Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XXVІІІ Пацярпелыя і публіка


Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

З назіраньняў за судовым працэсам


Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Безумоўна, самай шматлюднай групай на працэсе была публіка. На пачатку і на заканчэньні працэсу ў залі зьбіралася чалавек дзьвесьце, у іншыя дні — палова ад гэтай колькасьці, а то і меней. Слова «публіка» — умоўнае. Справа ў тым, што на пачатку большасьць у залі складалі пацярпелыя, а іх фармальна публікай не назавеш. Публіка — гэта назіральнікі бяз права голасу ў судзе, якія могуць толькі слухаць і запісваць. Пацярпелыя ж маюць асобны статус, які дазваляе ім на роўных зь іншымі бакамі ўдзельнічаць у працэсе: даваць паказаньні, самім апытваць сьведак, заяўляць хадайніцтвы, выказваць меркаваньні наконт хадайніцтваў іншых бакоў, удзельнічаць у судовых спрэчках.

Але пацярпелыя сядзяць у залі разам з публікай, і вонкава аддзяліць адных ад другіх немагчыма, калі гаворка не пра першы дзень суду — тады на паседжаньне зьявіліся нават людзі на мыліцах, з кійкамі — як Інэса Крутая, Аляксандар Аляксандрыя ды іншыя параненыя ў тэракце. Відовішча было балючае. Не магу забыць, як у перапынку было няёмка задаваць такім людзям пытаньні, турбаваць іх просьбамі пра камэнтар. Гэтак няёмка рабіць журналісцкую працу мне ніколі не было, хіба што толькі пасьля трагедыі на Нямізе ў 1999 годзе.

На адкрыцьцё працэсу зьявіўся 121 пацярпелы. Гэта з тых 401, за кім сьледзтва прызнала такі статус. Суд нават адмыслова вырашаў, ці пачынаць слуханьні пры адсутнасьці большасьці пацярпелых, і пастанавіў — пачынаць. Калі апытвалі пацярпелых, асабліва калі выступалі сваякі загінулых, у залі стаяла цішыня. Усе ўспаміны вартыя цытаваньня.

Мне ж запомніўся расказ мужчыны, якога на папярэдняй станцыі літаральна ўціснулі ў вагон два пасажыры, муж і жонка.«Там было цесна, мяне прыціснулі, — згадваў пацярпелы апошнія сэкунды перад выбухам. — Еду незадаволены, а на станцыі дзьверы адчыняюцца, і... выбух! Гэтых двух пасекла ашчэпкамі... Адразу загінулі. Аказалася, закрылі мяне сабой. Вось як бывае», — голас пацярпелага задрыжаў і змоўк. З майго месца твар быў не відаць, але пачулася, што мужчына плача. Па вялікім рахунку, ён сказаў гэта пра ўсіх 15 загінулых.

Калі пацярпелыя давалі паказаньні, зьдзівіла, што толькі лічаныя зь іх выказвалі варожасьць да абвінавачаных, а шмат хто нават сумняваўся ў іх віне. Адна жанчына сказала, што ў абвінавачаных добрыя твары і яна ня верыць, што перад ёй забойцы. Яна быццам павінілася: «Гэта наша агульная віна — усяго грамадзтва, што такое здарылася». Былі і пацярпелыя, якія клялі абвінавачаных і заклікалі суд да вышэйшай меры пакараньня. Адзін мужчына запатрабаваў ад суду для Канавалава сьмяротнага пакараньня, а для Кавалёва — пажыцьцёвага зьняволеньня. Гэта было яшчэ да абвяшчэньня прысуду. Заўважу, што паводле закону пацярпелыя маюць права патрабаваць таго ці іншага выраку.

Удзельнікі працэсу
Удзельнікі працэсу


Сярод публікі было шмат, так бы мовіць, «чыстых назіральнікаў». Трагедыя ў мэтро гэтак узрушыла людзей, а веры да афіцыйнай вэрсіі, відаць, настолькі бракавала, што яны гатовыя былі ахвяраваць вольным часам на працягу двух месяцаў, каб разабрацца ва ўсім самім. Жанчына сталага веку, малады чалавек, мужчына сярэдніх гадоў, выкладчыца ВНУ, пэнсіянэр. Даводзілася браць камэнтары ў людзей рознага веку і рознага сацыяльнага статусу, і магу засьведчыць: у большасьці да канца працэсу не было гатовага рашэньня. Як журналіст мушу папрасіць ва ўсіх прабачэньня за тое, што, беручы інтэрвію на відэа, правакаваў на выказваньне асабістай думкі праз палеміку. Рабіў гэта наўмысна, бо жанр відэа-камэнтару абмежаваны па часе і патрабуе дынамічнасьці.

Беларусы — народ небагаты, да таго ж сьціплы. Сярэдні чалавек апранаецца танна, прычым саромеецца гэтай таннасьці, бо, прыкладам, называць кошт ботаў у 50 тысяч чалавеку было яўна няёмка

Гора аб’ядноўвае людзей. На гэтым працэсе ўбачылася: яно да таго ж дэманструе як адметнасьці, гэтак і падабенства прадстаўнікоў аднаго народу. Што беларусы адзін народ, таксама выявілася. У працэсе ёсьць такая стадыя — допыт пацярпелых. У канцы допыту кожнага з тых, хто пацярпеў, суд прасіў ацаніць матэрыяльныя і маральныя страты. Зь першым ішло больш-менш гладка. Відаць, яшчэ на сьледзтве людзей папярэдзілі, што ў судзе ім давядзецца ацаніць згубленыя і пашкоджаныя рэчы, бо гэта рабілася без асаблівых развагаў. Пры гэтым выявілася, што беларусы — народ небагаты, да таго ж сьціплы. Сярэдні чалавек апранаецца танна, прычым саромеецца гэтай таннасьці, бо, прыкладам, называць кошт ботаў у 50 тысяч чалавеку было яўна няёмка.

Зноў пераканаўся, што людзі нашы збольшага ўсё ж ня схільныя, скарыстаўшы момант, здабываць любымі сродкамі выгаду. Гэтак, з усіх пацярпелых жанчын, якія выступілі ў судзе, можа, адна-дзьве яўна перабольшылі кошт пашкоджанай вопраткі (хоць дапускаю, што нейкая кабета сапраўды зайшла ў мэтро пасьля моднага буціка). Але асноўнай частцы пацярпелых абмяркоўваць пытаньні матэрыяльных стратаў усё ж было неяк нязручна. «Ну што там куртка, што боты, калі вунь людзі загінулі?», — прыкладна такое гучала з вуснаў, можа, кожнага другога. У мяне гэтая рыса беларусаў выклікала гонар.

Цалкам можна было ганарыцца і бацькам аднаго пацярпелага, які за страчанае вока сына выставіў кампэнсацыю ў 500 тысяч эўра. Хлопцу патрэбныя дарагія апэрацыі, і такая сума пазову выглядала цалкам апраўдана. Але сьледам у апытаньні судзьдзі выявілася яшчэ адна ўласьцівая нашым людзям рыса, якой ганарыцца неяк не выпадае. Гэта нейкая заніжаная патрабавальнасьць да тых, хто цябе пакрыўдзіў, растаптаў чалавечую годнасьць. Славутая беларуская «талерантнасьць».

Патлумачу. Пасьля пытаньня пра ацэнку матэрыяльных стратаў судзьдзя прасіў пацярпелых ацаніць свае маральныя пакуты. І вось гэтае пытаньне ставіла большасьць проста ў тупік. «Якія яшчэ маральныя пакуты, калі са мной ужо ўсё добра?!» — гэтак, калі перакласьці інтанацыю ў словы, чулася ў адказах кожнага другога пацярпелага. (Дарэчы, сьледчыя маглі б да падобных пытаньняў пацярпелых падрыхтаваць, але нешта такой падрыхтоўкі не адчувалася). Памятаю, як маладзіца, якая на час выбуху была цяжарнай, у сваім выступе так ані слова і не сказала пра тое, што ад тэракту магло загінуць дзіця, якое яна насіла пад сэрцам! Ня тое што пагрозу ў далярах не ацаніла, гэта ладна, але ўвогуле не абурылася, што ў яе маглі адабраць самае дарагое!

Ды ўжо ж, беларусы — не амэрыканцы! Тыя б тут столькі нагаварылі пра каштоўнасьць жыцьця! Толькі за маральную шкоду выставілі б мільённыя пазовы! А з нашым людам рабі што хочаш, усё сьцярпім!
.

Паколькі допыт пацярпелых доўжыўся больш за дзень і пэрыядычна аднаўляўся, журналісты гэтую тэму, як кажуць «пераварылі» і пачалі жыва абмяркоўваць паміж сабой. «Ды ўжо ж, беларусы — не амэрыканцы! Тыя б тут столькі нагаварылі пра каштоўнасьць жыцьця! Толькі за маральную шкоду выставілі б мільённыя пазовы! А з нашым людам рабі што хочаш, усё сьцярпім!» — з гэтай думкай цалкам пагаджаліся як журналісты незалежных, гэтак і дзяржаўных мэдыяў. Той, хто яе выказаў, як у ваду глядзеў.

Ужо на наступны дзень нарэшце знайшоўся пацярпелы беларус, які выразна выказаўся менавіта пра каштоўнасьць жыцьця і асудзіў бесчалавечнасьць тых, хто на гэтую каштоўнасьць замахнуўся. Узяўшы гэтага чалавека на заметку, у перапынку я зьвярнуўся да яго па камэнтар. Але калі даведаўся, адкуль ён, стала крыўдна за нас, беларусаў. Не, ён таксама быў беларусам, але беларусам з амэрыканскім пашпартам. Гэты чалавек, вядомы спартовец, з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя жыве ў ЗША, а ў Менск увесну 2011 году прыяжджаў наведаць сваякоў — і вось трапіў у мэтро 11 красавіка.

Падумалася: хто б вывез усе 9,5 мільёна беларусаў у тую Амэрыку на «гуманітарную стажыроўку» хоць бы на год! Можа, вярнуліся б іншымі людзьмі, з новымі маральнымі крытэрамі што да сябе і да людзей вакол, з сапраўдным гонарам, з сапраўднай патрабавальнасьцю да ўсяго нялюдзкага, зь іншымі падыходамі да жыцьця ў 21 стагодзьдзі. Бо, як на мяне, глыбінная прычына тэракту ў мэтро якраз у тым, што гэтых агульначалавечых крытэраў мы дагэтуль ніяк ня знойдзем.

Спрабуючы пашырыць кола камэнтатараў, нечакана для сябе наткнуўся на групу назіральнікаў, аб’яднаную, як мне падалося, ня толькі цікавасьцю да працэсу. Тут былі як пацярпелыя, гэтак і звычайныя наведнікі суду. Усе вельмі крытычна ставіліся да вэрсіі сьледзтва.

У гэтай групе было некалькі лідэраў, і сярод іх вылучаўся пацярпелы Самвэл Саакян. Ужо на першым паседжаньні ён запомніўся журналістам тым, што запатрабаваў дадатковага часу на азнаямленьне з матэрыяламі справы. Абурацца было чаго — на вывучэньне больш як 550 тамоў далі ўсяго некалькі дзён. Пацярпелы прасіў адкласьці працэс. Між тым судовая машына якраз пачала набіраць ход, і дзе ёй было спыніцца? Хадайніцтва Саакяна суд не задаволіў. Потым журналісты адзначылі, што гэты пацярпелы задае пісьменныя ў юрыдычным сэнсе пытаньні, спрабуе высьветліць дэталі, якіх іншыя не заўважылі.

Пры гэтым выразна было відаць, што такая актыўнасьць выходзіць яму бокам. Ва ўсякім разе, я назіраў, што судзьдзя Аляксандар Федарцоў нэрваваўся, калі слова браў Самвэл Саакян, прысьпешваў яго, а часам і абрываў. Нэрвовае «Ён пра гэта ўжо казаў! Наступнае пытаньне!» падчас допыту чарговага сьведкі ад судзьдзі гучала толькі на адрас Самвэла Саакяна. Да ўсіх астатніх удзельнікаў працэсу, нават да абвінавачаных, акрамя, магчыма, адваката Станіслава Абразея, ён ставіўся больш нэўтральна.

Бывала і такое, што людзей з гэтай групы судзьдзя Федарцоў выдаляў з залі. За апладысмэнты, сьмех ці гучныя рэплікі. Але не заўсёды заслужана, не па адрасе. Аднойчы судзьдзя выдаліў дзяўчыну, якая нічым не парушыла парадак у залі, проста нехта за яе сьпіной нешта голасна прамовіў. У момант, калі судзьдзя падняў вочы, відаць, трапіў на яе позіркам. «Парушальніца» настойвала, што невінаватая, але судзьдзя быў няўмольны. Усім астатнім Аляксандар Федарцоў зноў нагадаў пра парадак на працэсе. Між тым у залі даволі часта перашэптваліся, у тым ліку і ў нашым, журналісцкім кутку. Дзякуй Богу, на журналістаў судзьдзя такой пільнай увагі не зьвяртаў.

Чаму вы не агалошваеце ўсяго цалкам? Тое, што ён хацеў зьмяніць уладу?
Самвэл Саакян

Аднойчы паміж Самвэлам Саакянам і судзьдзёй Аляксандрам Федарцовым адбылося нешта накшталт спрэчкі, што было неверагодна паводле маіх уяўленьняў пра беларускія суды апошняга дзесяцігодзьдзя. Зачытваўся пратакол допыту Канавалава ад 27 траўня. Самвэл Саакян настояў на тым, каб пратакол судзьдзя чытаў без купюр. Пацярпелы назваў пэўныя старонкі 509-га тому — 101–106 — і папрасіў іх зачытаць цалкам. У выніку прагучалі зьвесткі, зь якіх можна было меркаваць, што матыў тэракту палягаў недзе блізка да палітыкі. «Чаму вы не агалошваеце ўсяго цалкам? Тое, што ён хацеў зьмяніць уладу?» — выкрыкнуў Саакян на адрас судзьдзі, калі той, чытаючы, зрабіў паўзу. Судзьдзя рэпліку быццам не заўважыў. Магчыма, каб заўважыў, пацярпелага давялося б адразу выдаліць, а гэта на пачатку працэсу азначала б скандал. Нагадаю, што паводле судовых парадкаў рэплікі з залі без дазволу суду катэгарычна забараняюцца.

Ці ўдалося даведацца, што менавіта не прагучала ў зачытаным судзьдзёй пратаколе? На жаль, Самвэл Саакаян адмовіўся паведаміць гэта журналістам. Ня стаў ён нічога камэнтаваць нават пасьля свайго асабістага «дэмаршу» — калі ў канцы працэсу пакінуў залю на знак пратэсту. Гэта здарылася 2 лістапада, пасьля таго як пацярпелы запатрабаваў ад суду выклікаць спэцназаўцаў падразьдзяленьня «Алмаз», якія затрымлівалі Канавалава, Кавалёва і Пачыцкую. Каб падмацаваць хадайніцтва, Самвэл Саакян працытаваў Аляксандра Лукашэнку, што «ў гэтай справе няма чаго хаваць». Пацярпелага падтрымалі адвакаты, аднак пракуроры выказаліся супраць, а судзьдзя стаў на іхні бок.

Іншыя сябры «групы Саакяна» ішлі на кантакт з прэсай таксама ня вельмі ахвотна. Большасьць адмаўлялася зусім, некаторыя маглі сказаць некалькі словаў, але рашуча не хацелі нічога камэнтаваць на відэакамэру. Аднаго разу, калі я наблізіўся да гэтай групы, каб дамовіцца пра камэнтар, і пры гэтым размаўляў па мабільным тэлефоне, адзін з назіральнікаў накінуўся з абвінавачаньнямі, што я нібыта запісваю на дыктафон іх размовы паміж сабой. Для сябе тлумачу «шпіёнаманію» тым, што, магчыма, у гэтых людзей сапраўды былі падставы баяцца праслухоўваньня і правакацыяў — з прычыны свайго стаўленьня да вэрсіі сьледзтва. І ўсё ж не магу не адзначыць, што гэта стаўленьне было нейкім запраграмаваным. Было ўражаньне, што адносна віны Канавалава і Кавалёва некаторыя мелі загадзя сфармаваны пункт гледжаньня, які б не зьмяніў ніякі суд.




Любоў Кавалёва ля будынку Дома правасудзьдзя, дзе праходзіў працэс Кавалёва-Канавалава
Любоў Кавалёва ля будынку Дома правасудзьдзя, дзе праходзіў працэс Кавалёва-Канавалава


Асобнай выспаю ў залі была маці абвінавачанага Ўладзіслава Кавалёва — Любоў Кавалёва. Гэтая моцная ў сваім змаганьні за сына, а ў жыцьці кволая жанчына ніколі не адмаўлялася ад размовы з журналістамі, хоць было бачна, як ёй цяжка. Размаўляючы, Любоў Кавалёва вачыма шукала ў субяседніку аднадумства, але, здаецца, знаходзіла не заўсёды. Між тым як чалавеку ёй спачувалі, нават незалежна ад стаўленьня да справы.

На пачатку кожнага судовага дня чарговы ахоўнік сустракаў маці Кавалёва каля будынка суду, безадлучна сядзеў побач у залі, звычайна на «галёрцы», усё паседжаньне. Магчыма, толькі ў абед «ачапленьне» здымалі, ну і ў канцы судовага дня таксама. Ня раз назіраў, як маці Кавалёва сама ці з дачкой Тацьцянай ішлі ад суду пешшу ў кірунку Малінаўкі. Калегі-журналісты казалі, што жанчына нібыта ўзяла крэдыт, каб наняць адваката на абарону сына і жыве ў менскіх знаёмых. Ужо пасьля суду я даведаўся, што прытуліла Любоў Кавалёву на сваёй кватэры пацярпелая Інэса Крутая.

Інэса Крутая зьяўлялася на працэсе лічаныя разы. Жанчына ніяк не магла залячыць нагу, да таго ж у яе пагоршыўся зрок — ашчэпкамі ад выбуху пашкодзіла вока. Што да справы, Інэса не хавала свайго недаверу да афіцыйнай вэрсіі. Гэтаксама ж і яе бацька Аляксандар Крутой, які выступаў у судзе законным прадстаўніком пацярпелай. Ужо на першым паседжаньні Крутой запатрабаваў адкласьці працэс, пакуль ня будзе ўведзены інстытут прысяжных і не адменяць сьмяротную кару. Вельмі дакучаў суду прадстаўнік пацярпелай і падчас апытаньня сьведак ды абвінавачанага Кавалёва.

Аляксандар Круты
Аляксандар Круты
Як на мой погляд, Аляксандар Крутой фармуляваў пытаньні крыху блытана, часам паўтараючыся. Падалося, што адносна суду ў яго было нейкае асабістае стаўленьне... Аднаго дня Аляксандар Крутой у суд не зьявіўся, а судзьдзя Аляксандар Федарцоў з нейкімі ноткамі ў голасе паведаміў прысутным, што супроць Крутога заведзена крымінальная справа паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Мяркуючы па цыдулцы, якую зачытаў судзьдзя, той, пра каго ён паведамляў, прыйшоўшы ў паліклініку, «выліў са слоіка на галаву доктару вадкасьць з пахам мачы».

Што інцыдэнт здарыўся ў мэдычнай установе, дзе пасьля выбуху наглядалася і лячылася дачка Крутога Інэса і што да лекараў гэтай установы ў пацярпелай ёсьць вялікія прэтэнзіі, стала вядома ўжо пазьней. У канцы 2011 году Аляксандар Крутой трапіў у псыхіятрычны шпіталь на прымусовае лячэньне, а ягоная дачка Інэса зьвярнулася ў амбасаду Нямеччыны з просьбай аб палітычным прытулку.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG