У старажытным Рыме было такое сьвята — Сатурналіі, калі раб, нявольнік быў роўны свабоднаму. Нібыта роўны. Але толькі адзін дзень на год. І дзень уяўнай роўнасьці як бы замацоўваў рэальную штодзённую няроўнасьць.
Чаму на ваш погляд адбылася такая эвалюцыя? І ці падабаецца яна асабіста вам? Што б вы хацелі сьвяткаваць — дзень змаганьня за правы ці жаночыя Сатурналіі? Ірына
Віданава: Я не асацыюю гэты дзень ні з правамі жанчыны, ні з сямейным сьвятам. Лічу, што яно зьвязана з надыходам вясны. Усталявалася разуменьне гэтага сьвята, зьвязанае з атрыбутамі кветак, торцікаў і асаблівай увагі да жанчыны з боку мужчын у гэты дзень. У мяне эмацыйнай прывязкі да гэтага сьвята няма. Мае знаёмыя мужчыны ня ведаюць, што рабіць 8 сакавіка. Бо ня ведаюць, якую рэакцыю сустрэнуць — ці павіншуюць і сустрэнуць ваяўнічае непрыняцьце гэтага сьвята, як постсавецкага, неадэкватнага нашаму культурнаму асяродку. Ці не павіншуюць і атрымаюць крыўду, што яны пра мяне забылі. Думаю, што мы крыху ў падвешаным стане з гэтым сьвятам.
Дракахруст: Юлія, а што вы сьвяткуеце у гэты дзень? Калі сьвяткуеце.
Чарняўская: Неяк не прыходзіла ў галаву адчуваць сябе нявольніцай і ўспрымаць сваё жыцьцё як галеры, жах, Галгофу. Былі розныя сытуацыі і часы: былі пэрыяды цяжкага і зьневажальнага побыту, але, па-першае, і тады ў жыцьці быў ня толькі побыт; па-другое, цяжка жылі ня толькі жанчыны, але і мужчыны. Інакш — але не лягчэй. Да таго ж мая маладосьць прыпала на Аўган. Неяк увесь час думаеш, што мужчын на вайне забіваюць...
Я не кажу зараз аб сапраўды няшчасных жанчынах і парабаціцелях-мужчынах, бо нават калі гэта гістарычна і было праўдай (таксама не заўсёды), але ўжо з ХХ стагодзьдзя гэтая тэндэнцыя расплываецца, распаўзаецца. Хоць гвалтаўнікі і хамы засталіся, але я цяпер кажу аб сацыяльнай тэндэнцыі, а не пра асобы. Безумоўна, вялікую частку дасягненьняў у гэтай сфэры можна па праве прыпісаць фэмінізму — таму, якім ён быў раней. Але на сёньня, як мне здаецца, ён нярэдка ператвараецца ў дробязную гульню, у зьвядзеньне гістарычных рахункаў постфактум, у бразганьне прыгожымі словамі (сэксізм, мужчынскі шавінізм, гендэрныя рэпрэсіі і г. д. — дарэчы і недарэчы), г. зн. ня ў спробу раўнапраўя, а ў спробу ўзяць рэванш — у тым ліку і шляхам падтасоўваньня фактаў. Калі хам лічыцца хамам не таму, што ён хам, а таму што мужчына. Што не адмяняе хамства і іншых агідных рэчаў, часта сфармаваных культурай. Але зрухі ёсьць, яны велізарныя (усяго толькі за стагодзьдзе зь невялікім!) І будуць далей.
У любым выпадку блізкасьць дваіх людзей — заўсёды кампраміс. Гэта значыць, узаемны працэс. Калі ж я слухаю некаторых энэргічных дам, у мяне адчуваньне, што гаворка не пра кампраміс, а вось пра што: мае прабабуля, бабуля і маці пакутавалі ад нявольніцтва, таму зараз я маю права не ісьці на кампраміс наагул. Ты мне гістарычна вінны, абавязаны і г. д. Вось гэта нярэдка і выдаецца за раўнапраўе.
Мне гэтае сьвята падабаецца. Я люблю сакавіцкае сонейка. Мне прыемна, што ў жанчыны на адно сьвята больш. Мне прыемна, калі па вуліцы ідуць мужчыны з кветкамі. Неяк я бачыла на Камароўцы ў такім сьвяточным натоўпе з кветкамі, як сярод мужчын з раскошнымі букетамі ідзе бомж з чэзлай мімозай. Сваёй сяброўцы панёс... Мяне гэта кранула.
Так, можна сказаць, што гэта крывадушнасьць: маўляў, у іншыя дні ня дораць, у рэстаран ня водзяць і па гаспадарцы не дапамагаюць. Але лепш хоць адзін такі дзень на год, чым ніводнага. Хоць, вядома, вельмі пажадана, каб і ў астатнія дарылі, вадзілі, насілі... Хто ж спрачаецца?
Дракахруст: Руся, а якая ваша пазыцыя паміж Ірынай і Юліяй, якія выказалі крыху розныя погляды на гэтае сьвята?
Руся: Я заўважаю, што 8-га сакавіка пакрысе становіцца сымбалічным сьвятам. У гэтым годзе журналісты з раніцы напісалі, што прадаецца вельмі мала кветак. Мы асабіста дома не сьвяткуем 8-га сакавіка, але сьвяткуем надыход вясны. Жывем больш па паганскім календары. Прыйшла вясна — усе шчасьлівыя. Ніхто кветкі ня дорыць менавіта на 8-га сакавіка, з мужчын ніхто ня робіць хатнюю страву і гэтак далей. У нас сьвята штодня: і сьвята кампрамісу, пра які казала Юлія, і сьвята павагі да жанчыны. Гэта адбываецца між намі штодня, таму 8-га сакавіка ніякага усплёску эмоцый не адбываецца. Звычайны такі дзень.
Але мне ня вельмі падабаецца, чаму шмат жанчын жыве вось па такой схеме: увесь год я пакутую, але маю некалькі сьвятаў, сярод якіх і 8-га сакавіка, які дакладна мой дзень. Такая пазыцыя мне не зусім зразумелая — калі мужчына зьвяртае ўвагу на жанчыну выключна ў дні сьвятаў, на Новы год, 8-га сакавіка і на дзень народзінаў.
Што датычыцца пытаньня фэмінізму, то тут прагучалі розныя меркаваньні. Мне здаецца, што беларускія жанчыны збольшага ня хутка прыслухоўваюцца да фэміністак, бо іх задавальняе тое, што яны маюць. Кожная жанчына абірае сабе такога мужчыну, які патрэбен ёй у жыцьці. Большасьць жанчын вельмі добра адчуваюць сябе ў ролі гаспадыні, якая глядзіць за дзецьмі, домам, кухняй, а мужчына ў яе зьяўляецца здабытчыкам. Бо самастойнае жыцьцё вымагае шмат высілкаў: інтэлектуальных, фізычных, эмацыйных. Ня кожная гатова да такога самастойнага жыцьця. Такім жанчынам спакойна і камфортна у такіх клясычных мадэлях сямейнага жыцьця. Таму гэтыя жанчыны вельмі рады сьвяту 8-га сакавіка. Прыемна выйсьці на вуліцу і ўбачыць, што і ў жанчын загарэліся вочы, і мужчыны з кветачкамі ходзяць. Але, на жаль, гэта не штодзённая практыка, а толькі некалькі дзён у годзе.
Дыскрымінацыя ці натуральная няроўнасьць
Дракахруст: Руся ўжо пачала адказваць на маё наступнае пытаньне — пра стан жанчын у грамадзтве. А чаго вось наагул кажуць пра нейкую іх дыскрымінацыю? Можа гэта ўсё фэміністкі выдумалі? Вось, напрыклад, вы ўтрох дасягнулі ў жыцьці посьпеху, посьпеху значна большага, чым многія мужчыны. А што жанчыны сярэднестатыстычна менш прадстаўленыя ва ўладзе, на кіруючых пасадах — ну дык можа менш здатныя, ізноў жа сярэднестатыстычна. І ўсё па справядлівасьці адбываецца. Якія такія яшчэ правы патрэбныя?
Руся: Ня думаю, што ўсё па справядлівасьці. Я сама жанчына і часьцяком сутыкаюся з гендэрнай дыскрымінацыяй. Напрыклад, калі вядуцца размовы пра бізнэс, то мне не адразу ўдаецца ўпэўніць свайго суразмоўцу ў тым, што я нармальная адэкватная жанчына, якая адказвае за свае словы і здольная бізнэс-прапановы рабіць. Першае меркаваньне адказу такое: о, прывабная жанчына, ці можна зь ёй нешта «замуціць» і ці варта наагул ставіцца да яе сур’ёзна і ўспрымаць як раўнапраўнага партнэра. Напрыклад, на 8-га сакавіка ўсе мужыкі адразу кідаюцца ўступаць жанчынам месца ў трамваі, чаго не дачакаесься ў звычайны дзень, нават калі вельмі стомленая і ледзь трываеш на нагах.
Так што дыскрымінацыя, на мой погляд, ёсьць. Паглядзіце на жанчын, якія знаходзяцца ў нашай уладзе. На шмат пытаньняў адкажаце сабе самі.
Дракахруст: Юлія, а як вы мяркуеце — ёсьць дыскрымінацыя? Ці фэміністкі прыдумалі?
Чарняўская: Мне падабаецца тое, што кажа Руся, і я шмат у чым згодная. Але ў нечым і не. Прыклад з тым, што мужчыны не саступаюць месца ў грамадзкім транспарце — дык фэміністка якраз наадварот вельмі ўзрадвалася б таму, што ёй не саступаюць месца. Гэта такі традыцыйны погляд — жанчыне трэба саступаць месца, падаваць паліто. Хаця я люблю, калі мне саступаюць месца і падаюць паліто.
Я ніколі не адчувала сябе гендэрна ўцісканай істотай, чалавекам другога гатунку. І калі зьявіўся фэміністычны дыскурс, шчыра шкадавала яго «начальніц», лічачы, што ім асабліва не пашанцавала ў жыцьці. Пакуль ня ўбачыла, што большая частка трагедый, пра якія яны распавядаюць, у мяне таксама былі, але ў маім разуменьні не былі трагедыямі, г. зн. не каштавалі выедзенага яйка. Не таму, што я такая залішне «рахманая», а таму што і сапраўды не каштавалі. І віной іх зусім не заўсёды былі мужчыны.
Паколькі я ніколі не цягнулася да кіруючых пасадаў (наадварот, іх пазьбягала), мне цяжка гаварыць пра тое, як жанчынам перашкаджаюць іх займаць. Але ёсьць іншы прыклад. Ну вось, напрыклад, жанчына ў нашай навуцы (як і ў бізнэсе, верагодна). Вельмі шмат у чым рэчы, зьвязаныя з абаронай дысэртацыі, вырашаюцца паміж мужчынамі па-старому, нефармальна, у так званых мужчынскіх размовах — у лазьні ды за півам: табе туды шлях закрыты, або адкрыты — зусім на іншых правах. Ужо не кажучы пра тое, што табе робяцца малапрыстойныя намёкі: мужчынам іх робяць усё ж значна радзей. Так, гэта ўскладняе шлях. Але ў мужчын таксама існуюць цяжкасьці шляху: напрыклад, няма сувязяў, або ў лазьню хадзіць ня можаш, ці піць забаронена.
Акрамя таго, існуюць жанчыны на кіруючых пасадах, якія могуць перашкаджаць табе адбыцца ня менш, а часта значна больш, чым мужчыны. Але вось сыход у дэкрэт або калі хварэе дзіця — і прэтэнзіі да цябе з гэтай нагоды — гэта любая з нас прайшла. Так трэба не казаць пра тое, што цябе труцяць начальнікі-мужчыны: трэба змагацца з тэндэнцыямі ў грамадзтве, якія часта нават неўсьвядомленыя, іх прымаюць па звычцы, таму што так было «ад веку». Так, таленавітай жанчыне цяжэй, чым мужчыне. Але таленавітаму чалавеку наогул цяжка. Куды цяжэй, чым няздары. Можна ныць, можна пасьлядоўна адстойваць свае правы, а можна проста, сьцяўшы зубы, ісьці наперад. Я аддаю перавагу трэцяму шляху, хоць другі лічу вельмі годным. Калі гаворка і напраўду аб правах, а не аб гістарычнай адплаце.
Дракахруст: Ірына, вам слова. Можа вы ўсё ж абароніце пазыцыю фэміністак, а то Юлія і Руся яе неяк разьбіваюць.
Віданава: Я ўсё чакала, калі Юры Дракахруст прыпіша мяне да фэміністак. Я на гэта гляджу як гісторык. Для мяне гэты фэміністычны дыскурс — прычына таго, што грамадзтва пачало ўсьведамляць праблемы гендэру і выходзіць на нейкае іншае разуменьне. Я згодна з Юліяй у тым, што зводзіць усё выключна да розьніцы ў полах і тлумачыць усе свае няўдачы тым, што ты жанчына, як мінімум дурнавата. Зь іншага боку, крыху больш за 100 гадоў таму жанчыны ня мелі права галасаваць. Лічылася, што яны ня ў стане зрабіць нейкі рацыянальны палітычны выбар. Але грамадзтва разьвіваецца. Зараз яно больш мабільнае і тэхналягічнае. У жанчын вызваляецца час, каб яны маглі ня толькі займацца хатнімі справамі, але і больш актыўна ўключацца ў грамадзкае жыцьцё, рабіць кар’еру.
Што да дыскрымінацыі, то давайце зьвернемся да статыстыкі, якая даволі аб’ектыўная. Згодна з дасьледаваньнямі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, жанчынам плацяць на 18 % менш, чым мужчынам. У Беларусі гэты разрыў складае 26%. Відавочна, што праблема ў тым, што ў нас, як і раней, існуюць анахранізмы, якія трэба абмяркоўваць і пераадольваць. Што датычыцца прадстаўленасьці жанчын у органах улады, то гэта на самой справе цікава. 88% усіх чыноўнікаў у Беларусі складаюць жанчыны. 45% — заканадаўцы і топ-мэнэджэры — таксама жанчыны. Гэта статыстыка выглядае ня горш, чым у эўрапейскіх краінах. Але, жанчыны складаюць толькі 3% чальцоў ураду. Можа для нашага ўраду і да лепшага, але тым ня менш мы бачым, што ў нас ствараецца такая паказушная «роўнасьць», без таго, каб само грамадзтва трансфармавалася ў разуменьні ролі жанчыны.
Дракахруст: Ірына, вось вы сказалі, што жанчыны ў сярэднім атрымліваюць меншыя заробкі, чым мужчыны, і вы ў гэтым бачыце дыскрымінацыю. Але, напрыклад, вясковыя жыхары атрымліваюць таксама менш, чым гараджане. Проста гарады робяць большы ўнёсак у дабрабыт грамадзтва і атрымліваюць адпаведна больш. Можа і з жанчынамі і мужчынамі гэтак жа — ёсьць няроўнасьць у аплаце, але няма дыскрымінацыі?
Віданава: Калі мы кажам пра дыскрымінацыю ў аплаце працы, то маем на ўвазе тое, што ў Беларусі жанчына амаль заўсёды будзе атрымліваць на 20% меней. Ня гледзячы на тое, што яна выконвае аднолькавую працу, абавязкі, што і мужчына. Калі казаць пра Захад, то гэта лічба будзе складаць каля 17%. Хіба гэта не ёсьць дыскрымінацыя?
Борш Ярмошынай і грамадзкія стэрэатыпы
Дракахруст: Беларускае грамадзтва, як і іншыя постсавецкія грамадзтвы, даволі кансэрватыўнае. Вось прыклад з крыху іншай сфэры. Некалькі дзён таму прэзыдэнт Лукашэнка, гаворачы пра нямецкага міністра замежных справаў Гіда Вэстэрвэле — адкрытага гея, сказаў: «Лепш быць дыктатарам, чым „блакітным“».
А ці сапраўды лепш — такое пытаньне задаў наш карэспандэнт мінаком на вуліцах Гомеля.
Спадар: Лепш быць дыктатарам — больш парадку
Спадарыня: Няшчасная Беларусь: даводзіцца выбіраць паміж «блакітным» і дыктатарам. А так ужо хочацца нармальнага прэзыдэнта
Спадар: Быць блакітным — гэта праблема аднаго чалавека. А быць дыктатарам — праблема ўсёй Беларусі. Нашаму прэзыдэнту параю не дзяліць людзей на колеры.
Спадарыня: Быць блакітным — грэх. А быць дыктатарам — пагана па жыцьці
Спадар: А я лічу, што лепш ужо быць «блакітным».
Спадар: І адно і іншае вельмі кепска. Лепш быць добрым чалавекам і добрым прэзыдэнтам, але не дыктатарам.
Спадар: Нетрадыцыйная арыентацыя і дыктатура — гэта хваробы.
Выбарка, як кажуць, нерэпрэзэнтатаўная, але меркаваньні — «блакітным» быць кепска, гэта хвароба — як бачым, даволі распаўсюджаныя.
А вось апытаньне (таксама праўда нерэпрэзэнтатыўнае) — на сайце расейскага часопісу «Взгляд»: 80% згодныя з Лукашэнкам, 6% — што лепш быць «блакітным». І 14% што аднолькава кепска.
Ну тут размова ідзе ўсё ж пра меншасьць. Але жанчыны — гэта ж большасьць. І іх статус у грамадзтве наўрад ці ўтрымаўся б, калі б яго не падтрымлівалі... самі жанчыны. Вядомая сэнтэнцыя Лідзіі Ярмошынай наконт баршчу гучыць тым больш пікантна, што прагучала з вуснаў жанчыны, прычым жанчыны з даволі пасьпяховай кар’ерай. Дык можа і мае рацыю Лідзія Ярмошына — так думае ня проста большасьць, але і большасьць жанчын?
Руся: Я ня ведаю, што на самой справе мела на ўвазе Лідзія Ярмошына. Магчыма гэтая алюзія да баршчу — своеасаблівая спроба замбаваньня жанчын, якія, напэўна, так і будуць думаць: «Калі Ярмошына кажа, што лепш варыць баршчы, чым рабіць кар’еру, то, відаць, так і ёсьць. Напэўна яна шмат пакутуе на сваёй пасадзе».
Дракахруст: Ірына, а можа вуснамі Ярмошынай у гэтым пытаньні гаворыць адвечная мудрасьць — мужчыны на плошчах павінны за нешта змагацца, а жанчыны дома сядзець, ачаг берагчы, боршч варыць змагарам?
Віданава: Для зьмены грамадзкай думкі наконт пытаньня роўнасьці жанчын і мужчын перш за ўсё патрэбна здаровая, спакойная дыскусія, чаго не назіраецца ў Беларусі. У нас хутчэй за ўсё мае месца паказушная жаночая роўнасьць. Пакуль ня будзе сапраўднай дэмакратыі, наўрад ці можна будзе казаць пра сапраўдную роўнасьць палоў. Ярмошына і іншыя жанчыны, якія займаюць сур’ёзныя дзяржаўныя пасады — яны хутчэй прызначаюцца, чым абіраюцца.
Зь іншага боку, калі нагадаць апошнія прэзыдэнцкія падзеі, якія адбываліся 19 сьнежня 2010 году, то менавіта жанчыны пачалі кампанію салідарнасьці з тымі, хто пацярпеў ад падзей 19 сьнежня. У грамадзкім сэктары Беларусі шмат выбітных жаночых імёнаў, якія паказваюць на сваіх асабістых прыкладах, што можна быць і пасьпяховай жанчынай-дзеячом, якая робіць кар’еру, і гэта ня будзе перашкодай у асабістым жыцьці, у асабістым шчасьці. Тут я пагаджуся зь Юліяй, што трэба шукаць кампрамісы дзеля спалучэння гэтых двух важных сфэр жыцьця. Сярод маіх знаёмых шмат маладых жанчын, якія добра гэта спалучаюць. Але для гэтага, зразумела, побач павінны быць разумныя мужчыны, якія здольныя ісьці на кампрамісы.
Дракахруст: Ірына, ды дзе ж іх узяць?
Віданава: (сьмяецца)
Чарняўская: Думаю, з боку сп-ні Ярмошынай гэта было шчыра: пакінем на яе сумленьні і пасьпяховую кар’еру, і гэтую дзіўную шчырасьць.
Мне здаецца, што большасьць жанчын так і думаюць, як гэта ні зьневажальна і ні крыўдна. Па звычцы, так бы мовіць, векавечнай. Зь іншага боку, гэта дае жанчынам, якія гэтак думаюць, магчымасьць стрыгчы свае купоны: больш прыемна адчуваць, што ты не адбылася прафэсійна і/або ў асабістым жыцьці, таму што ў гэтым вінаватая векавечная жаночая доля.
Акрамя таго, у цябе, як у жанчыны, заўсёды ёсьць санкцыя: ты нарадзіла і выгадавала дзяцей, што як бы ставіць цябе ў пазыцыю чалавека, які ўжо рэалізаваў прынамсі сваю біялягічную праграму. У мужчын магчымасьці такіх апраўданьняў няма. Дарэчы, можа, збольшага таму жанчын, якія пайшлі на спробу самазабойства, па статыстыцы значна больш, чым мужчын, але завяршылі яе — гэта значыць, скончылі жыцьцё самагубствам, — утрая менш.
Што да мяне асабіста — я выдатна ведаю, як складана сумяшчаць актыўную і разнастайную работу з варэньнем баршчу і выпяканьнем пірагоў. Як правіла, нешта пакутуе (альбо праца, альбо боршч, у маім выпадку — часьцей боршч ўсё ж). Але само па сабе гатаваньне баршчу, калі гэта не мэтафара, само па сабе мяне ў жах ня кідае. Калі кагосьці кідае — чалавек мае права шукаць іншае выйсьце: альбо купляць замарожаныя супчык, альбо не выходзіць замуж за аматара баршчу.
Хоць сама фраза сп-ні Ярмошынай, паўтаруся, зусім не пра баршчы.
Ці варта ахвяраваць кар’ерай дзеля каханьня?
Дракахруст: У расейскага барда Веранікі Долінай ёсьць песьня пра радасьці каханьня і сямейнага жыцьця, і там ёсьць радок: «И, Господи, мне прости, я, может быть, брошу петь». Пытаньне да Русі — вы б маглі кінуць сьпяваць дзеля каханьня? У фігуральным сэнсе пытаньне ня толькі да Русі. Ці павінна менавіта жанчына ахвяраваць нечым, у прыватнасьці, кар’ерай, магчымасьцю самавыражэньня, дзеля каханьня і сям’і? Павінна — ня ў сэнсе, што нехта ад яе гэта патрабуе, а ў тым, што яна сама ад сябе гэтага патрабуе, што гэта добраахвотная ахвяра? Якая і ёсьць жаночае шчасьце...
Руся: Калі жанчына кідае творчую кар’еру, яна ня ўпэўненая ў сябе, як у творцы і ня вельмі прагне гэтай кар’еры. У маім выпадку наагул няма сытуацыі выбару паміж жаночым шчасьцем і сьпевамі. Я шчасьлівая жанчына, бо жыву ў шыкоўным балянсе. Мой муж вельмі захапляецца маёй творчасьцю, верыць у мяне, часам больш, чым я сама, заўсёды побач, заўсёды дапамагае, ніколі мной не кіруе, не прымушае ня хадзіць на рэпэтыцыі, а праводзім вечар разам. Мы дапамагаем адзін аднаму творча разьвівацца, бо лічым, што пасьля асноўных «паверхаў» піраміды Маслоў — харчаваньня, сэксу і бясьпекі, потым усё ж ідзе творчая самарэалізацыя. Мы паважаем нашы посьпехі ў творчай рэалізацыі. Усімі намаганьнямі імкнёмся да таго, каб дапамагаць адзін аднаму і цьвёрда, рашуча ісьці да сваіх творчых мэтаў. І пытаньне ахвяраваньня кар’ерай ці каханьнем ніколі ў нас не ўзьнікае.
Дракахруст: Ірына, а вам таксама гэтак жа шанцуе, што поўная гармонія паміж каханьнем і кар’ерай?
Віданава: Жанчына, якая імкнецца да самарэалізацыі, заўсёды шукае і знаходзіць сабе партнэра, які будзе разам зь ёй шукаць гэты балянс, гэты кампраміс, пра які Юлія гаварыла напачатку. У гэтым сэнсе мне таксама пашчасьціла. Хаця, зразумела, бываюць сытуацыі, калі не хапае часу і зварыць боршч (фігуральна і літаральна), і зрабіць сваю працу. Патрэбны, часам, кампраміс паміж імі.
Чарняўская: Не павінна жанчына ахвяраваць. Ні ад каго такога патрабаваць нельга. Толькі ад сябе. Ды і то... Самы жудасны і непрадуктыўны шлях (і самы часты, які мы, жанчыны, па-старому абіраем) — шлях ахвяры. Зрэшты, тут таксама зручна стрыгчы купоны. Проста ёсьць час, калі каханьне важней за песьні, вершы, навуку. У некаторых, бывае, што на ўсё жыцьцё важней. Ёсьць таксама час жанчыны, які, як казаў Пастарнак, праходзіць над дзіцячай калыскай. Ну што ж... Можна сьпяваць ўрыўкамі. (Напрыклад, можна пісаць начамі за кухонным сталом, калі засынае дзіця). Можна засьпяваць потым, пасьля таго, як неабходнасьць у быцьці над калыскай пройдзе — з новымі сіламі. Можна пачаць сьпяваць у любым узросьце. Можна і зусім не сьпяваць, калі ня цягне (быццам бы ўсё абавязаны сьпяваць!) А яшчэ можа быць так, што твая каханьне і ёсьць песьня.