Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Аляксандар Станюта


26 жніўня родныя, блізкія і сябры разьвіталіся з Аляксандрам Станютам. Літаратуразнаўца і пісьменьнік пакінуў гэты сьвет на 75-м годзе жыцьця.

Аляксандар Станюта нарадзіўся 17 кастрычніка 1936 году ў Менску, у 1960-м скончыў аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Гэта быў зорны курс. Амаль усе ягоныя выпускнікі сталі вядомымі асобамі беларускага друкаванага слова. Прыгадвае сукурсьнік, паэт Васіль Зуёнак:

«Зь ім заўсёды радасна і неяк па-вясноваму сьветла, весела было сустракацца і гаварыць. Ён быў усьмешлівы, зь лёгкім гумарам, і недасьведчаны чалавек зь першага погляду нават мог і не здагадацца, якая гэта глыба была. Душа зьнешне быццам бы вясёлая, але ён увесь час недзе сваім інтэлектам блукаў у вышынях і хадзіў па нябёсах».

Пасьля вучобы Аляксандар Станюта працаваў у рэдакцыі газэты «Знамя юности». Затым была асьпірантура, абарона кандыдацкай дысэртацыі, выкладаньне гісторыі літаратуры ў БДУ. Ужо ў даволі сталым веку ён пачаў пісаць мастацкую прозу. Гаворыць яшчэ адзін сукурсьнік спадара Станюты, паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін:

«Можа, трошачкі для мяне нечакана Саша пачаў займацца літаратурай, і стаў займацца літаратурай таленавіта. Я маю на ўвазе прозу, бо перад гэтым у яго былі дасьледаваньні крытычныя, артыкулы разумныя, аналітычныя, глыбокія, вельмі цікава напісаныя. А тут раптам я сустрэў ягоную прозу, і гэта была проза, якая несла пачуцьці і несла думкі. Я маю на ўвазе перш за ўсё аповесьць пра маці».

Згаданая аповесьць пра маці названая яе імем — «Стэфанія». Ён быў адзіным сынам славутай купалаўскай акторкі Стэфаніі Станюты. Яе асоба вызначыла шляхетную сьціпласьць характару сына і няспынную ўнутраную інтэлектуальную працу прадстаўніка знанага менскага артыстычнага роду. Працягвае Васіль Зуёнак:

«Дзьве асобы вызначылі яго і творчы, і жыцьцёвы шлях, і гэтыя асобы сталі героямі яго кніг і навуковых пошукаў. Перш за ўсё — гэта яго выдатная кніга „Стэфанія“, кніга, якая расказвае пра маці Сашы, выдатную артыстку Купалаўскага тэатру нашага. Ён вельмі ганарыўся сваёй маці і гэтая сынава любоў выкладзена на старонках вось гэтай выдатнай, выключнай кнігі».

Другая асоба, якая сталася прадметам навуковых штудыяў Аляксандра Станюты, — гэта Фёдар Дастаеўскі. З дапамогай гэтага пісьменьніка спадар Станюта спрабаваў спасьцігнуць чалавека і раскрыць яго ў сваіх творах, якія засталіся на старонках некалькіх ягоных кніг. А яшчэ застаўся сын Дзьмітры і ўнучка Меліта — зорка беларускай гімнастыкі. І выпускнікі славутага курсу, якія на яго заўсёды маглі разьлічваць, — кажа Генадзь Бураўкін.

«Мы ведалі, што ён ёсьць, на яго можна разьлічваць, ён будзе з намі. Вось мы зь ім разьвітаемся, але ён усё роўна будзе з намі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG