Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Пятровіч: “Дзеясловіца” заканчваецца бясслаўна


З новага году літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў” зьмяняе правапіс — пераходзіць з тарашкевіцы на наркамаўку. Чаму? Адказы ў гутарцы з галоўным рэдактарам часопісу Барысам Пятровічам, які быў госьцем ранішняга эфіру “Свабоды”.

Пятровіч: Нам вельмі цяжка далося гэтае рашэньне і вельмі няпроста, але мы вымушаны былі пайсьці на гэта, каб пазьбегнуць праблемаў у бліжэйшай пэрспэктыве. Як вы ведаеце, 1 верасьня пачынае дзейнічаць адмысловы закон. І мы пайшлі на гэты крок – і, бачыць Бог, мы трымаліся да апошняга – і, фактычна, апошнімі з зарэгістраваных афіцыйных выданьняў пераходзім на “афіцыйны” ці “школьны” правапіс.

Мы робім гэта вымусова, як бачыце, але і раней да нас зьвярталася шмат настаўнікаў, выкладчыкаў, студэнты, школьнікі, каб мы гэта зрабілі. Яны тлумачылі гэта тым, што ім вельмі цяжка працаваць з тэкстамі – у нас друкуецца вельмі шмат аўтараў, якія ўваходзяць у школьную праграму і ў пазакляснае чытаньне.

Цяжка нам будзе гэта зрабіць і самім, бо можа быць напачатку будуць і памылкі, бо калі я нават сам бачу слова “сьвята” зь мяккім знакам, то гэты мяккі знак мне ня рэжа вока і здаецца мне абсалютна натуральным, я яго не заўважаю пры чытаньні. Тое ж самае будзе, думаю, і для нашых карэктараў.

Шкада, што нашае пачынаньне, нашая прапанова паяднаўчага, альтэрнатыўнага правапісу, які атрымаў назву “дзеясловіца”, заканчваецца так бясслаўна. Яна засталася фактычна незаўважанай – ні з боку прыхільнікаў тарашкевіцы, ні з боку заканадаўцаў наркамаўкі. Ну, што ж зробіш...

Соўсь: Слухачы “Свабоды” памятаюць, дый Вы таксама, што калі “Наша Ніва” пераходзіла на наркамаўку, было шмат спрэчак, папрокаў, было вельмі шырокае абмеркаваньне. Як на Вашу думку – “Наша Ніва” страціла ці набыла, зьмяніўшы правапіс? Ці, па вялікім рахунку, ня ў правапісе справа, а ў сутнасьці выданьня?

Пятровіч: Не, ну, вядома, ня ў правапісе справа, але кепска тое, што даводзіцца рабіць гэта вымусова – і “Нашай Ніве”, і нам. Калі б гэта было натуральна, то хутчэй быў бы адваротны працэс, мне здаецца. Хутчэй усё больш і больш выданьняў выходзіла б на нерэпрэсаванай беларускай мове – зь мяккім знакам і з поўнымі канчаткамі, хоць бы на тым варыянце, які прапанаваў якраз “Дзеяслоў”.

Таму што вяртаньне мяккага знаку насьпела, і гэта мы бачым па тым, што нават калі і чуем беларускую мову па радыё ці па тэлебачаньні, то ўсё больш людзей вымаўляе словы “сьнег”, да прыкладу, ня мякка, як гэта патрабуецца, а на расейскі манер, цьвёрда: “снег, снег...” Шкада, што правільнае вымаўленьне не замацавана ў нас у правапісе, бо многія карыстаюцца негалосным правілам беларускай мовы – “як чуецца, так і пішацца” – і гавораць якраз на расейскі манер.

Гэта зьвязана з тым, што мова, можа быць, апошнім часам перадаецца не ад бацькоў дзецям, а вучыцца па падручніках.

Соўсь: Як Вы мяркуеце, цяпер, калі зьмяншаецца колькасьць выданьняў, якія выкарыстоўваюць у правапісе мяккі знак – якія ёсьць шляхі для захаваньня гэтай артаэпічнай нормы?

Пятровіч: Найлепшай прапагандай было якраз выкарыстаньне мяккага знаку недзяржаўнымі выданьнямі. Але паколькі дзяржава гэтак сур'ёзна ўзялася за тое, каб унармаваць правапіс... Дарэчы, гэтая спроба ня першая, я памятаю, як яшчэ ў 2003 годзе ў Саюзе пісьменьнікаў зьявілася кніжачка, на якой стаяў штамп “Зацьверджана прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь”, і там якраз былі гэтыя прапановы з правапісам, але тады нам давялося адбіцца, дзякуючы пазыцыі якраз Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – на Радзе мы прынялі спэцыяльную заяву, але бачыце, пэўныя колы ўсё роўна вярнуліся да гэтага і правялі сваё рашэньне.

Шлях? Ня ведаю... Ну, ёсьць зараз інтэрнэт, дзе большасьць людзей карыстаецца якраз альбо тарашкевіцай, альбо правапісам з захаваньнем мяккага знаку і іншых асаблівасьцяў беларускай гутарковай мовы. Я думаю, усё роўна тарашкевіца ці дзеясловіца будуць жыць, існаваць незалежна ад нейкіх забаронаў.

Соўсь: Скажыце, а ці можа пераход на наркамаўку дапамагчы вам вярнуцца ў дзяржаўную сыстэму падпіскі і распаўсюду?

Пятровіч: Праблематычна. Таму што мне здаецца, ня гэта было галоўнае. Усё ткі часопіс мае падпіску – і, дарэчы, зараз ідзе падпісная кампанія, яна заканчваецца, і нашыя прыхільнікі, чытачы маглі б падыйсьці ў паштовае аддзяленьне і выпісаць часопіс.

Як бачыце, для некаторых дзяржаўных структур ня важна – ёсьць мяккі знак, няма мяккага знаку ў тэкстах. Тое, што нас не прымаюць на распаўсюд у “Белпошце”, “Белсаюздруку”, я думаю, зьвязана зусім зь іншымі прычынамі, і правапіс тут ні пры чым.

Соўсь: У “Слове да чытачоў” рэдакцыя “Дзеяслова” падкрэсьлівае: “Шаноўныя чытачы, гісторыя вучыць нас: сапраўдная літаратура заўсёды была па-за палітыкай, сапраўдная літаратура заўсёды была ў апазыцыі да любой улады, сапраўдная літаратура ніколі не слугавала тым, хто пры ўладзе... А чаго чакаць чытачам “Дзеяслова” ў Новым годзе?

Пятровіч: Тое, што мы будзем цьвёрда прытрымлівацца сваіх прынцыпаў – гэта абсалютна дакладна. І хоць мы ня так даўно пачалі выходзіць, у нас ужо склаліся пэўныя традыцыі. Кожны часопіс з даўніх часоў слаўны чым? Вядома ж, сваімі аўтарамі. У нас ёсьць кола аўтараў, і ў наступным годзе ў нас ёсьць чым парадаваць і зацікавіць чытачоў. У нашых плянах – надрукаваць новыя раманы Леаніда Дайнэкі, Юрыя Станкевіча, Кастуся Тарасава, надрукаваць драматычную паэму “Армагедон” Уладзімера Някляева, вершы Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, Леаніда Дранько-Майсюка, Андрэя Хадановіча, маладзейшых аўтараў, такіх, як Сяргей Прылуцкі, Дар'я Ліс. Будуць, вядома, і апавяданьні, эсэ, інтэрвію, пераклады, крытыка. Будуць артыкулы пра Васіля Быкава, Валянціна Тараса, Анатоля Сыса, дзёньнікі, перапіска пісьменьнікаў, успаміны – словам, усё тое, што робіць нашу сучасную літаратуру адметнай і нязьменна і бязьмежна цікавай для чытачоў.


СЛУХАЦЬ:
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG