Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цішкаўшчына. “Зямля тут чыстая, яна скіне гэтае сьмецьце!”



Наша першая і пакуль апошняя сустрэча з чалавекам, да якога я ехаў на Валожыншчыну, адбылася чвэрць стагодзьдзя таму. Тады яны разам з жонкай Жэняй, скончыўшы Акадэмію мастацтваў, зьехалі на малую Радзіму Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсе. І — стварылі лялечны тэатар «Батлейка», дзе акторамі былі звычайныя вяскоўцы ў веку ад 10 да 60 гадоў.

Ужо тады міжнароднае прызнаньне на тэатральных фэстах не перашкодзіла мясцовым чыноўнікам ды проста зайздросьнікам стварыць ім невыносныя ўмовы існаваньня. Алесь Лось вымушаны быў зьехаць на Захад, дзе да 2003 году пасьпяхова тварыў — рэстаўратарам, мастаком ды музыкам. Тым ня менш, пераехаўшы сёлета на хутар Барок, за сотню мэтраў ад вёскі Цішкаўшчына, 52-гадовы цяпер Алесь Лось зноў трапіў у пастку — гэтым разам, як ён вызначае, «нэакалгаснага капіталізму Лукашэнкі». І я ведаў, ЯКОЕ пытаньне ў мяне вырвецца непазьбежна. Як і тое, што суразмоўца адгукнецца з іроніяй…


Карэспандэнт: «Мы сустрэліся ў часы экстрыму для цябе, калі вы кінулі менскую кватэру, дабрабыт, пераехалі на мізэрныя заробкі ў 90 савецкіх рублёў, і вакол ціск, ніякай дапамогі — гаротна-жахлівы стан! І як ты празь дзесяцігодзьдзі рашыўся на СВАЮ справу, ведаючы, у што патрапіш?!»

Лось: «У чым адрозьненьне разумнага чалавека ад дурнога? Разумны робіць розныя памылкі, а дурань адны і тыя ж…»

Карэспандэнт: «Адчуваеш сябе расьпятым?»

Лось: «Часам так…»


Мы стаялі ў яго лясной хаціне, дзе ляжаў драўляны Хрыстос на крыжы, выраблены ў 18 стагодзьдзі ў стылі позьняга барока і прывезены яму зь Лельчыцаў на рэстаўрацыю. Побач — развалы недабудаванай каменнай часткі ягонай афіцыйна зарэгістраванай аграсядзібы. На мяжы ягонага прыватызаванага ўчастка на паўгектара — дзясяткі шпалерных шпалаў ды сетак з калючага дроту, што завезьлі насуперак яго пратэстам ад прыўладных ды багатых паляўнічых. Тыя яшчэ ня кінулі намер пабудаваць побач гатэль, вальер для дрэсіроўкі сабак ды разьвесьці дзікоў для паляваньня. Што перакрэсьліла б Алесевы аграпляны. Пагатоў — Валожыншчына праз сумесную праграму «Павестка-21» Эўразьвязу ды ААН абраная ў якасьці «пілётнай» для падтрымкі агратурызму. Сябра рады ПРААН Алесь Лось расказвае:

Лось: «На Валожыншчыне Налібоцкая пушча, самы вялікі лясны масіў Эўропы — чыстае паветра, блізка ад Менску, добра разьвітая інфраструктура, людзі ня так сьпіваюцца і нешта хочуць рабіць. Майстра-клясы праводзіў для Беларускага этнаграфічнага таварыства, фэсты дударскія — былі зь Літвы, Латвіі, Японіі. У рамках супольнага праекту зь сябрамі, што маюць аграсядзібы, створаны маршрут „Ракаўскі гасьцінец“. У яго ўваходзяць Старавіленскі тракт 15 стагодзьдзя, „Сьвет пчол“, музэй Фэлікса Янушкевіча, сядзіба Алеся Белага пад Люцынай. Гэта брычкі, танцы, будзе музэй-бровар, дзе паказаныя будуць этапы ліцьвінскага піва. У мяне ўзімку 10 чалавек, летам у намётах да 50. Конны маршрут і зімой, і ўлетку. Гэта дае магчымасьць жыць і зарабляць. Хацеў і борці паставіць для пчол…»

Грымаса грэблівасьці прабягае па ягоным твары, калі трымае ў руках пульхную папку перапіскі з чыноўнікамі. У паперах яго хацелі патапіць яшчэ й «бораўцы» — сябры таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Лось: «На мяне адразу сталі «наяжджаць». Спачатку старшыня райвыканкаму Навумовіч сказаў — «нашлю на вас СЭС, каб аштрафавалі і ня езьдзілі да вас турысты». І — «вы ганьбіце наш раён!»


Карэспандэнт: «За „что“?»

Лось: «Пытаньне да яго. І пачаўся прэсінг. Забралі гравійную дарогу, што вядзе да сядзібы, сказаўшы, што „па лузе ідзе“ — а гэтага няма. Вельмі шмат было дакумэнтальнай ілжы — што „зямля нямэтава выкарыстоўваецца, не саджу бульбу, буракі“. Хоць цягам году ніхто ня можа заўваг рабіць, а зямля ўзараная пад сенакос. Хоць ніхто не штрафаваў „рабятаў“, што навезьлі 40 тон слупоў. Сказалі, што вагончык самавольна паставіў і здаў у арэнду — гэта Есьман з раённай управы таварыства паляўнічых і Грудзько — з абласной. Я кажу — як я паставіў, калі над вагончыкам ваш сьцяг?! Напісаў у Камітэт дзяржкантролю, адміністрацыю прэзыдэнта, Латушку ў Міністэрства культуры — гэта быў адзін са спосабаў, каб мяне не „запеклі“, што падкінуўшы, за краты…»

Мяжу маўчаньня вакол сытуацыі прарвала публікацыя ў незалежнай газэце «Турызм і адпачынак» журналісткі Ліліі Кобзік. Дый сам Алесь «падкаваўся», штодня ўстаючы ў 3 раніцы для вывучэньня юрыдычных дакумэнтаў.

Лось: «Калі пачаліся спробы дапамагчы праз прэсу, забаяліся чапаць мяне. Да мяне прыехала 17 чалавек з раёна. Вагончык абавязалі прыбраць сельсавет — стаіць разьбіты каля рэчкі. Паляўнічым і рыбаловам пасьля праверкі генпракуратуры сказалі спыніць будаўніцтва вальера па фактах „правапарушэньняў“. У іх няма дакумэнтацыі па прырода-водаахоўных зонах, дзе можна рабіць — трэба 25 мэтраў ад хвоі і 50 ад лісьцяной пароды. І Грудзько сказаў — „хопіць, мы гатовыя адмовіцца, але хай нам аплаціць вываз слупоў у іншыя месцы“. З дакумэнтацыяй гэта выходзіць пад тры тысячы даляраў. І чаму я павінен іх вывозіць, калі яны завезьлі?!»


Напярэдадні эфіру тэлефаную раённаму землямеру Мікалаю Пачкоўскаму.

Карэспандэнт: «Вы ўжо атрымлівалі ліст ад Грудзько, што ён адмаўляецца ад будаўніцтва сабачага вальера, пра што ён вусна ўжо сказаў?»

Пачкоўскі: «Можа быць, але лясныя землі і зараз у арэндзе ў паляўнічых. Там пытаньні лясьнічых і эколягаў, ці могуць яны там быць. Аб адабраньні зямлі ў Лося — калі ён ня будзе выкарыстоўваць яе па прызначэньні, сельсавет можа паставіць пытаньне, каб перадаць іншым грамадзянам, бо ў дакумэнтах — „для вядзеньня асабістай падсобнай гаспадаркі“. Там жа кустоўе будзе расьці, а сельсавет за гэта адказвае. Агратурызм — гэта толькі 25 сотак на сваім участку, пры гэтым наведваньне лясоў не забараняецца…»

Некаторыя кропкі над «і» ставіць размова са старшынёй Яршавіцкага сельсавету спадарыняй Часноўскай.

Карэспандэнт: «Вольга Яўстаф’еўна, вам прыходзіў ліст ад Грудзько?»

Часноўская: «Не пакуль. Але ведаю, што вусна вырашыў адмовіцца ад участка…»

Карэспандэнт: «А хто і калі будзе прыбіраць бардэль-вагончык паляўнічых?»

Часноўская: «Самі і прыбяруць! Яны ня будуць гатэль каля хаты Лася рабіць, а вальер перанясуць, каб адзін аднаму не перашкаджалі…»

Карэспандэнт: «Райвыканкам кажа, што калі пад чэрвень Лось не пасадзіць морквы ці бульбы, сельсавет можа ініцыяваць забіраньне зямлі?»

Часноўская: «Гэта прыватная ўласнасьць. Таму толькі праз суд. Канечне, калі там будзе бур’ян, будзем пісаць папярэджаньне і на штраф…»

Ізноў камэнтуе Алесь Лось.

Лось: «Калі яны пойдуць на прынцып, гэта ўжо будзе новы этап вайны, бо некаторыя прозьвішчы і неправамерныя дзеяньні не называліся. Мне нічога не застаецца, бо я страціў з-за ўсяго інвэстара зь Літвы — гэта 80 тысяч даляраў. І я ведаю, у якім сьвеце мы жывем — можна проста „зьнікнуць“. Застаўся ў даўгах, і губляць мне няма чаго, акрамя дома і ката. Я страціў сваю дзяўчыну і буду паступаць вельмі жорстка…»

* * *

І ўсё-ткі, акрамя журналістаў і сяброў-калегаў, Алеся Лося падтрымала ў змаганьні УСЯ Цішкаўшчына. Першымі на гародзе заўважыў сясьцёр, спадарыняў Людмілу ды Таісу Ўшацкіх. У вёсцы яны кожныя выхадныя. Тлумачаць, чаму давялося пераехаць на жыцьцё і працу ў Менск.


Спадарыні: «Добры калгас быў — (хорам) «Запаветы Ільіча»… Чалавек 60 жыло, было па 2-3 дзіцяткі… У 2005 яшчэ коні былі, каровы на фэрме, бычкі. У Дорах узьнік аграгарадок, зьядналі, забралі ўсю тэхніку, жывёлу, і голыя засталіся… Але ўсе супраць сабакарні! Летам жа ўся вёска гудзе — дзяцей шмат, а ад сабак хваробы, клешчукі… Во дзядок, што 88 год, пайшоў у грыбы, а паляўнічыя гэтыя кажуць — «давай дуй, на наступны год ня зойдзеш у гэты лес!»


Таго самага дзядзьку Дзёму Гідлеўскага ўзрост зрабіў глухаватым, але як дачуўся пытаньня пра «паляўнічых з сабакамі», загаварыў сам.

Дзед Дзёма: «Паляўнічыя хочуць з гектар забраць, а ў Менску ў мяне 20 душ сваякоў — забяруць лес, дзе ўсе грыбы-ягады й да рэчкі пераход. Ня будзе дзе да яе выйсьці, як агародзяць дзікоў. Людзі і я, канечне, супраць. Во гарод, дзе вы ішлі, 10 сотак — няма чым абрабіць, бо няма коней у калгасе. Загіне ўся вёска, бо ніхто не прыедзе…»

Апошняя заўвага вельмі істотная для 46-гадовага прадпрымальніка, азэрбайджанца Мамэда Абдулаева, які ў Беларусі амаль 40 год. Разам зь сябрам Махрадзьдзінам яны здымалі першы ўраджай цыбулі ў парніку. У іх супраць вальера свае рэзоны.


Спадарства: «Вунь другі парнік будзем ставіць, кароў хачу. Гэтыя ж дзікі будуць небясьпеку ствараць — тут жа дарога побач, а яны будуць лезьці. Што — „гаішнік“ будзе іх ганяць?!»

70-гадовую цётку Стэфу Канецкую тут нефармальна лічаць «старшынёй». Яна і мне ўчыніла невялікі «допыт».


Стэфа: «Мае сёстры з журналістамі пагаварылі, але я глядзела — па БТ нічога праўдзівага не далі!»

Карэспандэнт: «Я з Радыё Свабода — мы ўсё дадзім…»

Стэфа: «Ясна. Нам і так у Валожынскім раёне хапіла радыяцыі, хмару „скінулі“ ў 1986, брат і сястра памерлі хутка. Яны хочуць з нас „дзікоў“ зрабіць, каб мы баяліся, што тут страляюць. Мы ваяваць гатовыя, кажыце толькі, што — будзем рабіць! Тут жа яшчэ Кісялі, Кісялькі, там Бакачы ёсьць. Слухайце, мы прыйшлі ў сельсавет, нам кажуць — „якая тут вёска, 3 чалавекі“. А дамоў 24, і ўсе занятыя! Дык яны ж нам зямлі не дадуць з-за сабакарні — хацела ўчастак узяць, кажуць — „нельга“. Людзям тут трэба жыць, а не сабакам! Хочацца дажыць па-чалавечы, у мяне ўнучак, унучка маленькія. Во соку бярозавага нацэдзім у лесе, у вайну ад немцаў хаваліся. Я ў 3-4 клясах садзіла гэты лес — сасёнкам ужо за паўвека. А чаго я павінна ахвяраваць, калі ў мяне ёсьць бацькаўшчына родная мая, хата, дзе вырасла, нарадзілася. Так што нікому зямельку сваю і Цішкаўшчыну не аддадзім!»


Мы з Алесем нясьпешна абыходзім яго валадарства ў засьценку Барок. Гаспадар — сапраўдны «лось»: пад мэтар дзевяноста. Зьмяніў, праўда, «бітлоўскія» доўгія валасы на кароткія. Маладымі ды «граючымі» засталіся вочы, у якіх адбіваецца мора эмоцыяў — калі паказвае, дзе ў яго на гарышчы акацілася рысь, дзе пасаджаны ў часе фэсту «дударскі» дуб, побач зь якім днямі ізноў зьбяруцца лірнікі, флейтысты ды дудары ж. Сам, дарэчы, грае на ўсіх гэтых інструмэнтах. Ідучы ўздоўж пакручастай рэчкі Яршоўкі, бачым хаткі баброў, чуем пялёханьне стронгі. Над намі пралятае вяхір, самы цяжкавагавы зь сямейства галубоў, занесены ў Чырвоную кнігу чорны бусел. Няўжо гэтая прыгажосьць будзе зьнішчаная? Разам разважаем, што адбылося ды адбываецца.

Лось: «Я больш прайграў, чым выйграў, але адстойваў права на зямлю. Жыць спакойна і не дазваляць хамам рабіць у адносінах да мяне незаконныя захады. Шкадаваньня, што схапіўся з сыстэмай, няма, бо каб маўчаў, можа б, сядзеў у турме. Бачыў гэтых хлапцоў, як яны паступаюць са зьверам, птушкамі, якіх страляюць — дзясяткі качак, вальдшнэпаў кідаюць сабакам альбо зарываюць у зямлю. Бо жонкі кажуць — „купі фаршу добрага, я ня буду шчыпаць усё гэта!“ Гэтыя стрэлы — безадказнасьць перад грамадзтвам, прыродай, у якіх ты жывеш. За 25 год у Беларусі зьмяніліся погляды на тое, як траціць грошы, зарабляць. Людзі зразумелі, што ёсьць іншы бытавы камфорт, але ня сталі іншымі па натуры. Усе гэтыя „неда-“ — саўдэпія: недаадукаванасьць, недаадчувальнасьць. Гляджу на маіх турыстаў — праграмісты, новая інтэлігенцыя, якая ня хоча ведаць сваёй гісторыі, мовы. Але ў той жа час ня хочуць быць ані рускімі, ані ўкраінцамі…»

Карэспандэнт: «Бо ў той жа Расеі адчуваюць, што яны другія — у сэнсе другасныя…»

Лось: «Другасныя! І самі расейцы — „вы никогда не будете говорить, как в Твери или в Перми“. Зразумела, што чалавеку трэба ідэнтыфікавацца, што ён — беларус, ліцьвін. А Радзіму ня можаш не кахаць. І таму шукаеш кропкі ў жыцьці, у ведах, якія падтрымліваюць цябе…»

Карэспандэнт: «Як адшукаў свой Барок?»

Лось: «Гуляў па Віленскім тракце і патрапіў на сядзібу. Яна належала настаўнікам Цішкевічам, якія збудавалі яе ў 1924-м. Сябравалі зь Якубам Коласам, які пастаянна прыяжджаў. Гаспадыня расказала, як яны хату знайшлі. Тут жыве чорны дзяцел. Яны езьдзілі па навакольлі, селі перакусіць, і дзяцел каля іх сеў. Застракатаў, паляцеў далей. Муж сказаў — цікава, куды завядзе. І ён прыляцеў на гэты луг, паляну. Яны абамлелі… І зараз жыве чорны дзяцел акурат на мяжы, дзе сетку хочуць ставіць для вальера…»

Карэспандэнт: «Ахоўнік?»

Лось: «Так, ён прыносіць шчасьце. Зямля тут чыстая, яна скіне гэтае сьмецьце…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG