Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фарлян-белахвост і ўругвайскі Мазурка


Дыега Фарлян страляе па варотах Галяндыі. Праз сэкунду лік стане 1:1
Дыега Фарлян страляе па варотах Галяндыі. Праз сэкунду лік стане 1:1

Уругвайскі футбольны рэжысэр Оскар Вашынгтон Табарэс ня справіўся з дэдлайнам. Выканаўца галоўнай ролі — страйкер Дыега Фарлян — у вырашальны дзень зрабіў на пляцоўцы шмат, але здароўе не дазволіла своечасова скончыць працу над сіквэлам "Уругвай вяртаецца".

Уругвайцы — гэта каманда, якая падаравала афрыканскаму мундыялю адзін з найлепшых футбольных трылераў. Я маю на ўвазе чвэрцьфінал супраць Ганы. Уругвай — гэта каманда, якая ледзьве не зрабіла геніяльны камбэк у паўфінальным двубоі супраць заўчасна расслабленай Галяндыі. І вялікі дзякуй узбэцкаму арбітру Раўшану Ірматаву за тое, што накінуў крыху часу, каб уругвайцы змаглі арганізаваць апошнюю атаку. Галяндыя ўлякнула, але адбілася. Хто ведае, чым бы ўсё скончылася, калі б Фарлян пачуваў сябе лепей і дагуляў матч да канца — у той самай апошняй адчайнай атацы так не хапала яго сьветлага чуба і арлінага носа.

Галяндзкі брамнік Маартэн Стэкеленбург

Уругвайцы часам блыталі мяч і галовы супернікаў

Уругвайская зборная — гэта ў нейкім сэнсе футбольны пралетарыят з маленькай (усяго 3 зь нечым мільёны жыхароў) краіны на левым беразе Ля-Пляты. Яны прабіваліся на мундыяль праз стыкавыя матчы з Коста-Рыкай. Так, яны двухразовыя чэмпіёны сьвету, але як даўно тое было!

Са зборнай Галяндыі ўсё наадварот: Кубка сьвету яна не выйгравала ні разу, але сядзіць сярод футбольных арыстакратаў. У адборачным турніры да чэмпіянату сьвету памаранчавыя выйгралі 8 з 8-мі матчаў. У Паўднёвай Афрыцы Нідэрлянды першымі на мундыялі аформілі выхад з групы і перад нядзельным фіналам не губляюць стоадсоткавых паказчыкаў — ува ўсіх матчах зборная ван Марвійка перамагла.

Адзінае слабое месца зборнай Галяндыі — гэта пазыцыя цэнтральнага форварда. Ван Пэрсі ды Хунтэлаар малаэфэктыўныя — забілі толькі па адным-аднюткім голе. Пакуль увесь галеадорскі воз цягне дуэт лысых паўабаронцаў Снэйдэр — Рабэн (удвох збацалі 7 — большую палову ўсіх галяндзкіх мячоў у Паўднёвай Афрыцы).

А ўругвайцы згуляюць у матчы за 3-е месца ў суботу. Падлечыцца Фарлян, пасьля дыскваліфікацыі вернецца на поле калега-нападнік Суарэс — яго руку, якая спыніла мяч на апошніх сэкундах дадатковага часу ў чвэрцьфінале супраць Ганы, афрыканскія газэты назвалі "Рукой Д'ябла". У любым выпадку ўлады Ўругваю рыхтуюць грандыёзны прыём сваіх герояў на радзіме — пра гэта пісалі ўругвайскія газэты яшчэ напярэдадні паўфіналу. Колішнія чэмпіёны вярнулі сабе крыху даўнейшай славы.

Пасьля гэтага мундыялю мне неадольна захочацца калі-небудзь патрапіць ва Ўругвай. Схадзіць на стадыён "Сэнтэнарыё", дзе быў цалкам згуляны першы чэмпіянат сьвету па футболе. А таксама паспрабаваць знайсьці беларускія карані ў радаводзе аднаго з самых знакамітых брамнікаў мінулага стагодзьдзя — Ладыслао Мазуркевіча, сына эмігрантаў, якога ў родным Уругваі называлі "Мазурка"…

Трэці гол у вароты ўругвайскага брамніка Мусьлеры
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG