Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энэргетычная фантастыка


Цягам двух бліжэйшых гадоў у Беларусі зьбіраюцца карэнным чынам пераламаць сытуацыю са структурай спажываньня паліва. У галіне вядзецца дывэрсыфікацыя: шырэй выкарыстоўваюцца мясцовыя віды паліва, вугаль. Пра гэта кіраўніка дзяржавы праінфармаваў міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц. Якія эканамічныя і геапалітычныя наступствы такой праграмы?

Спажываньне газу ў энэргетыцы Беларусі цяпер складае 80%. Да 2015 года гэты паказчык плянуюць зьнізіць да 55%. Такія намеры незалежны экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Валянцін Мацкевіч называе фантастыкай:

Валянцін Мацкевіч
“Зусім нейкія не рэалістычныя заявы. Цяжка зразумець, як іх выканаць. Непасрэдным замяшчальнікам газу ў энэргетыцы зьяўляецца мазут. На нашых электрастанцыях ёсьць мазутныя гаспадаркі, і яго спажываць можна. Вугаль? Пакуль у нас прадпрыемстваў, якія б яго здабывалі і скарыстоўвалі менавіта ў энэргетыцы, няма. Драўніна? Быў цікавы швэцкі праект, калі драўніну перарабляюць у шчапу, а затым скарыстоўваюць у паліве. Але яны зусім не такой магутнасьці, каб можна было атрымаць эфэкт замяшчальнасьці аж у 25%”.

Геапалітычны аспэкт новай праграмы ягоныя аўтары бачаць у тым, каб Беларусь пазбаўлялася паліўнай залежнасьці ад Расеі. Да гэтага ж імкнуцца і краіны Эўразьвязу. Ці могуць яны дзеля агульнай энэргабясьпекі фінансава падтрымаць намаганьні Беларусі?

У праграме “Ўсходняе партнэрства” пытаньні супрацоўніцтва шасьці постсавецкіх краінаў і Эўразьвязу займаюць вельмі важнае месца, адзначае палітоляг, кіраўнік Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў:

Ігар Лялькоў
“Калі Беларусь сапраўды сур’ёзна ўвойдзе ў гэтую праграму, то можна будзе чакаць дапамогі з боку Эўразьвязу. Па-першае, на паляпшэньне тэхнічнага стану газа- і нафтаправодаў. А па-другое, на зьмяншэньне энэргаёмкасьці беларускай вытворчасьці. То бок, на пераабсталяваньне некаторых беларускіх прадпрыемстваў”.

Палітоляг лічыць, што далейшым крокам супрацоўніцтва можа стаць далучэньне Беларусі да супольнай энэргетычнай праграмы Эўразьвязу:

“І тады можна будзе казаць, што і Эўразьвяз, і шэсьць постсавецкіх краінаў змогуць выступаць як адзіная сіла. Яны разам, напрыклад, могуць весьці перамовы з Расеяй пра кошты газу і нафты. І па іншых праблемах таксама — коштаў транзыту і г.д.”.

А вось кіраўнік міжнароднага камітэту парлямэнту Літвы Аўдронюс Ажубаліс ставіцца да такіх пэрспэктываў больш скептычна і насьцярожана, Сваё меркаваньне ён выказаў на міжнароднай канфэрэнцыі ў Менску 10-га кастрычніка:

“Мы дамаўляліся — Літва, Украіна і Беларусь — наконт закупаў украінскай электраэнэргіі пасьля заканчэньня 2009 году. І было ўжо ўсё ўзгоднена, дамоўлена. Але потым высьветлілася, што Беларусь раптоўна ўжыла новую тактыку. Маўляў, мы прапусьцім гэту энэргію транзытам. Але спачатку купім яе ва Ўкраіны. А вы, літоўцы, калі вам патрэбна электрычнасьць, купляйце яе ўжо ў нас.

Бачыце, ня ўсё так проста. І наколькі важна быць вельмі шчырым. Тады адразу бачна, хоча гэта краіна супрацоўнічаць ці толькі робіць выгляд, што хоча”.

Між тым міністар энэргетыкі Беларусі Азярэц дакладаў кіраўніку дзяржавы пра тое, што “значная ўвага надаецца нарошчваньню транзытных паслугаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG