Ня стала Ўладзімера Конана. Выбітны філёзаф і літаратуразнаўца, доктар навук, прафэсар пакінуў гэты сьвет у ноч на 6 чэрвеня. Ад 23 красавіка яму ішоў 78-ы год.
Уладзімер Конан — аўтар тысяч артыкулаў, дзясяткаў манаграфій, укладальнік некалькіх збораў беларускай літаратурнай і фальклёрнай спадчыны, адзін з самых актыўных удзельнікаў нацыянальнага адраджэньня краіны. Гаворыць паэт і філёзаф Ігар Бабкоў, які працаваў разам са спадаром Конанам.
«Упершыню я пачуў пра Ўладзімера Конана ад Ларысы Чарнышовай. Гэта было ў сярэдзіне 80-х. Тады аддзел гісторыі філязофскай думкі Беларусі ў Інстытуце філязофіі ў Акадэміі навук быў фантастычна цікавы. Гэта была сапраўдная школа ня толькі гісторыка-філязофскай думкі, але і беларускага мысьленьня. Асяродак такі ўнутрана дысыдэнцкі, і кожны ў гэтым асяродку быў асобай са сваёй пазыцыяй. Конан быў тады загадчыкам гэтага аддзелу. З таго часу мы перакрыжоўваліся зь ім у самых розных месцах. Мы працавалі разам і ў Скарынаўскім цэнтры. Апошнія гады ён працаваў у акадэмічным Інстытуце філязофіі ў аддзеле гісторыка-філязофскіх і кампаратыўных дасьледаваньняў. Калі казаць пра нейкія такія сутнасьці, то чамусьці ў мяне вобраз ценю паўстае. Ён быў настолькі вытанчаны і далікатны, настолькі супадаў менавіта са сваім мысьленьнем, са сваёй працай, што на нейкія зямныя рэчы часу і сілаў у яго ўжо не заставалася».
Асоба Ўладзімера Конана знакавая ў духоўным і інтэлектуальным жыцьці Беларусі. Ён адрадзіў традыцыі беларускага мысьленьня, перарваныя бальшавікамі, — кажа кіраўнік Беларускага калегіюму Алесь Анціпенка.
«Ягонае значэньне бачыцца ў тым, што гэта адна з тых інтэлектуальных асобаў, якія фактычна зьвязалі час. Гэта была тая асоба, якая фактычна злучыла нас з такімі постацямі, як Абдзіраловіч і Суліма. Да Ўладзімера Конана былі выдатныя літаратары, для якіх Беларусь была безумоўна важнай, Беларусь для іх была ня толькі месцам жыцьця, але і тым, што яны бязьмерна любілі. Але для філёзафа Конана, як потым для шмат каго з нас, Беларусь зноў ператварылася ў аб’ект мысьленьня, у праблему. Яна стала ня толькі тым, што мы любім, але таксама тым, што падлягае асэнсаваньню, што падлягае інтэрпрэтацыі, што ёсьць важнай праблемай для ўсіх нас».
Рыцарам беларускага духу называе Ўладзімера Конана філёзаф і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч.
«У гэтыя дні будзе шмат сказана пра ягоны ўнёсак у беларускую філязофію, эстэтыку, літаратуразнаўства. А яшчэ — пра яго фантастычную сьціпласьць і абаяльнасьць. І ўсё гэта будзе праўдай. І ўсё гэта будзе толькі невялічкай часткай праўды. Даруйце мне патас, але Ўладзімер Конан найперш быў рыцарам духу. Ён — беларускі Дон Кіхот, прыгожы і ўзьнёслы ў сваіх парываньнях, неўпрыкмет трывушчы і нязломны ў сваёй веры. І два словы пра асабістае. Яшчэ за савецкім часам я прачытаў ягоную кніжыцу пра нашага цудоўнага крытыка Бабарэку. Я быў надзвычай захоплены. Я не ўяўляў, што ў тыя часы так адважна і ярка можна было і думаць, і пісаць. Пасьля той кніжыцы я зразумеў: няма ніякага іншага часу, акрамя таго, які ты выбераш сам для сябе. Уладзімер Конан выбраў сабе час духу, у якім ён усе гады сьпеліў любоў да мысьленьня, Айчыны і Бога. І ён застанецца ў гэтым часе навечна».
У 1987 Уладзімер Конан стаў удзельнікам першага «круглага стала» пра сталінізм у беларускім дзяржаўным друку (іншы тады толькі нараджаўся, «Звязда», 12 сьнежня 1987). Узгадвае дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, які тады працаваў у газэце:
Я запрасіў у рэдакцыю трох вязьняў ГУЛАГу, аднаго філёзафа-сталініста і Ўладзімера Конана. Яго ўдзел і выказваньні аказаліся самымі радыкальнымі — у сэнсе, найбольш дакладнымі ў ацэнках і вызначэньні кантэксту, чым нават былых сталінскіх ахвяраў. Ён гаварыў бязьлітасныя рэчы пра яшчэ нядаўна амаль сьвятыя паняцьці — і гаварыў са звычайнай інтанацыяй, амаль усьмешкай, як гавораць пра даўно вядомае, што не падлягае сумненьню, аспрэчваньню, інтэрпрэтацыі. Гэты спакой і ўпэўненасьць грунтаваліся на гранітным падмурку ведаў і веры. Як і Васіль Быкаў, ён узвышаўся над сучаснасьцю і задаваў ёй гістарычныя каардынаты.
Ён шмат дапамог мне з падрыхтоўкай досьледаў пра сталінскую дыктатуру ў Беларусі. У шматгадовай палеміцы, якую часам даводзілася весьці з акадэмікамі — прыхільнікамі вэгетарыянскай вэрсіі падзеяў, мне патрабавалася дапамога, і ён знаходзіў аргумэнты і цытаты, які зрывалі покрыў зь мінулага як зрываюць прысохлы бінт з раны.
Яго шчымліва доўга ня будзе хапаць. Яго сьвятло будзе доўга сьвяціць.
Разьвітаньне з Уладзімерам Конанам і пахаваньне адбудзецца 8 чэрвеня.