў, рэзка расчыняюцца дзьверы, і на нас бягуць дужыя чорныя людзі пры поўным абмундзіраваньні змагароў са злачынствам. Яны выхопліваюць нас з самкнутага шэрагу, дзе ўсе счапіліся рукамі, заломваюць, і цягнуць да аўтазакаў. Чамусьці б’юць дубінкамі. Акурат перада мной тры сілавікі запіхваюць у дзьверы аўтазака дзядулю, пінаюць яго па сьпіне і галаве. Заўважаю, што голасна на іх за гэта крычу.

Унутры аўтазака чалавек 30 ці 40. Дзяўчына, загорнутая ў бел-чырвона-белы сьцяг, плача; дзядуля кажа, што хворы і просіць яго выпусьціць. АМАПаўцы ўвесь час намагаюцца зьвязацца са старшымі, але рацыі падступна шыпяць. Я намагаюся прычапіць адарваны капюшон актору Беларускага Свабоднага тэатру Сяргею Квачонку. Сьвятлана Сугака, выканаўчы дырэктар тэатру, нейкім цудам яго падняла, пакуль яе саму цягнулі. У гэты час невядомы герой высоўвае ў прачынены люк бел-чырвона-белы сьцяг, і нейкі час мы едзем абсалютна па-сьвяточнаму.

Мы на вуліцы, цяпер стаім тварам да сьцяны. Супрацоўнікі міліцыі ляніва ўсіх перапісваюць і яшчэ больш ляніва абшукваюць. Ідзе мокры сьнег, у сьцяне гарызантальнай палоскай адсутнічае тынк, і студэнтка тэатральнай лябараторыі Fortinbras Даша Андрыянава запіхвае туды ўжо другую жуйку. Робім выгляд, што танцуем сынхронны стэп. Холадна і сумна. Але толькі пры ўмове, што цябе перад гэтым ня зьбілі. «А можна пакурыць?» — запытваюцца аднекуль зьлева. «Забаронена! Да сьцяны павярнуліся!», — кажа наглядчык, які стаіць за 10 мэтраў ад нас, і з асалодай зацягваецца цыгарэтай. Нам пашанцавала, у нашым РАУСе, у адрозьненьне ад іншых, не прымушаюць стаяць «на расьцяжцы» — з выцягнутымі ў бакі рукамі і нагамі і ўпірацца ў сьцяну перад сабой.

Сяргея выклікаюць першым — і я яму зайздрошчу, бо гэта хаця б нейкі рух. Мяне клічуць хвілін праз пятнаццаць. Падымаемся па лесьвіцах, фатаграфаваньне з чатырох бакоў, адкатаць пальцы. А пасьля нечаканае «можаце быць свабодныя». Мінае адносна нядоўгі час — можа быць свабодная Сьвета, пасьля Даша.

Затрыманьне Дашы Андрыянавай. Фота: Аляксандар Васюковіч/TUT.BY
Затрыманьне Дашы Андрыянавай. Фота: Аляксандар Васюковіч/TUT.BY

Інфармацыі пра Сяргея няма. У нашым РАУСе позна ўвечары кажуць, што такога чалавека ў іх ніколі і не было. Тэлефанаваньні ў іншыя аддзяленьні міліцыі нічога не даюць, у ЦІП на Акрэсьціна ўвесь час занята, у ІЧУ Жодзіна сёньня ніхто не паступаў — «тэлефануйце ў Менск».

Па адным зь першых нумароў я, не даўмелася да нічога лепшага, чым ляпнуць, што шукаю свайго хлопца. «Дык, можа, ён проста вас бачыць ня хоча», — адказваюць мне. Сьмешна. Але толькі ў тым выпадку, калі не ўяўляць, як яго зьбіваюць у міліцэйскіх сутарэньнях.

Дапамагаюць у Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў — Сяргей, прадказальна, у ЦІП, у панядзелак будзе суд. У самым ЦІП інфармацыю, прадказальна, не пацьвярджаюць. Перадачу ад несваякоў, прадказальна, не бяруць.

27 сакавіка — панядзелак — суд — прысуд.

«Дык раскажы, што было пасьля таго, як цябе паклікалі афармляцца?»...

Расчыняюцца дзьверы. Голас сакратара перапыняе наш зь Сяргеем дыялёг.

«Прашу ўсіх устаць. Разглядаецца адміністратыўная справа ў дачыненьні Квачонка Сяргея Аляксандравіча за ўчыненьне злачынства, прадугледжанага артыкулам 23.4, а таксама часткай 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь».

Яшчэ ў суботу ў РАУСе на Сяргея, у адрозьненьне ад нас, адразу склалі пратакол і пратрымалі да 23:00. Ня білі. Пасьля аўтазак, перавозка ў ЦІП.

«І як там?»

«Сьцены жоўтыя, вясёлыя. У прыбіральні нават ёсьць дзьверцы!»

«А астатнія? Па тых самых справах?»

«Так, усе па тых самых справах. Было сьмешна. Хлопцы ішла на рэпэтыцыю зь Беларускага тэхнічнага ўнівэрсытэту, іх затрымалі на Хмяльніцкага, пасадзілі ў аўтобус і сказалі, што яны ўдзельнічалі ў акцыі. Адзін са мной сядзеў».

Зноўку голас сакратара.

«Толькі ўставайце, калі адказваеце на пытаньне».

Прыходзіць адвакат, пасьля назіраем зьяўленьне першага «сьведкі» — супрацоўніка міліцыі Жулега Руслана Аляксандравіча. Судзьдзя пачынае вяла дакладваць тэкст афіцыйнага пратаколу.

«25 сакавіка 2017 году а 14:50 (калі мы ўжо былі ў аўтазаку — М.Б.) па адрасе горад Менск, вуліца Багдана Хмяльніцкага, 4 (знаходзіліся мы насамрэч на праспэкце Незалежнасьці, недалёка ад цэнтральнага ўнівэрмага — М.Б.) Квачонак, пасьля затрыманьня за ўчыненьне правапарушэньня, прадугледжанага 1-ай часткай 23.34 КаАП РБ катэгарычна адмовіўся (хоць, яго ніхто не прасіў — М.Б.) прайсьці для разбору ў Савецкае РАУС г. Менску (куды яго прывезьлі на аўтазаку пасьля затрыманьня з ужываньнем гвалту з боку супрацоўнікаў АМАПу — М.Б.), хапаўся за вопратку супрацоўніка Жулега (насамрэч, не хапаўся ні за што — М.Б.), на шматразовыя законныя патрабаваньні (якіх ніхто не агучваў — М.Б.) азначанага супрацоўніка (які ў гэтым часе нёс службу па вуліцы Хмяльніцкага — М.Б.) спыніць незаконныя дзеяньні (трымаць сяброў за руку — М.Б.) Квачонак не рэагаваў, чым выявіў непадпарадкаваньне службовай асобе. 25 сакавіка 2017 году а 14:50 (калі ён ужо быў у аўтазаку — М.Б) па адрасе вул. Хмяльніцкага, 4 (дзе яго не было — М.Б) Квачонак прыняў удзел у несанкцыянаваным Менгарвыканкамам мітынгу, прымеркаваным да Дня Волі, чым (рэалізаваў гарантаванае Канстытуцыяй права на мірныя сходы — М.Б) парушыў артыкул 10 закону Рэспублікі Беларусь пра масавыя мерапрыемствы Рэспублікі Беларусь».

Сьведка Жулега выступіў з паказаньнямі: «Спачатку паўсьміхаўся, пасьля кажа: я нікуды не пайду, буду тут. Адмовіўся прайсьці ў службовы аўтамабіль, пачаў упірацца, ужываць нейкія словы».

Адвакат: «Скажыце, „казаў нейкія словы“ — якія?»

Сьведка: «Ну, я не хачу як бы выражацца такімі словамі».

Адвакат: «Не зусім цэнзурныя?»

Сьведка: «Ну, як бы яны цэнзурныя, але для мяне яны непрымальныя».

«Паўсьміхаўся» — гэта адзінае, што дакладна пра Сярожку. Таму мы таксама ўсьміхаемся разам зь ім, а некаторыя адкрыта хіхікаюць — за што атрымліваюць прадпісаньне пакінуць залу пасяджэньня сьмешнага суду.

Зьяўленьне другога «сьведкі» — супрацоўніка міліцыі Некрашэвіча Мікалая Аляксандравіча.

Сьведка: «Мы падышлі да яго, прадставіліся, прад’явілі пасьведчаньне, ён пачаў упірацца нагамі, прысаджвацца, хапацца за вопратку».

Адвакат: «У чым заключалася яго непадпарадкаваньне?»

Сьведка: «Пачаў упірацца нагамі, прысаджвацца, хапацца за вопратку».

Адвакат: «Як ён хапаўся, калі ўжо прысеў?»

Сьведка: «Ну, рукамі...»

Адвакат: «Рукамі хапаўся?»

Сьведка: «Да гэтага...»

Адвакат: «Спачатку хапаўся, пасьля прысеў хіба? Ці як?»

Сьведка: «Спачатку ён проста пачаў упірацца, пасьля пачаў хапацца за вопратку, пасьля прысеў».

Адвакат: «Вы былі ў форме?»

Сьведка: «У цывільнай форме».

Насамрэч, нікому, канешне, ня сьмешна. Дамінуючае пачуцьце — бясьсільная злосьць.

Але перад пачаткам пасяджэньня мы паказвалі Сяргею фатаздымкі і відэа яго затрыманьня, якія цяпер разышліся па ўсім сьвеце.

Затрыманьне Сьвятланы Сугакі. Фота: Яўген Ерчак для meduza.io
Затрыманьне Сьвятланы Сугакі. Фота: Яўген Ерчак для meduza.io

Судзьдзя: «У вас ёсьць якія-небудзь хадайніцтвы?»

Сяргей: «Так, пра далучэньне да матэрыялаў справы фота- і відэаздымкаў. Я магу прадставіць фота і відэа аб тым, што гэта адбывалася каля гандлёвага цэнтра „Маскоўска-Венскі“. Можна?»

Судзьдзя: «Калі ласка. Гэта можна неяк на носьбіце?»

Суд абвяшчае перапынак на 5 хвілін; мы хутка спампоўваем фатаздымкі і відэа на флэшку.

«Прашу ўсіх устаць. Асоба, у дачыненьні да якой вядзецца працэс, якія-небудзь запісы вы маеце? Непасрэдна з вамі якія-небудзь здымкі былі? Матэрыялы нейкія былі ў вас? Крыніцу можаце назваць? У вас з сабой ёсьць відэаматэрыял?»

Усім вядома, што пры арышце забіраюць асабістыя рэчы, у тым ліку і тэлефон.

«Бок абароны, вы маеце?»

Сярожа робіць апошнюю спробу вярнуць рэчаіснасьць у адэкватнае рэчышча: «Відэаздымкі былі зафіксаваныя карэспандэнтам буйнога інфармацыйнага парталу Tut.by, і там відаць, што мяне затрымліваюць супрацоўнікі АМАПу і саджаюць у аўтазак. І супрацоўнікі АМАПу не ў цывільнай вопратцы».

Судзьдзя: «Паколькі суд ня мае інфармацыі аб відэаздымках з афіцыйных крыніц, дадзенае хадайніцтва належыць адхіліць».

Адвакат: «Я дамагаюся таго, каб суд прыклаў гэта да матэрыялаў справы».

Судзьдзя: «Бок абароны, дадзенае хадайніцтва ўжо адхілена. У нас спрэчкі не прадугледжаны — гэта не крымінальны працэс. Якія-небудзь дапаўненьні маеце? Чакайце прыняцьця рашэньня».

Судзьдзя выходзіць з залы. Лайвстрым, які з самага пачатку таемна вядзе ў фэйсбуку акторка Свабоднага тэатру Юля Шаўчук, выбухае той самай нецэнзурнай лаянкай і «непрымальнымі словамі», зь якімі амапаўцы заганялі нас у аўтазак. Дарэчы, калі ў суботу я папрасіла аднаго зь міліцыянтаў перастаць лаяцца матам, ён спытаўся: «Вы сур’ ёзна?»

Так, я сур’ёзна.

«Прашу ўсіх устаць!

27 сакавіка 2017 году судзьдзя Першамайскага раёну гораду Мінску Чараповіч пасьля разгляду ў адкрытым судзе справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях у дачыненьні Квачонка Сяргея Аляксандравіча прыйшла да высновы аб даказанасьці вінаватасьці ў азначаным правапарушэньні і лічыць неабходным накласьці спагнаньне на Квачонка ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на 10 сутак».

Мы ўстаем, цікавімся, як падаць апэляцыю. Пасьля зьяўленьня таемнага чалавека ў цывільнай вопратцы Сярожу забараняюць узяць з сабой у турму сумку з рэчамі, ежай і кнігамі, якую канвой дазволіў узяць яшчэ гадзіну таму.

У пятніцу мы разам выбіралі ў падарунак Lego, а ў суботу ўвечары зьбіраліся на вечарынку з нагоды дня народзінаў. Вечарынка пераносіцца на 10 сутак, а я яшчэ зь мінулай вінная Сярожку кола кактэйляў...

Напрыканцы судовага паседжаньня Сяргей цытуе спэктакль «Елка ў Івановых» паводле п’есы Аляксандра Ўвядзенскага, напісанай у 1938 годзе: «Суд вёўся для адводу вачэй».

Зь Міжнародным днём тэатру!

Раніцай 28 сакавіка мы з акторам Андрэем Уразавым едзем у ЦІП, каб перадаць прадметы першай неабходнасьці і кнігі, ежу і цёплую вопратку. Па дарозе губляемся і запытваем жанчыну, якая праходзіць міма: «А дзе ў вас тут турма? Турма ў вас тут дзе? А где у вас тут тюрьма?» І рагочам над звыклымі пытаньнямі шараговага беларуса.

Рэчы не прымаюць — «толькі ад блізкіх сваякоў». Блізкія сваякі Сяргея жывуць за тры сотні кілямэтраў. Супрацоўнікі ЦІП сьцьвярджаюць, што неабходнай у гэтым выпадку заяўкі аб перадачы ад іншых людзей ім не паступала. Стаім пад дзьвярыма, я тэлефаную, прашу і спрачаюся.

«Дзевушка, павінна паступіць заяўка. Калі заяўкі няма, значыць яму не патрэбная ваша перадача. У нас добрае харчаваньне і выдатныя умовы ўтрыманьня».

Ага, і сьцены там жоўтыя і вясёлыя.

«Як даведацца, калі заяўка паступіла і была адхілена?»

«Калі тэрмін скончыцца, ён выйдзе і вам распавядзе».

На вуліцы сонца, хаця й вельмі холадна. У Беларусі ўсяго 50 сонечных дзён на год, таму дзень можна лічыць прыемным. Каця Маковіч, жонка асуджанага на 15 сутак культурнага актывіста Паўла Белавуса, спакойна і неяк элегантна разьбіраецца са сваёй перадачай і адначасна дапамагае тым, хто робіць гэта ўпершыню. Тым, хто, магчыма, толькі цяпер пачынае разумець, што гэта звыклы занятак шараговага беларуса.

У суботу я ўдакладніла ў аднаго зь міліцыянтаў, ці пойдуць яны цяпер на 15 сутак у адпачынак — бо ўсіх злачынцаў за адзін раз адлавілі. Ён дзіўна на мяне паглядзеў. Мяркую, яго моцна напужаў «усьмешлівы рэцыдывіст» Сярожа. «Рэцыдывіст» — таму што ўжо быў ізаляваны ад грамадзтва ў 2011 годзе, за ўдзел у «маўклівых акцыях», калі беларусы выходзілі на вуліцы і плошчы Менску, воплескамі пратэстуючы супраць палітыкі ўладаў.

Быць такім «рэцыдывістам» ня страшна; ня страшна быць сястрой ці жонкай «рэцыдывіста»; езьдзіць на суды і да пунктаў перадачы рэчаў затрыманым ў ЦІП. Часам гэта нават даволі сьмешна. Страшна быць судзьдзёй, міліцыянтам альбо байцом АМАПу; міністрам працы і сацыяльнай бясьпекі быць страшна. Ну, а быць прэзыдэнтам-дыктатарам — напэўна, увогуле можна аба*рацца ад страху.

***

«Грамадзянская журналiстыка» — праект Беларускага Свабоднага тэатру і тэатральнай лябараторыі Fortinbras. Ён ствараецца на стыку двух відаў дзейнасьці — тэатру і журналістыкі.

Першы набор для праекту «Грамадзянская журналiстыка» — студэнты тэатральнай лябараторыі Fortinbras і акторы Беларускага Свабоднага тэатру — усяго 10 чалавек. Іх сіламі на першым годзе існаваньня ініцыятывы будзе выпушчана 20 буйнафарматных журналісцкіх матэрыялаў у фармаце друкаваных і відэаматэрыялаў.

Падрыхтаваныя ўдзельнікамі праекту матэрыялы будуць адначасна публікавацца на сайтах Радыё Свабода (па-беларуску) і Міністэрства Контракультуры (па-ангельску і па-расейску).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG