Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Тарас


Віталь Тарас
Віталь Тарас
У ноч на 18 студзеня пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр вядомы беларускі публіцыст, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў, былы супрацоўнік Радыё Свабода Віталь Тарас. 6 траўня яму было б 55 гадоў.

Ён нарадзіўся ў сям’і патомных менскіх інтэлігентаў. Бацька Валянцін быў паэтам, перакладчыкам, публіцыстам, маці Рэгіна доўгі час працавала на тэлебачаньні, дзед Яфім пакінуў сьлед у беларускім мастацтве. Выбар прафэсіі, жыцьцёвых прынцыпаў і грамадзкіх перакананьняў для Віталя быў абумоўлены радзінным выхаваньнем і традыцыямі. Прыгадвае сакурсьнік па факультэце журналістыкі і сябар па жыцьці Сяргей Дубавец.

Сяргей Дубавец
"Для мяне Віталь быў узорам сябра, узорам прафэсіянала. Калі я да каго хацеў быць падобны ў прафэсіі, дык гэта да яго. Ну і ўвогуле — гэта быў адзін з самых лепшых людзей, якіх я ведаў. Трэба сказаць, што Віталь быў маім хросным сынам, таму гэта страта для мяне асабістая".

Віталь Тарас пэўны час працаваў на Беларускім тэлебачаньні, у газэтах "Літаратура і мастацтва", "Культура", расейскай "Общей газете", у беларускай службе Радыё Свабода. Пасьля вяртаньня з Прагі ў Менск супрацоўнічаў з тыднёвікам "Наша Ніва". Гаворыць шэф-рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Дынько:

"Віталь Тарас быў узорам прынцыповасьці. Як толькі зьявілася магчымасьць, ён сьмела выбраў працу ў незалежных СМІ. Пасьля ён зробіць яшчэ адзін прынцыповы выбар — ён вернецца ў Беларусь і пяройдзе да супрацоўніцтва з "Нашай Нівай" і з падпольнымі выданьнямі. Гэта давала малыя грошы, а падпольныя выданьні былі рызыкай, і тым ня менш ён лічыў, што ў гэтай сытуацыі, якая ёсьць, ён павінен гэта рабіць. Гэта быў унікальны публіцыст са стылем, які немагчыма зь нічыім зблытаць. Сьветлая памяць!"

Выбраныя публікацыі склалі дзьве кнігі. "Звыклае зло" выйшла ў 2006-м, а "Хроніку бягучых падзей" Віталь выпусьціў у лютым 2010 году, прысьвяціўшы яе памяці бацькі.

Апошнія два з паловай гады ён жыў з дыягназам-прысудам, але гэта яго не зламала. Распавядае сябар, бард і журналіст Зьміцер Бартосік:

Віталь Тарас і Зьміцер Бартосік
"Ён жыў абсалютна поўным жыцьцём, поўным у творчасьці, поўным у быце. Мы часта зьбіраліся, мы размаўлялі, мы сьмяяліся, мы сьпявалі. Ён быў вельмі неабыякавы да ўсяго, асабліва што тычыцца будучыні Беларусі. Ён ніколі не дазваляў сабе ныць, адчайвацца".

Жонка Віталя Тараса Алена прыгадала, як калісьці, калі ён ехаў на працу ў Прагу ў рэдакцыю беларускай службы Радыё Свабода, калегі падарылі яму саламяны капялюш і лапці як сымбаль хуткага вяртаньня на радзіму.

"І ён вярнуўся, і капялюш на летніцы на Лысай гары вісіць, і ў лапцях трошачкі дзірачкі ёсьць, але не ўдалося ім знасіцца — жыцьцё кароткае атрымалася ў Віталя".

Разьвітаньне зь Віталём Тарасам пачнецца 19 студзеня апоўдні дома на вуліцы Чырвонай, 3-22. Пахаваюць яго на Паўночных могілках сталіцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG