Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыя Геніюш?


Я люблю Дні нараджэньня, а тым больш юбіілеі. Гэта добрая нагода для ўсіх праявіць сябе з найлепшага боку – паказаць любоў і павагу, дараваць крыўды, прымірыцца. Гэтая кранальная традыцыя аднолькава важная як для асобнага чалавека, сям’і, супольнасьці, так і для цэлай краіны, якая таксама можа з’яднацца ў добрым пачуцьці да тых, каго сьвяткуе...

Інакш з Ларысай Геніюш. Соты год ад яе нараджэньня даў нагоду кожнаму беларусу ня толькі выказаць свае пачуцьці да яе асобы і творчасьці, але і сьцьвердзіць сябе. Ушанаваньне памяці паэткі адбывалася настолькі па-рознаму і так нязмушана, што не засталося сумненьняў: Ларыса Геніюш ёсьць адной з самых любімых постацяў для ўсіх, каму дарагое беларускае слова. Нароўні з сапраўды заўважнымі падзеямі, як выданьне двухтамовіка, усталяваньне памятнай шыльды ў Зэльве, праведзены ПЭН-цэнтрам Конкурс маладых літаратараў імя Геніюш, адбыліся і адбываюцца дзесяткі не такіх гучных, але ня менш значных і, што галоўнае, чыстасардэчных імпрэзаў і падзеяў... Але ў гэты год асабліва востра адчуваецца і тое, як даўно і непапраўна няма сярод нас Геніюш; як сьмерць, ня толькі біялягічная, але і так бы мовіць “канцэптуальная” адбірае ў яе права на свой голас. І як усё часьцей гэты голас выкарыстоўваецца іншымі людзьмі для сьцьвярджэння часам абсалютна супрацьлеглых інтарэсаў.

Так, востра вядуцца спрэчкі наконт таго, ці патрабаваць рэабілітацыі паэткі. Прыхільнікі і супраціўнікі рэабілітацыі прыводзяць шэраг вельмі абгрунтаваных аргумэнтаў, апэлюючы пры гэтым да спадчыны самой Ларысы Геніюш. Цікава тое, што як адны, так і другія знаходзяць у ёй пацьверджаньне менавіта свайго меркаваньня. За кожным з корпусаў гэтых аргумэнтаў стаіць ня проста жаданьне гістарычнай справядлівасьці ў дачыненьні да канкрэтна ўзятай асобы, а ўласныя ўяўленьні пра этычныя нормы, законнасьць, дзяржавабудову, гісторыю. Маштаб постаці Геніюш цалкам забясьпечвае такую пэрспэктыву, але нам ужо ніколі не даведацца, што б яна сама сказала на ўсё гэта?

Асоба Ларысы Геніюш заўжды заставалася надзвычай чульлівым камэртонам адданасьці Радзіме, Беларусі, Незалежнасьці, Любові, Годнасьці, Веры. Аднак паступовая, і напэўна ж немінучая для нас “харугвізацыя” вобразу Геніюш вядзе да таго, што гэты тонкі, высокі гук зьмяняецца набатам тады, калі трэба вызначыць, свой ты ці чужы. Так, шыльда ў гонар памяці робіцца адзнакай прыняцьця ці адрынаньня не самой Геніюш, а таго, з чым хтосьці атаясамлівае яе імя. Адны ўсталёўваюць шыльду з імём паэткі для сьцьвярджэньня сваіх ідэалаў, другія – відаць, ня ведаючы ані радка з яе вершаў, але поўныя страху і пэўнасьці, што гэтае імя выяўляе сабою ўвесь варожы ім сьвет, зьдзіраюць яе, каб сьцьвердзіць сваё разуменьне ладу. Думаю, што Геніюш разагнала б і тых, і другіх той жа самай шыльдай...

Няўжо нам сапраўды застаецца толькі нэрвова назіраць, як жывы голас, шчырыя ўчынкі, бясхітрасныя эмоцыі выцясьняюцца добра стылізаваным апокрыфам, як цёплы твар робіцца шыльдай? Гэта непазьбежны, і напэўна гістарычна патрэбны і абгрунтаваны працэс, важнасьць усьведамленьня якога, аднак, не зьмяншае болю ад страты жывога чалавека.

У гэты юбілейны год усё больш людзей маюць сваю Геніюш. Цяпер, калі ўслухацца ў яе радкі, яшчэ ня так цяжка пачуць і яе голас – свой, твой, наш, незалежны …
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG