Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? ХХІ. Ханжанкоў: Беларускі сындром


Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

(Радыё Свабода. 04.12.2011).

Мянчук Сяргей Ханжанкоў, былы палітвязень, арыштаваны ў 1963 годзе і абвінавачаны ў намеры падарваць вежу, празь якую глушылі замежнае радыёвяшчаньне, у тым ліку і Радыё Свабода, сачыў за судовымі слуханьнямі ў справе Канавалава і Кавалёва.

— Чаму вас зацікавіў гэты судовы працэс? Вы знайшлі нейкія паралелі з вашай справай 1963-га?

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

— Амаль ніякай сувязі няма, проста сама па сабе гэта справа цікавая, такога ў Беларусі яшчэ ніколі не было. Хоць, вядома, нейкі ўплыў аказала тое, што я сам калісьці праходзіў у падобных справах.

— Ці складана было трапіць у залю суду? Ці шмат было публікі, ці вялікая была цікавасьць?

— Я быў амаль на ўсіх пасяджэньнях. Трапіць было вельмі проста, і гэта мяне зьдзівіла. Выдзелілі вельмі вялікую залю на 500 чалавек. У першы дзень з позвамі зьявіліся пацярпелыя, а потым прыходзіла па 10–20 чалавек.

— А чаму? Столькі пацярпелых, сваякоў, толькі параненых у мэтро было больш за трыста?

— Гэта, напэўна, такі беларускі сындром. Людзі ня вераць, што ім распавядуць праўду, вось і ўсё.

— Паводле аднаго з апытаньняў, толькі 21% грамадзян Беларусі вераць афіцыйнай вэрсіі. Вы належыце да большасьці ці да меншасьці?

Лукашэнка падарваў — гэта поўнае глупства. Калі кажуць, што гэта барацьба нашых спэцслужбаў паміж сабой — тое самае
Сяргей Ханжанкоў

— Я належу да меншасьці з адной простай прычыны: я іншых вэрсіяў ня бачу. Так, у гэтай вэрсіі шмат супярэчнасьцяў, але я іх тлумачу толькі непрафэсіяналізмам сьледзтва, суду і наагул усёй нашай сыстэмы, пачынаючы ад вышуковага сабакі, які ня можа тратыл унюхаць, канчаючы прэзыдэнтам, які зьяўляецца на месца выбуху і спыняе сьледчыя дзеяньні. Але я ня бачу нейкіх зразумелых, альтэрнатыўных вэрсіяў. Калі кажуць, што Лукашэнка падарваў — гэта поўнае глупства. Калі кажуць, што гэта барацьба нашых спэцслужбаў паміж сабой — тое самае. А іншых вэрсіяў няма.

— Вы згадалі розныя нестыкоўкі. У прыватнасьці, адвакат адзначаў дзіўны мантаж у запісе камэр назіраньня падчас тэракту.

— Так, адвакат Кавалёва паказваў на прыкметы мантажу. Пракурор ад гэтага проста адмахваецца, хоць цалкам маглі б зладзіць экспэртызу і даказаць, ці быў там мантаж, ці не было — гэтага проста не было зроблена. Дзе трэба было б растлумачваць сытуацыю, яны проста кажуць: і так усё ясна. І ідуць далей.





— Адвакат, які вывучаў відэазапісы, кажа пра падазрэньні, што ў арганізацыі тэракту бралі ўдзел і іншыя людзі. Там відаць, як невядомыя праходзяць міма тэрарыста і аглядаюцца, раптам паварочваюцца.

— А што гэта даказвае? Шмат ёсьць людзей, якія аглядаюцца. Гэта трэба было растлумачыць. Па-першае, трэба было сабраць усіх людзей, якія ёсьць на запісах — не такая складаная задача. Гэтага зроблена не было. А самая галоўная праблема ў тым, што ня высьветленыя матывы. Калі прыняць афіцыйную вэрсію, што гэта зрабіў Канавалаў, — няўжо нельга было яго разгаварыць, навошта ён гэта зрабіў? Ён абышоўся казённай фразай: для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь. А калі ў яго пытаюць на судзе: а навошта вам патрэбная была дэстабілізацыя? Ён кажа: на гэтае пытаньне я адказваць ня буду.

— Як гэта растлумачыць?

Калі Кавалёву абвясьцілі сьмяротны прысуд, у залі пачаліся крыкі: ганьба! Тады Кавалёў прыставіў палец да вуснаў, зьвяртаючыся да залі: маўляў, ня трэба
Сяргей Ханжанкоў

— Я, зыходзячы з вэрсіі, што гэта ён, тлумачу гэта тым, што яму няма чаго сказаць. Маньяк, яму цікава было падрываць, бачыць пакуты людзей, што ён будзе тлумачыць?

— А якія-небудзь прыкметы раскаяньня ён выяўляў?

— Ніякіх абсалютна. Роўныя, спакойныя паводзіны. Ніводнага слова. Рэакцыя нармальная, не пад узьдзеяньнем нейкіх прэпаратаў. Да яго падыходзіць адвакат, ён устае, яны абменьваюцца парай слоў, і ён сядае. Усё, больш ён удзелу ніякага не прымае.

— Вось яшчэ адзін з аргумэнтаў адваката — гэта тое, што Канавалаў знаходзіўся недалёка ад месца выбуху, а ніякіх сьлядоў выбуховага рэчыва на ім няма.

— Так, гэта таксама пытаньне, якога сьледзтва не растлумачыла. Цалкам можна было правесьці экспэрымэнты, цалкам можна было ўзяць сьляды выбуху ў іншых людзей. Нічога зроблена не было. Паводле вэрсіі пракурора, Канавалаў націснуў кнопку і схаваўся ў тунэлі за бэтонную сьценку. Адтуль, маўляў, на яго нічога ня трапіла. Трэба ж гэта было даказаць, там жа ня толькі адзін Канавалаў быў, шмат іншых людзей было ў тунэлі. Калі ласка, вазьміце іх вопратку, скажыце: бачыце, у іх таксама няма. Вось гэтага нічога не зрабілі.

— А самае важнае, на ваш погляд, пытаньне пра матывы на судзе наагул не абмяркоўвалася?

— Наагул. Канавалаў кажа: «Я не хачу адказваць», і суд ідзе спакойна далей. І вось тут яшчэ адзін найважнейшы недагляд: іх фармальна накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу, якая таксама адмахнулася нейкімі казённымі штампаванымі фразамі. Нічога гэтая экспэртыза не праясьніла.

— А ён робіць уражаньне псыхічнага здаровага чалавека?

— Збоку цяжка сказаць. Сядзіць чалавек і маўчыць, на нікога не глядзіць. Кавалёў часам пазірае ў залю, там у яго маці, на пытаньні адказвае, а гэты — поўны няўдзел.

— Але ўсё ж нешта Канавалаў сказаў. Ён жа сказаў, што хацеў дэстабілізаваць абстаноўку.

— На самым пачатку, у першы дзень, калі быў допыт абвінавачаных, ён некалькі фразаў зь сябе выціснуў, у тым ліку і што гэта для дэстабілізацыі сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. А пасьля гэтага адмовіўся адказваць, і так увесь суд.

(...) Ад усяго адмовіўся, сказаў, што не сустракаў свайго сябра на вакзале і яны з торбай нікуды ня ехалі. Адмовіўся — ну і добра. Ніякіх высьвятленьняў, удакладненьняў, нічога не было.

— Калі выказаць здагадку, што Канавалаў маньяк, дык хто такі Кавалёў? Выпадковы сабутэльнік ці ўсё-ткі саўдзельнік?

— Бязвольны сябар.

— Ня ведаў пра ўсе пляны?

— Раней казаў, што ведаў, цяпер кажа, што ні пра што ня ведаў і што нічога не было.

— Вы староньні назіральнік, але ў суд прыходзілі пацярпелыя, сваякі загінулых, хай і нешматлікія. Якое ў іх склалася ўражаньне пра доказы віны?

— З тых пацярпелых, якія прыходзілі на ўсе пасяджэньні, ніхто ня верыць у афіцыйную вэрсію, таму яны і прыходзілі. Яны лавілі ўсе гэтыя нестыкоўкі. У апошні дзень, на абвяшчэньне прысуду аднекуль назьбіралі цэлую залю. І, калі выступаў пракурор, судзьдзя, калі прысуд абвясьцілі, вось гэтая група з дваццаці чалавек скандавала: ганьба!

— Гэта значыць, сваякі пацярпелых былі супраць сьмяротнага прысуду?

— У асноўным так. Толькі ў першы дзень устаў адзін, відавочна на замову, і сказаў: я патрабую аднаму сьмерці і пажыцьцёвага зьняволеньня другому. Потым гэты чалавек не зьяўляўся.

— Як адрэагавалі на прысуд абвінавачаныя?

— Надзіва спакойна. Я ўжо не кажу пра Канавалава — поўная абыякавасьць, але нават Кавалёў. Калі Кавалёву абвясьцілі сьмяротны прысуд, у залі пачаліся крыкі: ганьба! Тады Кавалёў прыставіў палец да вуснаў, зьвяртаючыся да залі: маўляў, ня трэба. Мусіць, спадзяецца на тое, што прэзыдэнт яго памілуе. Такое ў мяне склалася ўражаньне.

— Як бы вы сфармулявалі галоўнае пытаньне, на якое суд ня даў адказу?

— Чаму ня высьветлілі матывы, навошта чалавек усё гэта рабіў? Вось вазьміце Брэйвіка ў Нарвэгіі, там жа дзьвесьце зь лішнім старонак псыхіятрычнай экспэртызы, а тут абсалютна нічога. Чаму нікога гэта не хвалюе? Вось маё галоўнае пытаньне.


Сяргей Ханжанкоў пра вочную стаўку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:28 0:00
Наўпроставы лінк


З інтэрвію для Радыё Свабода зь Сяргеем Ханжанковым ад 31.12.2011

— Што найперш пераканала вас у тым, што Канавалаў вінаваты ў тэракце ў мэтро?

— Гэта ягоная датычнасьць да тэракту 2008 году ў Менску, якая даказаная праз супадзеньне адбіткаў пальцаў Канавалава з тымі адбіткамі, якія былі знойдзеныя на бомбе 2008 году. Дарэчы, гэтыя адбіткі былі заяўленыя ў Інтэрпол, а тым адмыслоўцам мы можам давяраць. Ну, і ўсё астатняе. У тым ліку і тое, што адзіночка цалкам быў здольны зрабіць такую бомбу ў падвале. Гэта я кажу як чалавек, які сам калісьці зьбіраў бомбу і вырабляў выбухоўку. Плюс праведзеныя экспэртызы, плюс відэа. Канечне, ёсьць пытаньні па некаторых відэа. Але добра. Давайце адкінем тыя відэа, дзе ёсьць сумненьні, што гэта ён. Але адносна ўсіх астатніх, што гэта ён, сумнявацца не даводзіцца. Асабліва калі торбу нясуць разам з Кавалёвым. Там жа ж добра бачна, што яны.

— Зьбіць у міліцыі яго маглі? Вы гэта дапускаеце, хаця б адразу пасьля затрыманьня?

— Так, гэта магло быць адназначна, і, хутчэй за ўсё, было. І зьбіцьцё, і «ластаўка». Прычым ня толькі ў міліцыі, але і ў СІЗА КДБ. Вядома ж, як там абыходзяцца з арыштантамі. Гэта цалкам у стылі нашых сілавікоў. Але чаму на наступных допытах, калі Канавалаў быў у лепшым стане, ён працягвае прызнаваць сваю віну? Ён нармальна сябе паводзіць, усё паказвае, прызнае. І потым, я ня веру ў такую сытуацыю, што яго маглі чымсьці запужаць, а потым узяць і прыгаварыць да расстрэлу. Разумею, пры Сталіну было, што чалавека зьбівалі, ён прызнаваў, яго пачыналі судзіць, ён адмаўляўся, тады рабілі перапынак і зноў зьбівалі, і чалавек ужо і на судзе ва ўсім прызнаваўся. Але ж першы раз спрабаваў на судзе апраўдацца. А тут мы гэтага ня бачылі. Ніводнай спробы адмовіцца ад былых прызнаньняў. Акрамя сваіх дзіцячых гульняў у Віцебску, ад якіх ён адмовіўся яшчэ на сьледзтве. Вось гэта ён адмаўляе, а ўсё астатняе, самае галоўнае, прызнае. Добра ведаючы, што яго расстраляюць не за тое, ад чаго адмаўляецца, а за тое, у чым прызнаецца.

Яшчэ ходзіць у народзе вэрсія, што была нібыта дамоўленасьць, што ён прызнае, а яго потым выпусьцяць з плястычнай апэрацыяй. Гэта дзіцячы садок! Найперш не паверыць у такія абяцаньні той, каму іх будуць даваць. Ты ж разумны чалавек, хто табе можа даць такую гарантыю? Сёньня далі, а заўтра загадалі — і заб’юць, рука не задрыжыць. Суцэльнае глупства. А тое, што Канавалаў ні слова не сказаў у сваю абарону, мяне яшчэ раз пераконвае ў тым, што ён вінаваты. Яму проста няма пра што з намі размаўляць.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі


Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG