Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Валадарка»: сьмяротнікі ды каты, 19-21ст.


110 гадоў таму, 11 сакавіка (26 лютага паводле старога стылю) 1906 году быў павешаны беларускі анархіст, выканаўца тэрарыстычнага замаху на тагачаснага менскага губэрнатара — Іван Пуліхаў. Праз 106 гадоў прыкладна ў гэты ж сакавіцкі час былі расстраляныя два фігуранты па справе тэракту ў менскім мэтро — Зьміцер Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў. Кожнаму зь іх было па 26. Наша сёньняшняя перадача — пра заслону таямніцы, якая чым далей, тым болей прыкрывае працэдуру выкананьня сьмяротных выракаў у гістарычным цэнтры Менску.

«Паводле архіўных зьвестак, пасада турэмнага ката была прапісаная ў менскім астрогу яшчэ пры самім яго будаўніцтве — у 1825 годзе, — кажа былы палітвязень, у мінулым сам сядзелец цяперашняй «Валадаркі» Зьміцер Дрозд. Як гісторык ён вывучае ўсё, што можа быць зьвязана з гэтай турмой.

Сяргей Дрозд
Сяргей Дрозд

Дрозд: «На жаль, захавалася вельмі мала імёнаў прафэсійных катаў «Валадаркі». Адзін з гэтых нямногіх — Тодар Рымбоўскі, паляк паводле нацыянальнасьці, удзельнік вядомага паўстаньня 1830–1831 гадоў. За гэта ён і трапіў у менскі астрог. Пару разоў уцякаў. Паміж уцёкамі выконваў свае «службовыя абавязкі як у Менску, у тагачаснай „Пішчалаўцы“, так і ў турме ў Барысаве, ды яшчэ, мяркуючы па ўсім, у некаторых іншых малых беларускіх астрогах. Калі ўзяць тагачаснае грамадзянскае заканадаўства Расейскай імпэрыі, то сьмяротныя прысуды ў выглядзе звыклых для сучаснага чалавека павешаньня ды расстрэлу паводле яго не прызначаліся. Але маглі прысудзіць 20, 30 і болей удараў бізуном. Залежна ад "майстэрства" ката гэта фактычна магло азначаць сьмерць».

Захаваліся сьведчаньні, што кат зь першага разу прасякаў скуру і потым пасьля кожнага ўдару змазваў левай рукой зь бізуна поўную жменю крыві. Працэдура выконвалася павольна. Ахвяры каналі не адразу, а дзесьці на другія-трэція суткі ў жудасных пакутах. У «Пішчалаўцы», дзе сядзела нямала вайсковых злачынцаў, напрыклад беглых рэкрутаў, прысуды выносіліся і часовымі ваеннымі судамі. Асуджанага маглі прапусьціць праз строй, дзе яго білі палкамі. Атрымаўшы 100 і болей удараў, таксама можна было памерці. Усе гэтыя выракі выконваліся, як правіла, у турэмным дворыку. Імпэрскія каты ня мелі нейкай асобнай вопраткі — кожны апранаўся як хацеў.

Паказальная сьмерць тэрарыста і дэфіцыт катаў у 1906

Пасьля рэвалюцыі 1905 году ў менскім астрогу сядзела шмат небясьпечных палітычных злачынцаў, у тым ліку «бамбістаў». Часовыя вайсковыя суды калі прысуджалі да сьмерці, то пераважна праз павешаньне. Шыбеніцу ўмацоўвалі на браме Пішчалаўкі.

Ад 1905 па 1910 год у Менску было пакарана сьмерцю 15 чалавек, у Вільні — 40.

Дрозд: «Адно з найбольш вядомых турэмных пакараньняў таго часу ў Пішчалаўцы, апісанае ў шматлікіх мэмуарах — гэта сьмяротнае пакараньне менскага эсэра-тэрарыста Івана Пуліхава. Разам з эсэркай жа Аляксандрай Ізмайловіч яго схапілі і кінулі ў турэмны замак 14 студзеня, калі ён зрабіў няўдалы замах на жыцьцё губэрнатара Курлова. Замах адбыўся ў Менску ля Петрапаўлаўскага сабору падчас генэральскага пахаваньня, на якое зьехалася шмат гарадзкога начальства.

Іван Пуліхаў
Іван Пуліхаў

Згодна з архіўнымі зьвесткамі, замах на губэрнатара быў арганізаваны маскоўскай „ахранкай“ і ад пачатку да канца праходзіў пад кантролем тагачасных расейскіх спэцслужбаў. Безумоўна, задуму можна было спыніць нашмат раней. Аднак, хутчэй за ўсё, быў патрэбны паказальны тэракт, паказальны працэс, паказальная сьмерць, каб зьбіць хвалю тэрору».

Менш як празь месяц — хоць звычайна ад арышту да прысуду праходзіў даўжэйшы час, — Пуліхава ды Ізмайловіч асудзілі на шыбеніцу.Пры паўторным разглядзе справы ў сувязі з касацыяй бацькі Ізмайловіч (генэрала) і бацькі Пуліхава (стацкага саветніка) аб памілаваньні — пакараньне сьмерцю замянілі на бестэрміновую катаргу толькі дзяўчыне.

Як вынікае з матэрыялаў прэсы, а таксама ўспамінаў тагачасных палітычных сядзельцаў Пішчалаўкі, турэмнае начальства хацела павесіць Пуліхава ціха і непрыкметна, каб пазьбегнуць вялікай хвалі пратэсту сярод арыштантаў ды гараджанаў.

З карэспандэнцыі выдаўца пецярбурскай газэты «Русь» Аляксандра Суворына (прыватныя архівы)

«У ноч на 26 лютага да Пуліхава ў адзіночную камэру прыйшоў памочнік начальніка турмы Дабрынеўскі і заявіў, што яму дазволена спатканьне з Аляксандрай Ізмайловіч, якога Іван дамагаўся. Начальства пайшло на такі падман, асьцерагаючыся ўмяшаньня палітычных. Была інфармацыя, што тыя паспрабуюць гэтаму ўсяляк перашкаджаць. Тым часам вестка, што Пуліхава вядуць па калідоры, разьнеслася імгненна: палітычныя пачалі падбягаць да вокнаў і дзьвярэй, каб разьвітацца са сваім паплечнікам. «Ня думаю, каб гэта было зараз, — спакойна адказаў ім Пуліхаў, — я іду на спатканьне з Ізмайловіч».

Просьба аб сустрэчы з Аляксандрай Ізмайловіч была адзіная, зь якой ён перад сьмерцю зьвяртаўся да кіраўніцтва турмы, прычым ня раз. Сустрэчу з бацькам (маці Пуліхаў страціў малым) ды са сваімі зводнымі братамі і сястрой не лічыў такой ужо важнай ды неабходнай. Пуліхаву было важна, каб Аляксандра бачыла, што ён ані не баіцца сьмерці.

Тагачасны палітвязень «Пішчалаўкі», тэарэтык індывідуальнага тэрору, эсэр-максымаліст Рыгор Нястроеў пісаў пазьней, што адразу засумняваўся ў тым, што яго сябра вядуць на спатканьне з паплечніцай, а таму, калі верыць яго мэмуарам, разбудзіў усю турму. Як меркаваў Нястроеў, Пуліхаў даведаўся, куды яго вядуць, толькі ля турэмнай брамы. Там ён убачыў чалавека ў масцы — ката ды прымітыўную шыбеніцу побач з брамай, якая хутчэй нагадвала вяшак для адзеньня. На тоўстай драўлянай бэльцы вісела вяроўка, а ўнізе стаў зэдлік.

Павешаньне ў тую ноч бачылі і некаторыя дзеці — менскія гімназісты.

З мэмуараў савецкага авіятара Аляксея Туманскага, чые дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Менску:

Аляксей Туманскі
Аляксей Туманскі

«Я жыў тады ў Менску ля Брэсцкага вакзалу і хадзіў у гімназію па Захар’еўскай вуліцы, зь якой добра відаць была гарадзкая турма, дзе сядзеў Пуліхаў. Аднойчы позна ўвечары 25 лютага да мяне зайшлі два мае найбліжэйшыя і неразлучныя сябры па гімназіі: Грыша Камінскі і Валодзя Грыгор’еў. Пад вялікім сакрэтам яны паведамілі, што ўначы Пуліхава будуць вешаць на турэмным двары, і што яны з Грышам ведаюць месца, адкуль гэта можна ўбачыць і пойдуць туды. Спачатку я хацеў ісьці зь імі, але, памеркаваўшы вырашыў, што магу не вытрымаць і падвесьці таварышаў.

Назаўтра раніцай на вялікім перапынку таварышы распавялі, як усё было. Яны бачылі, як Пуліхава падвялі да шыбеніцы. Рукі яго былі зьвязаныя. Нейкі чыноўнік чытаў паперу, потым падышоў сьвятар і даў пацалаваць крыж. Пуліхаў адвярнуўся. Тады яму хутка накінулі на галаву чорны мяшок, паставілі на лаву пад шыбеніцай, надзелі пятлю на шыю і выбілі з-пад ног апору. Ён павіс на вяроўцы, у яго пачалі сутаргава рухацца ногі, выгінацца ўсё цела. Сябры больш ня вытрымалі і ціхенька спусьціліся з даху суседняга з турмой дома». Як пісала газэта «Русь», павешаньне доўжылася хвілін 10.

Прыкладна палову гэтага часу, хвілін 5, сьмяротнік мучыўся ў агоніі. Пасьля таго як доктар канстатаваў сьмерць, цела паклалі ў простую драўляную труну і адвезьлі на могілкі. Афіцыйныя асобы, сьведкі павешаньня, разышліся, са зьдзіўленьнем узгадваючы стойкасьць, якую прадэманстраваў Пуліхаў.

Выданьне таксама паведамляла, што раніцай на турэмных вокнах Пішчалаўкі былі вывешаныя чорныя сьцягі. Сьмерць рэвалюцыянэра выклікала спачуваньне і сярод жыхароў Менску.

З газэтных рэпартажаў таго часу можна зразумець, што каты на пачатку 20 стагодзьдзя былі ў вялікім дэфіцыце. У публікацыях сустракаецца імя ката, якога выкарыстоўвалі, каб вешаць палітычных. Кубанскі казак Філіп’еў, які некалі сам быў асуджаны на сьмерць, але выменяў сабе жыцьцё на згоду зрабіцца катам. Рэпартэры пісалі, што Філіп’еў нярэдка зьяўляўся на месца кары п’яным, а таму яго ахвяры каналі доўга і цяжка, у жудасных канвульсіях.

Жудасныя дзьверы «Валадаркі»

Сёньня ад менскіх экскурсаводаў пачуеш нямала баек пра тое, як з таго часу прывід Івана Пуліхава па начах блукае па «Валадарцы». Былы вязень менскага СІЗА Зьміцер Дрозд адзначае, што сам ён гэтага прывіда ніколі ня бачыў, дый нейкіх гісторыяў на гэтую тэму ад сукамэрнікаў ня чуў. Затое чуў пра рэчы нашмат страшнейшыя. Пра дзьверы ў падвале, за якімі сьмяротныя прысуды выконваюцца і цяпер, у 21 стагодзьдзі.

Дрозд: «Цягам шасьці месяцаў мы хадзілі праз падвалы на шпацыр у турэмны дворык. Сёньня сам Пішчалаўскі замак як турма фактычна не функцыянуе. Асноўная нагрузка кладзецца на пабудаваныя пры Саветах новыя карпусы, дзе сядзеў я і сядзяць іншыя ЗК. У прынцыпе, у дворык можна было і па вуліцы прайсьці, але прынята ўсё ж спускацца і ісьці на прагулку праз сутарэньне. Памяшканьне пастаянна затапляецца, і туды кладуць насьцілы. У самы першы дзень, калі мяне павялі на шпацыр, сукамэрнікі паказалі мне ў сутарэньнях на адны зачыненыя дзьверы. Яны сказалі, што гэта памяшканьне, дзе расстрэльваюць людзей. Я ня ведаю, наколькі гэта праўда. Але, бадай, усе вязьні ў гэта вераць. Там сьцены 70-сантымэтровай таўшчыні, і калі расстрэльваць, ніхто нічога не пачуе. І гэтая рэальная рэч узьдзейнічала нашмат больш, чым розныя самыя страшныя турэмныя легенды. Кожны раз на тварах тых, хто разам са мной ішоў на шпацыр праз сутарэньні, я бачыў жах».

Як перакананы Зьміцер Дрозд, турмы, дзе ёсьць камэры сьмяротнікаў і, што вельмі верагодна, расстрэльныя камэры, у цэнтры гораду быць не павінна.

Сёньня Менск — адзіны горад у Эўропе, дзе выконваюцца расстрэлы. Алег Алкаеў, колішні начальнік менскага СІЗА-1, што на вуліцы Валадарскага — адзіны з сучасных турэмных катаў краіны. У 1996–2001, калі ён кіраваў расстрэльнай камандай, было выканана 134 сьмяротныя прысуды. Пра тое, што «Валадарка», адзіная турма ў краіне, дзе ёсьць камэры сьмяротнікаў, — гэта таксама і месца расстрэлаў, Алкаеў у сваіх размовах з журналістамі ніколі не гаварыў, спасылаючыся на дадзенае ім некалі слова прысягі. Аднак у апошніх інтэрвію ён пакрысе дае зразумець, што калі раней, да яго, сьмяротнікаў расстрэльвалі фактычна ля месца іх пахаваньня, то цяпер, хутчэй, побач зь месцам іх апошняга ўтрыманьня.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Алкаеў: Першыя ў маёй практыцы расстрэлы на пасадзе начальніка каманды выкананьня сьмяротных прысудаў адбываліся, скажам так, па месцы пахаваньня, непадалёк ад вырытых магілаў. Але я гэта адмяніў, і сталі прыводзіць выракі ў выкананьне ў памяшканьні, спэцыяльна абсталяваным. Гэта ўскладняла працу групы. Раней усё было нашмат прасьцей. Ня пэцкаліся ў крыві. Падышлі да магілы — і ўсё... Калегі мае былі незадаволеныя, вядома. Аднак ім давялося выконваць загад. Я лічыў, што, наколькі змог, гуманізаваў той працэс. Бо сьмяротніка вязуць на машыне, па лясных дарогах, і ён добра разумее, што гэта не да пракурора і не на сьледчыя дзеяньні. Гэта ўсё дадатковыя пакуты, якія законам не прадугледжаныя. У памяшканьні працэс быў больш хуткі. Пасьля абвяшчэньня загаду аб адмове ў памілаваньні асуджанага праз хвіліну расстрэльвалі. Ён жа, ідучы на абвяшчэньне загаду, лічыў, што яшчэ пажыве прынамсі некалькі гадзін. У канкрэтным выпадку кожная гадзіна — гэта шмат. Што да родных — дык яны нічога ня ведалі. Для іх была толькі адна фраза — убыў паводле прысуду. Дзе яго расстралялі і калі — ім не паведамлялася«.

Маці аднаго зь фігурантаў па справе тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году Любоў Кавалёва не выключае, што яе сына маглі расстраляць ледзь не адразу пасьля іх апошняга спатканьня. Гэта было 11 сакавіка 2012. Хто ведае, можа, ужо тады Ўладзіслава Кавалёва адразу адвезьлі зь СІЗА КДБ «Амэрыканка» на «Валадарку». Хоць афіцыйна СМІ паведамілі аб адмове прэзыдэнта ў памілаваньні толькі 14 сакавіка. 15 сакавіка, паводле атрыманага сям’ёй па пошце пасьведчаньня аб сьмерці, Уладзіслава Кавалёва расстралялі.

Любоў Кавалёва пра апошняе спатканьне з сынам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00

Любоў Кавалёва лічыць, што гэта быў паказальны вырак і што яе сына выкарысталі ў нейкіх палітычных мэтах.

Алег Алкаеў ніяк не камэнтуе меркаваньні жанчыны. Ён толькі кажа, што ў Лукашэнкі былі падставы для памілаваньня ў гэтым канкрэтным выпадку, бо на руках Кавалёва не было крыві. Кавалёў толькі ведаў пра злачынства, але не ўчыняў яго. Юрыдычна шанец на памілаваньне быў. Калі б не... Аднак пра гэта ён гаварыў маці непасрэдна да расстрэлу.

Што адчуваюць сьмяротнікі «Валадаркі» ў чаканьні свайго часу Ч — сказаць цяжка. Падчас апошняга спатканьня з блізкімі, калі ніхто ня ведае, што гэтае спатканьне апошняе, найчасьцей гаворацца агульныя словы, каб нікога не траўмаваць. Інтэрвію журналістаў, дзе б гучалі нейкія шчырыя прызнаньні гэтых людзей, на памяць не прыходзяць.

Паводле спадара Алкаева, словы раскаяньня ад асуджаных на сьмерць яму даводзілася чуць надзвычай рэдка. Калі казаць пра назіраньні, то, больш за ўсё ў свае апошнія месяцы жыцьця «яны баяцца менавіта дзьвярэй, бо адтуль прыходзіць іх сьмерць», — кажа былы начальнік менскай турмы № 1.

Праваабаронца цэнтру «Вясна», каардынатар кампаніяў супраць сьмяротных выракаў у Беларусі Андрэй Палуда прыводзіць у гэтай сувязі такі выпадак, пра які ён пачуў ад сваяка аднаго зь цяперашніх сьмяротнікаў. Гэты сваяк прыехаў нечакана для асуджанага. Спатканьні дазволеныя раз на месяц, але пра канкрэтны дзень вязень тым разам ня ведаў. Сустрэча працягвалася недзе з гадзіну, і першыя хвілін 20 зьняволенага моцна трэсла. Ён ня мог размаўляць, бо яго павялі на спатканьне, але не патлумачылі, што да яго прыехалі сваякі. Хлопец думаў, што павялі на расстрэл.

«У сьмяротнага пакараньня ёсьць цывілізаваная альтэрнатыва»

Андрэй Палуда
Андрэй Палуда

Андрэй Палуда кажа, што праваабаронцы «Вясны» правялі своеасаблівы маніторынг, прысьвечаны пытаньням сакрэтнасьці вакол выкананьня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Палуда: «У нас выйшла сэрыя матэрыялаў пра таямніцы „Валадаркі“. На сёньняшні дзень мы выйгралі ў камітэце ААН па правах чалавека шэсьць спраў, паводле якіх прызнанае парушэньне чалавека на жыцьцё, і камітэт ААН канкрэтна кажа, што Беларусь парушае права грамадзянаў, тых жа сваякоў расстраляных, што тыя знаходзяцца ў няведаньні, дзе іх блізкія пахаваныя, што яны ня могуць прыйсьці да іх на магілу, што цела не выдаецца, што час і месца таксама не паведамляецца. Па справе таго ж Кавалёва ці Андрэя Жука мы патрабавалі, каб родным вярталі іх асабістыя рэчы. Ну і што вы думаеце? Што зрабіла дзяржава? Яны даслалі маці двух іншых расстраляных робы, на якіх напісана ИМН — „исключительная мера наказания“. Гэта ўвогуле казённая вопратка. А яны ўзялі і даслалі. А што было з тымі жанчынамі потым — ніхто не падумаў».

Паводле праваабаронцы, «сытуацыя вельмі дзіўная, бо гэтая роба зь літарамі ИМН, у якую павінны былі апранацца арыштанты для ўдзелу ў тым ліку і ў адкрытых судовых працэсах, то бок яшчэ да ўступленьня ў моц выраку, была адным з тых момантаў, на які „Вясна“ ўказвала ў сваім звароце ў Камітэт ААН па правах чалавека, і потым гэта нарэшце зьмянілася...»

«Зразумела, мы ўсе добра ўсьведамляем, што зьдзейсьнілі тыя людзі, якіх даводзіцца абараняць, — працягвае Андрэй Палуда. — Гэтыя людзі ня белыя і не пухнатыя. Абараняць такіх людзей вельмі і вельмі няпроста. У нашым грамадзтве пытаньне сьмяротнага пакараньня знаходзіцца ў эмацыйнай плоскасьці. Калі ўзгадаць тую ж рэзанансную справу па выбуху ў менскім мэтро, то тагачасныя апытаньні сьведчылі пра вельмі моцныя настроі грамадзянаў супраць расстрэлу, бо сама тая справа выклікала шмат пытаньняў. Аднак калі гаворка ідзе пра сытуацыю, дзе злачынца забіў некалькі чалавек, прычым жорстка, то тут бачна зусім іншае стаўленьне з боку грамадзянаў. Людзі хутчэй за сьмяротнае пакараньне. Але ж і прадстаўнікі „Вясны“ не за тое, каб гэтых людзей узяць ды выпусьціць з турмы. Мы кажам, што гэтыя людзі павінны быць пакараныя. Цывілізавана. У нас ёсьць альтэрнатыва сьмяротнаму выраку ў выглядзе таго ж пажыцьцёвага зьняволеньня або ў выглядзе вельмі працяглых тэрмінаў».

Паводле Андрэя Палуды, сама працэдура сьмяротнага пакараньня не мяняецца дзесяцігодзьдзямі. З савецкага мінулага захавалася тое, што чалавека дастаўляюць на месца, чытаюць яму прысуд і расстрэльваюць. У параўнаньні з ЗША ды Японіяй, дзе таксама караюць сьмерцю, у Беларусі самы кароткі час паміж абвяшчэньнем прысуду і яго выкананьнем. У сярэднім — год, у выпадку з Кавалёвым-Канавалавым — і таго меней. У той час як у ЗША чаканьне складае ў сярэднім 11 гадоў, а ў Японіі — каля шасьці. Заканадаўцы гэтых дзьвюх краінаў тлумачаць падобную працягласьць імавернасьцю судовай памылкі і правам грамадзянаў на больш грунтоўнае дасьледаваньне справы з выкарыстаньнем паўторнай экспэртызы.

Каб пазьбегнуць гэтых памылак, дзяржаве трэба адмовіцца ад сьмяротных выракаў, — перакананы Андрэй Палуда. Калі ўладам складана гэта адмяніць, то першым вельмі сур’ёзным ды моцным крокам мог бы быць мараторый на пакараньне сьмерцю.

Іншыя перадачы Свабоды ў турмах:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG