Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Агітацыя – мэханізм, які павінен паказаць Захаду прагрэс на выбарах”


Пра розныя аспэкты новага этапу выбарчай кампаніі ў ранішнім эфіры "Свабоды" гутарым з карэспандэнтам нашага радыё Валерам Каліноўскім.

Ганна Соўсь
: Валер, калі кампанія па збору подпісаў прайшла пры вельмі лібэральным стаўленьні ўладаў (пікеты адбываліся ў цэнтры гораду, ніхто не замінаў усталёўваць выбарчыя намёты, праводзіць мітынгі-канцэрты), то да вызначэньняў месцаў агітацыі і сустрэчаў з выбарнікамі ўлады паставіліся больш жорстка (выдзеленыя аддаленыя ад цэнтру месцы)? Як вы мяркуеце, чаму?

Агітацыя, як і збор подпісаў, – гэта той мэханізм, які для ўладаў павінен паказаць у вачах Захаду нейкі прагрэс на выбарах, гэта ўвойдзе ў выніковыя справаздачы назіральнікаў у якасьці пазытыву, а вось што да датэрміновага галасаваньня і падліку галасоў, то тут відаць, лібэралізацыі чакаць не варта.
Валер Каліноўскі
: Тут ясна адно: была такая каманда, без каманды ў Беларусі нічога не робіцца. Але магчыма і новая каманда. Тут трэба згадаць, што на пачатку збору подпісаў улады, асабліва рэгіёнах, таксама не пускалі апазыцыйных актывістаў на людныя месцы. Таму я думаю, што і цяпер неяк пад маральным ціскам Захаду і назіральнікаў АБСЭ ўлады дазволяць апазыцыйным кандыдатам правесьці больш-менш якасную агітацыйную кампанію, каб тыя асабліва не скардзіліся. Палаца Рэспублікі не дадуць, зразумела, на Ўсебеларускі сход, як таго дамагаецца Яраслаў Рамачук, іх ня пусьцяць, але залі прадставяць і агітацыйныя пікеты апазыцыйных кандыдатаў з цэнтраў гарадоў выганяць не будуць. Агітацыя, як і збор подпісаў, – гэта той мэханізм, які для ўладаў павінен паказаць у вачах Захаду нейкі прагрэс на выбарах, гэта ўвойдзе ў выніковыя справаздачы назіральнікаў у якасьці пазытыву, а вось што да датэрміновага галасаваньня і падліку галасоў, то тут відаць, лібэралізацыі чакаць не варта. А гэта самае важнае.

Соўсь: Вы асьвятлялі многія выбарчыя кампаніі. Давайце, абапіраючыся на ваш досьвед, параўнаем папярэднія агітацыйныя выбарчыя кампаніі і гэтую, якая пачалася. Што зьмянілася акрамя колькасьці кандыдатаў?

Для апазыцыйных кандыдатаў супернік менавіта Лукашэнка, і многія публічна настойваюць на такіх дэбатах зь ім. Але, як выглядае, разумеюць і тое, што Лукашэнка на дэбаты ня пойдзе, ён абраў ранейшую тактыку – дзейнічае не як кандыдат, а як дзейны, прычым пажыцьцёвы і непадкантрольны прэзыдэнт.
Каліноўскі:
Агулам, калі раней улады нават не імітавалі нейкія працэдуры, дзейнічалі жорстка, арыштоўвалі сотнямі актывістаў штабоў апазыцыйных кандыдатаў, канфіскоўвалі друкаваную прадукцыю, не давалі правесьці сустрэчы, што называецца “больш трох” без санкцыі мясцовага выканкаму, то цяпер не арыштоўваюць нават калі дэманстранты на Дзень салідарнасьці ідуць да адміністрацыі Лукашэнкі. Так што лібэралізацыя тут навідавоку, але гэта як у казцы пра Абрама, рабіна і казла: калі ў хаце цесна – пусьціце ў яе яшчэ казла, як выганіце яго – адразу адчуеце лібэралізацыю. Гэта ўсё-такі лепш, чым жорсткія сцэнары мінулых выбарчых кампаній... Але пакуль што пачаўся толькі першы дзень агітацыі, каб параўнаць зь мінулымі кампаніямі, трэба яшчэ пачакаць.

Соўсь:
Як экспэрты ацэньваць магчымасьці доступу да СМІ кандыдатаў на прэзыдэнты ў гэтую кампанію?

Каліноўскі: Што да доступу кандыдатаў да афіцыйных СМІ, то яны традыцыйныя, фактычна мінімальныя – па два выступы і па адной публікацыі, хіба што гэтыя выступы зрабілі ў больш зручны час ды дадаліся тэледэбаты і зьявілася магчымасьць платных рэклямных ролікаў на дзяржаўным тэлебачаньні. Недзяржаўных друкаваных СМІ ў Беларусі ў прынцыпе застаецца мала, затое за мінулыя 5 гадоў істотна вырасьлі аўдыторыя і ўплыў інтэрнэт-рэсурсаў, якія кандыдаты цяпер актыўна засвойваюць.

Соўсь: Вы гутарылі з многімі кандыдатамі на прэзыдэнта. Як яны ставяцца да таго, што Аляксандар Лукашэнка праігнараваў выдачу пасьведчаньняў аб рэгістрацыі? Ці разьлічваюць яны, што Аляксандар Лукашэнка пагодзіцца на тэледэбаты ў жывым эфіры?

Каліноўскі: Апазыцыйныя кандыдаты рэагуюць на гэта так: гэта ягоная справа, не хоча ён бачыць апазыцыянэраў – ну і не трэба. А вось у дэбатах з Лукашэнкам многія хацелі б паўдзельнічаць, тым больш у наўпроставым эфіры, без яго дэбаты проста страчваюць сэнс. Для апазыцыйных кандыдатаў супернік менавіта Лукашэнка, і многія публічна настойваюць на такіх дэбатах зь ім. Але, як выглядае, разумеюць і тое, што Лукашэнка на дэбаты ня пойдзе, ён абраў ранейшую тактыку – дзейнічае не як кандыдат, а як дзейны, прычым пажыцьцёвы і непадкантрольны прэзыдэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG