Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Упарадкаваньне”: рэальныя памінкі па віртуальнай прасторы


У адпаведнасьці з ранейшым прэзыдэнцкім указам № 60 і нядаўняй урадавай пастановай № 644, ад 1 ліпеня будзе дадзены старт уніфікацыі захадаў, накіраваных на «ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт». Як лічаць экспэрты, дзяржаўнае ўмяшаньне ўрэшце можа прывесьці да таго, што ўвесь беларускі інтэрнэт паступова «перакачуе» ў замежжа.


З-за новых правілаў ужо заявіў пра вымушанае спыненьне працы праект Page.by. Як паведамляюць уладальнікі бясплатнага хостынгу, некалькі гадоў сэрвіс заставаўся экспэрымэнтальным, не прыносіў ніякіх прыбыткаў і быў спосабам дапамогі новым беларускім праектам. Аднак «пераезд» у беларускі дата-цэнтар і патрабаваньне рэгістрацыі на Page.by называюць «пераборам» і непрымальнымі ўмовамі для дзейнасьці. Праект будзе зачынены 1 ліпеня, а сайты стваральнікі хостынг-рэсурсу рэкамэндуюць перанесьці ў іншае месца.

Нагадаем, што заканадаўчыя нормы забараняюць юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам разьмяшчаць свае сайты па-за межамі Беларусі. Забарона распаўсюджваецца і на хостынгавыя кампаніі, якія раней арандавалі сэрвэры ў замежных дата-цэнтрах. Інтэрнэт-аналітык Іван Кузьмін кажа, што дзяржава істотна ўскладніць жыцьцё многім кампаніям, пры гэтым не забясьпечыўшы адпаведныя тэхнічныя ўмовы для пачатку новага этапу віртуальнай рэальнасьці:

«Прымусяць патраціць грошы, лішні час. Але ня выключана, што і на тэхнічных момантах гэта таксама адаб’ецца. Шмат якія хостэры ўжо скардзяцца, што „Белтэлекам“ ня мае тэхнічных магчымасьцяў, каб
Нават калі хостэр-правайдэры тэарэтычна і могуць прывезьці сюды сэрвэры, то іх папросту няма куды паставіць.
разьмясьціць на сваіх магутнасьцях тыя ж сэрвэры. Бо нават калі хостэр-правайдэры тэарэтычна і могуць прывезьці сюды сэрвэры, то іх папросту няма куды паставіць — у дата-цэнтрах няма вольнага месца».

У адпаведнасьці з патрабаваньнямі пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў, уключна з хостынгавымі кампаніямі і інтэрнэт-правайдэрамі, абавязаныя зарэгістраваць усе сайты, разьмешчаныя ў Беларусі, у Дзяржаўным рэестры. Прычым не задарма.

У сваім блогу вядомы інтэрнэт-спэцыяліст, уладальнік унітарнага прадпрыемства «Надзейныя праграмы» Юрый Зісер піша, што са зьдзіўленьнем даведаўся пра рашэньне зрабіць рэгістрацыю сайтаў платнай: 0,4 базавай велічыні плюс ПДВ, агулам — 16800 рублёў. Па яго словах, гэта сур’ёзны ўдар па беларускіх хостынг-правайдэрах:

«Прыкладам, у выпадку з рэгістрацыяй сайтаў, якія разьмяшчаюцца на hoster.by, гаворка фактычна пра месячны абарот. Скажам, у вас заробак складае тысячу даляраў. І дзяржава пры гэтым патрабуе, каб вы гэтыя свае грошы заклалі, а потым вам іх хтосьці аддасьць. Хоць мы будзем выкручвацца, каб спачатку ўсё ж браць грошы… Але мяне абурыла, што яны ўвогуле бяруць гэтыя грошы. Лічу, што прынамсі для фізычных асобаў усё гэта павінна быць бясплатна, інакш яны ўсе сыдуць. Юрыдычныя асобы — гаворка іншая, заплацяць яны тыя 17 тысяч і не заўважаць, гэта не вызначальныя грошы. Але што да фізычных асобаў, то гэта наўпроставае іх выштурхоўваньне. Яны проста пяройдуць на замежны хостынг, вось і ўсё».

Разьвіваючы думку, спадар Зісер удакладняе, што рэгістрацыя — удар па дзясятках тысяч гаспадароў беларускіх сайтаў. Бо відавочна, што аплацяць дзяржаўныя паслугі ў канчатковым варыянце менавіта яны, бо хостынг-правайдэры выставяць адпаведныя рахункі сваім кліентам. Альбо падаражэюць паслугі беларускага хостынгу — рыхтаваць асобныя рахункі за рэгістрацыю і потым зьбіраць грошы атрымаецца яшчэ даражэй. Салідарны з такой пазыцыяй і супрацоўнік адной з кампаній-правайдэраў Аляксандар Махнач. Ён перакананы, што новыя патрабаваньні і фізычна, і маральна нязручныя для людзей, якія прафэсійна займаюцца інтэрнэт-праектамі. Апроч дадатковых выдаткаў, гэта тычыцца і абавязковай легалізацыі:

«Для юрыдычных, фізычных асобаў асаблівай розьніцы няма — трэба плаціць. То бок, у любым выпадку беларускі хостынг атрымліваецца даражэйшы, чым замежны, бо для дзейнасьці ў нацыянальным сэгмэнце запатрабуецца аплата. Адносна фізычных асобаў: паколькі для іх прадугледжаная рэгістрацыя рэсурсу з пазначэньнем пашпартных ды іншых дадзеных, напэўна, усё ж прасьцей „атабарыцца“ на замежных хостынгах, а не на тых, якія будуць у зоне by. Як мне падаецца, наноў адкрывацца, пераносіцца рэсурсы будуць вельмі актыўна».

Карэспандэнт: «Беларускі хостынг найперш прадугледжвае поўную «празрыстасьць?»

«Так, бо ўсім — і юрыдычным, і фізычным асобам — пры рэгістрацыі давядзецца падаваць свае дадзеныя хостэру. А з гледзішча „прапіскі“, то мне падаецца, што замежнае разьмяшчэньне паводле тэхнічных
Замежнае разьмяшчэньне паводле тэхнічных парамэтраў было і будзе лепшае.
парамэтраў было і будзе лепшае, бо рэсурсу ў іх усё ж болей, чым тут».

Спэцыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Electroname.com адгукнуўся на новыя патрабаваньні, якія ўтрымліваюць урадавыя пастановы што да дзейнасьці ў беларускім сэктары сеціва: «Патрабаваньне ідэнтыфікацыі карыстальнікаў і захаваньне логаў у месцах калектыўнага карыстаньня было і раней. Былі нават камэры назіраньня. Навацыяй можна назваць захаваньне ідэнтыфікацыйных зьвестак пра абанэнцкія прылады — МАС-адрас, унутраныя і зьнешнія IP-адрасы. Напэўна, гэта і ёсьць тая самая „шчыліна“, якая павінна дазволіць „Белтэлекаму“ разьвіваць сетку Wi-Fi. Альбо ўсё ж дойдзе да таго, што зьявіцца пастанова аб забароне зьмены MAC-адрасу сеткавай карты на асабістым кампутары?»

Кампанія незадаволенасьці новымі патрабаваньнямі набыла значныя маштабы ў інтэрнэце. Людзей перадусім насьцярожвае патрабаваньне «празрыстасьці» ды абавязковай самаідэнтыфікацыі. Шмат хто лічыць, што насамрэч указ скіраваны перадусім на выяўленьне «падазроных карыстальнікаў». У ліку іншага (бо, вядома, у дакумэнта шмат мэтаў) адна з галоўных яго задачаў — кантроль за дзеяньнямі ў сеціве.

У сваім блогу Юрый Зісер прагназуе, што больш радыкальна ў цяперашняй сытуацыі будуць дзейнічаць фізычныя асобы. Па-першае, уладальнікі сайтаў наўрад ці будуць аплачваць і без таго ня самы танны беларускі хостынг. Па-другое, з-за неабходнасьці рэгістрацыі і натуральнага страху, што дзяржава прыдумае яшчэ нешта, многія папросту пяройдуць на замежны хостынг, аплаціўшы яго банкаўскай карткай. А вось юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі сабе такога дазволіць ня могуць, бо абавязаныя разьмяшчацца толькі ў Беларусі. У любым выпадку, рэзюмуе спадар Зісер, рэгістрацыя актывізуе сыход зь Беларусі як сайтаў фізычных асобаў, так і беларускага кантэнту, які на гэтых старонках знаходзіцца.

Як заўважыў спадар Зісер, практычна на 2/3 прэзыдэнцкі ўказ — паўтарэньне Эўрапейскай дырэктывы аб кібэрзлачыннасьці. І калі параўнаць дырэктыву з тым, што ёсьць ва ўказе, то і захаваньне правайдэрскіх логаў, і рэгістрацыя канцавых прыстасаваньняў карыстальніка — усё гэта там таксама ёсьць. Таму, у прынцыпе, гэта не беларуская вынаходка.

У сваю чаргу, экспэрты Electroname.com падсумоўваюць: набор прынятых дакумэнтаў не вырашае ніводнай праблемы беларускага інтэрнэту, а толькі стварае новыя перашкоды на шляху яго разьвіцьця. Уводзяцца бессэнсоўныя працэдуры і правілы, якія, па агульным настроі інтэрнэтчыкаў, закліканыя толькі «закруціць гайкі» і павялічыць кошт выхаду любога бізнэсу ў онлайн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG