На вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак павялічваецца колькасьць афіцыйнай перадвыбарчай агітацыі. Практычна ўсе расьцяжкі, плякаты, білборды аформленыя па-расейску. Беларуская мова ігнаруецца.
ГОМЕЛЬШЧЫНА
Уся вулічная агітацыя — чырвона-зялёная і на чужой мове
У Гомелі ўвасобленая ў чырвона-зялёных плякатах і вулічных расьцяжках перадвыбарчая наглядная агітацыя — спрэс па-расейску.
Гомельскі журналіст і пісьменьнік Анатоль Бароўскі: «Усе плякаты пра выбары прэзыдэнта — усё па-руску. Як быццам да нас прыслалі рускага, а Беларусь тут ні пры чым. Гэта, як кажуць, б’е ў вочы, б’е ў мазгі, б’е ў сэрца. Як так можна? Выбары прэзыдэнта беларускага, але на чужой мове. Мяне гэта шакуе: як быццам адмаўляемся ад беларушчыны, а адначасова крычым за Беларусь».
Актывіст кампаніі «За свабодныя выбары» Анатоль Паплаўны заўважае, што на папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаніях хоць нейкая частка нагляднай агітацыі, якую вывешвалі мясцовыя ўлады й выбарчыя камісіі, была па-беларуску. Зараз такога не відаць:
«Кідаецца ў вочы менавіта гэтая перадвыбарчая інфармацыя на расейскай мове. Раней, на былых кампаніях, можна было бачыць інфармацыю й на беларускай мове. Цяпер я не заўважаю ў горадзе, каб былі плякаты, расьцяжкі на беларускай мове — толькі па-расейску. А выбары ж беларускія, беларускага прэзыдэнта. Таму я лічу, што перадвыбарчая агітацыя павінна быць на беларускай мове — мове тытульнай нацыі. Усё ж такі абіраем беларускага прэзыдэнта, а не расейскага».
Нічым асабліва не адрозьніваецца ад гомельскай і наглядная агітацыя ў Рэчыцы. Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Валер Пуціцкі, які жыве ў Рэчыцы, апавёў, што ў горадзе ўбачыў толькі адзін узор перадвыбарчага пляката па-беларуску, і то на прыватнай краме:
«99 адсоткаў усёй рэклямы пра выбары — на расейскай мове. Сёньня я ішоў па горадзе і заўважыў на прыватнай краме толькі адзін узор пляката на беларускай мове. Усё астатняе, што выраблялася тут выканкамам — велічэзныя стэнды, плякаты — усё на расейскай мове. Нават не бярэцца пад увагу тое, што паводле перапісу насельніцтва большасьць жыхароў Беларусі валодаюць беларускай мовай і лічаць яе роднай. Улады паводзяць сябе так, што яны не паважаюць родную мову большасьці жыхароў краіны».
МАГІЛЁЎШЧЫНА
Мова вулічнай агітацыі — звыкла расейская
На Магілёўшчыне афіцыйная мова перадвыбарчай агітацыі звыкла расейская. Бальшыня абвестак — на расейскай мове. Матэрыялы выбарчай тэматыкі ў афіцыйнай прэсе таксама расейскамоўныя. Чаму?
Каб пераканацца, што беларускае слова ў агітацыйных абвестках дыскрымінуецца, вялікіх намаганьняў ня трэба. Даволі прайсьці цэнтральнымі вуліцамі абласнога цэнтру. Ля гарвыканкаму — банэр. На ім контуры Беларусі з буслом, які ляціць на захад. Надпіс расейскамоўны. Вось і думаеш пра бусла: мо ад расейскага эмігруе?
«Ну а дзе гэта забаронена, што на расейскай мове нельга? Гэта ідэолягам пытаньне, а не ў камісію. Нідзе ж не ўказана, што на беларускай мове неабходна. Усе дакумэнты, якія рыхтуюцца на беларускай мове, камісія рыхтуе. Ну, я люблю беларускую мову. Завострым увагу гэтых самых ідэолягаў, няхай рыхтуюць і на беларускай мове», — апраўдваецца сакратарка абласной выбарчай камісіі Людміла Макаранка.
Не адстаюць ад вулічнага панаваньня расейскамоўнай агітацыі і афіцыйныя выданьні. Рэдактар газэты Магілёўскага гарвыканкаму «Весьнік Магілёва» Васіль Навічонак без эківокаў прызнаецца:
«Над гэтым дужа не задумваліся, на якой мове даваць. У краіне дзьвюхмоўе. Магчыма і на расейскай, і на беларускай друкаваць. У нас і напісана, што газэта друкуецца ў залежнасьці ад арыгіналу».
Няма месца беларускаму слову і ў газэце аблвыканкаму «Магілёўскія ведамасьці»:
Тыя, хто піша на беларускай мове — а журналісты такія ёсьць — яны пішуць неяк нецікава.
Незалежны магілёўскі журналіст Генадзь Суднік гэтак тлумачыць панаваньне расейскамоўя ў перадвыбарчай агітацыі:
«Ніякай мясцовай адказнасьці за гэтую кампанію няма. Няма загаду з Магілёва: „Надрукуйце дзьвесьце абвестак, і вось вам узор“. І калі б там было напісана па-беларуску, то зразумела, што яны б гэта не перакладалі назад. Яны проста ня думаюць, што гэта існуе як фрагмэнт жыцьця беларускага, на які яны б маглі рэагаваць».
Расейскамоўная расьцяжка на галоўнай плошчы Магілёўва падказвае прыежджым, якой падзеяй жыве Беларусь. Яе штодня бачыць ініцыятар распрацоўкі «Комплекснага пляну папулярызацыі беларускай мовы ў рэгіёне» старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік. Перапісаць на беларускую мову не загадвае.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Плякаты па-беларуску — дробныя й не навідавоку
На Гарадзеншчыне ўлады рэклямуюць выбары прэзыдэнта збольшага невялікімі плякатамі, якія папросту вывешваюць у вокнах крамаў і дзяржаўных устаноў. Пераважная большасьць зь іх на беларускай мове, але, на думку выбарцаў, іх вельмі мала.
Нават на цэнтральных вуліцах Горадні можна толькі дзе-нідзе ўбачыць на вокнах крамаў альбо дзяржаўных устаноў бляклыя плякацікі, на якіх напісана, што выбары прэзыдэнта адбудуцца 19 сьнежня.
Адзін з гарадзенцаў заўважае, што мясцовым ідэолягам варта зьезьдзіць у суседнюю Польшчу ці Літву і там павучыцца, як рабіць рэклямныя плякаты на выбары і дзе іх вывешваць.
Спадар: «Усё тлумачыцца вельмі проста: чым меней увагі насельніцтва прыцягваецца да выбарчай кампаніі, тым гэта выгадней уладам. Усё вядзецца ў зьвязку, і нават тое, што большасьць гэтых плякацікаў па-беларуску, то, магчыма, дзеля таго, каб выбіць глебу з-пад асобных кандыдатаў. Але асноўнае — гэтай інфармацыі замала».
У мястэчку Лунна Мастоўскага раёну рэклямныя плякаты, як зазвычай, на сельсавеце і краме. Сёлета яны толькі на беларускай мове. Але мясцовы актывіст кажа, што людзі глядзяць тэлебачаньне, слухаюць радыё — а там толькі адзін кандыдат.
Спадар: «Я думаю, яны над тым, на якой мове выпускаць, асабліва не задумваліся. От, зрабілі, да прыкладу, грошы па-беларуску — і ніхто іх цяпер не перарабляе, ідэолягі не перапрацоўвалі».
У Слоніме таксама сытуацыя падобная. Адзін з актывістаў распавядае, што вялікія білборды, дзе павінна была б вісець інфармацыя пра выбары, выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах. Вось што ён сказаў пра рэклямныя плякаты аб выбарах прэзыдэнта.
Спадар: «Мне здаецца, што плякаты зробленыя невыразна, яны ня кідаюцца ў вочы, не прыцягваюць увагі. Вядома, калі ўжо носам упрэсься, то павінен будзеш заўважыць».
У Лідзе сёлета да Дажынак усталявалі новыя білборды, але рэкляма як вісела пра дажынкі, так і засталася дагэтуль. Пра выбары, са слоў мясцовага актывіста, можна даведацца толькі тады, калі ідзеш у краму па хлеб.
Спадар: «Сьціплая рэкляма, пакуль вельмі сьціплая. От, людзі паміж сабой нешта гавораць, але наагул выбарчай атмасфэры не адчуваецца».