Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што судзілі Ларысу Геніюш


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.



Вагонзак, у якім Ларыса і Янка Геніюшы прыехалі на радзіму, на менскім вакзале сустрэлі ўзброеныя канваіры з сабакамі. Вольных месцаў у турме не было, і вязьні доўга сядзелі ў закратаваным вагоне. А калі варанок заехаў у двор сумнавядомай амэрыканкі, нядаўніх чэхаславацкіх грамадзянаў сустрэў сам начальнік турмы і дасьціпна, як яму здалося, пажартаваў: «Хорошо, что вы к нам без сына пожаловали».

Пацягнуліся бясконца доўгія дні і ночы зьняволеньня. На допытах сьледчыя задавалі Ларысе Геніюш пытаньні пра жыцьцё ў Празе, пра Беларускі камітэт самапомачы, пра старшыняў Рады БНР Васіля Захарку і Міколу Абрамчыка.

Аднойчы ўночы яе завялі ў кабінэт да тагачаснага міністра дзяржбясьпекі БССР Лаўрэнція Цанавы. Той, ведаючы, што паэтка адзінаццаць гадоў пражыла ў Празе, прапанаваў паклікаць чэскага перакладчыка. На што пачуў адказ: «Вам, як беларускаму міністру, належыць ведаць беларускую мову». Заўвага вывела Цанаву зь сябе, ён грукаў кулаком па стале, пырскаў сьлінай, патрабаваў аддаць архівы БНР.

На зьмену злосным і крыклівым гэбістам прыходзілі «добрыя і культурныя». Паэтцы запомніўся намесьнік Цанавы Новік, які добра размаўляў па-беларуску і цытаваў на памяць вершы з кнігі «Ад родных ніў».

Суд адбыўся 7 лютага 1949 году. Ён быў закрыты, без пракурора і адваката. Ларысу Геніюш прызналі вінаватай і асудзілі на 25 гадоў папраўча-працоўных лягераў (такі ж тэрмін атрымаў і Янка Геніюш). Абвінавачваньне грунтавалася на артыкулах 66 і 76 тагачаснага крымінальнага кодэксу БССР. Зазірнем у той кодэкс — якія злачынствы мусілі карацца паводле артыкула 66? Цытую на мове арыгіналу: «Оказание каким бы то ни было способом помощи той части международной буржуазии, которая, не признавая равноправия коммунистической системы, приходящей на смену капиталистической системы, стремится к её свержению»…

Абвінавачваньне і прысуд гучалі нават па тым часе бязглузда, бо паводле згаданага артыкула пакараньне магло наступіць у выглядзе «пазбаўленьня грамадзянства БССР і выгнаньня вінаватых за межы СССР». Судзьдзя, мабыць, пазычыў у сабакі вочы, калі зачытваў вырак гвалтоўна прывезеным з-за мяжы падсудным, якія ніколі не былі савецкімі грамадзянамі.

Суд мусіў яшчэ спаслацца на ўказ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 26 траўня 1947 году «Аб адмене сьмяротнага пакараньня». Не было б указу — Ларысу і Янку Геніюшаў маглі расстраляць…

У судовай справе Ларысы Антонаўны зьберагаецца фатакопія «Менскай газэты» ад 25 кастрычніка 1942 году, дзе былі надрукаваныя дзесяць вершаў паэткі. Літаратурная творчасьць у часы акупацыі таксама ставілася ёй у віну. Як тут не згадаць, што ў выдаваных пры немцах газэтах публікаваўся і чэскі паэт Яраслаў Сайфэрт, але яго ніхто ніколі за гэта не судзіў. Наадварот, прайшоў час, і ён быў уганараваны — на радасьць усім чэхам — Нобэлеўскай прэміяй.

Закідалася Ларысе Геніюш на судзе і яе супрацоўніцтва з газэтай «Раніца», якая падчас вайны выдавалася ў Бэрліне. Я ўважліва праглядзеў усе нумары гэтага выданьня і не знайшоў там аніводнага ўхвальнага слова фюрэру за подпісам Ларысы Геніюш, Чайкі ці Лясной Кветкі (апошнія два — псэўданімы паэткі, якімі яна зрэдку карысталася ў 40-я гады).

Ужо даўно «дапамога міжнароднай буржуазіі» перастала лічыцца ў Беларусі злачынствам. У крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь і блізка няма артыкулаў, падобных на тыя, па якіх судзілі Ларысу Геніюш. Аднак паэтка да гэтай пары застаецца не рэабілітаванай.

Для кагосьці ў сёньняшняй РБ яна — злачынец. Але для ўсё большай колькасьці беларусаў — вялікая паэтка і нацыянальная гераіня.

Лягерная кашуля Ларысы Геніюш. Беларускі музэй-бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лёндане.

Ларыса Геніюш. «Сяброўкі, сябры дарагія маі…»
Сяброўкі, сябры дарагія маі,
на жаль, лёс наш бывае ўсялякі.
За тое, што з вамі я, што у страі,
я долі выношу падзяку.

Упэўнена, цьвёрда стаю на нагах
ў сваёй адзіноце сягоньня.
Можа, зніжыўся крыльляў няспынных размах,
але сэрца маё не ў палоне.

Яно з вамі, зь лёсам роднай зямлі,
з тымі днямі на бацькавых межах,
з братамі, ў баёх што снапамі ляглі…
Маё сэрца народу належыць.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG