Экспэрты перакананыя: усе апошнія захады дзяржавы адносна беларускага сэгмэнту сеціва тлумачацца адным — намерам мінімізаваць фактар ананімнасьці ў віртуальнай прасторы. Цяпер, пры абавязковай інтэрнэт-легалізацыі, не складзе ніякіх цяжкасьцяў вылічыць за кароткі тэрмін любую «падазроную асобу».
Таксама дзяржаўныя структуры хочуць мець своеасаблівае «дасье» на ўсе грамадзкія арганізацыі, якія прадстаўленыя ў сеціве. Перадусім гэта тычыцца патрабаваньня рэгістраваць рэсурсы на беларускім хостынгу. Якія шанцы на легалізацыю ў аб’яднаньняў дэмакратычнага кірунку, якія пасьля няўдалых спробаў зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі вымушаныя былі сысьці ў віртуальнае падпольле? Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцер Бандарэнка мяркуе, што ўлады ніякага плёну не атрымаюць:
«Што да грамадзянскіх ініцыятываў, то яны практычна ўсе пад крымінальным „каўпаком“. Іх ніяк немагчыма зарэгістраваць. Бо яны падпадаюць пад „дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі“. Таму ніхто і ня будзе спрабаваць легалізавацца. А навошта? Таму хостынг будзе замежны, дзейнасьць будзе працягвацца. Дый што значыць легалізавацца? Мы і так легалізаваныя ў вольным усясьветным інтэрнэце».
Што значыць легалізавацца? Мы і так легалізаваныя ў вольным усясьветным інтэрнэце.
Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік не хавае, што за некалькі месяцаў да пачатку дзеяньня новых правілаў пачалася праца дзеля таго, каб зьмяніць прапіску праваабарончага сайту прадпрымальнікаў «Наша Беларусь»:
«З набліжэньнем 1 ліпеня, калі набудзе сілу гэты дакумэнт, мы рыхтуемся да нейкіх запасных варыянтаў. Нашыя партнэры ў Чэхіі ўжо зрабілі нам адрас з дамэнам eu. І зараз мы хуценька свой сайт будзем туды пераводзіць. Асабіста я лічу, што гэта адзін з варыянтаў вырашэньня праблемы, якая паўстае ў інтэрнэце. Нават калі нас не рэгіструюць, пастаянна адмаўляюць у рэгістрацыі, так ці іначай мы ўсё роўна павінны працаваць. Перадусім працуем у інтэрнэце, мы даем інфармацыю пра нашую дзейнасьць. І мы павінны працаваць далей. Як я ўжо казаў, вымушаныя пераходзіць у тым ліку ў эўрапейскую зону, на эўрапейскія хостынгі, каб існаваць надалей».
Як лічаць аналітыкі, праблемаў зь дзейнасьцю сайтаў грамадзкіх арганізацый варта чакаць у другой палове году, калі пачнецца прэзыдэнцкая кампанія. Прыкладам, не складзе ніякіх праблемаў ануляваць рэгістрацыю рэсурсу, зарэгістраванага ў зоне by. З аднаго боку, усе зьнешнія каналы кантралюе «Белтэлекам», а зь іншага — сам манапаліст на рынку інтэрнэт-паслугаў падкантрольны адпаведным дзяржаўным органам. А ў адпаведнасьці з нормамі аб упарадкаваньні беларускага сэгмэнту інтэрнэту спэцслужбы атрымліваюць практычна неабмежаваную магчымасьць дазаваць інфармацыю ў сеціве.
Аўдыторыя апазыцыйных сайтаў, як мне падаецца, ня ёсьць праблемай для ўладаў.
«Закрыцьцё сайтаў, з аднаго боку, уладам не зусім выгаднае — з-за наступнага розгаласу. І калі размова пра тое, што могуць пачаць баяцца апазыцыйныя выданьні, што іх сайты пазачыняюць, то для ўладаў гэта ня большая праблема, чым папяровыя, традыцыйныя СМІ. Яны ў прынцыпе больш-менш свабодна прадаюцца, як тая ж „Народная воля“. Канечне, не зусім без перашкодаў, але тым ня менш. Дый увогуле аўдыторыя апазыцыйных сайтаў, як мне падаецца, ня ёсьць праблемай для ўладаў. Так што ня думаю, што нешта прынцыпова зьменіцца бліжэйшым часам».
Нагадаем, што яшчэ адной урадавай пастановай № 129 ад 3 сакавіка 2010 году зацьверджанае Палажэньне аб парадку ўзаемадзеяньня апэратараў электрасувязі са спэцслужбамі і Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры адміністрацыі прэзыдэнта. Згодна з дакумэнтам, усе правайдэры абавязаныя круглыя суткі забясьпечваць сілавым органам і згаданаму цэнтру бясплатны доступ да базаў дадзеных сваіх абанэнтаў.