Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячыя страхі — дарослыя жахі


7 кастрычніка кіраўнік Свабоднага тэатру і бацька дваіх дзяцей Мікалай Халезін зьмясьціў у сваім блогу жорсткі тэкст, у якім назваў настаўнікаў «прыстасаванцамі, баязьліўцамі і нягоднікамі». Па словах Мікалая Халезіна, «краіна незваротна заглыбляецца ў алькагольны дурман і псыхічныя захворваньні. І віной таму яны, нашыя настаўнікі, якія пакорліва ўвайшлі ў выбарчыя камісіі і ініцыятыўныя групы, і якія выконваюць усе прыхамаці цяперашняй улады, прыкрыўшыся фразай: «Калі мяне звольняць, чым я буду карміць сваіх дзяцей?..»

Ацэнка сп. Халезіна падаецца мне залішне жорсткай, а ягоныя высновы — правакацыйнымі. Аднак немагчыма не пагадзіцца, што настаўніцтва даўно стала негалосным войскам, а самі настаўнікі — салдатамі, якія без развагаў выконваюць загады, стаяць на варце дзяржаўнай ідэалёгіі і лічаць дні да выслужаных гадоў. Праўда, прычына абраньня такой долі зусім іншая, адрозная ад жаданьня са зброяй у руках бараніць сваю Радзіму. Гэтымі людзьмі кіруе страх.



Страхі дапамагаюць дзіцяці адаптавацца да рэчаіснасьці


Між тым, страхі ўласьцівыя чалавеку на ўсіх этапах жыцьця. Дзіцячыя страхі могуць выглядаць нават забаўна.

Хлопчык: «Я вельмі баюся бандытаў. Бандытаў безь пісталетаў не баюся, але зь пісталетамі баюся. Зь пісталетамі ня бачыў, але бачыў нейкіх шпіёнаў тайных — два разы. Я выходзіў з аўтобуса і пайшоў дахаты, але азірнуўся на аўтобус, а там у вадзіцеля вус адклеіўся! А другі раз бачыў вельмі дзіўнага шпіёна, вельмі-вельмі дзіўнага! Гэта быў мужчына, пераапрануты ў жанчыну!»

Бандытаў безь пісталетаў не баюся, але зь пісталетамі баюся.
Але маленькія дзеткі бываюць найбольш бездапаможнымі перад сваімі страхамі і залежнымі ад дарослых. У такіх сытуацыях першымі заўважаюць небясьпеку мамы. Вось што распавяла Натальля, якая гадуе шасьцігадовага сыночка:

Натальля: «Што мяне ўсхвалявала — што ён пачаў баяцца спаць адзін. У прынцыпе, раней гэта не заўважалася, таму што раней ён спаў у адным пакоі з бабуляй і быў звыклы да таго, што заўсёды ў пакоі зь ім побач хто-небудзь ёсьць. А калі ён пайшоў у школу, яго адсялілі ў асобны пакой, і цяпер ён, па-першае, і засынае зь цяжкасьцю, і пасярод ночы, калі ён прачынаецца і разумее, што ён адзін у пакоі, тут жа бяжыць да нас, да бацькоў, каб ня быць аднаму.

Калі я стала распытваць, што і як, выявілася, што гэта нейкія страхі: ён баіцца, што будзе згублены, і яго ня знойдуць. Але гэта ўжо, у прынцыпе, другі страх, які ў яго зьявіўся. Самы першы — гэта было яшчэ некалькі год таму — ён пачаў баяцца нейкіх прывідаў ці нечага такога. Наколькі я разумею, ён калісьці ўбачыў нейкую праграму па тэлевізары».

У спадарыні Алены трое дзяцей і добры досьвед у барацьбе зь дзіцячымі страхамі:

Алена: «Кожнае дзіця ў мяне абсалютна не падобнае да астатніх. І калі старэйшы дзесьці і цемры баяўся, то, напрыклад, малодшы адпраўляецца ўночы падарожнічаць па кватэры, і абсалютна нічога яго не хвалюе. Але затое ён баіцца больш, што мама чарговы раз куды-небудзь уцячэ і пакіне яго зь нянькай. У нас за нянек бабулі, і ён вельмі пільна сочыць, калі бабуля пераступае парог. Ён тады адразу адсочвае, ці не пайшла мама апранацца».

Адзначым цікавы момант: таты амаль ніколі не былі крыніцай інфармацыі пра страхі сваіх дзяцей. Толькі на пачатку ХХІ стагодзьдзя аўстралійскія дасьледчыцы Мэрылін Кэмпбэл і Лінда Гілмор зьвярнулі ўвагу на тое, што дасьледаваньні страхаў амаль цалкам грунтуюцца на дадзеных, атрыманых ад маці. Гэтае дасьледаваньне таксама засьведчыла, што таты самі баяцца выяўляць сябе як бацькоў дзяцей з псыхаэмацыйнымі праблемамі і амаль не знаходзяць часу на тое, каб наведаць разам зь дзіцём рэабілітацыйныя заняткі. Аднак гэтае ж дасьледаваньне пацьвердзіла, што дадзеныя ад маці і ад бацькі кардынальна розьняцца і нават уваходзяць у супярэчнасьць. Інфармацыя, атрыманая ад татаў, дазваляе яшчэ лепш зразумець прыроду канкрэтнага дзіцячага страху і зрабіць працэс яго пераадоленьня больш эфэктыўным.

Колькі разоў адпаведны страх называўся ў адказ на пытаньне: «Што вас палохае» (апытана 220 сем’яў).

КатэгорыяКолькасьць згадак
БацькаДзеціМаці
1Бясьпека10486110
2Жывёлы388126
3Рана / сьмерць у дачыненьні да сябе самога183921
4Грамадзкае прызнаньне873678
5Монстры142613
6Зьнешнасьць422255
7Нападнікі71915
8Цялесныя пашкоджаньні / сьмерць у дачыненьні да іншых6178
9Усясьветныя падзеі121410
10Прыродныя катастрофы121011


Самі палохаеце дзіця? Вырасьце баязьлівец і нягоднік!


Але спадарыня Алена адзначае і важную асаблівасьць, якая, на жаль, дагэтуль уласьцівая беларускаму выхаваньню дзяцей:

«Часам гэта мацнейшае за нас, і мы выцягваем з падсьвядомасьці нейкія фразы. Яны проста вырываюцца самі. Потым, заднім днём, разумееш, што гэтым можаш прынесьці дзецям шкоду. Але, як кажуць, слова не верабей, таму, у прынцыпе, гэтыя страхі жывучыя ўсё ж такі. З пакаленьня ў пакаленьне яны будуць перадавацца. Тым больш, што і незнаёмыя людзі пры сустрэчы зь дзіцём, якое капрызьнічае і ня слухаецца бацькоў, таксама спрабуюць дапамагчы разгубленай маме такім чынам, каб напалохаць: маўляў, „забяру“ альбо яшчэ нешта такога кшталту. Дзеці гэтага рэальна баяцца, і вось, калі бачыш гэты рэальны страх дзіцячы, то пачынаеш задумвацца, што кожнае слова мае значэньне».

Псыхолягі-практыкі маюць свой погляд на дзіцячыя страхі. Вось што распавядае Сьвятлана Дзядова, псыхоляг, псыхатэрапэўт сямейнага цэнтру Юліі Гусакоўскай-Старавойтавай:

Дзядова: «Бацькоў сапраўды непакояць страхі дзяцей, але справа ў тым, што часта страхі дзяцей правакуюцца самімі бацькамі. Досыць часта бацькі могуць запалохваць дзяцей, асабліва маленькіх. Часам адбываюцца такія рэчы, калі дзіця, магчыма, чагосьці трохі напалохалася, але яно магло б пра гэта хутка забыцца. Але бацькі, бывае, палохаюцца больш за дзяцей, і ў дзіцяці гэты страх замацоўваецца і робіцца больш устойлівым. Часта ў дзяцей узьнікаюць страхі, калі бацькі самі дастаткова трывожныя: яны хвалююцца — „а вось туды ня выйдзі“, „там сабака вялікі“, „там высока“, і ўсё гэта перадаецца дзецям».

Чаго баяцца бацькі
Леташнія дасьледаваньні ў Расеі (ВЦИОМ) сьведчаць, што 45% бацькоў баяцца наркаманіі і алькагалізму дзяцей і адпаведна лічаць, што найбольшую небясьпеку для дзяцей ствараюць наркадылеры, наркаманы, пэдафілы і іншыя вычварэнцы; 30% дарослых лічаць, што найбольшая пагроза сыходзіць ад аднагодкаў.

Беларуская выспа стабільнасьці, аточаная страхам


У Злучаных Штатах Амэрыкі ўжо некалькі дзясяткаў гадоў праводзіцца маштабнае дасьледаваньне трывогаў дзяцей і падлеткаў, на падставе якога складаецца шкала страхаў. Вынікі гэтага дасьледаваньня выкарыстоўваюцца афіцыйнымі дзяржаўнымі ўстановамі. Напрыклад, у апошнія гады яно зафіксавала яшчэ 20 новых відаў трывожных станаў. Сярод іх — боязь тэрарыстычнага нападу, удзелу ў вайсковых дзеяньнях, стрэлу з аўтамабіля, недасканалай фігуры.

Страх перад люстэркам.
Дэпартамэнт здароўя ЗША паведамляе, што 80% дзяўчатак 6-9 гадоў маюць нэгатыўныя перажываньні, зьвязаныя са сваёй фігурай, і адзначаюць вялікую ўвагу аднаклясьнікаў і сяброў да гэтай тэмы. Хлопчыкі-падлеткі перажываюць з прычыны недастаткова спартыўнай фігуры і вераць, што сіла цягліц і велічыня ахопу грудзей важнейшая, чым эрудыцыя, здольнасьць спачуваць і эмацыйная ўстойлівасьць.

А гэта адказ сямейнага і дзіцячага псыхоляга, дасьледчыцы Надзеі Марозавай на пытаньне, ці маюць такія трывогі беларускія дзеці:

Марозава: «У маёй практыцы рэдка сустракаюцца выпадкі, калі дзіцячыя страхі маюць сацыяльна прадыктаваны аспэкт. Большасьць дзяцей баіцца хадзіць па цёмных вуліцах, дый дарослыя часта баяцца самі хадзіць. Хутчэй гэта страх нападу з боку падлеткаў альбо дарослых нападпітку. Але ў старэйшых падлеткаў могуць быць размовы пра канец сьвету, асабліва калі яны знаходзяцца ў нейкіх групоўках, зьвязаных з фэномэнам сьмерці альбо нават гісторыяй розных падзеяў. Але як раней баяліся вайны ці падобнага, то на дадзены момант дзеці не баяцца нейкіх глябальных падзеяў, усясьветных».

Надзея Марозава разважае наконт думкі пра тое, ці сапраўды беларусаў можна назваць «нацыяй баязьліўцаў»:

Марозава: «Беларускае перажываньне „абы не было вайны, няхай будзе па-рознаму, але толькі б не было вайны“, яно, вядома, уплывае. Таму што беларусы, паводле свайго нейкага тэмпэрамэнту, больш спакойныя, неагрэсіўныя, нейкія інэртныя, магчыма. Гэта ўплывае і на агульнае ўспрыманьне беларусаў, і на тое, як яны выхоўваюць дзяцей».

А вось страх вайны быў уласьцівы беларускім дзецям яшчэ пакаленьне таму:

Алена: «Я памятаю, што некалькі гадоў мяне хвалявалі ядзерныя бамбардзіроўкі, я сачыла за ўсімі мараторыямі Гарбачова-Рэйгана. І мае бацькі, у прынцыпе, пра гэта ня ведалі, бо я падазравала, што мяне няправільна зразумеюць. Я хавала гэты свой страх, змагалася зь ім асабіста. І мая маці, можа, і па сёньняшні дзень ня ведае, што ў мяне была такая праблема. Яна думала, што ў мяне проста баліць жывот».

Безумоўна, добра, што нашыя дзеці, дый мы самі, не баімся такіх сапраўды страшных зьяваў, зь якімі сутыкаюцца людзі ў іншых частках сьвету. Аднак менавіта ізаляванасьць ад усясьветных падзеяў трымае страхі нашага грамадзтва на ўзроўні «монстраў пад ложкам».

Зямля зьнікне?
Habitat Heroes — першая глябальная інтэрнэт-сетка, якая яднае дзяцей з «экалягічным» сьветапоглядам — ініцыявала сацапытаньне ў ЗША. Паводле ягоных вынікаў, кожнае трэцяе дзіця ва ўзросьце з 6 да 11 гадоў баіцца, што зямля ня будзе існаваць, калі яны вырастуць. І палова апытаных дзяцей перакананая, што экалягічныя ўмовы жыцьця на зямлі пагоршацца настолькі, што жыць на плянэце зробіцца вельмі цяжка.

Мы не атрымалі дапамогі ад старэйшага пакаленьня, якое дагэтуль жыве ў рэжыме «абы не было вайны», і мусім змагацца з гэтым страхам, які так старанна падтрымлівае ў нас дзяржаўная ідэалёгія.

Мы аддаем нашых дзяцей у рукі такіх жа баязьлівых і бяспраўных людзей, перакладаючы на іх свой страх, трывогу і адказнасьць за дзяцей.

Марозава: «На кансультацыю прыйшоў хлопчык амаль сямігадовага ўзросту, які зусім са мной не размаўляў. І калі мы пачалі маляваць малюнкі пра тое, якія страхі яго палохаюць, чаму ён не размаўляе, ён намаляваў сябе такім чалавечкам-робатам, у якога быў заклеены рот, былі вялікія вушы, у руках у яго былі пісталеты, бомбы, ногі таксама ў яго стралялі. Ён быў без адзеньня, з усімі прыкметамі полавых органаў. Вось гэта мяне неяк моцна зьдзівіла і выклікала вялікае спачуваньня да гэтага дзіцяці, якое зь нейкіх прычынаў само зрабілася такім маленькім робатам, які баіцца размаўляць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG