Працяг размовы з дасьведчанай крыніцай — Чытачом
— Сьледзтва найперш апэруе такім аргумэнтам супроць Канавалава, як ягоныя пальцы на бомбе 2008 году. Хіба гэта не «забойчы» аргумэнт, тым больш што і экспэрты Інтэрполу пацьвердзілі — на бомбе былі пальцы таго чалавека, якога арыштавалі пасьля тэракту ў 2011 годзе, грамадзяніна Канавалава?
Ад аўтара
Што маглі розныя людзі пры разьмініраваньні дакранацца... Ну, гэта сьмех! Што за разьмініраваньне такое?! А адкуль узяліся сьляды біялягічнага рэчыва Іванова і Клімовіча паміж слаямі скотча? Мяркую, гэта магчыма толькі пры зьбіраньні бомбы, а не пры яе абясшкоджваньні. Дарэчы, наколькі мне вядома, гэтыя біялягічныя сьляды знайшлі экспэрты ФСБ, таму беларускія сьледчыя і вымушаныя былі шукаць выйсьце з складанага становішча. У выніку яго не знайшлі, бо яго няма, а суд пагадзіўся з тлумачэньнем, што проста пры разборцы неахайна дзейнічалі і нанесьлі шмат сваіх сьлядоў. Нічога сабе — неахайна дзейнічалі, і гэта хто? Іваноў, пра якога кажуць, што ён найлепшы экспэрт па выбуховых прыстасаваньнях?
Куды падзеліся цьвікі і гайкі з бомбы?
— Як вы патлумачыце тое, што ахвяры і пацярпелыя ад тэракту амаль ня маюць пашкоджаньняў і ранаў ад паражальных элемэнтаў, якія Канавалаў закладваў, паводле сьледзтва, у бомбу? Ён жа на сьледчым экспэрымэнце паказваў, як прымацаваў да бомбы пакунак з дражэ — гэтак абазначылі гайкі, як уклаў пачак локшыны — гэта буйныя цьвікі. А яшчэ былі кавалкі нарэзанай арматуры. Але з экспэртызы вынікае, што толькі два-тры чалавекі зь дзясяткаў сур’ёзна пацярпелых атрымалі раны паражальнымі элемэнтамі. А большасьць былі пашкоджаныя кавалкамі лавы, пліт, бэтону з падлогі, мелі гэтак званыя другасныя раны ад сутыкненьняў, апёкі і гэтак далей. Нават сярод загінулых, якія былі вакол торбы з бомбай — тая самая сытуацыя. Чаму гэтак?
— Я не адмысловец у гэтай галіне, але мяркую, што тут асабліва складанага тлумачэньня ня можа быць. Калі і на плятформе розных гаек ці цьвікоў знайшлі ня больш за 5 штук — а ў судзе гэта ўсё дэманстраваў сам судзьдзя — то болей іх і не было. Значыць, тое, што паказваў Канавалаў на экспэрымэнце, зьбіраючы бомбу, не адпавядае рэчаіснасьці.
З таго, што я чуў ад пацярпелых падчас працэсу, выходзіць, што шмат людзей пацярпелі ад электрычнага току. Людзі распавядалі, што іх вельмі моцна трэсла. Ці то калі яны трымаліся за поручні, ці ў іншы момант. Але сьледзтва, а потым і суд гэта не зацікавіла, нават не паспрабавалі разабрацца. І яшчэ магу дадаць, што сьведкі — супрацоўнікі мэтро хлусілі, калі казалі ў судзе, што няма датчыкаў на плятформе, каб вызначыць, ці ёсьць хто на рэйках на станцыі. Адмыслова высьвятляў — ёсьць такія датчыкі, і яны маглі вызначыць перашкоду. Гэта пра той жудасны выпадак, калі пацярпелую жанчыну, якую выбухам адкінула на супрацьлеглыя рэйкі, пераехаў цягнік. У мяне дагэтуль застаецца пытаньне, ад чаго яна памерла: ад траўмаў ці ад наезду цягніка? Экспэртыза кажа, што яна атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём, ад выбуху. Але для мяне гэта ня факт. Іншага ад нашых экспэртаў я б не чакаў.
Заўважце, што ўсё ж экспэртызы ФСБ заўсёды адрозьніваліся ад нашых. Што гэта за экспэрты, якія, параўноўваючы бомбу, якую Канавалаў зьбіраў на экспэрымэнце, з бомбай, якая не ўзарвалася ў 2008 годзе, робяць выснову, што — так, ён мог такую бомбу сабраць, але сёе-тое забыў, бо прайшоў час. Гэта ўжо экспэртыза не выбухова-тэхнічная, а псыхіятрычная ці яшчэ якая. Забыў некалькі важных элемэнтаў, яны кажуць — такая самая! Мяркую, калі б расейскія экспэрты рабілі гэтую экспэртызу, вынік быў бы іншы. А ўвогуле трэба было рабіць комплексную экспэртызу, з прыцягненьнем адмыслоўцаў у розных галінах.
Ці не хлусіла ключавая сьведка?
— Адна з ключавых сьведак — Яна Пачыцкая. Фактычна яна адзіная сьведчыць, што бачыла Канавалава і Кавалёва побач з торбай, у якой была бомба. Саму бомбу яна ня бачыла, яны якраз закрылі торбу, калі яна зайшла. Але зь яе расповеду вынікае такая падазроная карціна, што вось ідзе падрыхтоўка бомбы да выбуху. А потым на яе паказаньні накладаюцца прызнаньні Канавалава і Кавалёва на сьледзтве — вось вам і сапраўды падрыхтоўка. Яе ж спачатку трымалі як падазроную. Маглі ж гэтак запалохаць, націснуць, што дала ілжывыя паказаньні?
— Ня ведаю, мне пра гэта нічога не вядома, а гадаць ня буду. Тое, што ў яе быў вельмі моцны шок на сьледзтве, было бачна на відэа сьледчага экспэрымэнту. І там яна ўсё распавядала фактычна тое самае, што потым у судзе. У судзе яна трымалася спакайней, але заўважу, што ад паказаньняў на сьледзтве асабліва не адступалася.
— У яе паказаньнях было нешта такое, што не супадае зь іншымі паказаньнямі?
— Дык шмат што не супадае. Вось узяць хоць бы колер торбы. Яна кажа пра адзін, таксіст пра другі, гаспадыня віцебскай кватэры пра трэці. І чорны, і шэры, і сіні.
— Суд патлумачыў гэта тым, што ў кожнага рознае ўспрыманьне колеру...
— Так, рознае... Як з той жа эмблемай на торбе. То бачыш на відэа эмблему на адлегласьці 30 мэтраў і яна добра чытаецца, а то за пяць мэтраў яе не прачытаць зусім. Памятаеце, ёсьць відэа, яго можна паглядзець у інтэрнэце, як Канавалаў бярэ торбу і ідзе зь ёй бліжэй да лесьвіцы і там перакладае торбу з адной рукі ў другую. Далёка, але надпіс на торбе добра праглядаецца. А на «Купалаўскай», калі ён таксама перакладаў з рукі ў руку торбу, эмблемы чамусьці не было відаць. А да яго было значна меншая адлегласьць.
Мушу паўтарыць, што назіральнік за працэсам, названы тут Чытачом, не пажадаў, каб ягонае сапраўднае імя было названае. Далей аўтар вяртаецца да аналізу хібаў афіцыйнай вэрсіі.
Працяг — будзе.
Папярэднія разьдзелы кнігі
Частка 2
Экспэрымэнт, якога не было
Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?
Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»
Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»
Частка 1
Уступ
Вэрсіі добрая і дрэнная
Прызнаньне — каралева доказаў
Як нараджаюцца новыя вэрсіі
Відэа: чалавек з торбай
Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры
Сьляды на адзеньні
Чорная торба з надпісам «Vest»
Забойчы доказ
Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?
Бомбы
Што было ў падвале Канавалава?
Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»
Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты
Навошта?
«Яму заўсёды падабаліся выбухі»
Ці здаровы Канавалаў псыхічна?
Схільны да самагубства?
Судзьдзі і сакратаркі
Як Канавалаў сабраў бомбу
Ханжанкоў: Беларускі сындром
Пульт і паражальныя элемэнты
Пракуроры
Роля Ўладзіслава Кавалёва
З допыту Кавалёва ад 29 красавіка
Лёс рэчавых доказаў
Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер
Пацярпелыя і публіка