Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Каляды — у вясковую сядзібу


Карэспандэнты «Свабоды» даведваліся ў гаспадароў аграсядзібаў, як яны будуць наладжваць у сябе сьвяткаваньне Калядаў і Новага году. Як высьвятляецца, многія гаспадары выбіраюць нацыянальны кірунак. Як у стравах, так і ў забавах. Падрабязнасьці — у паведамленьнях з рэгіёнаў.


ВІЦЕБШЧЫНА


Турыстаў запрашаюць паўдзельнічаць у «жаніцьбе Цярэшкі»


На калядныя сьвяткаваньні і Новы год аграсядзібы Віцебшчыны прапануюць наведнікам пакатацца ў санях, папарыцца ў лазьні, а таксама ўзяць удзел у народных абрадах, навучыцца ляпіць сьвістулькі і проста паразмаўляць па-беларуску.

Адпачынак у аграсядзібах Віцебскай вобласьці зазвычай папулярны ўлетку, асабліва ў азёрных Браслаўскім, Верхнядзьвінскім і Расонскім раёнах.

А зімой, на час калядных і навагодніх сьвяткаваньняў, у аграсядзібе «Прыазёрная», што на Лепельшчыне, чакаюць ня толькі аматараў пакатацца на лодцы, павудзіць рыбу і папарыцца ў лазьні. Гаспадыня Вольга Маханенка распавяла, што высілкамі жыхароў вёскі Стары Лепель удалося адрадзіць традыцыйны абрад «Жаніцьба Цярэшкі», які цяпер паказваюць гасьцям аграсядзібы:

Гэта жартоўнае вясельле разам са сьпевамі рытуальнымі ды скокамі.
«Калі гэта для замежнікаў, то мы знаёмім іх зь мясцовымі жыхарамі, возім у госьці, дзе нацыянальная кухня, яны з бабулямі размаўляюць... А сёлета „жэнім Цярэшку“. Гэта калі дзе ходзяць калядаваць, то ў нас галоўнае — гэты абрад. Гэта такое вясельле жартоўнае, калі можна і парамі памяняцца, і ўсё гэта са сьпевамі рытуальнымі ды скокамі».

Вольга Маханенка кажа, што ўдзельнікамі абраду будуць і госьці — гэта прадугледжана паводле сцэнара, які разыгрываюць вяскоўцы, дамовіўшыся з гаспадыняй. Сваю аграсядзібу яна называе домам-музэем беларускага побыту, бо ў інтэр’еры сабраныя аўтэнтычныя рэчы і мэбля. Але гасьцей аграсядзіба можа прыняць няшмат -толькі 6 чалавек адначасова.

Юры Фурс, гаспадар аграсядзібы «Трабуцішкі», што на Пастаўшчыне, таксама мае этнаграфічны збор. А да таго ж — музэй кавальскага майстэрства, дзе ахвотным прапануюць узяць майстар-кляс. Ягоны зямляк Сяргей Шчэрба запрашае да сябе ў «Ганчарную сядзібу «Акарына» — тут ёсьць і музэй, і майстэрня, у якой майстар-гаспадар навучыць азам ганчарнага майстэрства.


Гасьцяваньне ў Зюзі Паазерскага — гэта сьвята зь беларускім калярытам


Адмысловых навагодніх ці калядных праграмаў яны ня маюць, кажа спадар Сяргей, але гатовыя запрасіць да сябе з умовай, што завязуць на сьвяткаваньні да знакамітага Зюзі Паазерскага — у вёску Азяркі Пастаўскага раёну:

«Як вось ёсьць сядзіба Дзеда Мароза, так у нас ёсьць Зюзя. Там і скокі, і сьпевы — масавае гуляньне такое. І менавіта зь беларускім калярытам такім. Пяць год гэта ўжо практыкуецца».

За адмысловую плату гаспадары аграсядзібы могуць запрасіць і фольк-калектыў «Традыцыя» са сваім рэпэртуарам — канцэртам і гульнямі. Колькі гэта каштуе — камэрцыйная таямніца гаспадароў.

Што да коштаў для гасьцей, то ў яшчэ адной пастаўскай аграсядзібе «Ліпнікі» гаспадыня Тэрэза Лысёнак бярэ па 10 даляраў за суткі. Гэта толькі за начлег — без харчаваньня і ўсялякіх культурных праграмаў.

Месцы на беларускай сядзібе «Родны кут» замаўлялі яшчэ ў чэрвені


Юлія Бука, гаспадыня сядзібы «Родны кут», што на Глыбоччыне, можа ўзяць «на пастой» і задарма — калі госьці пагодзяцца рабіць у гаспадарцы нароўні зь яе дзецьмі і мужам. Для беларускамоўных наведнікаў абвешчаны зьніжкі — 15 тысяч у суткі за пражываньне ў самым камфартабэльным доме, дзе ёсьць санвузел, газавая пліта, лядоўня, посуд і тэлевізар.

«Мне неяк адна з наведніц сказала: „О, каб вы яшчэ нам пасьпявалі і паскакалі!“ А ці ёсьць у мяне сілы, каб сьпяваць і скакаць, калі я лётаю, прыбіраю ды палю ў печы ў тых хатах? У мяне ж няма штату, які чакае, калі яму загадаюць сьпяваць! Тут звычайныя хаты, а ня нейкія прэзыдэнцкія катэджы, звычайнае жыцьцё!»

Спадарыня Юлія кажа, што адраджаць народныя сьвяты і абрады можна было б, калі б дзяржава дапамагала разьвіцьцю агратурызму больш істотна. Адзіная «культурная праграма» ў мяне, кажа Юлія Бука, — гэта вечаровыя размовы з гасьцямі па-беларуску, на любыя тэмы — ад палітыкі да гісторыі тутэйшых мясьцін. І гэта таксама цікава наведнікам — сёлета на Новы год і Каляды ў вёсцы Валодзькава месцы замаўлялі яшчэ ў чэрвені.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Вясельныя заляцаньні ў Сьвідным


Самабытнасьць побыту палешукоў у зімовыя сьвяты любы ахвочы турыст ці проста чалавек, які вырашыў адпачыць, напоўніцу адчуе ў вёсцы Сьвіднае Лельчыцкага раёну. Тут двое маладых кампаньёнаў, Аляксандар Перарэжка й Уладзімер Каркуць, у сваёй сядзібе, якая так і называецца — «Сьвіднае», як бы вяртаюць наведнікаў у паляшуцкае асяродзьдзе, у традыцыйныя калядныя забавы й пацехі.

Апавядае гаспадар сядзібы спадар Аляксандар:

Сядзіба ў Сьвідным.
«У нас ёсьць нават ансамбль народнай песьні, які на Каляды зробіць цэлае відовішча — як сьвяткуюць Калядкі, стары Новы год. З радасьцю пакажам такую праграму! Можна й самому паўдзельнічаць. Тут і зімовыя забавы — карагоды ля ёлкі, пераапрананьне й шчадраваньне. Можна нават і сватаньне гульнёвае зрабіць».

Сядзіба ў Сьвідным мае ўсе прывабы беларускага этнаграфічнага музэю — у хаце можна ткацкі станок пабачыць, калаўрот пакруціць. Ёсьць нават свая карчма, куды прыяжджаюць падсілкавацца ўсе тыя, хто жадае паспытаць адмысловыя палескія стравы:

«Сядзіба наша пазыцыянуецца больш як этнаграфічная. У нас і архітэктура адпаведная. Сядзіба — гэта сем хатаў, беларуская карчма. Дахі накрытыя саломай. Імкнуліся наблізіцца да вясковай палескай архітэктуры. Усе стравы гатуюцца ў печы ў гліняных гаршках, у гліняным посудзе — верашчака, дранікі, баршчы розныя, скваркі, яечня. Фірмовая страва ў нас — гэта тушанае мяса дзіка з грыбамі».

Апрача «Сьвіднага», да навагодніх і калядных сьвятаў на Гомельшчыне рыхтуюцца каля сарака аграсядзібаў. Асабліва даспадобы і беларусам, і замежнікам такія куткі адпачынку, як «Панскі сад», «Страчаны рай», «Мілаградзкая», «Сядзіба дзеда Талаша».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Новы год з цыганамі каштуе 225 тысяч рублёў


Значная частка аграсядзібаў на Гарадзеншчыне не прымае кліентаў у навагоднюю пару, але там, дзе сьвяты адбудуцца, гаспадары абяцаюць, што гасьцям яны запомняцца надоўга.

Высьветлілася, што вельмі многія аграсядзібы на Гарадзеншчыне не працуюць у зімовы пэрыяд з розных прычын. Вось што казалі гаспадары:

— Не, мы пакуль не працуем узімку, у нас яшчэ не дабудаваны асноўны будынак.

— Зімой нікога не прымаем, бо цяжка напаліць хату — дзюры на аканіцах.

— А там няма дроў — халадно. Печкі ёсьць, а вось дроў — няма.

Цікава яшчэ і тое, што заказваюць аграсядзібы выключна на сустрэчу Новага году, а вось на Каляды заказаў няма. Гаспадыня ў Зэльвенскім раёне патлумачыла, што гэта сьвята сямейнае.

Я запытаўся — што яны прапаноўваюць сваім кліентам на Новы год?

Спадарыня:
Я — у ролі Дзеда Мароза, дачка — Сьнягурка. Сьпяваем, конкурсы праводзім, п’ем гарбату ля вогнішча.
«Ёсьць у нас банкетная заля, ёсьць дзе пераначаваць, лазенька ёсьць таксама. А яшчэ мы робім навагодняе прадстаўленьне: я ў ролі Дзеда Мароза, дачка — сьнягурка, сьпяваем, конкурсы праводзім, пьем гарбату на вуліцы каля вогнішча».

Спадарыня распавядае, што на другі дзень прапануюць пакатацца на санках з конікам, а таксама ходзяць на каток. Што да страваў, гаспадыня кажа, што магла б годна накрыць стол і на Каляду, бо ведае, як робяцца ўсе 12 страў.

А на Новы год ёй заказы робяць індывідуальныя. Яе фірмовая страва — гусак, нафаршыраваны яблыкамі. Усе стравы гаспадыня пячэ толькі ў печы, якая паліцца дровамі.

У Ашмянскім раёне конна-спартыўны цэнтар «Гіпіка» таксама прымае заказы на правядзеньне Новага году. На Каляды заказы наагул не прымаюцца. Мне патлумачылі, што Новы год тут сёлета сустрэнуць 40 чалавек. Усе месцы ўжо занятыя. А вось праграма, якая чакае гасьцей.

Спадарыня: «Мэню на 31-га ў нас каштуе 150 тысяч, і музычная праграма — 65. Усяго — 215 тысяч. Музычная праграма — гэта цыганскі калектыў і танцавальны калектыў „Імпульс“, будуць ды-джэі, а таксама віншаваньні ад Дзеда Мароза і Сьнягуркі».

Спадарыня сказала, што цыганскі калектыў у іх свой, з Ашмянаў, ён неаднойчы выступаў і ўсе ім вельмі задаволеныя. Што да страваў, то нічога спэцыяльнага на Новы год у іх не гатуюць, але яды, са слоў спадарыні, на ноч хопіць.

Спадарыня: «У мэню ўваходзіць: язык заліўны, рулет са сьвініны, рулет рыбны, бліны зь сёмгай, рулет курыны, мяса запечанае з чарнасьлівам, сьвініна фаршыраваная шпінатам і сырам, фэтакі з бульбай па-панску, кавалачкі фарэлі з ананасамі, грыбочкамі і баклажанамі з падлівай...»

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Укараняем беларускае й адраджаем мясцовыя звычаі»


У рэгіёне больш за семдзесят аграсядзібаў. Бальшыня зь іх працуе менш як два гады. Таму тут небагата досьведу ў арганізацыі сьвяткаваньняў.

У вёсцы Цяхцін, што на Бялыніччыне, другі год прымае наведнікаў аграсядзіба «Мічуркі». Былыя настаўнікі вясковай школы Міхаіл і Іна Нікіцёнкі завабліваюць да сябе кліентаў менавіта нацыянальным калярытам сваёй гаспадаркі:

«У нас фальклёрны калектыў ёсьць, мы іх менавіта далучаем да Раства на 7 студзеня. Тут у нас будуць калядныя вячоркі, на багатую каляду таксама будзе што плянаваць. Заўжды ў нас беларускія аладкі, дранікі, мачанка. У жонкі ёсьць кніжкі. Яна зь імі пастаянна ваюе. Мы ж самі зь вёскі. Мы ведаем нашае мясцовае, таму і ўкараняем».

Цяжэй былому вайскоўцу, але і ён цяпер за нацыянальны кірунак


На Быхаўшчыне, у вёсцы Залахвеньне, два гады прымаюць наведнікаў у аграсядзібе «Гасьцінны двор». Частыя госьці тут паляўнічыя з Расеі. Радзей наведваюцца ўкраінцы й немцы. Гаспадар Міхаіл Дудзікаў, былы вайсковец, прызнае, што досьведу ў арганізацыі сьвяткаваньня традыцыйных зімовых сьвятаў у яго няшмат.

«Вы ж ведаеце, у нас увесь студзень калядуюць. Мы падымалі пытаньне, каб адрадзіць вось гэтыя сьвяты. Я б з задавальненьнем. Я вось, напрыклад, намагаюся адрадзіць гатаваньне ежы ў нацыянальным кірунку. Тыя ж дранікі ды калдуны. Цяпер цяжка адрадзіць нацыянальную кухню беларускую. У мяне ёсьць агульныя зборнікі, але там дужа мала апісаньня нашай кухні».

Гэта ня толькі гасьцінічны бізнэс. Гаспадары мусяць быць краязнаўцамі і гісторыкамі.
Паводле кіраўніка грамадзкай рады па разьвіцьці агратурызму Сяргея Кулягіна, у гаспадароў сядзібаў толькі цяпер пачало вымалёўваецца разуменьне неабходнасьці выкарыстаньня нацыянальнага калярыту ў сваім бізнэсе:

«Гэта павінен быць ня толькі гасьцінічны бізнэс. Аграсядзібы павінны стаць цэнтрамі культуры пэўнай мясцовасьці, дзе павінны захоўвацца мясцовыя традыцыі й мясцовая кухня. Гаспадары аграсядзібаў павінны быць і краязнаўцамі, і гісторыкамі. Тым жа расейцам цікава прыехаць ня ў тую ж Расею, а ў Беларусь. І пабачыць нашы нацыянальныя традыцыі, наш побыт, нашу культуру».

Агратурызм на Магілёўшчыне толькі пачаў паўставаць. Зь сямідзесяці гаспадарак, якія існуюць афіцыйна, прыкладна толькі палова працуе, прызнае Сяргей Кулягін.

МЕНШЧЫНА


Сядзіба «Марцінова Гусь»: стравы і адпачынак па-беларуску


Вядомы ў Беларусі доктар гістарычных навук Алесь Белы і яго жонка Людміла, якая займаецца рэканструкцыяй гісторыі і традыцыйнай культуры ліцьвінаў — гаспадары сядзібы «Марцінова гусь» у Валожынскім раёне. Спадар Алесь распавядае:

«Каляды звычайна адбываюцца між двума сьвятамі — Божага нараджэньня і Трох Каралёў. Паводле народнага звычаю робім з гасьцямі абход двароў — зь мехам, зоркай, казой і традыцыйнымі хрысьціянскімі сьпевамі».



Алесь Белы — аўтар і рэдактар шматлікіх публікацыяў, прысьвечаных гісторыі традыцыйных ліцьвінскіх і беларускіх страў і прадуктаў. Адна зь іх — печаная альбо смажаная гусь: птушка Марціна, аднаго з самых славутых сьвятых каталіцкага касьцёлу:

«Гэта адносна дарагая страва, і таму ня кожны раз яе просяць. Але ўмеем прыгатаваць гусь вельмі добра. Да прыкладу, фаршыраваную яблыкамі, блінамі, чырвонай капустай. Часта запякаем гусь. Дадаем да гэтай стравы розныя соўсы і віно».

Рэцэпт сядзібы Белых «Марцінова Гусь»
Гусь, запечаная зь яблыкамі: На 1 гусь: соль, 0,5 лыжачкі кмену, трохі маярану (або мацярдушкі), некалькі дзясяткаў яблыкаў, 2-3 лыжкі булёну. Зьняць з адкормленай гусі залішні шмалец (тлушч), абцерці яе зьверху і знутры сольлю ды кменам з маяранам, нафаршаваць дробнымі неразрэзанымі яблыкамі і запячы са жменькай крышанай цыбулі, увесь час паліваючы спачатку булёнам, а потым уласным сокам. Перад падачай на стол абкласьці асобна сьпечанымі яблыкамі. Сок з гусі заправіць лыжкай мукі, закіпяціць, паліць ім страву, а рэшту падаць асобна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG