Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс Брыля падзялілі 70 тысяч беларусаў


1 верасьня 1939 году нападам фашысцкай Нямеччыны на Польшчу пачалася самая крывавая ў гісторыі чалавецтва вайна, у якую за 6 наступных гадоў былі ўцягнутыя больш за 60 дзяржаваў. У Польшчы 70-годзьдзе трагічнай падзеі адзначаецца на дзяржаўным узроўні. А 4.45 раніцы даніну памяці жаўнерам-абаронцам польскай ваеннай базы Вэстэрплятэ пад Гданьскам, якая стала першай мішэньню вэрмахту, аддалі прэзыдэнт Лех Качыньскі і прэм’ер-міністар Дональд Туск.


У Беларусі афіцыйных мерапрыемстваў з удзелам першых асоб дзяржавы з нагоды 70-й гадавіны пачатку ІІ усясьветнай вайны не заплянавана. Ускосна беларускі ўнёсак у жалобныя імпрэзы зрабіў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, які на запрашэньне кіраўніцтва Польшчы адляцеў у Гданьск. Праўда, дзяржаўныя СМІ перадусім робяць акцэнт на сустрэчах Сідорскага з кіраўнікамі польскіх кампаній, якія ў тэорыі могуць інвэставаць у Беларусь.

Не забылі пра гэтую дату няўрадавыя арганізацыі. Сёньня прадстаўнікі польскай і беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці ўшанавалі магілы польскіх жаўнераў у Горадні. У магілёўскім Доме польскім адкрылася фотавыстава “Палякі на франтах ІІ усясьветнай вайны”. Праваабаронца Вячаслаў Сіўчык распавядае, што ўзгадаюць ахвяраў вайны і ў Менску:

“З ініцыятывы сэкцыі “Мэмарыял” мы зьвярталіся да беларускай грамадзкасьці, каб абвясьціць 2009 год Годам памяці ахвяраў 1939 году. На 70-годзьдзе падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа адбылася паездка ў Катынь, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі розных беларускіх палітычных, грамадзкіх арганізацый і ініцыятываў. А сёньня, на 70-годзьдзе пачатку ІІ усясьветнай вайны, якая прынесла вялікія пакуты і страты для ўсёй Эўропы і для Беларусі ў прыватнасьці, мы заклікаем людзей прыйсьці а 16-й гадзіне на Вайсковыя могілкі, каб аддаць даніну памяці ўсім тым, хто загінуў падчас той страшнай вайны”.

Карэспандэнт: “Як вы расцэньваеце тое, што ўлады Беларусі фактычна ніяк гэты дзень ня ўзгадваюць, хоць заходнія беларускі землі былі ў вайне?”

“Маўчаньне цяперашніх уладаў наконт рэзалюцыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ад 3 ліпеня, а таксама маўчаньне па гэтых датах — і 23 жніўня, і 1 верасьня — гэта максымум, што сёньняшнія ўлады могуць зрабіць. Але ўжо нават гэта ў сучасных беларускіх варунках някепска”.
А таму і маўчым, што ад сораму


Дасьледчык ІІ усясьветнай вайны Сяргей Крапівін лічыць, што беларускім уладам, якія падкрэсьліваюць сваю повязь з усім савецкім, толькі і застаецца ў гэты дзень захоўваць маўчаньне, бо СССР 70 гадоў таму быў саюзьнікам Нямеччыны і праз 17 дзён напаў на Польшчу.

“А таму і маўчым, што ад сораму. Я асабіста нарадзіўся ў мястэчку Поразава, лічу сябе “заходнікам”. Мае нашчадкі ваявалі на баку Польшчы, супраць фашысцкай агрэсіі. Якія ўжо потым зьявіліся аб’ектыўныя падставы — маўляў, вярталі адабраныя ў 1920 годзе землі — гэта ўжо іншая гісторыя. Бо юрыдычна атрымліваецца, што Саветы тады нібыта мелі рацыю ў “вызвольным паходзе”.

За савецкім часам факты беларускага ўдзелу на пачатковай стадыі вайны хаваліся. Між тым 70 тысяч заходніх беларусаў ваявалі ў Войску Польскім супраць фашысцкай Нямеччыны.

Народны пісьменьнік Янка Брыль фармальна быў якраз вэтэранам Другой усясьветнай. Былы польскі марскі пехацінец, ён ваяваў з 1939 году, трапіў у палон. Увосень 1941-га ўцёк з-пад варты, стаўшы ўдзельнікам ужо савецкага падпольля.

Ушанаваньне памяці загінулых у гадавіну пачатку Другой сусьветнай вайны. Вайсковыя могілкі. ФОТАРЭПАРТАЖ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG