Працяг аналізу хісткіх момантаў сьледзтва
Ад аўтара
Дадзеных пра тое, што Кавалёў усё ж прайшоў праверку на дэтэктары хлусьні, я на працэсе не пачуў. Можна пагадзіцца, што гэтыя дадзеныя не асабліва былі б і патрэбныя, бо паводле закону вынік такога «экзамэну» ўсё роўна ня будзе доказам. Хаця, калі б дэтэктар хлусьні паказаў, што Кавалёў хлусіў, распавядаючы пра тэрарызм Канавалава і свой удзел у гэтай справе, такія вынікі праверкі сьледзтву дакладна былі б не патрэбныя. Але істотна тое, што сьледчыя адмыслова пакінулі заяву Кавалёва ў справе. Магчыма, каб яшчэ раз прадэманстраваць, што той сьвядома і добраахвотна даваў паказаньні аб сваёй ролі ў злачынствах, якія інкрымінавалі Канавалаву. Магчыма, таму, што прадбачылі ці мелі падставы прадбачыць, што на судзе Кавалёў ад сваіх паказаньняў адмовіцца.
Факт, аднак, атрымаўся хісткі. Проста таму, што гэта па-чалавечы дзіўна — самому прасіць праверыць сваё прызнаньне ў злачынстве, якое цягне на сьмяротную кару! Гэта ж не на ордэн працаваць, а зусім наадварот. Тым больш падазрэньняў спараджае тая акалічнасьць, што прызнаньні зробленыя не каму-небудзь, а «дзядзям» з КДБ і заява напісаная на імя старшыні КДБ Вадзіма Зайцава.
Момант, які насьцярожвае, — гэта згадваньне ў прызнаньнях агульнай знаёмай абодвух абвінавачаных Натальлі Каралёвай, прычым ня проста згадваньне, а інфармацыя, што яна таксама нібыта ведала, хто зрабіў тэракты 2005 і 2008 гадоў
Наступны момант, які насьцярожвае, — гэта згадваньне ў прызнаньнях агульнай знаёмай абодвух абвінавачаных Натальлі Каралёвай, прычым ня проста згадваньне, а інфармацыя, што яна таксама нібыта ведала, хто зрабіў тэракты 2005 і 2008 гадоў. Пасьля такога сьведчаньня зьяўляліся ўсе падставы таксама і дзяўчыну падазраваць у неданясеньні — а гэта крымінальны артыкул, а значыць, і рычаг узьдзеяньня на гэтую сьведку. Вось жа, давайце падымем яе паказаньні ў судзе. Што істотнага распавяла Натальля Каралёва?
Нагадаю, бо ўжо на іх спыняўся. Па-першае, Натальля Каралёва засьведчыла суду, што ведала абодвух хлопцаў, Канавалава і Кавалёва. Але Канавалава болей, а Кавалёва меней. Гэта заўвага вельмі істотная, бо калі б сьведка зусім не ўзгадала Кавалёва, ягоныя паказаньні пра яе павісьлі б у паветры. Але, безумоўна, галоўны аб’ект паказаньняў Каралёвай — Канавалаў. Апусьцім згадкі пра суіцыдныя настроі Канавалава — пра гэта мы ўжо казалі. Асноўнае: звычайны хлопец, калі-нікалі бачыліся. Дома ў яго не была. Недзе восеньню 2008 году падчас чарговай сустрэчы паведаміў, што баіцца здаваць адбіткі пальцаў, бо датычны да нейкага выбуху. Заўважма — ня проста да нейкага злачынства, а менавіта да выбуху. Пасьля выбухаў 2005 году ў Віцебску віцяблянку Натальлю Каралёву такая заява, па вялікім рахунку, павінна была б насьцярожыць. Але наша сьведка — нічога. Сказала суду, што «не паверыла», дый кропка.
Зразумела, такія няпэўныя паказаньні сьведкі Каралёвай у судзе не задаволілі прадстаўніка абвінавачаньня. Пракурор палічыў іх супярэчлівымі і настаяў на зачытваньні пратаколу допыту Натальлі Каралёвай ад 10 траўня. Аказалася, што тады сьведка больш пэўна выказвалася пра выбухі ў Віцебску ў 2005 годзе і ў 2008-м у Менску. Тады яна казала, што зразумела словы Канавалава менавіта ў сэнсе ягонай датычнасьці да гэтых выбухаў. Яе перапыталі: як жа было насамрэч? «Цяпер я ня памятаю, казаў ён менавіта пра Віцебск і Менск ці не казаў. Магчыма, гэта ў мяне на допыце ўдакладнялі і я гэтак палічыла. А сама я не казала, якія менавіта выбухі. Калі перачытвала пратаколы, заўсёды зьвяртала на гэта ўвагу», — зноў, як мяркую, ухілілася ад пэўнага адказу сьведка.
Атрымліваецца, у адным з двух выпадкаў сьведка магла казаць няпраўду ці не дагаворваць усёй праўды. Мяркую, больш шчырая яна была на судзе — найперш таму, што казала гэта ўжо ў якасьці сьведкі, а не падазронай у неданясеньні. Сьледзтву яе паказаньні пра нібыта прызнаньне Канавалава ў тых тэрактах былі вельмі неабходныя — раней пра іх сьведчыў толькі Кавалёў, і толькі яна магла іх падмацаваць. У выніку патрэбныя паказаньні былі атрыманыя. Праўдзівыя ці не — для мяне пытаньне застаецца адкрытым.
Меркаваньне
«Вялікае сяброўства паміж імі — міт»
Беларускі журналіст, карэспандэнт «Газэты Выборчай» (Польша) Андрэй Пачобут улетку 2011 году трапіў у гарадзенскую турму, быў асуджаны за паклёп на прэзыдэнта на ўмоўны тэрмін. Шмат пісаў пра справу аб тэракце, працаваў на працэсе, сустракаўся зь сябрамі абвінавачанага Ўладзіслава Кавалёва. У канцы сакавіка аўтар папрасіў Андрэя Пачобута падзяліцца ўражаньнямі з працэсу, а таксама пракамэнтаваць зьвесткі пра асобу Ўладзіслава Кавалёва, у тым ліку тую характарыстыку, якую дала абвінавачанаму псыхоляг Ларыса Мун.Андрэй Пачобут: Мяне вельмі ўразіла тая вялікая колькасьць сяброў Кавалёва, якія прыехалі на абвяшчэньне прысуду. Яны ўсе сядзелі разам, непадалёк ад маці, і калі ўвялі Канавалава і Кавалёва, яны дружна ўсталі, каб Кавалёў іх пабачыў. І было бачна, што яго вельмі ўсьцешыла такая колькасьць ягоных сяброў, якія прыехалі зь Віцебску, каб яго падтрымаць.
Наконт прысуду. Для мяне відавочна, што тое, дзе ўзьнікалі сумненьні ў вінаватасьці, двузначнасьці ў ацэнках суд павярнуў на карысьць абвінавачаньня. Між тым у нармальным судзе было б наадварот, сумненьні павінны трактавацца на карысьць абвінавачаных. Гэта я магу сказаць адказна, бо ўвесь час, як вызваліўся, сачыў за сьледзтвам, потым за працэсам, паколькі было зразумела, што гэта вельмі рэзанансная справа і пра яе прыйдзецца пісаць.
А пасьля прысуду мне давялося езьдзіць у Віцебск, сустракацца са знаёмымі Кавалёва, я быў там, дзе ён жыў. Карацей, нейкае сваё ўласнае ўражаньне па гэтай справе я маю. І яно розьніцца ад таго, што нам абвясьцілі, што ўжо выканалі. Асабліва розьніцца ў ацэнцы ролі Кавалёва. Нават калі ўзяць за праўду тое, што агучыў судзьдзя Федарцоў — хоць мне не падаецца гэта праўдай, але нават калі гэта ўзяць, — то чалавек, які ня ўдзельнічаў асабіста ў тэракце, які асабіста нікога не забіў і роля якога не галоўная, а другасная, тое, што ён гэтаксама пакараны, як і той, хто непасрэдна зрабіў бомбу, усталяваў яе і зрабіў выбух, — гэта ўжо само па сабе ня ёсьць справядліва.
Чаму гэтак адбылося? Я згодны з тым, што кажа маці Кавалёва і што кажа журналіст Сяргей Сацук. Што гэта вынік зьмены ім паказаньняў. Такое часта бывае. Гэта практыка нашай судова-сьледчай сыстэмы — помсьціць за зьмену паказаньняў у судзе. Яму адпомсьцілі і за тое, што распавёў, як чуў крыкі Канавалава, калі яго зьбівалі. Толькі пасьля гэтага, лічу, у судзе зьявіліся тлумачэньні, што іх пабілі, калі затрымлівалі, хоць раней нічога не паведамлялася пра тое, што яны нібыта аказвалі супраціў пры затрыманьні.
Аўтар: Удакладню, што Кавалёў пра зьбіцьцё няшмат паведаміў, толькі тое, што чуў крыкі Канавалава. А вось той сам распавёў: і што яму рабілі «ластаўку», і што білі па галаве. Іншая рэч, што Кавалёў даваў-даваў прызнальныя паказаньні, а потым, яшчэ на сьледзтве, відаць, завагаўся. Нездарма ж зьявілася гэтая гісторыя, што ён напісаў заяву, каб яго праверылі на дэтэктары хлусьні...
Пачобут: Дарэчы, а чым гэтая гісторыя скончылася? Яго сапраўды праверылі?
Перад судом зьявіліся зьвесткі пра ягоныя лісты да маці, што вось я буду змагацца, што адвакат кажа, быццам ёсьць шанец. А пасьля гэтага, як мне расказвала маці, яго наведаў супрацоўнік КДБ і сказаў, што калі ён зьменіць паказаньні, будзе сьмяротная караАндрэй Пачобут.
Аўтар: У матэрыялах справы пра такое я ня чуў.
Пачобут: Дарэчы, я і раней ведаў пра такі прыём, калі прымушаюць напісаць заяву аб праверцы на дэтэктары хлусьні, каб потым не адмаўляўся. Мяркую, для КДБ не было таямніцай, што Кавалёў зьбіраецца адмовіцца ў судзе ад паказаньняў. Памятаеце, перад судом зьявіліся зьвесткі пра ягоныя лісты да маці, што вось я буду змагацца, што адвакат кажа, быццам ёсьць шанец. А пасьля гэтага, як мне расказвала маці, яго наведаў супрацоўнік КДБ і сказаў, што калі ён зьменіць паказаньні, будзе сьмяротная кара.
Аўтар: Вы згадвалі, як пасьля суду сустракаліся зь сябрамі, знаёмымі Кавалёва. Якое пасьля гэтых сустрэч у вас склалася ўяўленьне пра гэтага чалавека?
Пачобут: Асноўнае, што гэта проста нармальны, звычайны хлопец. Якіх вельмі шмат, якія нарадзіліся і жылі ў звычайным працоўным квартале. Яшчэ што асабліва ўразіла пасьля размоў зь людзьмі — гэта тое, як сьледзтва ад пачатку будавала чорны партрэт Кавалёва. Уявіце, усіх ягоных знаёмых трэсьлі спэцслужбы, некаторых дапытвалі на дэтэктары хлусьні, усім задавалі пытаньні, у якіх ужо быў адказ. Чаму ён такі дрэнны чалавек? — прыкладна гэтак. Ну, можа, не зусім гэтак, але: чаму ён сябе гэтак няправільна паводзіў?
І ўсё роўна нават такім шляхам на Кавалёва няшмат удалося здабыць нэгатыву. Значна больш знайшлі на Канавалава. Але скажу, што па Канавалаву працавалі яшчэ больш жорстка. Ягоных сяброў нават арыштоўвалі, саджалі на суткі. Дзесяць дзён арышту — і пасьля гэтага чалавек сапраўды пачынае даваць паказаньні пра рэчы, пра якія раней ніхто ня чуў. Менавіта такі нэгатыў на Кавалёва пасьля цалкам зьявіўся ў інтэрвію, якое ананімны супрацоўнік спэцслужбаў даў Інтэрфаксу. А тое, што пра яго казалі нешта станоўчае, яны нават не запісвалі. Гэта паводле словаў хлопцаў, якіх дапытвалі і пракуратура, і КДБ.
Аўтар: Пра якія добрыя і дрэнныя якасьці Кавалёва вы пачулі з расповедаў ягоных сяброў?
Пачобут: Ведаеце, негатыўнага нічога ў такой сытуацыі людзі ня кажуць. Бо калі столькі нэгатыўнага на чалавека вылілі, столькі бруду, то людзі імкнуцца казаць найперш станоўчыя рэчы. Як мне падаецца, самае галоўнае — гэта тое, што ён быў для іх такім добрым сябрам, які заўсёды быў гатовы дапамагчы, калі нехта трапляў нават у непрыемную сытуацыю. Таму і тое, што ён пайшоў на тую сустрэчу з Канавалавым, гэта вынікала зь ягонага стаўленьня да сяброў, з гатоўнасьці дапамагчы. Так сталася, што вось такая добрая рыса характару згуляла зь ім адмоўную ролю. Маю на ўвазе сытуацыю, калі ён па званку сябра пайшоў яго сустрэць, каб дапамагчы, застаўся зь ім — і вось што атрымалася.
Аўтар: Ці бачылі вы, таксама ў Інтэрфаксе, размову з псыхолягам Ларысай Мун, якая як адмысловец характарызуе Кавалёва? Яна мяркуе, што ён быў схільны падпарадкоўвацца, быў залежны псыхалягічна ад свайго сябра Канавалава, а той быў у іхнім дуэце лідэрам. Вы згодны?
Пачобут: Не, ня думаю. Ведаеце, лідэрскія якасьці Канавалава мы маглі пабачыць на працэсе, але я мяркую, што гэтага мы ня ўбачылі. Канавалава ўсе характарызуюць як такога... лайдака, аматара дзявочай кампаніі, аматара выпіць. Дарэчы, які ніякай палітыкай ці іншымі сур’ёзнымі рэчамі не цікавіўся. Акрамя таго, яго характарызуюць як чалавека, які зь дзіцячага ўзросту меў схільнасьць да ўзрыўпакетаў. Мяркую, і ў нашым дзяцінстве быў пэрыяд, калі спачатку нейкія ракеткі рабілі, потым пэтарды зьявіліся. І вось гэта і пра яго, сапраўды. Са школы ўсе памятаюць, што калі нешта выбухнула, дык да гэтага Канавалаў датычны. Але разам з тым у тое, што ён мог нешта сур’ёзнае зрабіць, вялікае — у гэта ніхто ня верыў.
Што да характару Кавалёва, то можна адзначыць, што ў Кавалёва ўсё ж была нейкая мэта. У яго была мэта зарабляць добрыя грошы, хацеў быць самастойным чалавекам. Ён дзеля гэтага зьехаў зь Віцебску ў Менск, уладкаваўся на працу. І ўсе ведалі пра гэтыя мэты, пра абсалютна чалавечыя пляны, якія зусім не адпавядаюць таму, што адбылося.
Аўтар: А не падалося, што Кавалёў фактычна ўцёк зь Віцебску ў Менск ад свайго небясьпечнага сябра — Канавалава?
Пачобут: На самой справе іх вялікае сяброўства — гэта міт. Яны не былі настолькі блізкімі сябрамі. Яны ведалі адзін аднаго як людзі, якія жывуць побач. Канавалаў як аматар вясёлага баўленьня часу, кшталту — алькаголь і дзяўчаты, ён часам імкнуўся Кавалёва запрасіць. Сапраўды, часам яны разам весяліліся, але гэта не было нейкае вялікае сяброўства. У кампанію, у якой быў Кавалёў, Канавалаў не ўваходзіў. Ён быў абсалютна збоку. У яго былі свае сябры, сваё кола.
Аўтар: Памятаю згадкі, што маці Кавалёва прызнавала наяўнасьць у сына праблемы з ужываньнем алькаголю, у прыватнасьці пад уплывам Канавалава, што яна змагалася з гэтым. Гэта так?
Пачобут: Гэта, мяркую, зьвязана з тым, што Канавалаў любіў весела бавіць час, любіў выпіць.
Аўтар: А Канавалаў не любіў?
Пачобут: Мяркую, ня тое важна, любіў ці не любіў, а проста калі зьяўляўся Канавалаў, гэта здаралася часьцей, чым з кім іншым. Сябры Кавалёва пра гэта казалі. І яны таксама былі зьдзіўленыя тым, што нібыта такое моцнае сяброўства было паміж Канавалавым і Кавалёвым. Гэта міт. Так, часам яны перасякаліся, але ня больш за тое, як людзі, якія жывуць фактычна ў адным двары і бачацца больш-менш рэгулярна.
Дарэчы, той здымак, які зьявіўся на сайце «Хартыі» з маім артыкулам, калі стала вядома пра выкананьне прысуду, — гэта адзіны здымак, дзе Канавалаў і Кавалёў побач. Не падчас суду, а ў жыцьці. Гэта, мяркую, таксама сьведчыць пра тое, што вялікага сяброўства паміж імі не было. Бо ёсьць шмат здымкаў, на якіх Кавалёў зь сябрамі, здымкі паўтараюцца шмат разоў у розныя моманты, а разам яны толькі на адным здымку. Гэта здымак зь сямейнага альбому Кавалёвых. І сябры таксама казалі, што гэты здымак — адзіны.
26.03.2012 г. Праз тэлефон з Гародні.
Працяг — будзе.
Папярэднія разьдзелы кнігі
Частка 2
Экспэрымэнт, якога не было
Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?
Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»
Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»
Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва
Працяг дзіўнага экспэрымэнту
Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?
Ахоўнікі
Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?
Усё ж: «пілі» ці «білі»?
Лішнія пальцы і сім-картка
Дзіўная спрэчка ў Навінках
Частка 1
Уступ
Вэрсіі добрая і дрэнная
Прызнаньне — каралева доказаў
Як нараджаюцца новыя вэрсіі
Відэа: чалавек з торбай
Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры
Сьляды на адзеньні
Чорная торба з надпісам «Vest»
Забойчы доказ
Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?
Бомбы
Што было ў падвале Канавалава?
Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»
Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты
Навошта?
«Яму заўсёды падабаліся выбухі»
Ці здаровы Канавалаў псыхічна?
Схільны да самагубства?
Судзьдзі і сакратаркі
Як Канавалаў сабраў бомбу
Ханжанкоў: Беларускі сындром
Пульт і паражальныя элемэнты
Пракуроры
Роля Ўладзіслава Кавалёва
З допыту Кавалёва ад 29 красавіка
Лёс рэчавых доказаў
Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер
Пацярпелыя і публіка