Да якіх наступстваў прывядзе хваля рэпрэсіяў, якая пачалася ў Турэччыне пасьля правалу перавароту?
Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.
Цыганкоў: Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International асудзіла перасьлед ўладамі магчымых далучаных да спробы дзяржаўнага перавароту 16-га ліпеня ў Турэччыне. Па зьвестках праваабаронцаў, да затрыманых прымяняюцца катаваньні. У справаздачы аб парушэньнях правоў чалавека ў Турцыі арганізацыя паведамляе, што падазраваныя ў спробе вайсковага перавароту церпяць зьбіцьцё, катаваньні і сэксуальны гвалт. Многія з іх зьмешчаныя ў месцы, не прызначаныя для ўтрыманьня зьняволеных. Зьняволеных па некалькі сутак ня кормяць.
За апошнія дні, якія прайшлі пасьля спробы вайсковага перавароту, улады Турэччыны затрымалі ці аддалі пад сьледзтва прынамсі 60 тысяч вайскоўцаў, паліцэйскіх, судзьдзяў, настаўнікаў, дзяржаўных службоўцаў. Самая апошняя інфармацыя — турэцкія ўлады выдалі ордэры на затрыманьне 42 журналістаў.
Я думаю, эўрапейцы (як палітыкі, гэтак і звычайныя грамадзяне) глядзяць зараз на тое, што робіцца ў Турэччыне, і думаюць: і гэтых людзей мы запрашалі ў Эўразьвяз?
Мяркую, пытаньне пра рэальнае ўступленьне Турцыі ў Эўразьвяз пераносіцца на гады і нават дзесяцігодзьдзі.
Чым бы ня скончылася тое, што адбываецца цяпер у Турэччыне — думаю, моцная засечка ў галаве эўрапейцаў ўжо застанецца надоўга. 60 тысяч арыштаваных, разгром кнігарняў, катаваньні, намер вярнуць сьмяротнае пакараньне — усё гэта рэальна ўражвае і надоўга застанецца ў памяці эўрапейскіх палітыкаў.
Мяркую, пытаньне пра рэальнае ўступленьне Турцыі ў Эўразьвяз пераносіцца на гады і нават дзесяцігодзьдзі. На дадзены момант самі туркі ўжо некалькі гадоў не жадаюць уступаць у Эўразьвяз — падтрымка гэтай ідэі зьменшылася з 75% да 20%. І гэта можа мець вялікія геапалітычныя наступствы — бо Турэччына можа вырашыць, што эўрапейскія каштоўнасьці ёй далёкія, і пачаць разварот на Ўсход. Не спрабаваць уступаць у Эўразьвяз, а спрабаваць стаць самастойнай звышдзяржавай свайго рэгіёну.
Дракахруст: Гэтая хваля рэпрэсій нагадала дзьве падзеі эўрапейскай гісторыі — падпал рэйхстагу і так званы «кіраўскі паток» у СССР. Мела ўлада дачыненьне да першаштуршка ці не — зараз высьветліць цяжка, але мэханізм працуе менавіта так, як працаваў тады.
Гледзячы па ўсім, звальненьні выкладчыкаў, судзьдзяў, дзяржслужбоўцаў ідуць проста па загадзя складзеных сьпісах. За пару тыдняў проста фізычна нельга вызначыць віну дзесяткаў тысячаў людзей, на гэта няздольны ніякі сьледчы апарат. Пераварот фактычна цягнуўся пару дзён. Як у ім маглі «засьвяціцца» дзесяткі тысячаў людзей мірных прафэсіяў? Відавочна, што з нагоды перавароту наносіцца ўдар па ўсіх неляяльных, па ўсіх іншадумцах.
Зараз перад Захадам ёсьць дылема. Эўрапейскія лідэры адчуваюць небясьпеку таго, як бы яны ціскам на Турэччыну ня «ўціснулі» яе на шлях ісламізму, на шлях Ірану.
Думаю, Віталь, што вашыя прагнозы безумоўна справядлівыя, нічога Турэччыне наконт уступленьня ў Эўразьвяз ня сьвеціць. Але так выглядае, што і раней не сьвяціла. Фактычна Турэччына ўжо даўно сутыкнулася з культурным бар’ерам. Так, нешта яна не выконвала, нешта выконвала, але ўва ўсіх было такое адчуваньне, што яе туды не бяруць, таму што яна гіганцкая мусульманская краіна.
Калі Баўгарыю і Румынію прымалі ў ЭЗ — ня ўсё і ў іх было ідэальна. Але прынялі. А Турэччына вельмі шмат гадоў вяла гэтыя перамовы, і на пэўным этапе яна зразумела, што яе ня прымуць ніколі.
Зараз перад Захадам ёсьць дылема. Так, тое, што адбываецца зараз у Турэччыне, абуральна. Так, трэба нешта рабіць, рэагаваць, нельга заплюшчваць вочы. Але ўсе эўрапейскія лідэры адчуваюць небясьпеку таго, як бы яны ціскам на Турэччыну ня «ўціснулі» яе на шлях ісламізму, на шлях Ірану.
Акрамя таго, ня будзем забываць, што Турэччына — гэта ня нейкая выспа, якая ні на што не ўплывае. Там сыходзяцца вельмі шмат разных лініяў. Пакуль трывае пагадненьне пра мігрантаў, Турэччына збольшага яго выконвае і перакрывае гэтую плынь. А калі надта моцна на яе ціснуць, дык яна можа адкрыць мяжу і паток мігрантаў захлыне Эўропу. Гэта вельмі цяжкая маральная дылема.
Карбалевіч: Тыя працэсы, якія адбываюцца ў Турэччыне пасьля краху мяцяжу вайскоўцаў, будуць мець доўгатэрміновыя наступствы для гэтай краіны. Лідэр краіны Эрдаган цяпер выкарыстоўвае путч дзеля таго, каб расправіцца з усімі ня толькі рэальнымі праціўнікамі, але і проста неляяльным дзяржслужбоўцамі, умацаваць аўтарытарны рэжым асабістай улады. Ён палічыў, што больш спрыяльнага моманту ўжо ня будзе, і сьпяшаецца адным махам вырашыць шмат праблемаў. Таму плянуецца ўвесьці сьмяротнае пакараньне.
Для ЗША Турэччына важная як вайсковая база, там базуюцца амэрыканскія самалёты, якія бамбуюць «ісламскую дзяржаву». ЭЗ зацікаўлены, каб Турэччына была бар’ерам на шляху уцекачоў з Блізкага Ўсходу.
Ствараецца атмасфэра, у якой усе, хто крытыкуе Эрдагана, аб’яўляюцца зьвязанымі з мяцежнікамі. Адбываюцца масавыя арышты і чысткі, звальненьні людзей, якія не маглі мець дачыненьня да вайсковага мяцяжу. Напрыклад, звальняюць судзьдзяў, выкладчыкаў, настаўнікаў. Яны пры чым? Выдадзеныя ордэры на арышт 42 журналістаў.
Зразумела, гэта выклікае лёгкую крытыку з боку краін Захаду. Крытыка лёгкая, бо і ЗША, і ЭЗ моцна залежаць ад Турэччыны ў важных пытаньнях. Для Злучаных Штатаў Турэччына важная як вайсковая база, там базуюцца амэрыканскія самалёты, якія бамбуюць «ісламскую дзяржаву». ЭЗ зацікаўлены, каб Турэччына была бар’ерам на шляху уцекачоў з Блізкага Ўсходу. Бо калі Эрдаган адчыніць межы, то каля двух мільёнаў мігрантаў у кароткі тэрмін могуць зьявіцца ў Эўропе.