Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нараджу, а потым у мяне дзіця забяруць». Гісторыя сям’і, якая жыве ў «казачным» доме


Дом Мурушкіных
Дом Мурушкіных

Сям’я Мурушкіных з Крычава — адна з тых сотняў тысяч, якую абавязалі сплаціць «падатак на дармаедзтва». Муж і жонка беспрацоўныя. Узяць 360 рублёў падатку, як яны кажуць, няма адкуль. Яшчэ пяць гадоў таму Мурушкіны няблага зараблялі і спадзяваліся ўзьвесьці для сябе дом. Цяпер жа яны ў галечы зь недабудаванай сядзібай і вінаватыя дзяржаве. Абодва паставілі подпісы за адмену дэкрэту.

Дом без курыных ног, але казачна аварыйны

Аксана і Аляксандар Мурушкіны туляцца ў невялікай старой хаціне на вуліцы Луначарскага. За дзьвесьце мэтраў ад раённага дома культуры. Звонку іхны дом нагадвае хлявок альбо вясковую лазьню. Гаспадыня, ведучы да сябе ў госьці журналіста і адолеўшы разам зь ім абледзянелы ўзгорак, выгукнула: «Тут мы і жывём!»

Аляксандар Мурушкін
Аляксандар Мурушкін

Дому Мурушкіных 60 гадоў. Агледзеўшы будыніну, прыгадаў лясное жытло Бабы Ягі на курыных нагах.

«Дом развальваецца на вачах. Усё сыплецца. Падмурак драўляны. Ніжнія вянцы пагнілі. Жывём і думаем, што ён можа ў любы момант спаўзьці ў роў. На іншае жытло ў нас не хапіла грошай, таму набылі гэтае. Жывём у ім пяты год. Ягоная плошча 18 квадратных мэтраў. Жылых — дзевяць», — казаў ужо ў хаце Аляксандар.

«Мы тут крыху яго падрамантавалі, каб хоць часова ў ім пажыць. Прыбудавалі сенцы. Умацавалі падмурак. Думалася, што новы дом паставім», — дапоўніла мужа Аксана.

Аксана Мурушкіна
Аксана Мурушкіна

Аляксандар і Аксана чатыры гады таму ўзяліся сваімі сіламі ўзводзіць новае жытло. Пасьпелі выкласьці сьцены, але на большае не хапіла грошай. Цяпер недабудаваны дом нагадвае Мурушкіным пра іхную мару жыць па-людзку.

«Калі мы зараблялі, то адкладалі грошы на дом, але ягонае будаўніцтва дужа зацягнулася», — скрушна заўважыла Аксана.

Раз будуецеся — ёсьць грошы, дык заплаціце падатак

Мурушкіны працавалі ў будаўнічых арганізацыях. Аляксандар рабіў зваршчыкам. Аксана — маляром-тынкоўшчыцай. Абое казалі, што яшчэ пяць гадоў таму няблага зараблялі. Аднак цяпер яны беспрацоўныя. Аксану запісалі ў «дармаеды» і абавязалі сплаціць падатак. На яе просьбу чыноўнікі зьменшылі суму падатку на 104 рублі. Камісія з службоўцаў, наведаўшы жытло Аксаны і Аляксандра, зьдзівіліся, кажа гаспадыня. Як мы тут усе разьмяшчаемся, запыталіся«, — прыгадала Аксана.

Сямейныя запасы Мурушкіных пад падлогаю
Сямейныя запасы Мурушкіных пад падлогаю

«Але іх больш цікавіла, за што мы жылі ў 2015 годзе. Мне здаецца, што ў чыноўнікаў склалася ўражаньне, што мы алькаголікі. Аднак гэта ня праўда, — пераказала свае ўражаньні ад візыту службоўцаў суразмоўца. — Мы ашчаджалі на ўсім. У нас свой агарод — бульба, морква. У лесе днямі зьбірала ягады і грыбы. Мяса сабе не дазваляем. Пра масла ўжо забыліся. У малацэ абмяжоўваем сябе. Мы дужа сьціпла жывём. Ці мы адны такія?»

«Я дамагалася ад чыноўнікаў, каб яны адказалі на пытаньне, ці адкрыецца якое прадпрыемства ў Крычаве, каб туды ўладкавацца, — працягвала яна. — Яны сьцішыліся і нічога не адказалі на гэта. Але ж не сакрэт, што новага нічога ў Крычаве не зьяўляецца. У райцэнтры толькі адна будаўнічая арганізацыя. І ўсё. Туды ж усіх не ўладкуеш».

Сымбаль дабрабыту Мурушкіных («Мышына засілілася»)
Сымбаль дабрабыту Мурушкіных («Мышына засілілася»)

Паводле яе, раней у хаце жылі яшчэ дзьве ейныя дачкі. Цяпер жа яны перабраліся ў хату бабулі, якая нядаўна памерла. Аксана замужам другі раз і значна старэйшая за свайго чалавека. Жанчына прызналася, што ўмовы жыцьця не дазваляюць ёй зацяжарыць.

«Я разумею, што майму мужа хочацца мець сваіх дзяцей. Маіх жа ён дапамог гадаваць. Але як можна адважыцца на дзіця, калі жывеш гэтак кепска. Нараджу, а потым у мяне забяруць дзіця, бо ўмовы пражываньня для яго небясьпечныя», — ня ўтойваючы свайго жаданьня, казала Аксана.

«Калі прыходзіла камісія, то яна зьвярнула ўвагу на недабудаваны дом і, можа, падумала: раз будуемся, то грошы ў нас ёсьць і на падатак», — кажа суразмоўца. — Аднак яны не запыталі, колькі і як мы будуемся. Паглядзелі і пайшлі...»

Мінулае як мара

Аляксандар ня трапіў у «дармаеды», бо ў ягонай мамы ёсьць дзялянка зямлі і невялікая гаспадарка, запісаная на яго.

У 2015 годзе арганізацыі, дзе працавалі Мурушкіны, сутыкнуліся з праблемамі. Апошні аб’ект, на якім яны былі занятыя, — спартовы комплекс у Крычаве.

Самая дарагая рэч у хаце — тэлевізар. Ён каштуе менш, чым падатак на дармаедзтва
Самая дарагая рэч у хаце — тэлевізар. Ён каштуе менш, чым падатак на дармаедзтва

«Нам казалі, што мусім пачакаць, але сытуацыя не мянялася. Выйшла, што за год мы адпрацавалі толькі месяц. Вы ж, ведаеце, як цяпер з працай. Яе дужа цяжка знайсьці. Жылі з дапамогі бацькоў Аляксандра, з алімэнтаў на дзяцей. Некалі мы працавалі і па дванаццаць гадзінаў, бо ведалі, што заробім. А цяпер плацяць па дзьвесьце рублёў, хіба гэта грошы? Але і такую цяжка знайсьці», — казала Аксана.

Два гады таму ў маці Аксаны здарыўся інсульт. Яе неабходна было даглядаць. Аляксандар кажа, што жонка разрывалася між пошукамі працы і доглядам маці. У дапамозе мелі патрэбу і Аксаніны дзеці.

У 2016-м Аксана і Аляксандар папрацавалі па дамове найму з паўгода. Кажуць, што рамантавалі школы ды дзіцячыя садкі. «На пастаянную працу ня хочуць браць. Толькі па дамове на абмежаваны час», — дадалі суразмоўцы.

У свой час Аксана і Аляксандар пасьпелі папрацаваць у Менску. Са сталіцы вымушаныя былі зьехаць празь сямейныя абставіны. Вярнуцца ў Менск цяпер немагчыма. Вакансіяў няма. Быў час, калі Аляксандар езьдзіў на заробкі ў Расею, бо на радзіме зарабіць не выпадала. «Быў час, зараблялі», — са скрухай прыгадаў гаспадар.

Мара і сучаснасьць Мурушкіных: недабудаваны дом і хаціна, якая можа разваліцца
Мара і сучаснасьць Мурушкіных: недабудаваны дом і хаціна, якая можа разваліцца

«Як працавалі ў Менску, дык зараблялі па паўтары тысячы цяперашнімі грашыма. Няблага зараблялі, калі будавалі ў Касьцюковічах цэмэнтны завод, — з настальгіяй прыгадваў Аляксандар. — Ад 2012 году пачаўся заняпад. Спачатку малп гэта адчувалася, а потым усё больш. І вось да чаго прыйшлі. Але мы не адны ў такой сытуацыі. Паўсюдна так. Куды ня прыйдзеш, усюды кажуць, што працы няма. А ў нас жа яшчэ ёсьць на што хлеба купіць, а ў другіх і гэтага няма. Мы не чакаем падтрымкі з боку дзяржавы. Перажывём складанасьці, але б толькі нам не перашкаджалі».

Тэлевізар таньнейшы, чым падатак на дармаедзтва

Аляксандар і Аксана ня лічаць сябе лайдакамі, але ўзровень свайго дабрабыту вызначаюць як жабрацкі. Абое шукаюць занятак.

«Калі будзем сядзець бяз працы, хто нам што дасьць? Мы б з задаваньнем пайшлі працаваць. Склаўшы рукі сядзець, дык дом заваліцца, а нам той трэба дабудоўваць. У 2013 годзе мы здолелі толькі сьцены скласьці. Толькі на іх і назьбіралі грошы. Мы з радасьцю перайшлі б туды жыць, а не заставаліся ў гэтай хаце», — тлумачыў сытуацыю Аляксандар.

Маленькае жытло сям’і Мурушкіных прыбранае. Падмога вымытая. Печка напаленая. Пад падлогаю бульба і хатнія нарыхтоўкі. У пакоі самая дарагая рэч — тэлевізар. Пад стольлю, як сымбаль стану, у якім апынуліся гаспадары, падвешаная сувэнірная мышына.

«Мы за новы тэлевізар не плацілі столькі, колькі ад нас патрабуюць за падатак. У нас яшчэ бэнзапіла старая ёсьць. Але ўсё гэта заробленае», — адказаў Аляксандар на пытаньне, што ёсьць у ягонай гаспадарцы сувымернага з падаткам.

Паводле суразмоўцаў, багата хто з вуліцы Луначарскага выбраўся, пакідаўшы свае хаты. Многія паехалі ў Расею, бо на радзіме няма з чаго жыць.

«Няхай бы пажылі тыя, хто прымае такія дэкрэты, у скуры простага чалавека, — пасьля паўзы дадала гаспадыня. — Няхай бы штодня пералічвалі капейчыну, вымяркоўваючы, што купіць. Нават у лепшыя свае гады мы не шыкавалі. Адкладалі грошы. Гэтыя ашчаджаньні дапамагаюць нам дагэтуль».

Жыць паводле запавету прэзыдэнта

«Сытуацыя з гэтым падаткам, няхай яго чыноўнікі адкрыта не называюць „на дармаедзтва“, зьневажальная. Мы не дармаеды», — у адзін голас казалі гаспадары.

«Дзе мы возьмем грошы на выплату падатку? Няхай прыйдуць тэлевізар забяруць. Ён у хаце самы дарагі. У нас даходу няма. Жывём з таго, што ёсьць. Тыя ж закаткі, бульба. Маці мужа дапамагае. Чакаем, што пацяплее, і, можа, тады ажыве будаўніцтва, і для нас зьявіцца занятак», — казала гаспадыня.

Вуліца Луначарскага. Зьледзянелы ўзгорак і адсутнасьць асфальту
Вуліца Луначарскага. Зьледзянелы ўзгорак і адсутнасьць асфальту

«Можа, у Расеі ажыве будоўля, дык туды паеду, — дадаў гаспадар. — Я сумняваюся, што тут зварухнецца нешта зь месца. Каб яшчэ горш не было. Так ужо павялося, што ў Крычаўскім раёне штогод закрываецца па адным прадпрыемстве. Закрылі стары цэмэнтавы завод, а што новага стварылі?».

На думку суразмоўцаў, віна за тое, што адбываецца ў краіне, ляжыць «на вышэйшым кіраўніцтве». «Гэта ў тых, хто зьверху, нешта не атрымліваецца, — тлумачаць сваё разуменьне сытуацыі Аксана і Аляксандар. — Прычым тут простыя людзі? Урад нешта не пралічыў. Калі будуць працоўныя месцы, то, зразумела, людзі будуць пры справе і задаволеныя жыцьцём».

«Хіба я б думаў пра Расею, калі тут была праца з годным заробкам? — працягнуў Аляксандар. — Усе б на радзіме сядзелі і падаткі плацілі. Мы ж ня супраць плаціць падаткі, але цяпер у нас няма з чаго яго выплаціць».

Ля Дома культуры асфальт ёсьць
Ля Дома культуры асфальт ёсьць

«Відаць, улада падбівае людзей, каб яны кралі, бо дзе ім грошы ўзяць на гэтыя падаткі? — падсумавала гутарку Аксана. — Нездарма Лукашэнка неяк сказаў: „Дзе хочаце бярыце, хоць украдзіце“. Кіраўнік дзяржавы такім чынам падказвае, як жыць далей...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG