Пасьля ліпеньскай спробы дзяржаўнага перавароту ў Турэччыне было закрыта 186 сродкаў масавай інфармацыі, звольнена каля 2500 супрацоўнікаў СМІ, 133 журналісты арыштаваныя, і іх лёс невядомы. Агляд падзеяў у краіне прыводзіць Meduza.
Зь 15 ліпеня, калі ўлады Турэччыны спынілі спробу дзяржаўнага перавароту і абвінавацілі ў ёй прапаведніка Гюлена, было арыштавана 34 тысячы чалавек, больш як 105 тысяч страцілі працу. Былі закрытыя 186 СМІ, якіх улады абвінавацілі ў падтрымцы Гюлена ці Рабочай партыі Курдыстану. У іх ліку папулярны лібэральны тэлеканал IMC TV, які выступаў з асуджэньнем перавароту і падтрымаў Эрдагана, а таксама дзіцячы тэлеканал ZarokTV, які трансьляваў толькі мультфільмы на курдзкай мове.
Судовыя працэсы над 133 раней арыштаванымі журналістамі яшчэ не пачаліся, інфармацыі пра іх няма. Новая хваля арыштаў прайшла 31 кастрычніка, былі затрыманыя 11 супрацоўнікаў, у тым ліку галоўны рэдактар і некалькі былых журналістаў найстарэйшай турэцкай газэты Cumhuriyet.
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган нядаўна далучыўся да сьпісу «ворагаў прэсы», які складаюць «Журналісты бязь межаў». Там ён у кампаніі з Аляксандрам Лукашэнкам, «Ісламскай дзяржавай», «Талібанам», Уладзімірам Пуціным, Кім Чэн Ынам, Башарам Асадам, Робэртам Мугабвэ ды іншымі. Яго тэхніку ціску на прэсу называюць «агрэсіўнай дыктатурай пад маскай дэмакратыі». У канцы лета Эрдаган пацьвердзіў гатоўнасьць вярнуць сьмяротнае пакараньне.