Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ не маёнтак, ужо не калгас


У Беларусі зарэгістравана каля 900 аграсядзібаў, якія ад пачатку году прынялі на адпачынак амаль 30 тысяч чалавек. Усе гэтыя сядзібы, што ствараюцца як турыстычныя аб’екты — недзяржаўныя. Шмат хто зь іх уладальнікаў адраджае і захоўвае ў сваіх гаспадарках нацыянальныя традыцыі гатаваньня ежы і арганізацыі вольнага часу.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Успамін пра закінуты рай

На Гомельшчыне ў Жыткавіцкім раёне — сем аграсядзібаў. Назвы іх: «Тураўскія легенды», «Закінуты рай», «Кола Струменя», «Азяранскі падворак».

Адным зь першых зарэгістраваў сваю сядзібу народны ўмелец, разьбяр па дрэве Аляксандар Масла зь вёскі Сяменча:

«Працуючы шмат дзе ў Беларусі на аздабленьні, я ўбачыў, што гэтая справа вартая ўвагі. Таму я вырашыў зрабіць аграсядзібу прыгожай, камфортнай, з палескімі матывамі, з разьбой».

Гаспадар кажа, што асаблівага прыбытку ад аграсядзібы пакуль ня мае, але як толькі дачка абароніць дыплём, адразу адчыніць кавярню, каб мець магчымасьць штодня прымаць турыстаў.

Знаходзіцца праца й жонцы. Яна да нядаўняга часу была ў школе выкладчыцай замежнай мовы — цяпер будзе стала камунікаваць з замежнымі турыстамі.

Як мяркуе гаспадар, падмурак закладзены, і гэта абавязкова дасьць свой плён у будучыні.

Прадпрымальнік з Калінкавіцкага раёну Сяргей Гарбар, які дабудоўвае аграсядзібу «Ліцьвін», ладзіць рыцарскія турніры, бо мае конскую фэрму. Ён жа прапануе агледзець стаянку першабытнага чалавека ў Юравічах і наведаць з экскурсіяй былы езуіцкі кляштар.

Апавядае жонка гаспадара, спадарыня Валянціна:

«Людзі мараць адпачыць, асабліва гарадзкія. У нас прадугледжаны конныя прагулкі, рыбалка, басэйн, саўна, більярд. Мы можам вас правесьці і ў манастыр, і на стаянку першабытнага чалавека. І ў нас тут будуецца музэй пад адкрытым небам — там, дзе маманта знайшлі».

Спадарыня Валянціна паведаміла, што на ўладкаваньне сядзібы яны ўзялі крэдыт у банку. Ладзяць аграсядзібу з такім разьлікам, каб яна сталася ў будучыні асновай жыцьця дзяцей і ўнукаў:

«У нас жа дзеці! Няхай будзе ім у спадчыну і няхай ужо самі робяць потым, што захочуць. Для душы! І людзям прыемнае зробяць — прырода тут такая. І самі ж хочам на прыродзе жыць».

ВІЦЕБШЧЫНА


Агратурызм пакуль разьвіваецца пераважна ў вясковых хатах

Сёлета на Віцебшчыне ахвотным разьвіваць агратурызм прапанавалі выкупіць 9 былых панскіх сядзібаў. Дзьве зь іх — у Пастаўскім раёне. Аднак мясцовы краязнаўца і прадпрымальнік у галіне агратурызму Міхась Гіль кажа, што гэта проста непад’ёмная задача для такіх шарагоўцаў, як ён. Каб давесьці да ладу, прыкладам, сядзібу Бішэўскага ў вёсцы Лынтупы, трэба не адзін мільён — і не рублёў, а даляраў:

«Там паркавы комплекс 19-га стагодзьдзя. Гадоў 15 таму ў вялікім будынку была яшчэ школа, але цяпер заняпала ўсё — бярозы ўжо на даху растуць. Але нешта зрабіць яшчэ можна з гэтага ўсяго. Толькі хіба на свае грошы адрэстаўраваць можна такі палац? Там мільёны трэба, але не беларускіх рублёў, а баксаў. Казалі, нейкі алігарх з Расеі гэта выкупіць зьбіраўся…»

Мясцовыя жыхары мяркуюць, што ў такім выпадку ў гістарычнай сядзібе зьявіцца хіба што казіно, а не турыстычны аб’ект з нацыянальным калярытам. Пакуль жа агратурызм разьвіваецца пераважна ў вясковых хатах. У спадара Гіля ўзімку здарылася няшчасьце — хата для гасьцей згарэла. Цяпер даводзіцца яе аднаўляць, ня марачы нават пра былыя панскія маёнткі.

У спадарыні Юліі Букі зь вёскі Валодзькава на Глыбоччыне — тры хаты, дзе можна прыняць наведнікаў. Адну яна набыла, а дзьве дасталіся ў спадчыну ад сваякоў. Каб перааформіць іх на сябе, зноў жа трэба грошы — а іх шкада, бо агратурыстычны бізнэс вымагае вялікіх укладаньняў:

«Прыбыткаў як такіх няма. Мы ўкладаем усе грошы ў турызм. Трэба во альтанкі рабіць, дзіцячую пляцоўку, бо зь дзеткамі прыяжджаюць. А кошты ў нас дужа нізкія. Самае таннае — 8 тысяч у суткі. Гэта звычайная вясковая хата, 6 ложкаў у пакоі, вада ў рукамыйніку, прыбіральня на вуліцы. Самы дарагі кошт — 15 тысяч з чалавека ў суткі. Гэта хата з камінам, там ёсьць вада, душавая кабінка, ёсьць посуд, ёсьць газ…»

Праблемаў з добраўпарадкаваньнем шмат, і некаторыя зь іх, кажа спадарыня Бука, магла б дапамагчы вырашыць дзяржава — калі ў нас насамрэч клапоцяцца пра разьвіцьцё агратурызму:

«Вельмі вялікая праблема з дарогамі. Я разумею: у калгасах няма саляркі, няма яшчэ чагосьці. Але я б’ю сваю машыну, мае госьці таксама б’юць свае дарагія машыны. Няма нават указальніка нармальнага на дарозе. А гэта ж усё дзяржава рабіць мусіць. Я сама маю права зрабіць указальнік «Аграсядзіба „Родны кут“. Але ж гэта каштуе вялікіх грошай».
Я б’ю сваю машыну, мае госьці таксама б’юць свае дарагія машыны. Няма нават указальніка нармальнага на дарозе. А гэта ж усё дзяржава рабіць мусіць.


Юлія Бука распавядае, што з боку дзяржавы клопат бывае такі: прапануюць узяць крэдыт на разьвіцьцё. Але крэдыт гаспадыня ня хоча браць прынцыпова: лепей мець невялікія грошы, але ўласныя:

«Што ў іх можна папрасіць, акрамя грошай? А проста так грошы не дадуць, толькі крэдыт. А гэта працэнты, хай сабе ільготныя, але ўсё адно вялікія грошы. А раптам ня будзе гасьцей? Няма ж ніякіх гарантыяў! Таму й не хачу я гэтай іхняй дапамогі, бо тады будзеш у іх на кароткім ланцужку».

Гаспадыня Юлія Бука разьвівае беларускі агратурызм так, як лічыць патрэбным — без указаньняў зьверху. Таму з гасьцямі заўжды размаўляе толькі па-беларуску, і можа скінуць кошт адпачынку, калі наведнік бярэцца дапамагчы ў гаспадарцы. Уражваць камфортнымі ўмовамі яна не зьбіраецца: адразу папярэджвае, што аграсядзіба «Родны кут» — гэта звычайная вёска. Але наведнікам падабаецца, і нездарма ў кнізе водгукаў ёсьць запіс: «Я думаў, што раю на зямлі не бывае. Ажно ён ёсьць — тут, у Валодзькаве».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На радзіме Алеся Адамовіча паўстае сядзіба «Спадчына»

На Магілёўшчыне за апошні год колькасьць аграсядзібаў вырасла з шаснаццаці да васьмідзесяці. Улада патрабуе большага — каб у кожным раёне вобласьці было па трыццаць такіх гаспадарак. Абяцаюць хуткія прыбыткі й падтрымку.

Тэмпамі росту колькасьці аграсядзібаў улада ня надта задаволеная, бо Магілёўшчына паводле гэтага паказчыку не сярод першых у Беларусі. Чыноўнікі заклікаюць людзей больш актыўна займацца агратурыстычным бізнэсам — маўляў, гэта выгадны занятак:

«Для тых жа самых уладальнікаў сядзібаў пры даволі невялікіх выдатках — гэта магчымасьць разьвіць сваю сельскую гаспадарку, атрымаць даволі добры прыбытак, стварыць яшчэ нейкія працоўныя месцы. Жыхары вёсак, напэўна, павінны сасьпець для гэтага», — зазначае супрацоўнік управы фізычнай культуры й спорту аблвыканкаму.

Сядзібе «Спачынак сябрыны», якая на Быхаўшчыне, крыху болей за год. Яе гаспадар Аляксей Яскевіч кажа, што пакуль пахваліцца асабліва няма чым. Будуе лазьню за банкаўскі крэдыт. Кліентаў няшмат. Бізнэс разьвівае на сваіх уласных памылках. Аднойчы, праўда, прапаноўвалі ўзбагаціць агратурыстычны досьвед за мяжой:

«Запрашалі мяне ў Нямеччыну зьезьдзіць. Набіралася група зь некалькіх чалавек, таксама зь сядзібаў. Яны мне прапанавалі. Я адмовіўся. Дужа для мяне гэта было дорага. Не па сродках мне пакуль такія паездкі».

Няшмат кліентаў пакуль і ў агратурыстычнай гаспадарцы «Вясковы адпачынак». Яна таксама на Быхаўшчыне. Ёй толькі год. Для гараджан тут прапаноўваюць своеасаблівы экстрым.

«Толькі пакуль даём рэкляму, а так кліентаў…
Гарачай вады ў нас няма, бо гэта вясковы адпачынак. Як у вёсцы. Вось менавіта па траве басанож пахадзіць.
У нас усе ўмовы, як у вёсцы. Вось у нас запытваюць: у вас вада гарачая, халодная ёсьць? Мы кажам — няма. Гарачай вады ў нас няма, бо гэта вясковы адпачынак. Як у вёсцы. Вось менавіта па траве басанож пахадзіць. А вада гарачая, басэйн, ванна — гэта ў горадзе. Ці правільна?» — кажа гаспадыня сядзібы Вольга.

На радзіме Алеся Адамовіча, у вёсцы Глуша, што ў Бабруйскім раёне, сын і бацька Кожычы з размахам будуюць сядзібу «Спадчына». На будучыню свайго агратурыстычнага бізнэсу сын Сяргей глядзіць аптымістычна. Плянуе ўжо ў жніўні прыняць першых наведнікаў.

«Мы наагул будавалі спачатку для сябе. Потым прыехалі людзі з райвыканкаму й дужа пачалі прасіць, каб мы адкрылі аграсядзібу. Пра экатурызм мы наагул нічога ня ведалі. Пачалі вывучаць — спадабалася. Наагул плянуем адкрыць „зялёныя трасы“, каб людзі хадзілі ў выправы».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Павялічваецца канкурэнцыя

У аграсядзібе «На зарэчнай вуліцы» ў Кобрынскім раёне рыхтуюцца да Купальля, у "Шастакове«на Камянеччыне прапануюць нацыянальную кухню, а наведвальнікаў аграсядзібы «Сажалкі» зацікаўліваюць навакольнай прыродай.

У Баранавіцкім раёне ўладальнік аграсядзібы «Сажалкі» Генадзь Падчашанскі адметнасьцю лічыць прыроду і гістарычныя каштоўнасьці:

«Возера непадалёку, лес, крынічкі. Непадалёку знаходзіцца возера Сьвіцязь. Таксама непадалёку — сядзіба Адама Міцкевіча, Мірскі, Нясьвіскі замак, што і зьяўляецца адметнасьцю нашай аграсядзібы».

Адпачынак у гэтай аграсядзібе каштуе каля 17 даляраў за суткі з дарослага чалавека. У Камянецкім раёне ў сядзібе «Шастакова» — такія ж самыя кошты. Уладальніца сядзібы Алена Несьцярук лічыць яе адметнасьцю мясцовую культуру, кухню, нацыянальны калярыт.

«У нас тут зьмешаная мова, калярытныя дыялекты: непадалёк Украіна, Польшча. Таксама робім акцэнт на кухню. Безумоўна, на першым месцы ў нас бульба, дранікі, запечаныя ў чыгунках. Усё стараемся рабіць з сэрцам і з душой».

У сядзібе «На зарэчнай вуліцы», што ў Кобрынскім раёне, кошт пражываньня — 18 даляраў, а з трохразовым харчаваньнем заплаціць трэба будзе 45 даляраў. Ала Аляксееўна, уладальніца аграсядзібы, прапануе наведвальнікам ня толькі падзівіцца на адметнасьці ў вонкавым і ўнутраным выглядзе будынкаў або паспытаць традыцыйную кухню, але і далучыцца да нацыянальных звычаяў:

«Праводзім этнічныя сьвяты. Канешне, гэта залежыць ад сэзону. Вось зараз, напрыклад, хутка Купальле. Таму рыхтуемся да гэтага сьвята. Мова беларуская ў нас гучыць час ад часу. Я імкнуся яе ўжываць. Але не заўсёды атрымліваецца ўдала».

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў вітае беларускасьць у аздабленьні і працы аграсядзібаў. Ён кажа:

«Калі на сядзібе будуць аформленыя па-беларуску інтэр’еры, будзе праведзеная на навуковым узроўні навуковая рэканструкцыя альбо рэстаўрацыя, то гэта — вялізарны ўнёсак».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG