Як адзначаецца ў абгрунтаваньні такога рашэньня, неабходнасьць ліцэнзаваньня абумоўлена высокімі транспартнымі затратамі дрэваапрацоўчых заводаў на экспартныя пастаўкі, што ўплывае на канчатковую цану, і адпаведна не дазваляе «эфэктыўна выкарыстоўваць» вытворчыя магутнасьці ўласных прадпрыемстваў, зьніжае адлічэньні ў дзяржаўны бюджэт і стрымлівае павелічэньне заробкаў у галіне.
Абмежаваньне прапануюць увесьці на шэсьць месяцаў на прадукцыю, якую вырабляюць за межамі Эўразійскага эканамічнага саюзу. Гэта, паводле канцэрну, дазволіць павялічыць даходы дзяржаўнага бюджэту арыентавана на 31,5 тысяч рублёў, павялічыць выпуск айчыннай прадукцыі і падтрымаць беларускіх вытворцаў.
У пералік прадукцыі прапанавалі ўключыць драўляныя пліты трох тыпаў, вокны, бальконныя дзьверы, рамы, падлогавыя панэлі, паперу, картон, мяшкі і пакеты з паперы, мэблю, запалкі, насоўкі, туалетную паперу, папяровыя ручнікі, абрусы і сурвэткі.
Грамадзкае абмеркаваньне завершыцца 30 лістапада, а пасьля дакумэнт разгледзіць урад. Ліцэнзіі на ўвоз імпартнай прадукцыі з паперы будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
Пасьля ўвядзеньне міжнародных санкцый супраць Беларусі за разгон акцый пратэсту, фальсыфікацыю вынікаў выбараў прэзыдэнта і пазьней за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны, беларускія вытворцы сталі губляць традыцыйныя рынку збыту сваёй прадукцыі або мяняць лягістыку, што прывяло да павелічэньня цаны і зьніжэньня канкурэнтаздольнасьці тавараў на замежным рынку.
Раней урад Беларусі ўводзіў ліцэнзаваньне на імпарт гатовай скуры са шкур буйной рагатай жывёлы, а таксама на вываз з краіны шэрагу сельскагаспадарчай прадукцыі.
Форум